II.  РАНІЦА Ў НЯДЗЕЛЬКУ

Дзень быў святы. Яшчэ ад рання
Блінцы пякліся на сняданне,
І ўжо пры печы з чапялою
Стаяла маці... Пад рукою
Таўкліся дзеці, заміналі
Або смяяліся, спявалі.
Услон заняў сваё ўжо места,
На ім стаяла дзежка цеста,
І апалонік то і дзела
Па дзежцы боўтаў жвава, смела
І кідаў цеста ў скавародкі.
Давала піск яно кароткі,
Льючыся з шумам на патэльні,
І ў жар стаўлялася пякельны;
І там з яго ўжо ўвачавідкі
Пякліся гладзенькія пліткі
Блінцоў, спаднізу наздраватых,
Угору пышна, пухла ўзнятых,
І ўжо адтуль рукою маткі
На ўслон шпурляліся аладкі,
А дзеці іх даўно сачылі
І на ляту блінцы лавілі,
Заядла мазалі іх здорам.
Стаяў асобна ў місцы скорам
Сяго-таго для верашчакі.
Хоць невялікія прысмакі –
Цыбуля, перчык, ліст бабкоў
Ды сальца некалькі брускоў,
Мука і квас – і ўся прыправа,
Але ўсё ж снеданне цікава;
А для дзяцей найбольша свята
Абы наесціся багата.
І звон аб прыпек скавародны,
Так блізкі сэрцу, так ім родны,
У нейкім радасным настрою
Спяваў ім песняю святою
І лашчыў сэрцы іх і вушы
І поўніў радасцю ім душы,
Такі прыемны, мілагучны,
У той прыемнасці выключны,
Ён разліваўся па ўсім целе
І ўмомант іх знімаў з пасцелі.
Недарма ж дзядзька іх, бывала,
Каб пабудзіць каго з іх жвава
Пагнаць каровак ранічкою,
У прыпек біў скаварадою.
Цяпер, здаволіўшысь ядою,
Дзяцінай цешылісь гульнёю.
Хто бегаў з кіем каля хаты –
Ганяў курэй. Як парасяты,
Ў пяску капаліся сястрычкі.
Алесь хадзіў каля крынічкі,
Што з лесу тут жа выцякала
І дужкай хату агібала,
Хадзіў, свістаў пад голас птушак,
Збіраў ён ягадкі ў гарнушак.
Ўсе парасходзіліся з хаты,
І кожны дзелам быў заняты:
Міхал у лес пайшоў ранютка
Рабіць звычайныя абходы;
Антось спаць доўга не меў моды,
А як надарыцца мінутка
Часіны вольнай ці святы дзень,
Ну хоць адзін разок на тыдзень
Хадзіў на Нёман ці на тоні –
Рыбак быў дзядзька наш Антоні,
Як і работнік, адмысловы;
А Ўладзік пасвіў дзесь каровы,
Травіў чужыя сенажаці;
А дома з дзецьмі была маці.
Яе жаночая работа
І гэта вечная турбота
То каля печы, то на полі,
Сказаць, не зводзіцца ніколі.
Адно прыпыніш – там другое,
Глядзіш, як бачыш, набяжыць,
І ручак некалі злажыць –
Жыццё жаночае такое!
Так і цяпер: печ зачыніла,
Работу ў хаце прыпыніла –
Ідзі ў гарод ты па бацвінне:
Другі раз есці просяць свінні.
А гэты Юзік-шаляніца,
Малы яшчэ, зусім дурніца,
Так пад нагамі і таўчэцца
Або, як хвост той, валачэцца
І ад работы адрывае
І толькі сэрца ад'ядае.

Ўжо сонца ўгору падхадзіла,
На лісцях роску асушыла;
У небе хмарачкі дзянныя
Плылі, як гускі маладыя,
Чародкай белай над лугамі,
Над свежым лесам і палямі.
А гэты ветрык дураслівы
Траве зялёнай чэша грывы,
Ў садку жартуе з верабінай,
Як голец-хлопец той з дзяўчынай,
І валасы зялёным стрэхам
У лесе гойдае са смехам.
А круглаверхія асіны
Разносяць нейкія навіны
І так гутораць, так смяюцца,
Што аж іх лісцікі трасуцца, –
Відаць, такая іх урода.

Прыйшла і маці з агарода.
– Алесь, сынок... ідуць кароўкі!
Бяжы хутчэй, рассунь засоўкі,
Каб не штаўхаліся дарма...
Ну, я лепш збегаю сама!
Куды ты, Юзік, безгаловы?

З-за рэчкі ціснуцца каровы.
Ідзе паперадзе Красуля,
За ёю Лысая, Рагуля,
Ды дзве пярэзімкі-цялушкі
Ідуць у згодзе, як дзве дружкі;
А збоку чмыша бык Мікіта,
Хвастом матаючы сярдзіта.

А авадні, як рой пчаліны,
Сляпіцай лезуць да скаціны,
Гудуць драпежна, тнуць балюча,
Бы крапіва тая пякуча,
Дыхнуць каровам не даюць.
Каровы злосныя бягуць,
Адна другую б'юць рагамі
І толькі тухкаюць нагамі;
І сам пастух бяжыць, гукае
І гэту заедзь праклінае;
Няма за поганню парадку,
Сярдуе сам і злуе статка,
Барзджэй, як можа, ў хлеў пражэцца –
І горш у весніцах таўчэцца.
Каля хлява рух-суматоха:
– Куды ты, чортава Панчоха?! –
Крычыць Уладзя, свішча пужка
(«Панчоха» – Лысае мянушка).
Назло Рагуля ўжо ў варотах
Цялушку рогам капарнула,
Аж тая, бедная, раўнула;
Тут Галас выскачыў з-пад плота
І ўжо па ўласнаму пачыну
Знайшоў зачэпку і прычыну
Свае тры грошыкі прыткнуць,
За хвост Мікіту пацягнуць.
Ну, словам, шум тут быў вялікі,
І танцавалі без музыкі.

Загнаўшы ў хлеў на месца статка,
Насеўся Ўладзя на аладкі,
Шпурнуўшы лапці і анучы
Сярод двара ў пясок сыпучы;
Іх маці зараз падабрала,
Нічога сыну не сказала,
Пайшла ў крыніцы спаласнула,
Сушыцца ўскінула на шула.
– Унь дзядзька йдзе! – гукаюць дзеці.
Забылі ўсё яны на свеце
І як мага бягуць, смяюцца,
Аж іх валосікі трасуцца.
– А, дзядзька! дзядзечка, саколік!
Насып мне ягад у прыполік!
– Дай мне дубец! – А мне дай вуды! –
Крычаць малыя шалапуды,
Бягуць і скачуць, б'юць у ладкі,
А дзядзька мерна йдзе з-за кладкі,
Ідзе без шапкі, круціць носам –
Гаворыць пацеры з засосам;
Для смешак твар яго зацяты,
Дык моў не лезьце, парасяты.
І дзеці змоўклі, больш ні слова:
Няхай канчаецца размова
Антося дзядзькі са святымі, –
Тады пагутарыць і з імі.
А покі кончыць ён маліцца,
То можна ў Свержні апыніцца:
Псалмоў адкоціць з паўдзесятка,
Ды так выразна, ды так гладка,
Што дзяк і той не ўсякі зможа,
Як рэпу грыз, – даруй грэх, Божа!
Не гаварыў, а сек языкам!
Маліўся дзядзька з тым разлікам,
Каб кончыць модлы каля дома,
Бо ў хаце нельга, ёсць вядома,
Маліцца хораша, як трэба:
Тут глупства кожнае ад неба,
Ад Бога думкі адкідае,
То тое-сёе замінае,
І не намолішся – нагрэшыш
Ды чорта лысага пацешыш.
І толькі дзядзька на двор ступіць,
Дык кулаком у грудзі лупіць,
Тры разы хрысціцца, ўздыхае,
Тады ўжо шапку накідае
І ставіць вуды ўсе ў парадак.
– Ну, што? наеліся аладак? –
Жартуе дзядзька тут з малымі
Ды йдзе ўжо ў хату разам з імі.
Яны, замест таго адказу,
Бубняць па пузу для паказу.
– Эх, брат Алесь! – гаворыць дзядзька. –
Вось быў шчупак – усім ім бацька!
Век я такога не забуду,
Але парваў мне, падла, вуду.
І падчапіў быў нават спраўна.
«Ну, – думаю, – пажыва слаўна!»
Цягну, а ён аж гне вудзільна,
Ну, чуць не вырве яго з рук!
А тоўсты, падла, бы япрук,
І доўгі ж, доўгі, як цапільна.
Шчупак, брат, ёмкі: на паўпуда,
Але сарваўся. Ах, паскуда!
І натаміў як мае быць,
І пастка ўжо з вады тырчыць,
Як змей, варочае зянкамі,
Ну, вось ён, вось! хватай рукамі!
А потым, брат, калі рвануўся, –
Ўсё к чорту – вуда і кручок,
Пайшоў гуляць мой шчупачок!
А я, брат, толькі аблізнуўся!
– Ах, вось шкада! З кручком і з дротам?
Дык ён жа здохне! – Ну чаго там!
Шчупак – жывучая, брат, юха!
Такі жывучы – дзяржы вуха!
Ён пяць кручкоў глыне – й не знайся;
Ты ў Янчура пра іх спытайся:
Янчур іх лужа, як арэхі,
Іх знае прожары-прарэхі.
А мне ўсяе, брат, тэй уцехі,
Што падчаплю зноў юху тую,
Тады, брат, дудкі: не спудлую!

Ўжо снедаць час, і поўдзень скора,
Ды з гэтым бацькам адно гора!
Як пойдзе ён у лес той зрання,
Як цукар у вадзе растане:
Няма й няма, чакаць абрыдне.
Якога выхадзіш там злыдня?
Ці надта выслужышся ў пана?
Ўсё роўна знойдзецца загана;
Як ты ні падай, ні гайсай,
Не пападзеш да пана ў рай
З сваёй патрэбай, інтарэсам.
А лес, як быў, то й будзе лесам,
Дык і дарэмна ўся турбота –
Бяда з ім проста і згрызота!
Няма яму нядзелькі, свята –
Ідзе ды йдзе ён, як закляты;
У шчэпку высах з той хады,
Ад сну адбіўся, ад яды.
І хто ўжо служыць гэтак дбала?
Антось і маці на Міхала
Не раз у злосці нападалі.
Але таго яны не зналі,
Як лёгка хлеб той дастаецца.
Не сцерпіць часам, адсячэцца
Міхал ад гэтакіх нападак:
Які ж бы толк быў і парадак,
Каб ён служыў, спусціўшы рукі?
Свае ж сябры – майстры на штукі:
Так удадуць і так падкусяць –
Цягнуцца нехаця прымусяць.
А вось папробуй на цікавасць
Стрымай службовую рухавасць,
Служы спусціўшы рукавы
І выкінь службу з галавы, –
Такія ў лесе выйдуць справы –
Пажар, парубкі і патравы –
Не адкараскацца ад ліха.
А хочаш ты, каб было ціха,
На чым сядзіш, таго глядзі ты!
Казаў Міхал не раз сярдзіта:
– Маўчы, калі ёсць хлеб у роце!
І што сказаць на гэта проці?

А бацька з стрэльбай за плячамі
Ішоў дадому хвайнякамі,
Ішоў паволі, не спяшаўся,
Часамі, стаўшы, азіраўся
І прыслухоўваўся да зыкаў
Ляснога шуму, яго крыкаў
Ды нюхаў дух той, поўны вару:
Такая суш – крый бог пажару!
Скрозь лапкі хвоек і галінкі
Сінела неба гладзь. Хмурынкі
Стаялі грудкамі на ўсходзе.
Было так ціха ўсё ў прыродзе!
Ўгары над хвойнікам зялёным
Снуюцца пчолкі з ціхім звонам,
Кузуркі розныя і мушкі
Свае спраўляюць гулі-гушкі
І так танюсенька гудуць,
Што ледзьве-ледзьве можна ўчуць.
А на прагалінках на голых
Гулянне конікаў вясёлых.
І толькі ступіш там нагою –
Так і заскачуць прад табою,
Вось так і пырскнуць у надзем'е,
Як бы сявец той сыпне сем'е.
А матылькі сваім убраннем
Касуюць тут усіх дазвання
І не лятаюць – танцы правяць,
Ну, каго хочаш, зацікавяць.
А як прыгожы пуцявінкі
Ў шаўках зялёнае травінкі!
Якія мяккія іх рысы
І павароткі іх, абрысы!
Ідуць, звіваюцца, лучацца...
Эх, слаўна ў лесе, слаўна, братцы!

Памалу, мерна, крок за крокам
Ў сваім раздум'і адзінокім
Дадыбаў бацька скора к дому.
Зачуўшы татаў ход знаёмы,
Малыя з хаты высыпалі.
За брамай бацьку сустракалі.
Алесь браў стрэльбу, шапку з цэшкай
І нёс з шчасліваю усмешкай
(Схаваўся ў шапку ўвесь з вушамі);
А Костусь – торбу з кутасамі
І знак блішчасты стражнікоўскі.
– Барзджэй вы там, кірмаш такоўскі! –
Гукае дзядзька з ноткай злосці: –
Ідуць, як тыя шляхты ў госці!..

Новая зямля

Якуб Колас

 

  
ДА ЗМЕСТУ


ДАЛЕЙ