Гэты сабака зваўся Крым. Такое імя далі яму таму, што ў Крыме ён нарадзіўся.
У месце Дняпры, па-старому Днепрапятроўск, адна жанчына (а чалавек яе на фронце) вырашыла перабрацца з дзецьмі з кватэры ў прыватны сэктар да бабулі, спадзяючыся, што там больш бяспечна. Сабака, напэўна, жыў там на двары. Быў ён немалады, дванаццаць год ужо меў.
Во ў той сэктар, у той самы дом, уночы 29 верасня 2022, калі ўсе спалі, прыляцела расійская (што найбольш верагодна) ракета. Загінулі адразу ўсе: бабуля Алла, маці Наталля, малыя Іван і Васіліса. І з імі маленькі сабачка Джэк.
Крым заставаўся жывы. Атрымаў кантузію, страціў зрок і слых. Людзі заўважылі, як ён енчыць на парэштках хаты. Здолелі адвесці яго да ветэрынараў. Там Крым жыў яшчэ некаторы час.
12 лістапада Крымава сэрца спынілася. І хтось стварыў карціну.
Інфармацыя з украінскіх крыніц. Шукайце гуглам “пес крым днепр” – знойдзеце шмат спасылак па-руску. Калі ведаеце украінскую, здолееце адпаведна змяніць радок пошуку.
|