Гандлёвыя рады
Ленін і воўк
Пралетар і сялянка
На валу крэпасці
Парк
Драўляныя звяры
Дрэва кахання
Богаяўленскі сабор
Капліца
Увядзенская царква
Рака Уча
 

  

Рака Абнора
Набярэжная
Старая лякарня
Аптэка і дом культуры
Улады
Рэклама
Два Карлы
Раеўскі
Вуліцы - частка 1
Вуліцы - частка 2
Вуліцы - частка 3

  
Здымкі зробленыя 2 снежня 2012
 

Любім (націск на другі склад) – раённы цэнтр на паўночным усходзе Яраслаўскай вобласці. Адзін з мядзвежых кутоў Расіі, хаця стаіць ля чыгункі, ды яшчэ найважнейшай – якая ідзе з Масквы ў Сібір і аж да Ўладзівастока.

Да гісторыі Любімскага краю між іншым спрычыніўся люд беларускі, але зараз аб тым нямногія памятаюць. Горад узнік падчас нядоўгага царавання Алены Глінскай – літвінкі на маскоўскім троне. Яна дала тутэйшым людзям дазвол для абароны ад казанскіх татараў, якія дужа нахабнічалі тады, пабудаваць крэпасць “на реке Обноре на устии Учи реки во стрелице” (“стрэлкаю” на Волзе завецца месца зліяння рэк).

Назва Любім, паводле адной з версій, паходзіць быццам ад таго, што тут любіў паляваць сын Алены Іван Грозны (ці, калі хочаце, Жахлівы). Той самы цар Іван падчас Лівонскай ці то Інфлянцкай вайны даў Любім “у кармленне” паланёнаму магістру Лівонскага жа Ордэна. Неўзабаве, у расійскай Смуце, горад быў цалкам знішчаны “літоўскімі людзьмі” (сумнеўная вайсковая слава, аднак беларуская). Паселішча потым адрадзілася, а крэпасць не, бо межы Расіі значна пасунуліся, татарская пагроза знікла, а іншых тут ужо не было.

Зараз жыхароў Любіма завуць “любімцамі”, а ў пісьменнікаў Ляскова і Мельнікава-Пячэрскага – “любімаўцы”. Паўночная зямля не надта добра родзіць, то архангельскія, валагодскія, яраслаўскія мужыкі хадзілі працаваць у “адыход”. Кожная мясцовасць мела сваю асноўную спецыяльнасць, вось любімаўцы служылі ў трактырах “у абедзьвюх сталіцах і па ўсёй Волзе”, мелі славу хітруноў і нават махляроў: “не вучы козу, сама сцягне з возу” – тагачасная прымаўка пра іх (абедзьве цытаты з Мельнікава-Пячэрскага).

Хто адсюль, а хто сюды. За Мікалаем Другім прыязджалі ў любімскі край беларусы – бо на радзіме ўся зямля падзеленая паміж панамі, а тут высякай тайгу і будзеш мець зямлю (цар дазваляў). Цяжка было, аднак людзі наважваліся.

Цяпер нічога беларускага ў Любіме няма, а за саветамі калі-нікалі можна было пачуць ад старых “шпалеры” замест “обои”, ці замест нармальнага рускага “мешочек” – “мешечик” (натуральна, з мяккім Ч, але відавочна паходжанне ад беларускага “мяшэчак”).

Тады ж, пад саветамі, пачаўся заняпад краю, з-за антынацыянальнай палітыкі “ліквідацыі неперспектыўных вёсак”. Людзі вымушана з'язджалі, вёскі знікалі, палі зарасталі кустоўем і потым лесам, у значнай частцы Любімскага раёна гаспадарамі пачуваюцца ўжо не людзі, а дзікі ды мядзведзі. Але сапраўдны жах пачаўся, калі замест саветаў з'явілася ўлада зусім бандыцкая.

Калі з розумам падысці, месца перспектыўнае. Тут і чыгунка, а працягнуўшы яе на поўнач і на поўдзень усяго па некалькі дзясяткаў км, можна зрабіць Любім чыгуначным вузлом, і было б што вазіць. Лес можна секчы ў прамысловых маштабах, і гэта не Сібір, не Карэлія, а недалёка ад Масквы. Такія планы меў яшчэ цар Мікалай, але пачалася вайна з германцам, потым скончыўся цар, а потым самі ведаеце.

Тут і дзікая прырода (любімскія мужыкі дагэтуль ходзяць на паляванне не для забаўкі, а каб здабыць харч). Тут і база для рознай вытворчасці – збольшага ўжо раскрадзеная ды разбураная, але ўсё ж...

Быў лесапіловачны завод, быў тут і льнозавод (так, не толькі ў Беларусі лён расце), быў племсаўгас са сваёй пародаю кароў, калісьці існавала нават гідра-электрастанцыя – не ДнепраГЭС, канешне, але давала рады на ўвесь раён.

Быў у Любіме славуты сырзавод – яго ў 2000-х фактычна знішчылі маскоўскія дзялкі: набылі прадпрыемства, хуценька “адбілі грошы” на добрай славе Любімскага сыра, зламаўшы тэхналогію і разагнаўшы старых майстроў, ды паскакалі кудысь далей “інвеставаць”. Завод яшчэ неяк існуе, аднак хіба што неяк, на раённым узроўні. А раней знаўцы літаральна палявалі за Любімскім сырам і ў той жа Маскве.

Усё яшчэ можна адрадзіць, і край варты таго. Аднак, як і ў Беларусі, не пры гэтай уладзе.
 

 
Галоўная  >  Фота  >  Любім-горад