XXVI.  АГЛЯД ЗЯМЛІ

Прайшло ў Парэччы лет нямала;
Яно ж не цешыла Міхала,
Хоць тут мясцінка гожа, міла
І так гарнула, так хіліла
К сабе і лесам, і лугамі,
І старасвецкімі дубамі!
Ды што краса без аўладання?
Адно пустое парыванне
У цьме далёкі блеск зарніцы:
Ўсё гэта – скарбы чужаніцы,
Магната князя Радзівіла,
А ты, пакуль ёсць рух і сіла,
Служы панам, збірай іх крошкі
І ведай цьмяныя дарожкі
Батрацкай долі да магілы,
Служы, пакорны і пахілы,
Служы з-за панскага агрызка
І заўжды гніся нізка-нізка!
Няўжо ж і век прабыць слугою
І чуць пагрозу над сабою,
Што пан у кожную хвіліну
Цябе пагоніць, як скаціну?
Пагоніць вон без разважання,
Бо пан не мае спагадання,
Што трэба жыць з сям'ёй на свеце,
Што ты, як рыба тая ў сеці,
Не маеш волі, ні разгону,
Што ты не чуеш жыцця звону,
Што гэты свет табе завязан
І шлях прасторны твой заказан.

А дзе ж той выхад? дзе збавенне
З няволі цяжкай, з паланення?
Адзін ён ёсць: зямля, зямля,
Свой пэўны кут, свая ралля:
То – наймацнейшая аснова
І жыцця першая умова.
Зямля не зменіць і не здрадзіць,
Зямля паможа і дарадзіць,
Зямля дасць волі, дасць і сілы,
Зямля паслужыць да магілы,
Зямля дзяцей тваіх не кіне,
Зямля – аснова ўсёй айчыне.

Міхал у часе вандравання
На адзіноце сам з сабою,
З гарачым сэрцам і душою
Развязваў важнае пытанне
Аб той зямельцы аб уласнай.
Яна свяціла зоркай яснай,
Яна гарнула і хіліла,
Бы нейкіх чар нязнаных сіла.
Свая зямля, свая пасада!..
Ці ёсць мацнейшая прынада?
Міхал станоўка, ненарокам
Ішоў да мэты крок за крокам.
Ён паскупеў і нават значна.
Што ж? лепей з'есці не так смачна,
Загнаць запас на хлеб, на сала,
Абы капейка перапала,
І лішні выгадаць рубель
Ды палажыць яго ў кашэль.
Наогул трэба жыць больш змысла
І больш мяркоўна, болей сцісла,
Трымаць зачыненымі губкі
І меней траціць на пакупкі.
І так паціху ды памалу
Прыдбалі трохі капіталу,
Каб хоць пачатачак зрабіць
І першы камень залажыць
На грунце вольнае зямелькі,
Адной-адынай збавіцелькі
Ад панскай ласкі і апекі,
І плюнуць ім за тыя здзекі,
Што так уеліся ўжо ў косці, –
Калом зямля вам, ягамосці!
Цаною доўгага шукання,
Парады, спрэчак, разважання
І гэтых мыслей натужэння
І нестрыманага імкнення
Не знаць ні службы той, ні пана
Была зямелька апытана.
Яе Міхал – прыпомнім гэта –
Апісваў фарбамі паэта,
Апісваў шчыра, ўсё зазначыў,
Хоць ён зямлі тае не бачыў;
Ды мала што: ніхто ніколі
Не бачыў светлай райскай долі,
Але той рай мы так малюем,
Што асалоды яго чуем.
Ды тут замецім стараною:
Ці не з'яўляецца маною –
Прашу прабачыць мне за слова –
Ўся гэта райская размова?

Але пара, пара ў дарогу,
Бо час прыстаць к свайму парогу,
Пакуль жаданне не астыла,
Пакуль ахвота ёсць і сіла.
Агледзець трэба землю тую,
Каб не гадаць, не йсці ўсляпую,
Аб чым была ўжо пастанова;
Няхай зямелька скажа слова
І твар пакажа свой выразна,
І гэта будзе болей важна,
Чым тая іх уся размова.
І вось пад восень прад сяўбою,
Парадзіўшыся між сабою,
Міхал з Антосем воз прыбралі,
Каня запрэглі, пастаялі
У нейкім смутным разважанні,
Ў настроі новым, хваляванні:
Дарога, даль і лёс нязнаны
Глядзяць няветла скрозь туманы.
Эх ты, жыццё, жыццё людское!
Няма табе, няма спакою:
Ты – суматоха, вір бурлівы,
Ў табе загіне баязлівы,
Як парахно, як зерне тое...
– Ну, будзем ехаць! – Едзьма, браце!
На момант ціха стала ў хаце,
Куды мужчыны завіталі,
Спынілісь, шапкі пазнімалі,
Прад абразамі гнуць галовы.
– Бывайце ж, мілыя, здаровы!
– Ну, час вам добры, едзьце з Богам! –
Ім кажа маці за парогам,
Жадае шчасця і дабра.
Мужчыны рушылі з двара,
На воз паселі і ўздыхнулі
Ды ўлева к дубу павярнулі.
Ускінуў жвавы конік грывай,
Два разы пырхнуў выразліва –
Відаць, далёкую дарогу
Пачуў Сівак, забіў трывогу
І, шыю выгнуўшы дугою,
Пабег вясёлаю трусцою
Па гладзі мяккага дзірвана.
Алесь і Костусь з-за паркана
Глядзелі ім услед маўкліва,
І думка нейкая тужліва
На смутных тварыках блукала
І ценем вочы засцілала;
І ім здавалася, што з імі
Дзялілісь жальбамі сваімі
І дуб стары, і той будынак,
І лазнячок ускрай лагчынак,
І гэты лес, і само неба:
Чаго людцам, чаго ім трэба?
Нашто шукаць зямлі далёка?
Зайздросна ты, людское вока!
Хіба тут цесна? свету мала?
Няма работы для арала,
Ці для сярпа, або для коскі?
Ці не прыгожа ў кроплях роскі
Гарыць-ірдзіцца дрыгаценне,
Як нейкі вобраз летуцення,
Адбітак вечнае красы?
Ці не багаты тут лясы
І рознай пташкай, і звярамі,
Арэхам, ягадай, грыбамі?..

Эх вы, нявіннасць і прастэча!
Цямны вам лёсы чалавечы.

Але напэўна і мужчыны
Паважнасць гэтае хвіліны
Не менш ад хлопцаў адчувалі,
І нейкі час яны маўчалі,
І кожны ў думках сам з сабою
Размову меў часінай тою.
Ды што гадаць аб гэтых словах,
Што не адбіліся ў размовах?
Мінем дарогі, іх малюнкі,
Ім не падведзены рахункі;
Яны заўсёды свежы, новы
І мнагадумны, настраёвы,
Іх ні прайсці, ні азірнуць,
Яны сваім жыццём жывуць.
Ды ўсё ж зазначыць я тут мушу –
Міхал з Антосем сваю душу
Дарогай цешылі нямала.
Прад імі Случчына ляжала,
Старонка міла і багата.
Народ, відаць, жыў панавата,
Прынамсі, добра і заможна,
Па ўсім аб гэтым судзіць можна:
Па ветраках, такіх удумных,
І па абэржах гэтых, гумнах,
Па старасвецкіх азяродах,
Па гарбузах на агародах,
Па тытуню і па садочках,
Дзе хаты ніклі, бы ў вяночках.
А тыя ліпы ці таполі!
Такіх не бачылі ніколі:
Развіслы, тоўсты, сакавіты,
Гамоняць з небам – паглядзі ты!
За многа вёрст здалёк відаць.
– Ну, дрэвы! нечага сказаць;
Зямля, брат, сілы многа мае –
Такія вежы выганяе!
А роўнядзь, роўнядзь! як далоні! –
Міхал зазначыць ці Антоні.
– Эх, брат, зямля: ўміраць не трэба,
Не пашкадуе табе хлеба.

Ўсё прыцягала іх увагу:
Ці ўстрэнуць родную сярмягу –
І людзі простыя так ветлы,
І погляд добры іх і светлы
Так да душы і пранікае
І сэрца цешыць і ласкае;
Ці хутарочак пападзецца,
Ну, як знаёмы, усміхнецца!
Ці гэта вёска з ветракамі
І з прыдарожнымі крыжамі –
Ўсё так павабна, так адметна,
І ўсё вітала іх прыветна,
Бы тая блізкая радня.

На трэццю ранічку да дня –
Мужчыны трохі і блудзілі,
Дарога ж мерылась на мілі –
Яны прыклыгалісь да мэты,
Каб аглядзець куточак гэты.
Міхал злез з воза, кінуў вокам,
У двор шыбуе мерным крокам,
Ідзе, гасподу разглядае.
Яна не досыць маладая;
І на двары не вельмі ладна,
Ўсё нейк раскідана, няскладна,
Як бы будынкі між сабою
Жылі не ў згодзе, бралі з бою
Мясцінкі тыя, дзе стаялі,
Адна другую адпіхалі,
Або ляпіліся няўклюдна.
І каля хаты было брудна;
І нават гэта сама хата
Была залішне праставата:
Абрэз страхі йшоў коса, крыва,
І гэта стрэшка шалудзіва –
То голы плех, то кучка моху,
І ўся дзіравілась патроху,
І нават коміна шчарбата,
Ну, адным словам, – гора-хата
Сваім прыгожствам не хіліла.
Але не ў хаце сэнс і сіла.
Бо хаце можна раду даць
І на свой густ пабудаваць,
І хата стане больш вясёла,
А не такая вось стадола,
Наогул хата – справа дробна,
Абы зямля была ўпадобна.
Міхал яшчэ раз кінуў вокам,
Э, хата – глупства: лес пад бокам.
З такою думкаю ў акенца
Міхал пастукаў пужаленцам.
На гэты стук у яме-хаце
Наўперад рыпнулі палаці
І зварухнуўся край бярлогі,
А потым шлопнулі ўжо ногі;
Сам гаспадар, кудлач заспаны,
Ідзе на стук неспадзяваны
Хадою важнаю індыка.
– Ці тут жыве Фядос Хадыка? –
Міхал пытае, жджэ адказу,
Адказ даецца, ды не зразу,
Як падабае ў такім стане.
– Тут, тут! А скуль вы, мой васпане?
І хто такі сам, ягамосцю? –
Фядос пытанне ставіць госцю,
Вачэй не зводзіць з яго твару.
– Здалёк мы, пане гаспадару:
Чатыры мілі за Нясвіжам
(Міхал лічыў Нясвіж Парыжам,
Усім вядомым на ўсім свеце),
І мы вас маем на прымеце.
Даведаліся ад людзей,
Што пан Хадыка, дабрадзей,
Сваю пасаду спродаць мае.
– Так. Справа, значыцца, такая!
То пачакайце ж, калі ласка! –
І знікла ўраз яго апаска
(Не шкодзіць быць і асцярожным
Прад незнаёмым падарожным).
Хадыка зараз захадзіўся
І аканчальна абудзіўся,
Кажух накінуў ды йдзе ў сені,
І таго страху няма й цені:
Глядзіць прыветна, як на брата.
– Заходзьце ж, браціку, да хаты.
Ды вы з канём? дык заязджайце,
Вось тут пад клуняю стаўляйце,
Сюды, за гэты стог саломы! –
Гамоняць, бы даўно знаёмы,
Адны другім так моцна рады!
Няма ні хітрыкаў, ні здрады,
Ні гэтай фальшы, ні падкусы;
Ідзе гаворка без прымусы,
Хвілінак першых палі путы,
І душы насцеж разамкнуты.
– Сюды, сюды кіруйся, браце:
І месца будзе й корму хваце.
Там за аўсянымі снапамі –
Ядзяць іх мухі з камарамі –
Ляжыць і кошаніна й віка –
Не агалеў яшчэ Хадыка!

Каня адпрэглі, воз прыбралі,
На прыгуменні пастаялі;
Ніяк не скончыш той размовы,
Бо людзі свежы тут і новы,
Кранеш адно, ўсплыве другое;
Такі ж і трэба сёе-тое
Абмеркаваць як мае быць,
Аб тым аб сім пагаманіць
І з той размовы асцярожна
Што-небудзь вывудзіць і можна,
Ці слоўка, рысачка якая, –
Ўсё гэта часам памагае
Зірнуць на справу іншым вокам
І падысці да яе бокам.
І стала ясна з той размовы,
Якія цяжкія умовы –
Няхай іх людзі лепш не знаюць –
Прадаць зямельку прымушаюць.
– Пакрыўдзіў Бог мяне сынамі,
Ядзяць іх мухі з камарамі!
Няма сыноў – няма падмогі,
А сам я стаў слабы на ногі,
Бракуе сілы мне, браточкі!
Няма, мінуліся гадочкі,
Калі зямлю вярнуў Хадыка
Не горш вала таго ці быка.
Зямля ж тут, братцы, залатая:
Цаны яна сабе не мае!
Але вядома, браце мілы:
Тут рукі трэба, сілы, сілы,
А іх няма, заўважце самі,
Ядзяць іх мухі з камарамі!
І я – скажу вам па сумленню –
Больш к гандлю маю нахіленне.
Дык вось чаму я, ягамосці,
Мае вы міленькія госці,
І прадаю сваю пасаду, –
Казаў Хадыка ўсё да ладу
І так праконана, праўдзіва,
Што нашы купчыкі маўкліва
Ківалі толькі галавамі
Ды усміхаліся часамі;
Але цішком самі сабе
Напэўна мыслілі другое:
«Спяваеш добра, ды ці тое?
Вярзеш, брат, грушу на вярбе».
– Хадзем у хату, мае братцы;
Не грэх было б пасілкавацца
Хоць верашчачкаю з блінамі,
Ядзяць іх мухі з камарамі!
– А мо б наўперад, пан Хадыка,
Калі фатыга невяліка,
Нам паказаў бы сваё поле? –
Сказаў Міхал. – Што ж? Ваша воля!
А пацікуйцеся: тут блізка;
Зямля, бы ў мацеры калыска,
Навідавоку, пад рукамі,
Ядзяць іх мухі з камарамі!
Вось яна тут, уся валока,
Глядзіць на нас, як божжа вока.
Вось паплавец мой. Сена – піва!
Ядкое, брацікі, на дзіва:
Запраў, дык есці будзе поп.
А жыта! ну, не ўзнімеш сноп!
Глядзеце: ржышча – чараціны,
Не вашы мінскія націны,
Бо вашы мінскія пясочкі
Знаёмы добра мне, браточкі, –
Мясіў уласнымі нагамі,
Ядзяць іх мухі з камарамі!
Зямля раджайна, ох, раджайна!
Гарох расце тут незвычайна.
А грэчка! ну лаза лазою!
Ячмень, як лес, расце без гною...
Хто мае здольнасць, сілы, рукі
І гаспадарскія навукі,
Той азалоціцца, мужчынкі!
Прыдбае хлеба і скацінкі
І будзе жыць ён сабе панам
І складваць грошы чыстаганам.
Жывуць тут людзі багачамі –
Ядзяць іх мухі з камарамі! –
На паўвалоках і скупых,
Калі даўно сядзяць на іх!

Ідзе паперадзе Хадыка
І, не шкадуючы языка,
Пасаду хваліць «залатую»,
Як свацця дзеўчыну якую.
Антось на словы не зважае,
Бо ўласным вокам уздужае
Зямлі вартоўнасці спазнаці,
Ці яна мачыха, ці маці,
Ці не збяжыш ты з яе ўпрочкі?
Малыя шэранькія вочкі
З-пад цёмных броў сачаць, як мышкі,
Як вучні дбалыя на кніжкі,
На тыя польныя адзнакі,
На іх вартоўнасці і бракі,
Якіх не кожны прымячае
Ці не набыў таго звычаю.
Глядзіць унікліва і ўдумна,
Праверыць там, дзе справа сумна,
Зямельку ботам капарне,
У рукі возьме, азірне
І расцірае ў пальцах грудку,
Каб лепш дазнацца таго скутку.
Зямля сапраўды неблагая,
Гаспадара ж яна не мае;
Каб пахадзіць за ёю дбала,
Тады б не гэтак выглядала.
– Зямля запушчана ў васпана;
Пакрыта скураю дзірвана.
Глядзеце – пырніца якая! –
Зямлі вартоўнасць ён зніжае:
– Чартапалох буяе дзікі! –
Антось звярнуўся да Хадыкі:
– А дзе ўжо пырнік завядзецца,
Змаганне трудна з ім даецца!
Хібеюць доўга тыя гоні.
– Э, плюнь, браток мой! плюнь, Антоні!
Гадок, ну, два таго змагання –
І пырніку не будзе звання!
Кажу ж я вам, браток мой мілы:
Няўпраўка мне, бракуе сілы.
Зямля ж, ох, многа патрабуе
І догляду, і той увагі,
І, калі хочаце, павагі,
Тады вас хлебам ушануе,
І малаком, і пірагамі,
Ядзяць іх мухі з камарамі!
– Так! гэта так, – Міхал згадзіўся, –
Яшчэ той брат наш не радзіўся,
Каб на ўзві-вецер жыць багата
І ў дні будныя спраўляць свята.
Але дзе поле адзічала,
То й там, васпане, смаку мала –
Зрабі зямлю з такой аблогі!
Праз год не станеш тут на ногі! –
Браты, наколькі было можна,
Вялі падходы асцярожна,
Каб збіць цану, хоць той цаны
Яшчэ не ведалі яны.
Ды як-ніяк зямлі валока,
Міхал прыкідвае на вока
Рахункі гэтай важнай справы.
Ў яго ваччу ўставалі лавы
Жытоў, што ўласнаю рукою
Засее восенню другою
На ўласнай гэтай на зямельцы...
А ўсё відаць, як на талерцы!
На курганку лясок мяшаны –
Такі прыветны, хоць да раны
Яго вазьмі ды прылажы ты;
Далок паўз рэчку самавіты,
І гэтай рэчкі від усцешан,
Блішчыць, бы срэбра, з-пад алешын.
Там хутаркі, ды ўсё з садамі,
То як папала, то радамі
Параскідаліся па полі.
Зямлі і пашы там даволі.
А завядзеш і тут парадак,
То й сам харош ты будзеш, гладак.

Прайшлі мужчыны па граніцы
І ўсе агледзелі драбніцы
Ды сцісла бралі пад увагу,
Як многа дасць зямля пасагу,
Калі б яе купіць прыйшлося.
Міхал звярнуўся да Антося:
– Ну, як, Антось, твае пагляды
Наконта гэтае пасады? –
Міхал пытае, а ў самога
Купіць зямлю ахвоты многа,
І вочы поўны спадзявання,
Што ім тут будзе панаванне.
– Зямля, брат, важна! ох, зямля!
Як сажа, чорная ралля.
Купляй, заплюшчыўшы хоць вочы,
Ды колькі грошай ён захоча?
Ці будзе, брат, нам па кішэні?
Бо шчуплаваты нашы жмені... –
І мелі доўгую нараду,
А потым моўчкі йшлі ў пасаду.
– Заходзьце ў хату, калі ласка,
Бо ўжо гатова і папаска, –
Гасцей Хадыка сустракае
І на сняданне заклікае.
Антось да воза адвінуўся
І зараз з торбаю вярнуўся.
Міхал з Антосем вайшлі ў хату,
З двара зусім падслепавату,
З заметна зніжанаю столлю
І з павуццём па завуголлю.
Паўздоўж сцяны стаялі лавы;
І печ і сцены ўсе куравы,
Зямля няроўна, ўся на ямах,
На падваконні і на рамах
След чарвяточыны замецен,
Не, выгляд хаты непрывецен!
– Сядайце ж, людзейкі-нябогі,
Ды пасілкуйцеся з дарогі! –
Да госцяў кажа гаспадыня,
Сама Фядосіха Аксіня.
Яна абрусам стол накрыла,
Гасцей уважна папрасіла;
А на стале – скаварадзішча,
І скваркі правяць там ігрышча,
Звычай спраўляючы свінячы,
І скрозь яешню пар гарачы
Клубкамі коціцца і смыча
І нос прыемненька казыча.
Для завяршэння ладнай справы
Хадыка вынуў штось з-пад лавы.
І ставіць ён на стол... бутэльку,
Каб акрапіць сваю зямельку.
І вось, як чарка разоў пару
Прайшла ад госцяў к гаспадару,
Тады ўсе разам зашумелі
І праканаліся на дзеле,
Якія людзі яны просты,
Што ашуканства, як каросты,
Цярпець не могуць і не зносяць,
Ідуць на чыстую, і досыць!
Што з першых слоў адны ў другіх
Пачулі блізкіх і сваіх,
А як падводзілі рахункі,
То іх скраплялі пацалункі.
– Я вас люблю! – казаў Хадыка. –
І сам я – мінскі гарамыка;
Пасябраваць хачу я з вамі,
Ядзяць вас мухі з камарамі!
І толькі вам, мае браточкі,
Каб не дажыў я гэтай ночкі,
Хачу прадаць сваю пасаду,
А сам за гандаль я засяду,
Мае вы родненькія братцы, –
Хачу я сальнікам заняцца.
– Браток Фядос! – Міхал гаворыць. –
Не будзем доўга мы гуторыць:
Вось вам рука! – Фядос даў руку,
І ў тым агульным шуму-гуку
Зачаўся торг, пайшлі бажыцца
Ў жаданні шчырым падружыцца,
Каб потым, далей, пры спатканні
Не мець ніякіх нараканняў.
– Дык так: тры тысячы, Фядосе! –
Той пальцам шоргае па носе,
Мінуту мысліць, разважае.
Мінута важная, цяжкая.
І ціха-ціха стала ў хаце.
– Няхай так будзе, пане браце! –
Гукнуў Хадыка канчаткова.
Яны рукамі крэпяць слова,
Антось ім рукі разнімае.
– Няхай жа Бог нам памагае!
– Панамі будзеце, панамі,
Ядзяць вас мухі з камарамі!

Новая зямля

Якуб Колас

 

  
ДА ЗМЕСТУ


ДАЛЕЙ