Пятро Васючэнка

kamunikat.fontel.net
 
Хведар Набілкін – беларускі касінер
П’еса-казка для тэатра лялек у 2-х дзеях, 7 карцінах
 

АСОБЫ
Хведар Набілкін
Князёўна
Цмок
Кабыла Гапуся
Баба Юга
Антоша Тмутараканавіч
Задуменны Рыцар
Чарапаха
Бык
Голас

 

Дзея першая

Карціна першая

Паляна ў лесе. Цьвітуць рамонкі. Голас князёўны.

ГОЛАС. Дзяўчаткі! Дзе ж вы?

Ніхто не адказвае. Толькі рэха адгукаецца. Паказваецца Князёўна.

КНЯЗЁЎНА. Няўжо я заблукала? Ах, як крыўдна! Столькі рамонкаў – а варажыць няма каму!

Зьбірае рамонкі.

Ах, якое хараство!

Натыкаецца на чартапалох.

А гэта што за калючка?

Чартапалох раптам пачынае расьці, разьдзімацца і зьмяняецца ў аграмаднага зялёнага цмока. Ён пыхкае полымем, раве, размахвае кіпцюрастымі лапамі – усяляк палохае дзяўчыну.

ЦМОК. Ага!!! Папалася, князёўна! Даўно я цябе пільнаваў! Гавары адразу: ці будзеш мяне, Цмока, слухацца?

КНЯЗЁЎНА (плачучы). Не!.. Сяброўкі! Дапамажыце!

РЭХА (насьмешліва). У жыце!..

ЦМОК. Дурнічка! Слухайся мяне, кажу табе! Я навучу цябе вядзьмарыць! Будзем прысушваць ды адсушваць, мачыць і адмочваць, сурочыць і шкодзіць! Будзем каровам малако псаваць! Будзем асілкаў у жывёлу ператвараць! Згаджайся!

КНЯЗЁЎНА. Не! Не! Не!..

ЦМОК. Апошні раз пытаюся: будзеш са мной... супрацоўнічаць? Будзеш вядзьмарыць?

КНЯЗЁЎНА. Не хачу вядзьмарыць. Пусьці мяне да таты і мамы, нядобры Цмок!

ЦМОК. Ах так, няўдзячная? То наракай на сябе!

Шчоўкае пальцамі.

Пярун, маланка. Усё зьнікае ў цемры.

 

Карціна другая

Тая ж паляна. Цмоканьне, шчоўканьне пугі, конскае іржаньне. Зьяўляеца Хведар Набілкін, у ягоных руках каса і пуга. За ім сьледам кабыла Гапуся.

НАБІЛКІН. Сюды, Гапуся! Глядзі, якая мясьціна! Колькі рамонкаў! Еш!..

Але Гапусі месца не падабаецца. Яна ўпіраецца, брыкаецца.

НАБІЛКІН. Што за выбрыкі такія? Якога ражна табе трэба?

Зьлёгку хвастануў кабылку пугай. Гапуся паварочвае галаву і з дакорам глядзіць на Набілкіна.

НАБІЛКІН. Прабач, Гапуся. Гэта я па аваднёх.

Пачынае лічыць забітых аваднёў.

Адзін, два, чатыры...

Узрадавана.

Сем штук! Адным махам семярых забівахам! Чуеш, Гапуся?

ГАПУСЯ. І-гі...

НАБІЛКІН. Мір, Гапуся?

Цмокае яе ў морду.

Вось і добра. Цяпер давай працаваць. Ты траву скубі, а я буду газэту чытаць.

Кабыла скубе траву. Хведар Набілкін кладзецца на траву, дастае з кішэні газэту і пачынае чытаць.

НАБІЛКІН. “Чрэз-вы-чайнае пра-іс-шэс-ствіе...” Чуеш, Гапуся: чэрэзвычайнае! “У некатарым царстве, у некатарым гасударстве...”

Але што там “праізашло”, мы ня ведаем, таму што Хведар Набілкін пачынае ківаць носам і засынае. Колькі часу цішыня, толькі авадні гудуць, ды Гапуся скубе траву.

Потым Набілкін пачуе голас. Ды які салодкі голас, толькі сумны-сумны. Ад такога голасу можа растаць сэрца і не ў такога цельпука.

ГОЛАС. Хведар Набілкін, дапамажы мне!..

НАБІЛКІН. (сонным голасам). Чаго табе?

ГОЛАС. Хведар Набілкін, выратуй мяне, прашу цябе!

НАБІЛКІН. (прахопліваецца). Хто тут?

Але бачыць, што нікога няма, апроч яго ды кабылы.

НАБІЛКІН. Хто тут пішчэў? Гапуся, ты бачыла каго?

Кабыла не адказвае.

НАБІЛКІН. . Э-эх...

Бярэцца за газэту.

“Аб'яўлены поіск княжаскай дачкі...” Ты чула, Гапуся? Княжаскай дачкі...

Захроп.

ГОЛАС. Прачніся, Хведзя! Выратуй мяне, калі ласка! А я за тое замуж за цябе пайду...

НАБІЛКІН. Які такі замуж? Што гэта за замуж, калі цябе няма?

ГОЛАС. Я ёсьць, Хведзя...

Зьяўляецца мроя. Спачатку гэта белая хмарка, што выплыла зь пялёсткаў рамонка. Пасьля ў хмарцы Набілкін бачыць дзяўчыну, гэткую прыўкрасную, што й яе голас. Гэта Князёўна. Мы яе бачылі ўжо ў першай карціне. Але ў сьне, як гэта водзіцца, яна выглядае яшчэ прыгажэй.

КНЯЗЁЎНА. Ну, як? Падабаюся?

НАБІЛКІН. Ну. Толькі...

КНЯЗЁЎНА. Што?

НАБІЛКІН. Худаватая крыху.

КНЯЗЁЎНА. Я папраўлюся, Хведзя, абяцаю! Буду бульбу есьці і сала – папраўлюся! Толькі выратуй мяне, калі ласка!

НАБІЛКІН. Ад чаго ж цябе ратаваць?

КНЯЗЁЎНА. А пра гэта, Хведзя, ты ў газэце прачытаеш.

Зьнікае.

НАБІЛКІН. (прачынаецца). У газэце прачытаеш... Што ж мне рабіць? Я, калі газэту чытаю, засынаю адразу...

Чытае.

“Княжаская дачка была вераломна пахішчана тэрарыстам Цмокам”. Вунь што... Тэрарыстам... Цмок... Гэта ня жарты. Трэба падумаць.

Закрывае твар газэтай і храпе. З чартапалоха выплывае зялёная хмарка, якая абарочваецца зданьню – знаёмым нам Цмокам.

ЦМОК. Правільна кажаш, Хведзя. Добра падумай і нікуды не хадзі. Табе ж часу няма. Табе бульбу трэба капаць.

НАБІЛКІН. Мне ж трэба бульбу капаць.

Зьяўляецца мроя Князёўны.

КНЯЗЁЎНА. Хведзя! У такую хвіліну – і пра бульбу! Хочаш, тата прывязе табе пад хату вагон той бульбы?

НАБІЛКІН. Эх! Што ты разумееш у бульбе, дзяўчына!

КНЯЗЁЎНА. Хведзя! А я? Ты ж абяцаў!

Паўза.

Ну, ня хочаш мяне ратаваць – выратуй зямлю нашу родную! Бацькаўшчыну! Яна ж пад гэтым паганым Цмокам уся стогне! А колькі ён асілкаў у жывёлу перарабіў!

НАБІЛКІН. Ну! Трэба йсьці ваяваць. За Бацькаўшчыну!

ЦМОК. Хведзя, нашто табе. Ты ж хлебароб. У цябе ж зброі няма.

НАБІЛКІН. Ну... Няма...

КНЯЗЁЎНА. А гэта? А гэта?

Паказвае на пугу і касу.

НАБІЛКІН. Ну... Каса ды пуга – чым ня зброя?

ЦМОК. Ня слухай яе! Які ты ёй муж? Яна цябе будзе калхозьнікам называць!

НАБІЛКІН. Ну... Які я ёй муж...

КНЯЗЁЎНА. Я ня буду цябе калхозьнікам называць. Я буду цябе называць так: Хведар Набілкін, адважны касінер.

НАБІЛКІН. Усё! Я вырашыў. Пайду змагацца.

ЦМОК. Не пушчу!

КНЯЗЁЎНА. Пусьці!

Учапіліся ў Хведара Набілкіна, цягнуць з абодвух бакоў.

НАБІЛКІН. Пусьціце мяне!

Вырываецца.

Разьдзярэце, як жабу!

Прачынаецца. Усё па-старому. Мірна пасьвіцца кабыла.

НАБІЛКІН. Вось дык задачка! Надта мне Цмок той не падабаецца, халера!.. Ісьці або не ісьці – вось у чым пытаньне! Дай на рамонку паваражу...

Абрывае пялёсткі.

Ісьці, не ісьці, ісьці...

Кабыла нечакана зьядае рамонак.

НАБІЛКІН. Ай! Гапуся! Ты нашто рамонак зьела? На чым цяпер варажыць? Можа, на кабыле? Адказвай, Гапуся, хочаш дахаты?

Кабыла адмоўна хітае галавой.

НАБІЛКІН. Дык ты што, на вайну хочаш?

ГАПУСЯ. І-гі!

Ківае галавой.

НАБІЛКІН. Але чаму я павінен цябе слухацца? Хадзем дахаты!

Цягне кабылу. Яна ўпіраецца, махае хвастом, зачапіўшы пры гэтым і Хведара Набілкіна.

НАБІЛКІН. Што ж ты, Гапуся, хвастом б'ешся?

Лічыць аваднёў, падбітых кабылай.

Адзін, тры, восем... Во! Якая баявая кабыла! Што ж! Паехалі, Гапуся! На вайну дык на вайну!

Узбройваецца касой і пугай, сядае на кабылу.

Руш! На вялікі бой, па Бацькаўшчыну! Но-о!

ГАПУСЯ (рушыла). І-гі-гі!

 

Карціна трэцяя

Хатка на курыных лапках. Над дзьвярыма шыльда: “Гатэль У бабы Югі”. У вакне другая шыльда: “Мястоў няма”. Побач з хатай – хлевушок. Каркае груганьнё. Да “гатэлю” пад'яжджае Хведар Набілкін на сваёй вернай кабыле.

НАБІЛКІН. Бач, раскаркаліся!

Стукае ў дзьверы.

Ці ёсьць тут хто?

У адказ на гэта ў суседнім хлевушку распачынаецца вэрхал – бляяньне, рохканьне, рык і ржаньне. Кабыла ў страху адступае назад.

НАБІЛКІН. Ня бойся, Гапуся! Гэта скаціна ў хляве.

Стукаецца ў дзьверы.

Гэй, хто тут ёсьць?

З рыпеньнем адчыняецца вакно.

Зь яго паказваецца францускі носік Бабы Югі.

БАБА ЮГА. Я – адміністратар. Слухаю.

НАБІЛКІН. Якая ж ты адміністратар? Ты ж Баба Юга!

БАБА ЮГА. А ў гатэлі адміністратарам і павінна быць Баба Юга. Ну, кажы, чаго трэба?

НАБІЛКІН. Здарожыліся мы. Адпачыць трэба.

БАБА ЮГА (торкае пальцам у шыльду). Тут напісана на нармальным рускім языку: “Мястоў няма”.

НАБІЛКІН. Слухай, Баба Юга, мы ня проста турысты. Мы прыехалі з Цмокам змагацца.

БАБА ЮГА. Усе прыехалі з Цмокам змагацца.

НАБІЛКІН. Бабуля, каханенькая-родненькая, зьлітуйся. Мы дзьве ночы ня спалі.

БАБА ЮГА. Я, калі хочаш, не бабуля, а дзевушка. Або мамзэль. Адным словам, пішыся ў чаргу.

НАБІЛКІН. За кім у чаргу?

БАБА ЮГА (паказвае на хлевушок). За асілкамі, што ў хляве ў мяне. І там, у гатэлі, яшчэ двое. Пакуль яшчэ людзі.

НАБІЛКІН. Ды што ты вярзеш... дзевушка? Якія такія асілкі ў хляве?!

БАБА ЮГА. А во паслухай... Гэй, асілкі!

З хлява чуецца бляяньне, рыканьне, ігагаканьне.

ГОЛАС З ДОМА. Што там за гамэрня?

Выбягае ў чырвонай кашульцы асілак Антоша Тмутараканавіч.

АНТОША (пабачыўшы Набілкіна). Хто такі?

НАБІЛКІН. Хведар Набілкін, беларускі касінер.

АНТОША (у захапленьні). Браток!

Палез абдымацца. Ды так моцна, што ў Хведара косткі затрашчалі.

НАБІЛКІН (пачухвае бакі). А як цябе зваць, мядзьведзь гэтакі?

АНТОША. Славуты і непераможны асілак, адзіны і недзялімы, Антон Тмутараканавіч. Буду тваім братам старэйшым.

НАБІЛКІН. А чаму ты старэйшы, а не я?

АНТОША. А таму, што так паложана.

НАБІЛКІН. А сярэднім братам мне можна быць?

АНТОША. Нельга. У мяне ўжо ёсьць сярэдні брат. Вунь там, у гатэлі дрыхае. Між іншым, ён троху таго... з прыбабахам.

Стукае сабе па ілбе. Раздаецца звон.

БАБА ЮГА. І нічога ён не з прыбабахам. Надзвычай гжэчны рыцар. Ня тое, што іншыя.

АНТОША. А чаму маўчыць?

БАБА ЮГА. Бо ён... задуменны. Думае ўсё.

АНТОША (махнуў рукой). Ат!

Да Набілкіна.

Хадзі сюды, братацца будзем.

Раскрывае абдымкі.

Набілкін ужо падрыхтаваўся да такога братаньня. І ў сваю чаргу добра ціскануў Антошу ды яшчэ прыўзьняў ды пакруціў у паветры.

АНТОША. Вой-вой-вой! Уроніш! Пусьці!

НАБІЛКІН. Прабач, Тараканавіч.

Адпускае яго.

АНТОША. Ледзьве косткі не патрушчыў. Як бы я з Цмокам змагаўся?

НАБІЛКІН. І ты з Цмокам змагаесься? Братка! І я з табой! Дай абдыму!

Палез абдымацца.

АНТОША (адпіхвае яго). Са мной нельга. Тут чарга. Вунь тыя, у хляве (паказвае), ужо адстаялі. Цяпер мая чарга. Наступная – таго, прыбабахнутага. А потым твая. Толькі да цябе ня дойдзе. Таму што я Цмока конча перамагу, князёўну за сябе замуж вазьму. Толькі пазыч ты мне, братка, сваю кабылу, га?

НАБІЛКІН. Ну, бяры. Толькі ці яна пагодзіцца?

Але Гапуся ніяк не жадае падпусціць да сябе новага гаспадара. Кусаецца, брыкаецца. Антоша злаўчыўся-такі ўскочыць ёй на сьпіну і ўхапіўся за грыву. Але кабыла так падкінула крыжам, што Антоша зьляцеў зь яе, кульнуўшыся цераз голаў.

НАБІЛКІН (падымае асілка, атрасае зь яго пыл). Прабач, Тараканавіч. Гэта яна ў мяне такая... наравістая.

АНТОША (зьбянтэжаны). Я і пешкі дайду. Ужо ж я ж яму ж! Ух, што я зь яго, паразыта, зраблю!

Распальваецца, круціць над галавой паліцай.

Салянку маскоўскую зраблю! Катлету пажарскую зраблю! Пяльменю сібірскую, панімаеш, зраблю!

НАБІЛКІН (у жаху). Тараканавіч! Асьцярожней з гэтым цэпам!

АНТОША. Кулябяку! Ікру асятровую!

Раптоўна астывае.

Га? Што ты кажаш? Словам, я пайшоў.

Вяртаецца.

Федзя, на два словы. (Бабе Юзе) А ты, мамаша, кыш адсюль.

Баба Юга, пакрыўджаная, заходзіць у хату, ляснуўшы дзьвярыма.

АНТОША (паказвае ўсьлед Бабе Юзе). Ты, браток, асьцерагайся яе. Яна бабка падазроная. Яна на Цмока працуе.

НАБІЛКІН. Ды ну? Такая мамзэль прыстойная...

АНТОША. А нос бачыў які? У іх тут мафія. Словам, асьцярожна.

НАБІЛКІН. І ты сьцеражыся, Тараканавіч. Гарачы ты надта.

Антоша пайшоў.

НАБІЛКІН (глядзіць яму ўсьлед, ківае галавой). Апечаны які! Каб жа ня трапіў у бяду...

З хаткі выскоквае Баба Юга, пачынае строіць міны, паказваць языка і фічкі сьпіне асілка Антошы.

БАБА ЮГА. А во табе! А во! А во!..

НАБІЛКІН. Сорамна, мамзэль.

БАБА ЮГА. А чаго ён першы абзываецца?

Звон мэталу. З ганка важкімі крокамі сыходзіць Задуменны Рыцар, увесь у жалезьзі, зь незабудкай на шаломе.

НАБІЛКІН (дзівіцца). Што гэта за мэталіст?

БАБА ЮГА. А гэта ён, Задуменны Рыцар.

Рыцар стаіць, чухае патыліцу так, што жалеза скрыгоча і зьвініць.

БАБА ЮГА (камэнтуе). Гэта ён задумаўся.

РЫЦАР (дэклямуе).

О, Матыльда, кумір душы маёй,
Смутак точыць сэрца мне зьмяёй...

На гучнае дэклямаваньне Рыцара адгукнуліся жыхары хлевушка – замукалі, забляялі, заігагакалі.

БАБА ЮГА (у экстазе). Якая паэзія! Які мужчына!

РЫЦАР.

Тваіх вачэй пранізьлівы пагляд
Мне сэрца... Мне сэрца...

Забыўся, як далей.

Баба Юга пляскае ў ладкі.

РЫЦАР. Словам, я на вайну пайшоў. О рэвуар.

Зьбіраецца ісьці.

НАБІЛКІН. Куды ж ты, міл чалавек, у такім жалезьзі? Запарышся. Гапуся, падвязі рыцара! Ды ня бойся ты!

Гапуся нерашуча падыходзіць.

НАБІЛКІН. Сядайце, рыцар.

Разам з Бабай Югай садзяць Рыцара ў сядло. Рыцар ад'яжджае, пагружаны ў задуменьне.

БАБА ЮГА. О рэвуар!

Махае хусьцінкай.

Рыцар звальваецца з кабылы.

НАБІЛКІН. Эх, не даедзе...

Рыцар выпраўляецца пешкі, звонячы жалезьзем бы катаржнік. Баба Юга прыкладае хусьцінку да вачэй.

 

Карціна чацьвертая

Палац Цмока на ўскрайку леса. Гаспадар палаца так атлусьцеў ды азыз, што не памяшчаецца ўжо ў яго сьценах і таму сьпіць каля парога, скруціўшыся абаранкам. Сон ягоны неспакойны. Храп перапыняецца стогнамі, енкам.

ЦМОК. Хр-р-р... Вой-вой-вой! Зноў гэты жахлівы сон!

Зьяўляецца мроя: Хведар Набілкін на кабыле. За ягонымі плячыма блішчыць нейкая страшная зброя.

ЦМОК. Адыдзі! Ня сьніся!

Мроя Набілкіна паказвае Цмоку ўнушальных памераў кулак.

ЦМОК. Ну-ну! Ты тут не хулігань!

Спрабуе запаўзьці ў палац і прачынаецца. Мроя Набілкіна растала ў паветры.

Авохці мне! Добра, што гэта быў сон.

Задумваецца.

А можа, ня сон?

Чуюцца нечыя крокі.

ЦМОК (у паніцы). Ідзе!

Схаваў, бы страус, галаву ў дзьвярах палаца.

Зьяўляецца Антоша. Ён зь недаўменьнем разглядае таўшчэзныя цмокавы кумпякі.

АНТОША. Што гэта? Азадак нечы? Ці гэта яго галава такая?

ЦМОК (вытыркае галаву, раве ад радасьці). Ня ён! Не Набілкін!

АНТОША. Які я табе Набілкін, гадзе! Перад табою слынны асілак Антоша Тмутараканавіч!

ЦМОК. Фу-фу-фу! Рускім духам пахне!

Круціць носам.

Тры крокі назад, слаўны асілак!

АНТОША. Чаму тры крокі?

ЦМОК. Бо я хачу вітаць цябе па форме!

Становіцца ў трэцюю пазыцыю і ўрачыста пачынае.

Ах ты, гой есі, добры моладзец,
Добры моладзец, Тмутараканавіч,
Ты нашто, нашто...

АНТОША. Ты што, з глузду зьехаў, паўзун? Які я табе гой?

ЦМОК. Сапсаваў прамову... Ну то кажы адразу: біцца або мірыцца?

АНТОША. Ды я!.. Ужо ж я ж табе ж!

Распальваецца.

Ды я зь цябе такое, панімаеш, зраблю! Салянку маскоўскую зраблю! Катлету пажарскую зраблю! Пяльменю сібірскую, панімаеш, зраблю!

Размахваецца паліцай.

ЦМОК. Вах-вах-вах, які гарачы. Трэба цябе астудзіць.

Заціснуў адну ноздру, а з другой чмыхнуў агнявым струмянём – паліца запалала і згарэла.

Антоша ачмурэла глядзіць на галавешку, якая засталася ў руцэ заместа паліцы, круціць галавой.

ЦМОК. Значыцца, біцца? А на чым?

АНТОША. Спаліў мне паліцу, тэрарыст, а яшчэ і дражнішся?!

ЦМОК. Дык то была паліца? Ай-яй-яй, а я і ня ведаў... Што ж цяпер рабіць?

АНТОША. Давай на руках дужацца!

ЦМОК. З поўным маім задавальненьнем.

Пачынаецца адзінаборства Антошы і Цмока ў армрэсьлінгу. Цмок прыкідваецца пераможаным – падае на сьпіну і дрыгае кіпцюрастымі лапамі.

ЦМОК. Пашкадуй, Антоша! Пусьці лапку! Балюча!

АНТОША. Няма табе шкадаваньня.

Цмок рагоча, напружваецца і кладзе на зямлю руку Антошы.

ЦМОК. Ну, чыя перамога?

АНТОША. Твая, басурман! Цяпер забі мяне!

ЦМОК. Нашто мне цябе забіваць? Я цябе ператвару ў што-небудзь. Хочаш – сам выбірай, у што.

АНТОША. Абы ў што, толькі каб вялікае было, каб усе баяліся!

ЦМОК. Будзь па-твойму.

Шчоўкае пальцамі. Антоша ператвараецца ў быка.

БЫК. М-му!

ЦМОК. Вунь які вялікі, страшны!

Рагоча.

А цяпер – марш да Бабы Югі ў хлеў!

Бык уцякае пад вар'яцкі рогат Цмока. Чуюцца цяжкія крокі, скрогат і звон жалеза.

ЦМОК (у жаху). Хто гэта тупае? Няўжо ён?

Зьяўляецца Задуменны Рыцар.

ЦМОК. Кажы адразу, ня мучай! Ты Набілкін?

РЫЦАР. Я... я... гэты самы... як мяне...

Задумаўся, сарваў рамонак, нюхае, уздыхае.

ЦМОК (гістэрычна). Чаго ты маўчыш? Га?

Ухапіў Рыцара загрудкі і трасе.

Кажы што-небудзь!

Паўза.

Не, гэта не Набілкін. То хто ж такі?

Каштуе Рыцара на зуб.

Жалезны. Нясмачны. Трэба яго ў што-небудзь ператварыць.

РЫЦАР (апамятаўся). Я – Рыцар. Я – задуменны!

ЦМОК. Позна задумаўся.

Шчоўкае пальцамі.

Рыцар ператвараецца ў Чарапаху.

ЦМОК. Ух, якая бронекамізэлька на табе! А ну, паўзі адсюль.

Чарапаха адпаўзае. Чуецца сьвіст і грукат зь неба.

ЦМОК (узіраецца ўгору). Ага! Сакрэтны агент ляціць!

Са сьвістам і грукатам прызямляецца ступа з “агентам” – Бабай Югай.

ЦМОК. Ну! Дакладвай!

БАБА ЮГА. Прыехаў!

ЦМОК. Хто?

БАБА ЮГА. Ён!

ЦМОК. Гэны?

БАБА ЮГА. Гэны!

ЦМОК. Якая ж халера яго сюды занесла?

БАБА ЮГА. Кабыла занесла.

ЦМОК (пасьля паўзы). Узброены?

БАБА ЮГА. Яшчэ як! Проста нейкая супэрзброя! Страляе!

ЦМОК. Страляе?!

БАБА ЮГА. Блішчыць!

ЦМОК. Блішчыць?!

БАБА ЮГА. Яшчэ і косіць! Косіць, як з кулямёту. Вось так: ч-чах-чах, ж-жах-жах! Жах суцэльны!

ЦМОК (заціснуў вушы). Маўчы!

Адціснуў вушы.

Так. Зброю выкрасьці. Неадкладна. Ня зробіш – звольню з агентаў. І пастаўкі ў твой хлеў спыню. Ясна?

БАБА ЮГА. Галубок! Цмочак ты ненаглядны! Ды што табе да ягонай зброі? Ты яго адразу – шчоўк! І будзе зь яго жарабец альбо вол.

ЦМОК. Дылетантка! Што ты разумееш у чарадзействе? Мне яго маральна трэба перамагчы, ясна?
А пасьля ўжо – “шчоўк”. Табе загад зразумелы? Выконвай.

БАБА ЮГА. Слухаю, бос.

Баба Юга сядае ў ступу, сьвішча, як Салавей-разбойнік, стартуе ў паветра і зьнікае.

ЦМОК. Уф! Цяпер можна падрыжаць!

Пачынае калаціцца ад жаху, ажно палац ходырам ходзіць. Пад гэтае дрыжаньне і апускаецца заслона.

 

 

Дзея другая

Карціна пятая

Перад гатэлем Бабы Югі. Гаспадыня сядзіць на ганку і на калькулятары падлічвае сваё багацьце. Набілкін рыхтуецца вастрыць касу. Гапуся скубе траву.

БАБА ЮГА. Парсюкоў – шэсьць. Бараноў восем. Быкоў тры. Жарабцоў два.

Уздыхае.

І хаця б адна кабыла... Сірата я гарапашная... Слухай, касінер! Падаруй кабылу!

НАБІЛКІН. Самому патрэбная.

Набілкін пачынае вастрыць касу, каса зьвініць.

БАБА ЮГА (затыкае вушы). Перастань! Вушы адрываюцца!

Чуецца басавітае “М-му!”. Зьяўляецца Бык.

НАБІЛКІН. Што за бык?

БАБА ЮГА. Гэта ня бык. Гэта слаўны асілак Антоша Тмутараканавіч з вайны вярнуўся. Ідзі, Тмутараканавіч, у хлеў, адпачні.

Бярэ Быка за рогі і адводзіць у хлеў.

НАБІЛКІН. Эх, Тараканавіч!

Пусьціў сьлязу.

Нічога. Я за цябе адпомшчу.

Шолах у траве. Прыпаўзае Чарапаха.

БАБА ЮГА. Авохці мне! Што гэта за аладка?

НАБІЛКІН. Гэта не аладка. Гэта... Гэта ж наш задуменны... Хто цябе так пакалечыў, рыцар?..

Стукае ў панцыр.

Маўчыць...

З хлевушка чуюцца бляяньне, рохканьне, муканьне.

БАБА ЮГА. Асілкі ўзбунтаваліся. Есьці хочуць.

Да Чарапахі.

Просім у хлеў, ваша мосьць.

Выцірае сьлязу.

Такі мужчына быў. А цяпер... Ані сала на ім, ані мяса, І ўвесь лысы...

Вядзе Чарапаху ў хлеў.

НАБІЛКІН. Эх! Такіх асілкаў спорціў! Ну, я яму задам! Гапуся!

Ускідвае касу на плячо, страляе пугай.

БАБА ЮГА. Куды?! На ноч гледзячы? Высьпіся як сьлед, а раніцай пойдзеш. Я табе какавы звару...

НАБІЛКІН. Хіба што й так. Адбой, Гапуся.

Навязвае кабылу.

БАБА ЮГА. Хадзем у хлеў, пане Набілкін. Цьфу, хадзем у нумар. А зброю мне пакінь на захаваньне.

НАБІЛКІН. Нельга. Парэжашся.

БАБА ЮГА. Ах, які незгаворлівы мужчына!

Заходзяць у хатку.

 

Карціна шостая

Пакойчык, у якім разьмясьціўся Хведар Набілкін. Ён рыхтуецца да сну. Разьвесіў на сьцяне сваю “супэрзброю” – касу ды пугу. Накрыўся коўдрай.

НАБІЛКІН (сам сабе). Бай-бай, Хведзя.

Захроп. Рыпяць дзьверы. Вытыркаецца знаёмы нам францускі нос Бабы Югі.

БАБА ЮГА. Ч-ш-ш. Усім маўчаць. Будзем учыняць раззбраеньне.

Крадзецца ў пакой.

ГОЛАС. Хведар Набілкін, прачніся! Цябе абкрасьці хочуць!..

НАБІЛКІН (прахопліваецца). Хто тут?

Баба Юга зьнікае за дзьвярыма.

НАБІЛКІН (сонным голасам). Зноў яна. От нецярплівая. Ды вызвалю я цябе, вызвалю. Дай толькі адаспацца.

Захроп.

Але ноч удалася неспакойная. Нешта загрукацела на даху. Нехта прабіраецца ў пакой праз комін.
Зь печы вытыркаецца францускі нос.

ГОЛАС. Хведзя, прачынайся!

НАБІЛКІН. Га?

Прыхапіўся, азіраецца.

Ды што ж гэта за насланьнё? Адусюль насы лезуць!

Схапіў качаргу ды як сьлед пашарудзіў у печы. Грукат, стукат, сьвіст – пэўна, Баба Юга стартавала ў начное неба проста праз комін.

НАБІЛКІН. Разьляталіся тут. Паспаць няма як.

ГОЛАС. А ты ня сьпі, Хведзя. А то шчасьце сваё прасьпіш...

НАБІЛКІН. Зноў мяне вучыш? Пакажыся лепш, як тады.

ГОЛАС. Я, Хведзя, заўжды з табою. Але мяне толькі ў сьне пабачыць можна.

НАБІЛКІН. Ну дык я зноў спаць пайшоў.

ГОЛАС. Ня сьпі, Хведар. Ідзі Цмока перамагаць. А я табе дапамагаць буду.

НАБІЛКІН. Ісьці дык ісьці.

У вакно.

Гапуся!

Пабраў зброю і вылез у вакно.

БАБА ЮГА (ушчымілася ў нумар). Куды? Не пасьнедаўшы? А хто какаву піць будзе?!

 

Карціна сёмая

Перад палацам Цмока. Пачвара відавочна нэрвуецца – спрабуе залезьці ў сваё жытло, але ня дужа атрымліваецца.

ЦМОК (сам сабе). Ну, шыйка, пасунься... Ну, лапка, яшчэ крышачку... Трэба схавацца, пакуль гэтага Набілкіна чорт не прынёс...

ГОЛАС. Беларускага касінера чорт ня носіць. Беларускі касінер Хведар Набілкін сам на кабыле прыяжджае.

Набілкін на сваёй кабыле проста-такі наяжджае на Цмока і ягоны палац.

ЦМОК. Згінь! Прападзі! Ты не Набілкін! Ты мроя!

НАБІЛКІН. Сам ты мроя!

ЦМОК. Ты нашто мяне палохаў? Нашто мне сьніўся?

НАБІЛКІН. Ты мне сам сьніўся!

ЦМОК. Ладна... Ня будзем спрачацца. Прыйшоў – госьцем будзеш.

НАБІЛКІН. А я ня ў госьці. Я з табой змагацца прыехаў.

ЦМОК. Змагацца? Але ж гэта нячэсна, Хведзя! Ты будзеш на кані, а я... пад канём! Дзе роўнасьць?

НАБІЛКІН. Твая праўда.

Злазіць з кабылы, прывязвае яе да дрэва.

Чакай мяне тут, Гапуся.

ЦМОК. Хведзя, а кабылка твая... таго... крадзеная...

НАБІЛКІН. Ты што, ашалеў? Я кабылы ня краў. Я яе ў цыганоў купіў!

ЦМОК. Гэтак? Ну, добра, Хведзя, ня будзем спрачацца. Прапаную кансэнсус. Ты мне падорыш гэтую цыганскую кабылу, а я цябе ні ў што не ператвару. Згодны?

НАБІЛКІН. Ды я цябе сам у што хочаш ператвару! Як шчоўкну зараз!

Страляе пугай.

ЦМОК. Вой-вой-вой!

НАБІЛКІН. Зараз у каня перакіну!

Усмаліў пугай па Цмоку.

ЦМОК. Іга-га! Ня шчоўкай больш! Не хачу ў каня!

НАБІЛКІН. Дык вось мая ўмова: ператварай усіх абратна! Усіх – бараноў, быкоў, падсьвінкаў – назад у асілкаў! І князёўну вярні бацькам. Інакш ня будзе ў нас з табою кансэнсусу.

ЦМОК (сумна). Не, Хведзя. Ты патрабуеш немагчымага. Ты на прынцыпы наступіў. А цмокі супраць прынцыпаў не ідуць...

НАБІЛКІН. Значыць, біцца!

ЦМОК. Значыць, біцца... Эх, Хведзя! А мы б маглі й пасябраваць... Ну, рабі ток.

НАБІЛКІН. Які такі ток?

ЦМОК. Гэта значыць – гладкае месца. Каб нам на ім зручна было барукацца.

НАБІЛКІН. Вунь што! Ну, гэта мы адным махам.

Здымае з пляча касу.

ЦМОК. Не! Не! Толькі ня гэта!

НАБІЛКІН. Эх, лапухамі надворак зарос! Як ня сорамна!

Пачынае касіць.

Р-раз! Р-раз! Уцякай! Пяткі абрэжу!

Цмок у страху ўцякае ад страшнай касы. Каб уратавацца ад яе бліскучага джала, падскоквае – і з кожным разам усё глыбей гразьне ў зямлі. Скочыў – і заграз у зямлі па вушы.

ЦМОК. Ратуйце! Зямля мяне засмактала!

НАБІЛКІН. Бо яна, зямля, такую пачвару ўжо насіць ня можа!

ЦМОК. Чаму ж яна цябе носіць?

НАБІЛКІН. А мне зямля дапамагае. Бо я на ёй раблю. Ну! (Падступаецца да Цмока.)

ЦМОК. Хведзя! Можа, ня трэба?

НАБІЛКІН. Трэба, Цмочак, трэба...

ЦМОК. Хведзя! Пашкадуй! Я стары. Я стаміўся. Мне ўжо надакучыла чалавечы род зводзіць. Хачу на пэнсію. Адпусьці мяне пад зямлю, да родзічаў, да дыназаўраў.

НАБІЛКІН. Асілкаў адчаруеш?

ЦМОК (шчоўкае пальцамі). Ужо адчараваў.

НАБІЛКІН. Князёўну вернеш?

ЦМОК (шчоўкае пальцамі). Ужо вярнуў.

НАБІЛКІН. Дзе ж яна?

ЦМОК. Ды ў цябе за сьпінаю!

Набілкін азіраецца. І ў гэты момант Цмок са страшэнным грукатам правальваецца пад зямлю.

ЦМОК (з-пад зямлі). Дыназаўрыкі! Я вярнуўся! Сустракайце браточка!

І цішыня. Толькі дым курэе зь дзіркі, куды праваліўся Цмок. Набілкін падыходзіць да яміны, глядзіць долу.

НАБІЛКІН. Нікога... Ні Цмока, ні асілкаў, ні князёўны... Ашукаў, паганец! Абяцаў, а сам праваліўся, каб цябе...

ГОЛАС. А ты не сварыся, Хведзя. Ты на мяне спачатку паглядзі.

Набілкін абарочваецца на ГОЛАС. Што ж ён бачыць? Князёўна, што зьяўлялася яму ў мроях, стаіць, прывязаная да дрэва, зацугляная і зь сядлом на сьпіне.

Набілкін стаіць, анямеўшы.

КНЯЗЁЎНА. Што ж ты, Хведзя, стаіш, губу адвесіўшы? Ты, Хведзя, рот закрый і здымі з паненкі сядло і наморднік гэты...

НАБІЛКІН (Машынальна вызваляе Князёўну ад конскай вупражы. Язык яго ня слухаецца). Дык... гэта...

КНЯЗЁЎНА. Ты, Хведзя, ня дыкай. Я табе зараз усё растлумачу. Зачараваў мяне Цмок, што не хацела разам зь ім вядзьмарыць. Абярнуў мяне ў кабылу. А потым мяне цыганы скралі. А потым ты мяне ў цыганоў купіў. Дзякуй табе.

НАБІЛКІН. А хто?..

КНЯЗЁЎНА. А гэта я з табой у сьне размаўляла. Гэта я табе мроілася.

НАБІЛКІН. Чаму?..

КНЯЗЁЎНА. Чаму не прызналася адразу? А ты б мне паверыў? Паверыў бы нейкай кабыле?

НАБІЛКІН. Дык ты таго...

КНЯЗЁЎНА. Прабачыць, што біўся пугай? Прабачаю. Ты ж ня ведаў, што я паненка. І ты мне прабач, што брыкалася.

НАБІЛКІН. Ну а гэта?...

КНЯЗЁЎНА. Наконт вясельля. Я, Хведзя, сваё слова трымаю. Я за цябе пайду. Ты добры, працавіты. Я да цябе ўжо прывыкла.

НАБІЛКІН. Дык жа ж...

КНЯЗЁЎНА. Што, у горад ня хочаш? Не хвалюйся. Мы ў горадзе толькі зімаваць будзем. А лета будзем на тваёй фазэндзе праводзіць. Ты ж мяне ведаеш, Хведзя. Я цягавітая. І вёску люблю.

НАБІЛКІН. А гэта...

КНЯЗЁЎНА. Хведзя, а табе не здаецца, што ты надта разгаварыўся? Бач, які лапатун!

Зьяўляецца разьюшаная Баба Юга.

БАБА ЮГА. Ратуйце! Разарылі! Абрабавалі! Увесь мой статак ляснуў! Уся скаціна назад у асілкаў ператварылася. Нават чарапах гэны – і той ператварыўся назад, у рыцара, і папоўз некуды! О, жалезнае сэрца. Ах, гарапашная!

Убачыла Набілкіна і Князёўну.

Што я бачу! І цябе, Хведзя, надурылі? Такая кабылка спраўная была!... А цяпер? Так сабе, дзеўка нейкая...

НАБІЛКІН. Гэта ня дзеўка. Гэта мая нявеста, Гапуся...

БАБА ЮГА. Што ж, віншую. А мне, сіраціне гарапашнай, што рабіць? Ніхто мяне не бярэ... Трэба на пэнсію ісьці, сьледам за босам. Бывайце!

Скочыла ў яміну. Грукат і сьвіст.

КНЯЗЁЎНА (Да Набілкіна). Набілкін! Закрыеш ты нарэшце свой рот або не? Хадзем дахаты! Час ужо бульбу капаць!

НАБІЛКІН. (Ачомаўся). Нашто нам цяпер бульбу капаць? Твой тата прывязе нам цэлы вагон той бульбы...

КНЯЗЁЎНА. Што ты разумееш у бульбе, Хведар...

Канец


 

 
Галоўная  >  Бібліятэка  >  Набілкін касінер