|
XXX. СМЕРЦЬ МІХАЛА
Канец... Як проста гэта слова І мнагазначна, заўжды нова! Як часта мы пад крыжам мукі Ў тамленні духу ўзносім рукі І вочы, поўныя гарэння, І прагнем мігу вызвалення! Шчаслівы міг, бо палі путы! Канец – і нейкі круг замкнуты У небыццё ідзе і гіне, Каб месца іншай даць часіне; І вера ў той канец няўхільны Знішчае тлен гнілы, магільны.
Канец!.. Як многа разважання І засмучонага пытання У гэтым простым, страшным слове Пры іншым з'явішчы і ўмове, Калі астатняю мяжою Канец кладзецца між табою І тым, што дорага і міла, Што душу грэла і хіліла І сэрца моцна парывала, Як гімн у вуснах перавала, Калі змутнелаю вадою, Дзе сонца цешыцца сабою, Шуміць ён вольны і імкненны І гучна-звонны й бела-пенны! І ты, маё апавяданне, Жыцця адбітак, разважання, Нязжыты след прасцяцкай долі, Адвечны водгук праўды, волі, Ўжо бачыш дзень свайго змяркання. І сціхне ліры звон тужлівы, Бо блізак захад той маўклівы, Апошні крок твайго блукання. І смутна мне: я жыў з табою Адною думкаю, душою, Насіў цябе, як носіць маці Няясны воблік той дзіцяці. Ды ты, відаць, не ў міг шчаслівы На свет радзілася бурлівы Яшчэ далёкаю вясною За мураванаю сцяною Ў няволі жудаснай астрога, Калі над намі ноч-аблога Навісла цемраю густою І гнула цяжкаю пятою, Як неадхільная навала, Усё, што жыцце асвятляла. Ды ноч мінулася памалу Ў агульным жыцця перавалу, А там дарога, зноў дарога, Разлука з краем і трывога І паднявольнае блуканне І гэта нуднае змаганне За інтарэсы жывата, Ды зноў варожая пята...
Як часта я жывіў табою Ў разлуцы з роднаю зямлёю Гадзіну смутку, летуцення І момант радасці – натхнення! Святым агнём душа палала, І злучнасць-згоду адчувала Таемных чараў-сугалосся І чула шум тады калоссяў На родных гонях на далёкіх І песні жнеек яснавокіх. А выгляд горак крутабокіх, Лясочкаў, хвоек кучаравых, Такіх прыветных і ласкавых, Як дабрадушныя бабулі, І грэлі сэрца і гарнулі, Ў вачах стаялі, як жывыя. Дрыжалі струны гаваркія, Ў агульны тон суладдзя гралі І на нявідныя скрыжалі Трох неажыццеўленых слоў Пісалі напісы вякоў... Дык так: часіна развітання, Апошні крок твайго блукання!
З зямлёю клопат быў вялікі, Прыйшлося ездзіць да Хадыкі Ды варушыць і галавою Над гэтай справай грашавою. А грошы йшлі, плылі, як сліна, Аж высякалася чупрына І брала нейкая нудота, І адпадала ўся ахвота Зямлю купляць і нават жыць – Такая хваля набяжыць. А колькі гэтай валакіты! І ўсе на грошы прагавіты: Таму рубель, таму дваццатку, А ўсё няма ладу-парадку, Куды ні кінься і ні ткніся; Бадай яны былі звяліся І ўсе натарусы, канторы І іх пісакі-кручкатворы!
Вандруеш, бы ў той Чартавіцы; Ці дурань сам, ці ўсе дурніцы, Ці проста кпяць з цябе, дурнога, Бо ты не ведаеш нічога, А толькі грошы выцягаюць, Але на грош не памагаюць.
Прыйшлося дзядзьку весці справу І папацець-такі на славу. Бывала, вернецца з дарогі, Бяда і смех з яго, нябогі: Сярдзіты, чорны, як махнуша, І нават нос той, дуля-груша, Відаць, таксама не ў гумору І задзярэцца больш угору; Малыя шэранькія вочкі Яшчэ больш звужваюць куточкі, Глядзяць з-пад броў зусім панура, І ўся выраза яго хмура. У хаце ў першыя часіны Маўчыць, не кажа пра навіны, Зямлі не лае і не хваліць, Але канторы агнём паліць І крэпасць купчую без меры Кляне і жычыць ёй халеры Ды злосна кідае паперы На стол з кішэні і бубніць. Да дзядзькі страшна прыступіць, Але патроху і памалу Ён траціць імпаты запалу, Ў яго душы сціхаюць громы, Ён зноў такі, як нам вядомы: Лагодны, добры, клапатлівы, На ўсё спагадны і руплівы.
Праз нейкі час сямейка ў зборы. Тут маці сходзіць да каморы, Нясе збанішча тварагу, Каб скрасіць дзядзькаву тугу. Залье туды яшчэ смятаны, І дзядзьку хоць кладзі да раны! Смятана гэта з тварагом – Краса-дзяўчына з жаніхом! Хоць зараз іх вядзі да шлюбу. І вось маўклівасці той шрубу Адкруціць дзядзька з галавы, Вясёлы робіцца, жывы, І ўсе прыгоды, ўсе нягоды, І ўсе парогі-перашкоды Пачне апісваць сакавіта І пераймаць таленавіта Пісцоў, іх закіды-намеры За тыя копіі-паперы Ў тваю сярмяжную кішэню Спрытней, глыбей засунуць жменю. Ох, трэба ведаць іх, псялытак!.. Сказаць жа – гэта іх прыбытак.
Сядзіць, расказвае Антоні, Што чуў, што бачыў у Заблонні, Хадыку высмее часамі І яго «мухі з камарамі». А скончыць тым апавяданне, Што многа трэба вандравання І гэтай нуднай цяганіны, Каб дацягнуць да палавіны... Так, многа клопатаў з зямлёю! Як цяжка голаю рукою Рабіць, вясці такія справы! І больш той гутаркі і славы, І гэтай зайздрасці і плётак Дзядзькоў дасужых і іх цётак І ўсіх наогул сваякоў, Бо чалавек ужо такоў, – Ну, больш галасу, чым карысці. Ох, цяжка, цяжка ў людзі выйсці І моцна стаць на свае ногі, Бо многа ў свеце вас, парогі. І часта роздараж іх быту Над імі зляжа, як навала, І гэта даль падчас пужала, Як нейкі лёс пусты, сярдзіты. І засмуткуеш паняволі Ад гэтых думак цёмнай долі, Калі набытак і скарб хатні Ідуць на звод на той астатні. Але ці ёсць, ці ёсць парука, Што будзе сэнс мець гэта мука? Ці дасць зямля табе збавенне Ад злога панскага насення? З адным рассватаешся тут, Там у другі залазь хамут. Паны ж і розныя чынушы І там патрапяць выбіць душы І павыцягваць з цябе жылы, Бо ты без права і без сілы. – Такія думкі, разважанні, Як молат, білі ў сэрца Ганне. – Тут справа не ў сваёй сядзібе, А ў ладзе гэтым уся злыбедзь. Хмурнеў тады Міхал таксама. Няўжо ж у свет замкнёна брама? Няўжо старанне пойдзе прахам? – Пытаў Міхал сябе са страхам. Ды цяжка мары-думкі траціць – Пажыць, пажыць у сваёй хаце! – Гэ! – так казаў Міхась бывала. – Вядома, клопату нямала, Ды што без клопату даецца? – І тут ён нават засмяецца, Каб цень развеяць тае смуты: – І трэба часам крыж пакуты Панесці, мілыя мае вы, Зазнаць і гора, неспадзевы! Але раз ты наважыў дзела, Ідзі станоўка, роўна, смела, Ідзі, назад не аглядайся І на другіх не пакладайся! А вам, сынкі мае любыя, Не век сядзець на маёй шыі! Пара падумаць, небажаткі, Як жыць без бацькі і без маткі, Бо іх жыццё – не вечна ў свеце. Вось тут глуздом паварушэце! Дык трэба грунт мець пад нагамі, Каб не бадзяцца батракамі. Які ж то грунт? Зямля, навука, Але не панская прынука.
Адзін Міхал і грэў імкненне Давесці справу да сканчэння. Але няўзнакі, неўзаметкі Вязала ліха свае сеткі, Каб іх накінуць на Міхала, І нінавошта не зважала, Бы тая злосная намова: Міхал прыцяміў выпадкова Густы, чырвоны след крываўкі! «Эге, брат, дрэнныя праяўкі: Прыйшла згінота на Міхася!» – Падумаў ён у нейкім страсе, І нават сэрца ў ім апала. Што за праява напаткала? Няўжо яна, смерць, неўзірана? Не, не! аб ёй і думаць рана. Міхал жахнуўся. Нейкі смутак, Ліхіх пачуццяў цёмны скрутак Яго агортваюць істоту; Ён чуе ў свеце адзіноту, Як бы варожых лёсаў сіла У вочы глянула няміла І ўстала нейкім грозным валам Між тым жыццём і ім, Міхалам. І першы раз ён так балюча Адчуў той момант немінучы, Які ўсіх нас вартуе пільна, Бо гэта смерць – зло неадхільна. «Няўжо памру і стану трупам, Згнію ў зямлі нікчэмным струпам На целе гэтае зямлі?» І цені страшныя ляглі Яму на душу і на сэрца, І ён так ясна, бы ў люстэрцы, Убачыў смерці ўсе пячаці І ўсе адзначныя пастаці. Міхал пачуў, што ён – пылінка, А век людскі – адна хвілінка.
І перад ім самі сабою, Чуць-чуць засланыя імглою, Жыцця асобныя кускі – Малюнкі, з'явы, абразкі, Калісь прачуты, перажыты, – Ўсплылі, як сон, даўно забыты, І пачуванне адзіноты, Пустэчы цёмнае, тускноты Яго прыгнула, прыдушыла. І стала ўсё яму няміла. Адно цяпер яго прагненне – Прад кімся пасці на калені, Прасіць заступы, абароны Ад гэтай страшнае праклёны.
І ўспомніў ён адну драбніцу, Свой страх дзіцячы ў навальніцу. Жахліва ночка была тая! О, гэту ноч ён памятае! Прачнуўся – шум, бразгочуць шыбы, Гарыць паветра іх сялібы Агнём сляпячым, сіняватым. Старыя вербы каля хаты Гудуць і гнуцца ва ўсе бокі, Над долам сцелюць верх шырокі, І круціць бура ім галіны, Кудлаціць, крышыць верхавіны, Бы рве іх вострымі зубамі; А гром цяжэрнымі клубамі Зямлю, здаецца, прабівае, І стогне хатка іх старая, І ўся трасецца, бы націна. А ён, малы, як ліст асіны, Дрыжыць ад страху, жмецца, плача. – Засні, мой хлопча-небарача! Не бойся, мілы: ты – са мною! – І матка цёплаю рукою Яго за шыю абнімае, А ён да маткі прынікае; І ўжо не страшна бура тая, Бо ён захован, повен шчасця. А да каго цяпер прыпасці? Каго прасіць? каму маліцца? І як ад смерці бараніцца? А можа, гэта так, пустое? А пэўна, глупства там якое, Бо нават следу няма болю, І ўсё, нарэшце, ў божай волі! Ў ім абуджаецца надзея, Адводзіць страх той, сэрца грэе, Як сонца землю пасля буры, Бо так заложана ў натуры. Ды тое ліха было ўпарта, І строіць жартаў з ім не варта. Праз нейкі час, ужо пад зіму, Міхал у моцным быў абніму Хваробы цяжкай і паганай, Неспадзяванай, негаданай. І гора ў тым: хвароба гэта Даўно цягнулася, не з лета, І ў тым была яе і сіла, Што незаметна налучыла, І спатайка гадоў праз колькі Яе жывілі манаполькі, Пакуль яна не разнялася І не зваліла з ног Міхася. Спярша Міхал перамагаўся І той хваробе не даваўся, А потым кінуўся і ў лекі, Больш з саматужнае аптэкі: Піў зёлкі розныя і травы, Ды не палепшваў свае справы. Да дактароў ужо па часе Вазілі хворага Міхася, Вазілі ў холад і ў марозы, А ліха-боль свае занозы Глыбей у цела запускала, І ўжо з тых лекаў толку мала.
Ляжыць Міхал маўклівы, смутны, І вочы выцвілі і мутны, У глыб душы глядзяць гаротна, Глядзяць тужліва і маркотна. І горка гэта сузнаванне, Што ад жыцця ты ўжо адсечан, І нават можа быць адмецен І блізак час яго сканання. Жыццё ж ішло, як і звычайна, Крыху марудна, аднастайна, Калі трушком, калі ступою Сваёю бітаю трапою. А з гэтым жыццем нага ў ногу Як бы ў адну ўсе йшлі дарогу, І толькі ён, адсталы, хворы, Папаў у нейкія зажоры І лічыць нудныя часіны – Ён моцна выбіт з каляіны, І тым жыццём ён не жыве – Другія думкі ў галаве, Зусім другія пачуванні, Другі настрой і разважанні. І тое, што даўней, бывала, Яго так моцна захапляла, Цяпер здавалася няўзрачным І непатрэбным і нязначным; Яго цікавіць лёс уласны, Лёс пагражаючы, няясны, Зацята схованы, замкнёны, Бы кара цёмнае праклёны, Што кожны момант над табою Звісае страшнаю марою, І кожны час яна гатова, Свядома або выпадкова, Узнесці грозна булаву І апусціць на галаву І разам скончыць, адным махам, З жыццём і з цёмным гэтым страхам. Але што ёсць там, за заслонай, За гэтай сцежкаю замкнёнай? Няўжо пустэлі мрок разліты, Канец астатні, ноч нябыту? Міхалу вусцішна і жудка, І сэрца стукае ў ім пудка. Ох, страшна гэта ноч-пустэля! Яна ў пякельны мрок засцеле Яго жыццё і гэты свет; Сатрэцца, згіне яго след У тым сусветным праху-смерці, Як бы й не жыў на гэтым свеце. Ён чуе страшнае тамленне, Яго жахае зніштажэнне, Ён хоча жыць... Прэч, цені мроку! Там сэрцу цяжка, цёмна воку... І гэта там ён адпачыне?! О, не!.. І кроў у жылах стыне, І сэрца ў страсе замірае, І пот халодны выступае. Якая гэта недарэчнасць?! Хіба ён жыў?.. о, вечнасць, вечнасць! Як зразумець цябе і змерыць? І каго слухаць? каму верыць? Міхал ахоплен цёмнай хваляй, Не хоча думка йсці ўжо далей, Ён хоча сцішыць жудасць тую, Ён прагне чуць душу жывую. – Ну, што ты, маці: ты б прысела, – Да жонкі мовіць ён нясмела, А вочы просяць спачування, Жывога слова, спагадання.
І ёй таксама несалодка – Каротка, песня, ты, каротка І заціхаеш так не ў часе! Баліць ёй сэрца аб Міхасю; Яна адгадвае душою, У якім ён цяпер настроі. І цяжка ёй. Яна ўздыхае, Ідзе, сябе перамагае, І горла ціснуць ёй залозы, І волі, волі просяць слёзы. – Памру я, Ганна! – кажа ціха. – Дайшоў да дна свайго кяліха. Міхась глядзіць кудысь далёка, І нудна ёй ад тога ўзроку, Надзеі гіне рэштка тая, І большы смутак пашыбае. Міхал здзівіўся: ён не тое Хацеў сказаць, а штось другое, Ды так сказалася. Ну, што ж? – Не думай гэтак ты, нябож! Ці мала людзі так хварэлі? Хварэлі годы – не нядзелі, Такіх здарэнняў вельмі многа, Але ачуньвалі, й нічога. І ты, дасць Бог, на ногі станеш, Пяройдзе ліха, ачуняеш. Міхал глядзіць ёй пільна ў вочы, Штось расчытаць па твары хоча. Але з усмешкаю крывою Трасе адмоўна галавою – Пацеха, знаць, яму малая; І погляд дзесь ізноў блукае, Але не тут, а там, далёка; Слязою мгліцца яго вока, Ён штось яшчэ сказаць імкнецца, І цень на твар яго кладзецца.
З двара ўваходзіць дзядзька ў хату; Ідзе прамовіць слоўка брату. Антось гаворыць смела, стала, Каб падбадрыць крыху Міхала, Надзею добрую падаць І думкі смутныя прагнаць. – Як пачуваешся, Міхале? Мацуйся, браце, з мала-маля!.. А дзень які! эх, дзень харошы! Пайсці б цяпер, брат, па парошы! – Так, брат, пайду ды ці вярнуся? Якраз патраплю да Пятруся Ў Церабяжы пад крыж хваёвы, – Сказаў Міхал у тон размовы, Бы то звычайнае здарэнне, Сказаў з усмешкай засмучэння. – Ну, ўжо і пойдзеш! не, брат, дудкі. Аб тым паходзе няма й чуткі; Яшчэ паходзіш за сахою І над уласнаю зямлёю Ты папацееш, і не мала, На картах бабка так казала; Не, жыць, брат, трэба і жыць – многа! – Антось гаворыць, а ў самога На сэрцы стала штось трывожна, Бо спадзявацца ўсяго можна; За кожным ходзіць смерць-сляпіца. І дзіўна рэч: цяпер драбніца Ці проста рысачка якая Значэнне, сэнсу набывае І з гэтай смерцю сувязь мае, Ці куры ў хаце сваім дурам Падымуць часам шурум-бурум; Ці абярэцца з іх якая, Знячэўку пеўнем заспявае Для большай важнасці, вагі; Ці дзесь крумкач разок, другі У небе крумкне смутна-глуха; Ці ў юшках песню завіруха Зацягне жаласна, нудліва; Ці загугукае страхліва Злы гэты дух – сава-начніца Ў кустах альховых над крыніцай, Гугукне так, што сэрца ные; Або сабака той завые, – Ўсё гэта – дрэннае злучэнне, Праявы страшнай абвяшчэнне, І тую думку мімаволі На смерць наводзіць, як ніколі. А прыйдзе ноч. Эх, ноч-цямніца, Зацятых страхаў таямніца! Глядзіш у вокны ты варожа З свайго цямнюсенькага ложа І за вуглом стаіш тулягай, Відаць, з нядобраю развагай. Ў мярцвячых лісцях зімняй стужы Стаіўся месячык дасужы, На шыбах беліць ён палотны, Такі тужлівы і маркотны.
Міхал не спіць, а боль тупая Яму пад сэрца падступае. Няма надзей, няма жадання, Цяпер на свеце ўсё дазвання Яму няміла, нецікава, І сну няма, не лезе страва. Жыццё... ды што жыццё такое? Эх, глупства, глупства ўсё! пустое! Міхал глядзіць на блеск газніцы. У вочы ўбіліся драбніцы – Дрыгучы блеск і цені тыя І танцы-скокі іх нямыя. Яны варушацца, трасуцца, Пустымі смехамі смяюцца, То расплываюцца па столі, То зноў насунуцца паволі. Агоньчык дрыгае і скача... Бы штось чуваць, нібы хто плача, Ці то званочак пад дугою Звініць бясконцаю тугою? Там вочы нейчыя міргнулі... І мыслі раптам скаканулі У багны часаў і прастораў, Бо ім няма граніц, запораў.
Глядзіць Міхал... што за хвароба? Ён не адзін – іх дзве асобы: Адзін Міхал – нядошлы, млявы, Другі – здаровы і рухавы! Адзін ляжыць, другі вандруе, Ідзе па лесе, ў вус не дуе І не гадае ні аб чым. Дурны: не цяміць, што за ім Таксама ходзіць хтось варожы, Страшэнна здрадлівы, нягожы, У нейкім доўгім балахоне І водзіць пальцам па далоні; Кіўне смяшліва, знак паложыць, Бы штось запісвае, варожыць. Хто ён такі? чаго ён хоча? Чаго схіліўся і шамоча? І нейкай тухаллю і тленню Нясе ад чорнага адзення, І востры пах чуваць кадзіла... Ах, гэта ж смерць тут захадзіла! Ці гэта поп?.. І ўсё прапала, Няма і почуту Міхала. Куды ж ён дзеўся? Дзе ён? дзе? Эх, быць бядзе! ну, быць бядзе!.. Ах, не: унь ён! ён воўкам стаўся. Бяжыць як можа – знаць, спужаўся. Ой, ой – стрыжэнь! Ён – гоп туды! Ніяк не вылезе з вады. Капут... Міхал-воўк прападае, Пад лёдам знік, як мыш рудая, А ўсё вакол глядзіць здзіўлёна. І раптам нейкая заслона Чыёюсь страшнаю рукою, Сінь неба лучачы з зямлёю, Ўсё пасуваецца бліжэй! Міхалу робіцца цяжэй, Ў грудзях дыханне забівае, А ноч-заслона націскае, І светлы круг, прамень пустыні, Вось-вось у багне-цьме загіне.
Міхал крычыць і б'ецца ў страсе. Заслона чуць-чуць адышлася, Ён вочы цяжка размыкае – Ў руцэ рука чыясь другая, І вочы, поўныя пакуты, Да мутных воч яго прыкуты. Зняможан цяжкім ён змаганнем. З глыбокім жалем, садрыганнем Ратунку просіць у людзей, У брата, жонкі і дзяцей, Бо неба жорстка, неба глуха І не прыклоніць свайго вуха, Хоць ты прасі, хоць ты малі, Хоць грудзі рві і сэрца выні – Ты не кранеш яго цвярдыні, Яно далёка ад зямлі, Яно зацята, бо нямое, Яно маўкліва, бо пустое. – Ты пазнаеш мяне, Міхаська? – Ён уздымае вочы цяжка, Глядзіць на жонку. – Ганна... Маці... Ратунку дайце мне!.. О, браце! Ратуй мяне! ратуйце, дзеткі!.. – Сляза-палын балюча-едкі На ўпалых вочах выступае... Міхал зяхае – заціхае... – Ой, свечку, свечку: ён канае! На твары след пякельнай мукі, На грудзі палі яго рукі. Міхал яшчэ раз здрыгануўся, Зяхнуў так цяжка, ўвесь памкнуўся, Яшчэ раз вочы расчыняе, Глядзіць, бы штось прыпамінае; Ён цяжка дыша, духу мала, – І ўсё адразу ясна стала. – Антоська!.. родны мой! канаю... Перагарэў, адстаў, знікаю... Вядзі ж ты рэй, вядзі... адзін... Як лепшы брат, як родны сын. Бог не судзіў мне бачыць волі І кідаць зерні ў свае ролі... Зямля... зямля... туды, туды, брат, Будуй яе... ты дай ёй выгляд... На новы лад, каб жыць нанова... Не кідай іх... Га-а-х! – І – гатова! Ні слоў жывых, ні сэрца стуку, І халаднеючую руку Антось цалуе і рыдае І к трупу з енкам прыпадае.
У полі, полі Пры дарожачцы Пахіліўся крыж Над магілаю. Беглі сцежачкі Ў свет шырокенькі, Прывялі ж яны К той магіланцы!.. Ой вы, дарожанькі людскія, Пуцінкі вузкія, крывыя! Вы следам цьмяным снуяцеся І ўсё блукаеце, бы ў лесе, Вас горне шлях прасторнай плыні І далягляд ружова-сіні, Дзе так панадна свеціць сонца, Дзе думка тчэ свае красёнцы, Каб новы свет жыцця саткаць, Заспакаенне сэрцу даць І разагнаць яго трывогі!.. Прасторны шлях! калі ж, калі Ты закрасуеш на зямлі І злучыш нашы ўсе дарогі? |
Новая зямля
Якуб Колас |
|