XXI.  ТАЕМНЫЯ ГУКІ

Пад іншы год у холад люты,
Калі ўсе рэчкі лёдам скуты
І ўсё пад снегам качанее,
Глядзіш – цяплом табе павее,
І з поўдня вецер хмары гоніць,
У вокны дождж буйны зазвоніць
І з капяжоў руччом сцякае,
І снег жыўцом ён паядае.
Скідае лес убор зімовы.
І шум другі на лад-спеў новы
Над борам цягне несканчона.
І фанабэрыцца варона:
«Вясна! вясна! гразь! гразь!» – спявае,
Як бы вясну ўжо сустракае.
Паміж алешніку змяёю
Крыніца чорнай паласою
На свет зірнула, лёд прабіла,
Ў старых карчах загаманіла.
І палыселі касагоры,
Вадою поўняцца разоры,
Бяжыць, шуміць вада ў лагчынах.
І лёд уздуўся ў азярынах,
Дарогі ў полі ўсе псуюцца,
Аб крыгі крыгі з шумам труцца,
І луг заліт увесь вадою,
Як і сапраўднаю вясною.
Ды гэта толькі кпіны-жарты:
Зімой цяпла чакаць не варта –
Зіма свайго не падаруе
І злосна ветрам засвідруе
Ды так пацягне, так зайграе,
Што проста нос табе зрывае.
І выюць ў полі завірухі,
Як за труною маладухі,
На лес накідваюць наміткі
І робяць гурбы ўвачавідкі.
Варона гонар свой збаўляе,
Ды зноў да сметніка вітае,
І свой жывот галодны пыніць,
На спевы дзюба не расчыніць.
Дзярэўі ў белы пух убраны,
І снегам «лысіны» засланы;
Застылі рэчкі, азярыны
Пад гнётам белай кажурыны.
Лёд на лугах, як люстра, ззяе,
І сонца зрэдку ў ім гуляе...

Настане ноч – і ўсюды ціха,
Хіба завые дзе ваўчыха
Сярод трушчобы ў цёмным лесе
Ды гучна лусне гонта ў стрэсе...
Але што гэта? што за гукі?
Адкуль яны? Чые то рукі
Забілі цяжка малатамі,
Як тыя коні капытамі?
Якія там майстры майструюць?
І што куюць? над чым працуюць?
Стаіш і ловіш зыкі тыя,
А луг трашчыць, гудзе і вые;
То рэзкі трэск там панясецца,
Бы чорт лазаты засмяецца,
То заскавыча, то застогне,
Ды так, што ўсё, здаецца, дрогне;
Не то сякера мерна чэша,
Не то хтось кашляе ці брэша.
Гу-гу! – штось гукне, садрыгнецца,
Бах-бах! – на гук той адзавецца
І аж па лесе пойдзе рэхам
Ды зарагоча дробным смехам
То тут, то там ды як засвішча –
Як бы там чортава ігрышча!..
Ўсю ноч, ад рэчкі і па Нёман,
Ушыр, удоўж нясецца гоман
Няўцямны, сцішны і таемны
І разам страшны і прыемны.

А ноч ціхутка; ў багне цёмнай
Пустэлі страшнай і бязмоўнай
Гараць дрыготна, ззяюць зоркі,
Як найдарожшыя пацёркі,
То паасобку, то гурткамі,
То брыльянцістымі радкамі,
І іх пучочкі-златаблёсткі
Наўкола кідаюць пялёсткі;
Яны гараць, жывуць і граюць,
Бы вочкі там чыесь міргаюць;
Ды зрэдку ў небе дзесь далёка
Над лесам тым у момант вока
Мігнецца стужка агнявая –
То знічка згасне залатая.
Вось выйдуць хлопцы гуртам з хаты
На гэты час, як неба шаты
Раскіне гожа над зямлёю
І вее згодаю святою.
– Ша! Ціха вы, не гаманеце!..
О, што ж та дзеецца на свеце?
І хлопцы разам заціхаюць
І на Алеся пазіраюць;
Алесь замёр, здзіўлення поўны,
Глядзіць у луг, стаіць бязмоўны,
У бок лугоў руку трымае.
– Во, во! што, чуеце? страляе!
– Што гэта, хлопцы? вось дык дзіва! –
Дарэктар шэпча палахліва. –
Няўжо з Нясвіжа б'юць гарматы? –
І Яська кінуўся дахаты.
– Ой, дзядзька, цётка! – ён галосіць,
І нейкі рух яго аж носіць. –
Ідзеце борздзенька, ідзеце.
Там штось грыміць, ну, паглядзеце! –
І так завойкаў, так завохаў,
Што ўсіх у хаце напалохаў.
– Ну, я табе, брат, мала веру:
Перабіраеш трохі меру, –
Антось на гэта адазваўся,
Але на двор пашыбаваўся,
Кажух накінуўшы на плечы;
І маці прасніцу да печы
Таксама ставіць, прысланяе,
На двор за імі выпаўзае.
Пасталі ўсе, стаяць маўкліва
І вухам ловяць тое дзіва.
А луг бубніць таемна, глуха,
Як бы ў кадушку б'юць з-за вуха.
– А што, ці чуеце? Што гэта? –
Дарэктар ціхенька пытае;
Самога страх так і шугае.
– Эх, Яська, брат, ідзе камета!
Прапалі мы – сканчэнне света! –
Антось гаворыць, чуць не плача. –
Прапаў ты, Яська-небарача,
І не пабачыш бацьку з маткай,
Хоць папрашчаўся б з роднай хаткай:
Яе ўжо бачыць не надзейся!
– Не, дзядзька, што гэта, не смейся, –
Антося хлопцы абступілі
І разам тут загаманілі.
– Ідзеце ў хату! – кажа маці. –
Калі ўжо гінуць – гінь у хаце.
Адразу хлопцы схамянулісь,
Што ў нечым моцна абманулісь,
І стала болей ім цікава,
У чым тут сіла тая, справа.
Антось у хату йдзе, рагоча,
Тлумачыць зразу ён не хоча:
Ахвоту меў-такі, прызнацца,
Ён трохі з Яські насмяяцца,
А хлопцы голавы ўскруцілі,
Ў хаду ўсе спосабы пусцілі,
Найсці прычыну тую квапяць,
Але на след ніяк не трапяць.
– Ну, дзядзька, годзе ўжо смяяцца;
Самім нам трудна дагадацца,
Адкуль, з чаго такія гукі?
– А ты ж выкладваеш навукі,
І імі розум твой начынен,
Ты гэта ведаць сам павінен:
Які ж з цябе настаўнік, браце?
Не многа ж гэтага багацця
Ў тваёй галоўцы, мой нябожа!..
Ну, хто дарэктару паможа? –
Тут дзядзька вучняў аглядае. –
Напэўна Костусь адгадае...
Ну, Костусь, брат, зрабі ім брыдка:
Тут штука проста, вачавідка! –
І ўсе на Костуся зірнулі,
Але адказу не пачулі.
– Кажы смялей! Ну, думаць годзе,
Ты ж любіш коўзацца па лёдзе!..
– Бадай вы, дурні, пагарэлі! –
Прамовіў бацька тут з пасцелі;
Ён там драмаў, цяпер падняўся
І сам у гутарку ўмяшаўся,
Каля камінку стаўшы збоку.
– Няўжо ж у вас не хопіць клёку
Такое глупства расшалопаць?
Па мордзе б, гадаў, вас нашлёпаць,
Тады б вы сцямілі навуку,
Найшлі б прычыны таго груку!
Маўчаць яны, насы спусцілі,
Сядзіць дарэктар, як на шыле, –
Нагналі ж чэрці ім занозу.
– Дык гэта ж лёд трашчыць з марозу! –
Алесь і Костусь выпадкова
Гукнулі разам ў адно слова.
Тут бацька зразу адпусціўся,
Павесялеў і праясніўся.
– Вот малайцы!.. а вы што, цеслі?
Гулу вам меншыя паднеслі!
Адзін – бальшун, другі – дарэктар
І тлумачэльнік разам, лектар...
– Фэ! брыдка вам! – іх дзядзька журыць,
А Ўладзя толькі бровы хмурыць.
– А-ей, якая мудрасць гэта:
Яе забыў я трэцце лета!
– О, ты Сальмон у нас вялікі,
Як на чытанне, так на лікі,
А вось скажы, калі ты кемны:
Чаму трашчыць так лёд надземны? –
Другая вынікла задача;
Пацее Яська, чуць не плача,
Сказаць штось хоча і баіцца
Утраціць гонар, памыліцца,
І Ўладзя вочы апускае.
– А справа, бачыце, такая, –
Антось тут сам пачаў тлумачыць: –
Была паводка гэта, значыць,
Вада па лузе разлілася,
А потым лёдам занялася,
Мароз падскочыў ды прыціснуў,
Вада і збегла, лёд павіснуў:
Цяпер наніз ён ападае,
А лёд таўшчэрны, важкасць мае,
А паміж лёду і вадою,
Ўнізе пад мёрзлаю зямлёю
Пустое места астаецца,
І вось як глыза садрыгнецца,
Яна і грукне, як з гарматы...
Ну, зразумелі, небажаты?
– І я так думаў, – Ясь азваўся, –
Ды толькі выказаць баяўся.
– І я даўно ўсё гэта ведаў,
Але маўчаў... – Ты, бізун дзедаў! –
На Ўладзю бацька напусціўся, –
Глядзі: я бачу – распусціўся!
Маўчаў бы лепш ды хоць шалопаў
Ды менш губою гэтай лёпаў...
Не будзе сэнсу з цябе, хлопча:
У гразь жыццё цябе затопча
З тваёй навукай гэтай разам,
І будзеш век ты каламазам!
– Ну, што ж? і колы мазаць трэба,
Абы які кусок мне хлеба, –
Тужліва Ўладзя зазначае
І смех агульны выклікае.
– А вось і я пытанне маю!
Чакайце ж, я вас запытаю, –
Да старшых Костусь прамаўляе,
І гнеў ён бацькаў адхіляе:
– А што, скажэце, зорка значыць,
Якой ніхто мо і не бачыць:
Яна маланкай мігатнецца
І згасне. Дзе ж яна дзяецца?
І да зямлі не далятае,
А проста дзесь яна знікае?
І змоўклі ўсе адразу ў хаце:
Як адказаць? З чаго пачаці?
– Ага! – тут хлопцы падхапілі. –
Цяпер і мы вас ушчамілі.
– Што нам з таго, што гінуць знічкі?
І клопат будзе невялічкі,
Калі прычын іх знаць не будзем:
Якая з іх карысць тут людзям? –
Бярэ сам бацька перша слова. –
І з'ява гэтая – не нова:
Яны штоночку вынікаюць,
Але без следу прападаюць.
То – тайнасць божжа, яго воля.
Чаго мы, людзі, мо ніколі
І не дазнаемся, як трэба,
Бо то – вялікая вучэба.
– Чаму? дазнацца мо і можна, –
Гаворыць дзядзька асцярожна, –
І пэўна ведае навука,
Што астраноміяй завецца,
Адкуль тут што і як бярэцца.
Замыславатая то штука,
А вось, як будзеце вучыцца,
То можна сэнсу і дабіцца,
Бо помню я, як сам вучыўся,
Нам штось пра іх казалі ў школе
І вытлумачвалі даволі,
Але цяпер пра то забыўся.
– І я, – тут маці засмяялась, –
Сказаць хацела, ды збаялась,
Якраз як наш дарэктар гэты.
Калі стваралісь Богам светы,
Па зорцы светлай чалавеку
Назначыў Бог святы спрадвеку;
Яна жыццём яго кіруе
І лёс яго і смерць пільнуе.
Чым больш з людзей хто выдатнейшы,
Таго і зоркі блеск яснейшы,
І гасне зорачка святая,
Калі даручаны сканае:
Вось так на небе адначасна
Яна мігнецца і пагасне,
Як бы хто з жалю вочкі ўскіне
І невядома дзе загіне.
І неба слых тады прыклоніць,
І анел слёзку ціха зроніць...
Як я была яшчэ малою,
То дзед, бываючы ў настроі,
Часамі вёў апавяданні
Аб гэтым зорачным зніканні,
Яшчэ казаў: «Калі хто зможа,
Пакуль не згасне служка божжа,
Задумаць што ў мамэнт бліскання,
Таго ўсе споўняцца жаданні».
Для хлопцаў гэта тлумачэнне
Найболей мела здавалення,
І ўсе іх думкі мімаволі
Блукалі дзесь у божым полі;
Іх захапляў свет безгранічны
І ўласны лёс іх таямнічны.

Новая зямля

Якуб Колас

 

  
ДА ЗМЕСТУ


ДАЛЕЙ