|
VI. КАЛЯ ЗЯМЛЯНКІ
Я буду рады, калі ўдасца Маім людцам у вашай ласцы Хоць на кароценькі часочак Заняць хоць цесненькі куточак. Жыццё іх, праўда, нецікава, Пра іх нідзе не ходзіць слава, Аб іх гісторый не складаюць, Пра іх і песень не спяваюць, Апроч вятроў, што нудна ў плоце Зімой у горкай адзіноце Халодны снег нясуць-здзіраюць І бедным людзям байкі баюць Аб жыцці, долі іх пахілай І плачуць-стогнуць над магілай, Дзе косці іх у праху тлеюць – Адны вятры іх пажалеюць. Але не кожны сцяміць мовы І жальбы ветру між будовы: Чаго ён жаласна спявае, Каму ён песенькі складае? І бацьку скора сын забудзе – Каротка памятка аб людзе, Аб простым людзе. І такая Ўсім бедным доля выпадае: Прайсці свой круг, прамарнавацца І невядомымі астацца Ды быць забытымі тут ўсімі – І сваякамі і чужымі. І мне заўсёды горка стане, Калі я ўбачу на кургане Пад шэрым прыкладам драўляным Прыпынак вечны селяніна. Стаіць там крыжык-сіраціна, Сівенькім мохам ўвесь убраны, З павязкай белай, даматканай. Пытаю: хто тут пачывае? Дзяўчына, можа, маладая У поўным цвеце красы-сілы Сышла без часу да магілы? Ці здатны хлопец-малайчына? Маўчыць магіла селяніна. А хто пахован, я не знаю І смутак моцны ў сэрцы маю. А тут закопаны навекі Надзеі, радасць чалавека І гора схована ліхое – Жыццё бядачае людское. Мае знаёмыя няўзрачны, Нічым не слаўны і не значны, Ўсё людзі простыя, малыя, Хоць па-сваему і ўдалыя, Але ўдалымі іх не лічуць. Жывуць, цярпліва долю смычуць І крыж нясуць мужычы ціха, Дабра не бачачы з-за ліха.
Ды што зрабіць? Я б сам быў рады Не ведаць крыўды той і здрады, Што просты люд нясе вякамі Сваімі ўласнымі гарбамі. Ды горкай праўды не схаваеш, Яе ніяк не ашукаеш. Ды і навошта? Крый нас, Божа! А праўда мне ўсяго дарожай, І бацька праўдзе вучыў змаля, Дык з гэтай праўдай ступім далей.
Дзень добры, новая мясціна! Спаткай ты нас, як маці сына Па часе доўгае разлукі, І разгарні прыветна рукі Для тых, хто змушаны ў няволі Жывіцца хлебам твайго поля; Зірні ты светлым вокам ласкі, Авей крылом прыгожай казкі, Каб гэта жыцце-пуцявіна Была нам светлая часіна; Узброй надзеямі нам грудзі, Бо мы твае, зямелька, людзі! На першы погляд нецікава Парэчча тое выглядала, І смуткам сэрца калыхала Старых бярэзін гэтых лава, Што на балоце між лясамі Шумела голымі вярхамі. Было ўсё тут параскідана: І праслы нізкія паркана З трухлявых шул павыязджалі, І трэскі кучамі ляжалі Па ўсім двары і на дрывотні; Стары хлявец без падваротні, Гумно са стрэшкай пасівелай, Абросшай мохам, абапрэлай, Прыгрэбнік, хата – ўсё дачыста Казала ясна, галасіста Аб непарадку, запусценні, Аб гаспадарскім нерадзенні. Слязьмі Міхашча залілася – Такою ямаю здалася Старая хата ў тры аконцы! Парог яна пераступіла – О, Божа добры, як няміла! Ці свеціць тут калі хоць сонца? Было так цёмна, непрытульна, Ў гразі-балоце ўсё агульна: Як печ, як столь, і сцены, лавы, І дух пракіслы, дух трухлявы З усіх куткоў дыхнуў сярдзіта. Зямля на ямы ўся пабіта. Было відаць, што тут ліпелі Да часу людзі і не дбалі, Гразі ніколі не знімалі, Рабіць парадку не хацелі, Жылі па-свінску, кацьмакамі І ў добрай згодзе з прусакамі.
Вясна была яшчэ ўпачатку, Але снягі ўжо раставалі, І дружна ў полі балбаталі Раўкі, рачулкі, і ў грамадку Яны ваду сваю злівалі, Ад сну гаі, лясы будзілі І людзям душу весялілі. І ўсё патрошку ажывала: На дрэве покаўка таўшчала, Ў сабе лісточак далікатны, Пахучы, свежанькі, прыўдатны На добрым сонцы гадавала. Старыя хвоі і яліны, Далёка кінуўшы галіны, Глядзелі хораша, любоўна, Як іх патомкі згодна, роўна Стаялі гожай чарадою, Схіліўшысь к сонцу галавою. Ў лясах, гаях дразды спявалі, Ў балотах кнігаўкі крычалі; А ў небе ўдзень і вечарамі Высока роўнымі шнурамі Злятаўся вырай жураўліны, І амярцвелыя даліны Будзілі звонкім сваім крыкам, Як бы прыветным гэтым зыкам Віталі родныя балоты, Густыя лозы і чароты. І на душы нейк весялела, І сэрца радасці хацела, А думкі ціхія і мары На душу клалі свае чары. Хацелась жыць, ушыр разняцца, За долю лепшую змагацца; Ўзнімалісь грудзі: чулісь сілы, І божы свет здаваўся мілы.
Памалу, звольна і ў Парэччы (Такая ўрода чалавеча) Зжывалісь з месцам, прывыкалі, Гняздо старое забывалі, І праз якіх дзве-тры нядзелі Ўжо весялей на свет глядзелі Будынкі гэтыя старыя – Яны зрабілісь як не тыя. Агледзеў іх Антось, падправіў І шулы новыя паставіў Ў гнілы паркан, і лом сабралі, Ды шыбы ў вокны паўстаўлялі, Бо не любілі непарадку, І пачалі жыць зноў спачатку.
Ды йзноў бяда: праз год вясною Згарэла хата з варыўнёю І ўвесь набытак, што быў ў дому. Пажар той выбухнуў, як з грому, Хоць ён і меў свае прычыны. Як на бяду, пайшлі мужчыны І Ўладзік з імі ўрассыпную: Адзін у лес, той да адбору, З сахою трэці ў гэту пору Араў дзесь пасеку старую; Дык што магла з дзяцьмі малымі Зрабіць жанчына адзінютка? І ўсё згарэла дачысцютка, Прапала марна ў чорным дыме. Зазнала жалю гаспадыня: Ў агні згарэла яе скрыня З усім пасагам і набыткам; Прапалі хусты яе, світка, Згарэлі кросны, рад багоў І грошай сорак сем рублёў. Хоць, праўда, Костусь не збаяўся І смела з пожарам змагаўся: Звалок гарошыны з пасцелі, Тады, як вопраткі гарэлі, І з імі доўга ён насіўся, Аж покі зруб не паваліўся. Бяда, хоць плач, і дзе дзявацца? Куды ад холаду схавацца? І маці з дзеткамі малымі Нядзелі дзве жыла з сваімі. А на пажарышчы часова З'явілась новая будова – Зямлянка-будачка малая, Ў адно акенечка, крывая, Але да часу добра й гэта. Тым часам сонца йшло на лета, Дык так-сяк кідалісь, качалісь, Хоць дужа з горам спазнавалісь. Каля зямлянкі тут прыветна Гарэў агоньчык чуць прыметна, Абы не звёўся. Вечарамі Тут маці ўходжвалась з гаршкамі, Сям'і вячэру гатавала, Тады зямлянка ажывала: Смяялісь дзеці, мітусілісь, Як рыба ў букце, варушылісь, Бярвенцы, трэсачкі сцягалі Ды на агоньчык падкідалі. Шугала полымя праворна, Як бы чагось каму смяялась І то свавольна ўгору рвалась, То рассцілалася пакорна. А ветрык, злодзей, не стрывае, З-за хаткі хітра налятае, Ў агоньчык раптам уварвецца; Агонь туды-сюды матнецца І дымам ветра адбівае, Як бы тых жартаў не прымае. А на дварэ ўжо вечарэе, І ночка блізка, змрок гусцее, Агоньчык колер свой мяняе І счырван-жоўты блеск прымае; І моўкнуць птушкі ў цёмным лесе; Баранчык божы ў паднябессі Бляе маркотна над балотам, Як бы шукае ён каго там, І гэта смутнае бляянне Ў цішы балот у час змяркання На сэрцы жалем аддаецца, І ў душу журбаю ліецца, І мары розныя наводзіць. І думка вынікне – праходзіць, Як тыя хмаркі на заходзе, Што без слядочка, быццам цені, У смутным нікнуць задуменні. Маўкліва-сцішна ўсё ў прыродзе! Напрацаваўшысь, спачываюць Усе старэйшыя – хто ў хатцы, А хто ў гумне ва ўсёй апратцы – І гэтак ночкі прасыпаюць. І вось, бывала, вечарамі Каля агоньчыку часамі Алесь і Костусь засядзяцца. А як ужо пачне змяркацца І зоркі ў небе замігаюць, Пужаць іх страхі пачынаюць. Тады браты радком садзяцца, Плячо ў плячо, але прызнацца, Што страшна ім, ніхто не хоча. – Алесь! ты чуеш, як рагоча Ў беразняку баранчык божы? Але ці ведаеш, з чым схожы Той дробны рогат? Мне здаецца, Антось Тацянін так смяецца! – І хлопцы ўраз зарагаталі, Ды ўраз жа смех той абарвалі: Вакол было ўсё так спакойна, Дык гэты смех нейк непрыстойна Сюды, ў пакой начны, ўрываўся – Самім ім дзікім ён здаваўся. Маўчаць яны. Касцёр палае, Вакол усюды цьма густая Пільнуе плямку агнявую І гэту норку залатую, Што ў нетрах цьмы агонь свідруе, Каб знішчыць блеск. Агонь сярдуе І цьме ніяк не паддаецца; Часамі полымя прарвецца, І цьма сярдзіта схісянецца, Адскочыць далей напаўкрока. Агонь блішчыць, як воўча вока. Паволі дрэўцы дагараюць, І ціха іскрачкі ўзлятаюць І гаснуць борзда без слядочка. Ўжо позны час, глыбока ночка, А хлапчукі сядзяць маўкліва І навакол глядзяць пужліва. У іх фантазіі дзяцінай, Затканай страху павуцінай, Ўстаюць начныя страхі, здані, І зыкі чуюцца пагані, Чараўніка і чараўніцы, І лопат крыллямі начніцы. А кожны куст ім дзеда родзіць Таго, што ўсюды лазіць, ходзіць З мяшком і мыліцай-кульбою І з доўгай сівай барадою, Ідзе і дзетак забірае, След барадою замятае. На полі неба лес страхлівы Стаіць зацяты, нерухлівы. Што ён ў сабе цяпер хавае? Снуецца нечысць там ліхая, Мярцвяк пад елкай прытуліўся, На іх цяпер утарапіўся І зараз мёртваю рукою Пачне хрысціць перад сабою, Каб рух адняць, скаваць іх сілу, Каб зацягнуць іх у магілу. Там ходзіць страшны воўк-бадзяга, Разбойнік крадзецца, туляга, З акрываўлёнаю рукою І з страшнай цяжкай булавою. Шалёны бегае, пужае, Каго ні стрэне – ўсіх кусае... – Ну, што, брат Костусь, ці баішся? Куды так пільна ты глядзіш ўсё?! – Алесь паціхеньку пытае І руку брата не пускае. – Ці бачыш што? – Не, так, нічога! – Гаворыць Костусь, а ў самога На лоб кучомка напаўзае... – Мо пойдзем, братка? – ён гаворыць. Алесь ахвоцен і не спорыць, Браты за рукі пабяруцца, Ў зямлянку вобцас панясуцца.
|
Новая зямля
Якуб Колас |
|