XII.  СЕСІЯ

У інтарэсах асвятлення
Яшчэ нязнікшага з'яўлення
Не шкодна б святам, вольным часам,
Схадзіць на сесію з Міхасем.
Міхась паснедаў, прыадзеўся –
І на кірмаш схадзіць ён меўся, –
Не то што б там якія справы
Былі патрэбны і цікавы,
А проста так сабе ў нядзельку
Праведаць Залмана ці Эльку.
Міхал – навошта ўжо таіцца? –
Любіў-такі павесяліцца,
Зайсці да Малкі ці Ляйботы,
Каб збыць за чаркаю згрызоты.
Ці так ці не, ва ўсякім разе
Другое мелася на ўвазе:
Міхал любіў каля бутэлькі
Пытаць тых-сіх наконт зямелькі,
Бо так на службе дапяклі,
Што гэта думка аб зямлі
Запала ў сэрца назаўсёды,
Як промень волі і свабоды.
На тую ж сесію штотыдня
Хадзіў Міхал да пана-злыдня.
Звычайна з раніцы ў нядзельку,
Калі пакіне пан пасцельку,
Аб'ездчыкі са стражнікамі
Сюды схадзіліся, з'язджалісь,
З гадзіну добрую сланялісь
Або мянцілі языкамі,
То часам востра, то пагана,
Пакуль не клікалі да пана.

Вось і цяпер, у дзянёк гэты,
Як мае быць ужо адзеты,
Сказаць, адзеты і фарсіста
І гладка выбрыўшыся, чыста,
Міхал ужо разгладжваў вусы.
– Асцерагайся ж ты спакусы:
Прыйдзі хоць раз дадому ў часе! –
Звярнулась жонка да Міхася.
Ох, гэта нуднае прыслоўе,
Бадай яму ўжо безгалоўе!
І колькі раз ён чуе гэта!
Ну й надаедная ж кабета:
Вось так і выкіне на вока!..
Міхал абураны глыбока,
І гнеў мяняе яго вочы.
Ой, ды й язык жа ты жаночы:
Ці ёсць, ці не прычына тая –
Ўсё роўна менціць і кусае.
– Ну, як табе ўжо не абрыдне
Казаць адно сто раз на тыдні?
Сказала сорак раз і – квіта! –
Міхал адказвае сярдзіта,
Глядзіць, паблісквае вачыма
І злосна ўскідвае плячыма.
– Бо праўда вочы табе коле,
І не мінеш ты нябось Сроля,
Не людская твая натура,
Не пахне дом свой і пячура:
Абы гарэлка на прымеце –
Ты ўсё гатоў забыць на свеце!
Міхась стаіць, знявагі поўны,
І погляд кідае бязмоўны.
О, колькі крыўды ў ім, абразы!..
Э! лепш змаўчаць ёй, лепш тры разы
І не адказываць нічога.
Ён толькі ўбок плюе з парога,
Ідзе – сам гнеў і сама бура,
Са лба на бровы збегла скура,
А губы шчыльна-шчыльна сцяты,
Дзвярмі ён грукнуў, выйшаў з хаты
І злосць душы і сэрца пляму
Выносіць з дому аж за браму;
І нейкі час ён па дарозе
Ідзе абураны, ў трывозе,
На жонку злосны, на самога,
Бо ў словах жонкі праўды многа.
Але ж нашто калоць у вочы?..
Цьфу! дня табе няма і ночы,
Ані часіначкі спакою;
Чорт кожны вяжацца слатою,
А тут яна шэй-на-катрынку
Як завядзе, дык без упынку.

Міхал аб помсце строіць планы.
Вось ён нап'ецца, прыйдзе п'яны,
Каб аж язык не варушыўся,
Калі такім ліхім радзіўся;
Няхай крычыць сабе тады.
А не – не ўзяць два дні яды
Наперакор сваёй жанчыне,
Пакуль яе злосць не астыне?

Міхал і клін ужо мінае.
Направа сцежачка сляпая
Вядзе балотцам на ачосы.
Міхал ідзе пакуль што босы
І на дарожку зварачае,
Ідзе свяржэнскімі маргамі
І гразь памешвае нагамі.
І покі ён мінуў лагчыны,
На лбе разгладзілісь маршчыны
І ў сэрцы бура уляглася.
Другія думкі на Міхася
Цяпер найшлі нейк неўзаметкі,
Ды толькі іх маўклівы сведкі –
Лясок, дарожка, елкі, хвоі,
Свае ў іх думкі і настроі.
Балотца пройдзена памалу.
Густым ляском па буравалу
Міхал выходзіць на гасцінец.
Цяпер у думках пан-злачынец.
І не хацелася б з ім знацца,
Ні справы мець, ні спавядацца,
Ні слухаць лаянкі-пагрозы;
Але ні злосць твая, ні слёзы,
Ні моцна шчэмлены кулак
Не зменяць справы аніяк –
Цярпі! чаму? дакуль цярпенне?
Калі канец яму, рушэнне?
Няўжо ўвесь век жыць з панскай ласкі
І перад ім чуць абавязкі?
І слугаваць яму, старацца
І ў тры пагібелі згінацца?
Адказ адзін: няма, брат, ходу,
Хоць з моста кідайся ты ў воду;
Няма зямлі свае і хаты,
І мусіш гнуцца, як пракляты,
Бо ты ні мяса і ні рыба.

Ідзе Міхал, прад ім сяліба,
Засценак добра так знаёмы,
І хоць няважныя харомы
Тут гэта шляхта збудавала,
Але жыве і гора мала!
Хоць шляхціц цёмны, як саган,
Затое ж сам сабе ён пан:
Паноў ляснічых знаць не знае,
Прад імі спіны не згінае:
Пад бокам паша, агароды,
І лес, і поле – ўсе выгоды.
Міхал зірнуў і пазайздросціў:
Чаму й не ён між ягамосцяў?
Нядзелька, свята – людзі вольны,
Свая ахвота, свой дазвол,
На рынак едуць, хто ў касцёл,
Як гэты Людвік багамольны,
А хто пагульвае так дома;
А ты вось совайся, як бома,
Ды бойся ліха і падкусу –
Не ступіш кроку без прымусу.

За горкай панская пасада,
Як у вяночку, каля саду
Ў глыбі прасторнага дзядзінца
Стаяла з боку ад гасцінца.
Будынак, парк і агарожа –
Было ўсё слаўна і прыгожа;
Мастацкі зробленая брама
Ласкала вока гэтаксама,
Але Міхалу не хацелась
Глядзець на гэта ўсё – прыелась,
І панскі дом з ласіным рогам
На Міхася глядзеў астрогам,
Бо тут, апроч тае знявагі,
Сказаць, ад кожнага брадзягі,
У стражнікоўскім сваім лёсе
Нічога ведаць не прыйшлося.

А гэта сесія, спатканне,
Падкусванне і насміханне –
Як прыкра гэта ўсё, і нудна,
І непрыемна, і паскудна!
Міхал ступіў на двор кватэры
З душою, згрызенай без меры,
Але, спаткаўшы саслугачых,
Спакойных больш і менш гарачых,
Міхал мяняе выраз твару
І гоніць прэч задуму-хмару,
Ідзе, вітаецца, смяецца,
Бы смутку век не знаў, здаецца,
Бо людзі схільны строіць кпіны
З тваіх нягод без дай прычыны.

Тут быў Скварчэўскі, Ліхтаровіч,
Амброжык, Суднік, Астахновіч,
«Памдзей», аб'ездчык і мыслівы,
На пачастункі памаўзлівы,
«Памдзей» быў створан з «пана дзея».
Не поп наш дзядзька, але ўмее
Зірнуць часамі «ў свае святцы»,
Каб трапным словам адазвацца
І сэнс «духоўнай» карталюшкі
Паправіць ліпкаю мянушкай.
«Памдзей» аб'ездчык быў няшкодны:
Так, чалавек ён старамодны
І не такі, як Ворцюх, зыркі,
І меней здольны на прыдзіркі,
І на падкусы, і на ўданне,
За што й вагі ён не меў звання.
Вось Арцюшок – о, гэта скула!
Ну і шкадлівы ж быў, хамула,
Хоць у панкі пралез адразу:
Цаніў Ракоўскі ў ім заразу;
Вось так і віўся каля пана...
Цьфу, ты, мардасіна пагана!
Якога чыну даслужыўся –
Обер-аб'ездчыкам лічыўся,
Брахун не горшы ад сабакі.
Ён меў сабачыя адзнакі –
Брахаў налева і направа;
Была й сабачча яго слава,
І калі пахла дзе даносам,
Тады, крутнуўшы толькі носам,
Казалі згодна, ў адно слова:
«Ну, гэта штучка Арцюшкова!»
А вось і ён. Ідзе фарсіста,
Глядзіць звысоку, ганарыста,
Але зірнуць людзям у вочы
Ён штось не надта ўжо ахвочы,
А параўняўшыся з «Памдзеем»,
Ён толькі лыпнуў ліхадзеем
У бок аб'ездчыка старога,
Але не вымавіў нічога.
«Памдзей» штурхець пад бок Міхала:
«Счуў, бестыя, чыё з'еў сала».
На Арцюшка «Памдзей» ківае,
А сам нявесела ўздыхае
І выраз твару мае горкі.
– Чакаць, пам-дзееньку, праборкі! –
Прамовіў ён у засмучэнні. –
Брахнуў аб нейкім папушчэнні,
Пабіць бы гаду морды-пыцкі!

Тут быў таксама і Абрыцкі,
Стары аб'ездчык і служака,
Курэц і добры выпівака.
Любіў і ён «Тэш, проша пана...» –
Куснуць падчас неспадзявана.
Звычайна ён спаўняў тры ролі:
Або смяшыў усіх да болі,
Калі ў смяхотным захапленні
Апісваў розныя здарэнні,
Ці пераймаў таго-другога,
Або маўчаў зацята-строга
Ды пухкаў люльку задуменна,
Або гарэлку піў сумленна,
Ды не валяўся пад платамі,
Хоць скробаў добра капытамі.

У часе гэтых сесій-збораў
Было нямала абгавораў
І розных штучак, жартаў, кпінак,
Ліхіх і добрых успамінак;
То часам смехам, а то ў злосці
Перамывалі панам косці,
Рашалі розныя пытанні
Наконт сяброўскага спаткання,
І хто каму дзе стаўся варты,
І закладаліся на кварты,
Зусім забыўшыся аб лесе.
Але ўся важнасць гэтых сесій
І іх грунтоўныя асновы
Складалісь з панскае размовы,
Калі каго сам пан ляснічы
Да канцылярыі закліча.
Тады ўсё моўкла – ні гу-гу!
Звычайна ў першую чаргу
Для рапартоў і справаздачы,
Угнуўшы хвост той па-сабачы,
Ішлі аб'ездчыкі асобна
Пра ўсё паведаміць падробна:
Якія дзе былі здарэнні
Ці непарадкі, папушчэнні:
Як леснікі, яго падпаскі,
Свае спаўнялі абавязкі,
Дзе і ў каго былі парубкі,
Каб мець прычыну дзеля ўзлупкі.
Калі ж у гэтай справаздачы
Было ўсё добра без астачы
І тыдзень скончваўся шчасліва,
Тады ляснічы глядзеў скрыва:
Ты маеш, значыцца, хаўрусы
І ў адной чарцы мочыш вусы.

Тут гэты лад быў так збудован,
Што на даносах быў заснован,
І мелась тут навідавоку
Кусаць адзін другога збоку.
На гэты раз неспадзявана
«Памдзея» клікнулі да пана.
«Памдзей» падскочыў, здрыгануўся
І навакола азірнуўся.
– Ну, будзе лазня, пане-дзею!
Але за што? не разумею! –
Прамовіў ён, ускінуў плечы
І ў бег пускаецца старэчы. –
Бадай ён быў курам прысніўся! –
Убег, нізютка пакланіўся.
Стаіць пакорна і рахмана,
На крыж гатовы йсці за пана,
Старыя костачкі злажыць
І верай-праўдаю служыць...
І так зніжацца! цьфу, агіда!
Не мець ні вобраза, ні віда,
Ні нават цені чалавека;
Стаяць, бы куль, бы лялька нейка,
Глядзець на пана, як той Лыска...
Эх, так упасці і так нізка!
Затое ж пан той! паглядзеце:
Хто з ім зраўняецца на свеце?
Які ён важны, панаваты,
Выдатны, «мондры», зухаваты!
Які ён гога! які дока!
Як ён сябе нясе высока!
Пабачце гэту яго міну:
Ён – цар, ён – бог напалавіну,
Злучэнне блеску, ззяння, цені –
Сагні прад ім свае калені!..
І прад такім вось галамоўзай
Не смей стаць роўна ты, а поўзай!
«Памдзей» стаіць, пан не зважае,
Як бы то слуп ці рэч якая,
Сядзіць надзьмуты, звераваты
І разглядае асігнаты.
– Ну, ягамосцю-аматору,
Ці павяраў сваю камору? –
Зрабіўшы гэта запытанне,
«Рачок» зірнуў ліхім барбосам
І ўсё пакручвае тым носам,
Мінуту ловіць насядання.
Што адказаць трапней на гэта?
Якая хітрая тут мэта?
У чым яго, «Памдзея», ловяць?
З чаго пачнецца тая споведзь?
Якія зразяць яго стрэлы?
«Ну, ну, «Пам-дзееньку», будзь смелы!
Бог дасць, сухі ўспаўзеш на бераг».
Мамент, а думак цэлы шэраг.
– Так, павяраў, панок, вядома.
Хіба мне служба незнаёма?
– А шмат разоў быў на каморы?
– Пяць раз, «Памдзею», з пазаўчора.
– Дзе Астахновіч? Марцін! – Слухам!
Марцін на двор імчыцца духам
І зараз зноў сюды ідзе
І Астахновіча вядзе;
Паўзе з павагай Астахновіч,
Ляснік каморны з Давідовіч,
Маруда страшны, глух на вуха...
Ну, што ж? не даў Бог яму руху.
Прыйшоў, сюд-туд ён глянуў скоса
І затрубіў разы два носам,
Бо трэба ведаць, хто і дзе ты.
– Быў у цябе вось дурань гэты?
Адказвай праўду мне, Зыдоры,
Як ён даўно быў на каморы? –
Аб'ездчык страчвае надзею!
«Гэ, вось ты ліха, пане-дзею!
Цяпер папаўся, дабрадзею:
Вось так і цапне, так і цапне,
Калі ні ў пяць, ні ў дзесяць ляпне?
Каб не глухі, шапнуць бы можна.
Эх, галава твая парожна!
Ну, як тут быць? як падказаць,
Каб і Зыдоры сказаў «пяць»?»
Ён раптам момант улучае,
Пяць пальцаў моўчкі падымае.
Зыдоры згледзеў знак маўклівы.
– Пяць дзён, як быў там пан мыслівы, –
Гукнуў Зыдоры вельмі рады,
Што гэтак выйшла без парады.
«Бадай жа ты прапаў, мой мілы!
Не знаць бы век цябе, дурылы!
Ўсё сапсаваў, бадай ты знік:
Пяць дзён! пяць скул на твой язык!»
– Лайдак! – як скокне да «Памдзея»
Ляснічы-змей, ну, аж шалее,
Жыўцом грызе сваю ахвяру.
– Пся крэў твая, галгане, лгару!
Ты гэтак служыш, о, лайдаку!
Да д'ябла выганю, сабаку,
Каб не было тут твайго смроду!
Я выведу такую моду!
Павінен быць на сваім месце,
А князеў хлеб дарэмна есці
Не будзеш, псіна ты старая! –
З апошніх слоў «Памдзея» лае.
І доўга льецца гэта песня,
Як толькі з крыку ён не трэсне!
«Памдзей», прыбіты і прыгнуты,
Цярпліва зносіць крыж пакуты,
Стаіць, удол спусціўшы вочы,
І толькі зрэдку забармоча:
– Даруй, панок! нех пан даруе! –
А пан нічога не шануе
І, расчыніўшы губы-трубы,
Як непрытомны, злосны, грубы,
Шпурляе кнігі, рве паперы
І брудна лаецца без меры
Ды насядае на «Памдзея»
І ўсё не мякне, не дабрэе,
А мае дрэнныя намеры.
«Памдзей» задком, задком у дзверы
Паўзе-адходзіць ад навалы
І раптам робіць «махні-драла»,
Бяжыць на двор, увесь чырвоны.
– О ты, халера! о, шалёны!
Ото ж наскочыў, пане-дзею!
Папаўся ў лапы кату-змею! –
Гаворыць ён ды азірнецца:
Яшчэ пагонь яму здаецца.
– А ты, Зыдоры, пане-дзею,
Ты – куст альховы! о, зладзею!
«Пяць раз» паказваю, тупіца!
А ён «пяць дзён»! – цьфу, цьфу, дурніца!

Новая зямля

Якуб Колас

 

  
ДА ЗМЕСТУ


ДАЛЕЙ