IX.  НОВЫ ЛЯСНІЧЫ

Якраз на самым рассвітанні
Міхал вярнуўся з пахавання;
Вайшоў у хату, распрануўся,
Зяхнуў і смачна пацягнуўся,
Бо цэлы дзень праталачыўся
І, ноч не спаўшы, утаміўся;
І цела соладка нейк ныла, –
Ўсё адпачыць яго хіліла,
І жонка тут не прыставала,
Пра сёе-тое распытала,
Ўздыхнула раз, другі па пану.
– Ну, спі, а я хіба ўжо ўстану. –
І маці стала адзявацца,
Каб за работу тую брацца;
Пайшла каровак падаіла
І бульбу свінням перамыла.
Тым часам сонейка з-за лесу
Зняло цямраную завесу.

Праменні, стрэлы залатыя,
Макушы лесу прабіваюць
І блескам-ззяннем высцілаюць
Нябёсаў багны патайныя.
Ў чародах светаў незлічоных,
Нерасчытаных, неадмкнёных,
Людскі наш лёс – былінка поля,
Пылок нязначны – наша доля,
А нашы радасці і слёзы,
Надзеі светлыя, пагрозы
І ўсё, чым жыцце нас вітае,
Яно адзначнасці не мае
У звязку гэтых светаў божых,
Таемных, страшных і прыгожых;
І жыцце пэўнаю ступою
Ідзе, не ведае спакою,
Людскіх пакутаў не адзначыць,
І страты іх яно не бачыць.
– Эй, хлопцы, хлопчыкі! Ўставайце!
Кароў на пашу выганяйце!
Даўно пара ўжо пасвіць статка! –
Алеся, Ўладзю будзіць матка,
А хлопцы толькі ўзварухнулісь
І на другі бок павярнулісь.
Тут маці трошкі пастаяла
І галавою паківала:
– Шкада будзіць – ох, сон салодкі!
Няхай паспяць яшчэ блазноткі.

Пагукваў дзядзька ўжо на полі
І ткаў сахою кросны-ролі,
Ды пырнік так укараніўся,
Што дзядзька з конікам таміўся,
І сошку часта ён спыняе
І пырнік дзікі вытрасае.
– Ну ж і балота! вось атрута,
То не работа мне – пакута:
Ступіў два крокі і спыняйся
Ды з гэтай пырніцай змагайся.
І як яны тут, ліха долі,
З сахой хадзілі ў гэтым полі?
Як тут расло, на міласць Бога,
Калі ў зямлю не ўб'еш нарога?
Дзве баразны прайшоў – конь змогся.
Ну і народ, каб ён апрогся!
Так запусціць зямлю нядбала?
Не гаспадар быў, а завала! –
Антось стаіць, штось разважае
І хмурна поле аглядае,
А потым раптам схамянуўся,
Зірнуў на сонца, ў двор рвануўся.
– Хіба каровы яшчэ дома?! –
Спаткаўшы Ганну, ён пытае,
Ідзе ў гумно і хлопцаў лае:
– Вы што зашыліся ў салому?
Ўставайце зараз, гультаіны!
Прайшло, лічы, ўжо дзве гадзіны,
Як сонца ў небе засвяціла,
Яны ж... хоць ты ўсадзі ім шыла!..
Ўставайце жыва, а то ўскочу,
Устаць вас борзда заахвочу!
Ўсхапілісь хлопцы і прыселі,
Ўстаюць з нагрэтае пасцелі
І лапці зараз абуваюць.
За браму хлопцаў выпраўляюць.
Вось маці з хаткі выбягае,
Алесю торбу даручае,
А ў торбе хлеб і, пэўна, сала,
І весялей шмат хлопцам стала.

Калі ўжо сонейка прыгрэла,
Антось на полі кончыў дзела
І выпраг коніка сівога,
Свайго памочніка старога.
Сівак з вялікім здаваленнем
Прайшоўся вольна загуменнем
І, баючыся ашукацца,
Раллю панюхаў, стаў качацца
З такім засосам і ахвотай,
Бакі намуляўшы работай.
Антось глядзеў і пацяшаўся
І ціха сам сабе смяяўся.
Ў двары, дзе колісь была хата,
Цяпер работа йшла заўзята,
І цесляры ўжо зруб канчалі,
Гірш з Моўшам дошкі пілавалі;
Ніяк не знойдуць яны скутку
І ўвесь дзень сварацца за дудку.
Ну, гэта сварка ім не шкодзіць, –
Антось са смехам адыходзіць,
Пад вусам смех яшчэ хавае,
Ідзе, Міхася сустрачае.
Міхась ужо крыху праспаўся,
Ў абход сягоння не збіраўся.
Другія думкі і настроі
Ўсё не даюць яму спакою:
За кім лясніцтва астанецца?
Адкуль і хто сюды прыпрэцца,
Пасаду вольную заступіць?
Карціць пытанне гэта, рупіць.
Антось з Міхалам на сняданні
Даюць адказы на пытанні
І кандыдатаў разбіраюць,
Адных пахваляць, тых палаюць.
– Вось каб Галонскі тут астаўся!
За ім бы, брат, палюдскаваўся:
Такі прасцяк, не надзіманы,
Ляснічы вельмі б пажаданы.
– Ды гэта так! – Міхал ўздыхае. –
Але заручкі ён не мае:
Яго паны не падтрымаюць,
Бо на прымеце іншых маюць.
Такога вышукаюць струпа
Ці адшчапенца-курашчупа,
Што й службе той не будзеш рады
І адцураешся пасады.
– Вядома, так, – і Ганна кажа, –
Жыццё і свет табе завяжа,
Як гад які сюды прыпрэцца;
І немаведама, дзе дзецца,
Як дапячэ табе часамі,
Хоць ты наймайся батракамі.
– Эх, брат! – махнуў Міхал рукою. –
Мы чулі ўладу над сабою,
А пажывем – яшчэ пачуем,
А тут, хоць як мы ні мяркуем,
Але нічога не даб'емся,
Куды ні пойдзем, ні таўкнемся,
Дабра ніколі не прыдбаем,
Пакуль свайго кутка не маем.
– Свайго кутка! сказаць то лёгка,
Ды гэта справа вельмі крохка:
Тут грошай трэба поўна жменя –
Не наша голая кішэня...
Купі зямлю ды замацуйся,
Купі ты лесу, пабудуйся...
А ў Мікалаўшчыну вярнуцца –
Ўжо лепей тут як-небудзь гнуцца,
Бо там – галда, там шум, цяснота,
І не бярэ ніяк ахвота
Туды зноў ехаць будавацца,
Дык трэба службы ўжо трымацца,
Пакуль яшчэ трымацца можна, –
Антось зазначыў асцярожна.
Да дзядзькі маці далучылась,
Ў другі бок мова пахілілась,
І будзе новая тут хата,
Пасада пашаю багата,
Ніхто цябе тут не сціскае
І ў твой гаршчок не заглядае,
Сядзець не будзеш тут без хлеба,
А пацярпець, вядома, трэба.
– Так, пацярпець! адно цярпенне
І можа даць табе збавенне, –
Тут усміхнуўся Міхал скрыва: –
І гніся век, цярпі маўкліва,
Пакінь ты ўсякую надзею
Хамут з сябе зняць, дабрадзею!
А над уласнай гаспадаркай
Варонай чорнаю закаркай
І цяжкі крыж пастаў над ёю,
Як мусім ставіць над сабою.
Цярпенне – ўсё: яно – бязмежнасць!
Навошта ж тая незалежнасць?!
Навошта гэтае імкненне
Пусціць у грунт у свой карэнне?
Але б вы самі спрабавалі,
Калі б у вочы вам плявалі
І вас агіднаю знявагай
Па сэрцы білі б, як той шлягай!
А ты маўчы, свяці вачамі
Перад паўпанкамі, панкамі
І перад панскім розным збродам,
Цярпеннем скованы, як лёдам! –
Ў Міхала губы дрыганулі,
І вочы іскры сыпанулі.
– Ці мала ўжо цябе тут гнулі?
Цярпі, маўчы, знасі пакорна,
А кожная свіння надворна,
Свістун ці вырадак паганы,
Няшчасны лёкай надзіманы
Ці так нікчэмная басота, –
Яна твайго не варта бота, –
Цябе скубе, цябе ўшчувае –
Маўчы! няхай жа бэсціць, лае,
За нос, як хоча, няхай водзіць!
Антось і Ганна не знаходзяць,
Што адказаць і што парадзіць
І як пытанне гэта ўладзіць.

Прайшла нядзеля і другая –
Час не стаіць і не чакае.
Ўжо хата новая гатова,
Прыбраны трэскі ўжо і дровы;
Над белым дахам, як карона,
Красуе комінак чырвоны;
Прыветна вокны пазіраюць,
Бы вас у госці запрашаюць, –
Ну, добры выгляд хата мае,
Яна і цешыць, здавальняе.
Сюды сямейка перабралась,
І гэта хата паказалась
Пасля зямлянкі проста раем.
– Хоць хату добрую, а маем, –
Не тое цеснае скляпенне! –
Казала маці ў здавальненні. –
Чысцютка, светла, бы ў пакоі! –
Прыемна пахла тут смалою
І свежым дрэвам, хваіною.
І ўсё здавалася бы гладка,
Каб так не скончылась загадка
Аб тым падлоўчым на кватэры.
Аб'ездчык, самы той Ксавэры,
Прынёс навіну ў гэту хату.
– Не падвязло нашаму брату:
Пякельны пан! – Ксавэры кажа. –
Як ноч, на нас на ўсіх ён ляжа.
– А хто такі? – Міхал пытае.
– Бадай яго Міхал ці знае:
То пан Ракоўскі з-пад Татаркі!
Як кажуць, пан занадта шпаркі...
– Пастой, пан, прозвішча знаёма!
Ну, так: я чуў аб ім, вядома...
Дык пан Ракоўскі! Ну, віншую!
Пакажа нам, дзе рак зімуе! –
І – ха-ха-ха! – Міхась рагоча:
Ён паказаць тым смехам хоча,
Што ашукалісь нечакана,
Прыдбаўшы гэтакага пана.
– А як жа! чуў я, што за пташка!
Лядачы нораў, лае цяжка,
Яшчэ і звычай такі мае,
Што з кулакамі налятае.
Ляснічы новы не з'явіўся,
А ўжо, як трэба, уявіўся;
Усё падробна распісалі,
Як бы яго даўно тут зналі:
І як ён выглядзіць сабою,
І што ён мае за душою,
І чым выдатны і багаты,
Ці кавалер ён, ці жанаты,
Калі, дзе, чым ён вызначаўся,
Як да людзей слатой чапляўся, –
Ну, адным словам, адчыталі,
Ўсе косці пану перабралі.
І праўда, пан быў злы, паганы
І звераваты, надзіманы,
І мух не мала меў у носе.
І шмат цяжэй тут павялося.

І вось, вярнуўшыся з абходу,
Як бы апушчаны у воду,
Міхал павёў апавяданне,
Як выйшла першае спатканне.
– Іду, а ён дарогай валіць,
За ім вярхом Абрыцкі смаліць.
Пад'ехаў гэта і спыніўся.
– Дзень добры пану! – пакланіўся,
А ён, як слуп, і не зважае,
Глядзіць, бы воўк той, і пытае:
– А ты дзе служыш, чалавеча?
– Служу, паночку, я ў Парэччы.
– Ага!.. чаму гэта, ягомасць,
Вядзеш вялікую знаёмасць?
Чужых цялят бярэш на пашу?
Наскрозь я бачу службу вашу!
Чаму аб'ездак, сцежак многа?..
Пільнуйся ты свайго парога,
Бо мне такіх служак не трэба:
Для гультаёў не маю хлеба.
Дык памятай, чаго наймаўся! –
Сказаў і далей паімчаўся.
– Ну, ўжо ўвялі цялят у вушы!
Ох, да і людзі ж! што за душы! –
Гаворыць маці абурліва.
– Чаму не скажуць? ото дзіва!
Той самы «Тэш», каб падлізацца,
Гатоў хоць чорту запісацца,
Яшчэ прыбавіць і размажа! –
У гневе дзядзька Антось кажа.
Апавяданае здарэнне
На іх наводзіць засмучэнне.
– Ну, што ж? цярпі, маўчы зацята,
Бо так выходзіць, небажаты. –
Наняўся, кажуць, як прадаўся! –
Міхал зласмешна адазваўся.

Новая зямля

Якуб Колас

 

  
ДА ЗМЕСТУ


ДАЛЕЙ