* * *
Я чуў, каханая, што ты будуеш дом,
вялікі дом для ўласнага сямейства,
а твой ваюе рыфмамі са злом,
спаўзаючы паціху ў фарысэйства.
Я ведаю цяпер, што помніш ты
зьнікомую пару сустрэчаў нашых –
супольны шлях да пляцу (дзьве вярсты),
злучэньне рук і хвойны водар фашын.
Тады таксама будавалі дом:
рабочыя раствор мяшалі ў цэбры
і квэцалі ім цэглу, і нагбом
ваду пілі – жалезістае срэбра.
А мы блукалі побач. Нам было
цікава назіраць за ростам сьценаў
і думаць, як празь нейкі час жытло
завершыцца страхой і жменяй зерня,
якое гаспадар па сьвежых дошках
рассыпле, згодна звычаю дзядоў.
Ты не была маёй тады і потым,
бянтэжыла цябе, што я жанаты,
што не з табой ляплю сямейства соты,
хоць ты пайшла б са мною і за краты.
Бягуць гады (банальная раскладка):
мне трыццаць тры, ты замужам нібы,
ды кожны раз, калі занадта гладка,
мы заадно і прагнем барацьбы.
Менск, 5-я клініка
* * *
Не магу, не хачу адмовіць,
калі просяць вочы твае,
калі рукі пяшчотна ловяць,
твае рукі ловяць мае.
Сёньня твой, я сьцялю нам ложак,
выдзяляючы эндарпін;
я твой бог, твой д'ябал бяз рожак,
муж любімы твой, бацька, сын.
Я прыйшоў. Ты рабі, што трэба:
расцалуй альбо прагані,
альбо выплаві зь мяне срэбра
на сваім залатым агні.
СЭНТЫМЭНТАЛЬНАЯ СУСТРЭЧА НА ЛІНІІ АГНЮ
Я гляджу, якая ты сьветлая,
ты стаіш у промнях у сонечных,
папраўляючы кабуру пісталетную,
са знаёмымі пра штосьці гамонячы.
Я таксама апраўляю партупею, рэгаліі,
каб да цябе падыйсьці, паздароўкацца,
але
кулямётнай стужкай ты, нібы каралямі,
бліснула насустрач мне, папярэдзіўшы: не высоўвацца!
І я стаю, чакаю каханую,
боты мае юхтавыя прыемна рыпяць,
стаю, трамбую зямлю ханаанаву,
каб заўтра снарадамі цёплую араць.
І вось паклікала мяне любачка
(а жоўтыя патрончыкі з ражка пок-пок
на травачку зялёную, як фасоля на сподачак),
паклікала й сама зрабіла першы крок.
І вось ужо разам ты, я і рэгаліі,
і прэч кабуру, і партупею з плеч!
І неяк раптам нікнуць вайны рэаліі,
бо ў рукі свае белыя бярэш ты помсты меч.
Люблю я гэту зброю, дальбог, непераможную,
халоднай яе ніне назавеш,
выходзь на поле бітвы зь ёй хоць ночку кожную,
хоць заваёўвай тысячы белых веж.
Гляджу, гляджу, каханая, якая ты сьветлая,
стаіш пад поўняю, пад сонцам ці дажджом,
і ўсё табе пасуе – хоць кабура пісталетная,
хоць новы аўтамат, хоць старое ружжо.
* * *
Зайшла. Расказала пра мужа,
аптэку, праблемы дачкі,
згадала, што трэба стужак
чырвоных купіць і гаршчкі
пад кветкі (растуць яны хутка,
каму, як ня ім, расьці).
Шапнула: «Гуляе чутка,
што могуць па вас прыйсьці».
«Напэўна. І ўжо хадзілі...
Ды што ж нам стаяць вось так?
Пакуль яшчэ не пасадзілі,
давайце мы зьдзейсьнім акт.
Давайце накрыем белым
казённае кана-пэ
і нашым супольным целам
мы выкажам ворагу «фэ».
Пакуль ён стаіць за дзьвярыма,
мы будзем спружынай рыпець
і пахнуць любоўным зарынам,
і плакаць, і ксьціцца, і пець.
Вы згодны з такім праектам?»
«Я згодна, давайце зьдзяйсьняць:
я буду вашым аб'ектам,
які неабходна кахаць...»
І так мы любіліся доўга,
а ён за дзьвярыма стаяў
і кляў на чым сьвет свайго бога,
пакуль канчаткова ня зьвяў.
У дзевяць мы выйшлі з кватэры,
зірнулі на скурчаны труп
і сталі сьмяяцца бязь меры
спакусьлівым сьмехам суккуб.
ЛІТАНІЯ, АЛЬБО ЗАПРАШЭНЬНЕ ДЗЕВЫ НА БЕЛАРУСКІ ПАСАД
І стаю цяпер прад Табою, нікчэмны я, а Ты не адпрэч. Выслухай, пачуй і прыйдзі. Мужчыны нашы ўпалі духам дазваньня. Ня могуць яны больш народ бараніць свой. Ня могуць, няшчасныя, заступіць дарогу водам мора чужынскага. У пустэльні пяскоў, імкнучых з усходу, патанаюць іх корды. У плазме атрутнай, што з захаду льецца, замёрлі іх душы. Гора ім, гора мужчынам нямужным і слабым! Гора народу, які сваёй ганьбы ня бачыць! Зьлітуйся, Дзева! Прыйдзі, прывядзі сваё войска дзеваў нямужніх і жоначак мужных прыгожых. Станьце як сонцы, з абліччаў лініце на Край наш ясны промні красы і пяшчоты, і ласкі. Веру, пад гэтымі промнямі ўздымецца новае племя. Белай рукой дабраслаў Ты яго на змаганьне, але й сама не сыходзь.
Дзева Красы, Абароны і Вечнасьці нашай! Патрыярхата ўлады вяртаем Табе, бо зьнядужалі грэшна, бо запавет нашых продкаў ня спраўдзілі і адступілі. Вось я, зьнячэўлены, ніцма ўпаў прад Табою, нікчэмны між іншых нікчэмных. Карай любою карай, але дай потым шанц для рэваншу. Дзева палескіх абшараў, модлы мае за мужчынскі наш род не адпрэчвай. Мы яшчэ зможам, мы здолеем, толькі зьявіся. Мы паклікаем Цябе на Пасад Беларускі. Зь вераю ў наша паўстаньне зь нябыту. Мужчыны.
З паэмы А Л Ж Ы Р
* * * * *
4.
Мы – салдаты, таму мы мусім быць са зброяй,
здабываць зброю,
вырабляць зброю,
берагчы зброю.
Наша філязофія знаходзіцца на вастрыі клінка.
Мы любім горача халоднае лязо,
няхай па ім сьцякае кроў ахвяры,
каб вольна жыць і спраўдзiць нашы мары,
мы адназначна выбіраем зло.
Але для нас, для нас яно дабро,
злом ёсьць яно для ворагаў Айчыны.
Паставім здрадзе піку пад рабро
за герб, за сьцяг ды іншыя злачыны.
Пячыся, сука, падла, на нажы,
энэргію спазнай беларусінаў,
а служкаў ейных, навалач і псіну,
закінем у пушчанскiя лаўжы.
Мы шыхт у шыхт ідзём, і наш клінок
гатовы ўзрэзаць ворагу вантробы.
Мы не баімся арыштанцкай робы,
мы за Радзіму робiм гэты крок.
З дарогі, страх! Зашыйцеся ў нару,
гайня інтэлігентных імпатэнтаў.
Гару бяруць, сягаючы ў гару,
і тыя, хто гатоў да інцыдэнтаў.
Мы шыхт у шыхт... Устаўлены запал,
глядзець за гарызонт прыцэл і руля.
І фаўст-патрон рахуе: ці прапаў,
ці панам буду, калі схібіць куля.
І вось прыйшлі. Займаем нумары.
Яшчэ пясок не разагрэла сонца,
яшчэ раса, і сьвет такі бясконцы,
і сьпяць у пад'яленцах камары.
Хвіліна-дзьве – і «пяты» распачне,
затым «сямёрка» паласьне канкрэтна,
пасьля імпэтна шухне эРПэГэ,
і дух кладоў адчуецца ў паветры.
....................
Вось і ціха стала. Цішыня.
Наразная стыне ў хлярафіле.
Нашай стала ўрэшце вышыня,
мы яе сабой усю накрылі.
5.
Хата. Род. Гняздо. Мы птушкі, мы пакінулі наш дом: на фатэлі пыл і стужкі, недапіты ў бутлі ром, абразы старыя, цьмяныя, крыж з расьпяцьцем, сьцяг Літвы, этажэрка і парваныя школьных пропісяў лісты. Ідзе наступленьне на новыя пазіцыі. Што будзе заўтра, пакажа час. Той, хто пераможаны, пакідае амбіцыі. Новыя атакі чакаюць новых нас. Пад шквальным агнём, пластаючы зямлічку, з раніцы да вечара ў кожным лесе мы прарастаем зялёнымі лычкамі вечнай травы у бліскучай расе.
* * *
Я паганы, мне добра з поганьню:
воўк шалёны і лiс худы
мне сябры, зь імі разам гонямі
я бягу да жывой вады.
Мы на ўсход нашы морды ўскінулі,
нашы лапы ўздымаюць пыл,
мы жывём, мы яшчэ ня згінулі,
і бяжым не з апошніх сiл.
Сухажыльлі напяўшы патава,
прарываемся напрасткі,
адчуваючы кожным атамам
нашы крушні, ральлю, пяскі.
Мы расістыя, мы рассаднікі
новай волі, нам трэба шмат.
Абмiнаючы палісаднікі
мы бяжым на прастор з-за крат.
ВЯЧЭРНIЯ МРОІ З ЭЛЕМЭНТАМІ ПАГАНСТВА
Нешта ёсьць у тым, каб глядзець
у расчыненае вакно,
і халодныя рукі грэць,
і нэрвова гартаць блякнот.
Нешта ёсьць у тым, каб дастаць
зь цёплых похваў лязо нажа
і, прыкленчыўшы, цалаваць
сталь халодную, і вужа
запускаць праз парог у дом,
і даваць яму малака,
і вымольваць у неба гром,
і прысьніць, як твая рука
нож трымае і не дрыжыць,
як стабільна цячэ рака
і банальна хочацца жыць.
* * *
«Рукі назад!» – ты iдзеш на допыт.
«Рукі назад!» – ты дзяржаўны злачынца.
«Рукі назад!» – набываеш вопыт.
«Рукі назад!» – і думка, як сьпіца,
пра тое, што там красавік і суха,
дзяўчаты скінулі тоўстыя гетры,
на крушні яшчарка сушыць бруха
і пахне гудронам асфальт нагрэты.
З рукамі назад выводзяць на пляцык
трохкутнай формы – хадзі і думай
пра тое, як там дэфілююць грацыі,
як там парлямэнт фліртуе з думай.
Пра радасьць успомні, калі жанчына
цябе па-крывіцку любіла штоноч,
і вы любоў запівалі «чын-чынам»,
і сьлёзы сьветлыя беглі з воч.
А «рукі назад!» – гэта ўсё часова,
а «рукі назад!» – ня страшна, калі
табою валодае вечнае Слова
і памяць пра травеньскі пах ральлі.
21.04.96, 9-я камэра СИЗО КГБ
СУСТРЭЧА
з афіцэрам Смаргонскага пагранатраду
– Дзень добры, палкоўнік! Я Славамір.
Будзем знаёмыя? – Будзем.
Трашчыць і рвецца ад гукаў эфір,
і рвуцца ад кашлю грудзі.
– Палкоўнiк, прыступім. Вось карта і плян.
Далей мы цярпець ня можам...
– Я ведаю, гэты паршывы клан
мы зьнішчым і пераможам.
– Выдатна, палкоўнік! Вы, бачу, наш,
сапраўднай касьці беларускай.
Вы будзеце нішчыць здраднікаў аж
нават на глебе рускай.
– Я буду, аднак жа, дзе нашы арлы?
Час «ч» мы павінны прызначыць.
Мы выступім ціха на самай зары,
пакуль вораг сьпіць на дачах.
Мы жаль і спагаду адкінем прэч.
За нашых жанчын і дзетак
мы будзем галовы варожыя з плеч
здымаць, як жытцо з палетак.
Атрады зьнішчальныя ўжо ў лясах,
чакаюць толькі загаду.
Што ж, кожнаму здрадніку свой пасаг.
Гатова ўсё да нападу.
– Палкоўнік, трымайце, вось вам рука,
рука не салдата – паэта.
І вып'ем давайце за колер кукард,
за бела-чырвоны. За гэта!
09.05.96, 9-я камэра СИЗО КГБ
* * *
Кавалак чорнага хлеба,
нашага хлеба з нашага жыта
давай пераломім на дзьве палавіны –
табе і мне – і абмочым у мёд,
яшчэ не загуслы, яшчэ з пахам
воску і нашых прастораў.
Давай падсілкуемся, дружа,
насыцім давай нашы целы
высокай энэргіяй пушчы
і гарызанталямі поля.
Пасьля столькіх дзён паміраньня
пахнуць дажджом навальнічным
рамонкі і мята ў букеце,
які нам прынесла інкогніта
жанчына з газэты «Имя».
23.06.96, шпіталь КГБ
* * *
Няма куды бегчы, таварыш,
закрыты і захад, і ўсход,
падпісаны ордэр на арышт,
пастаўлены штамп: «У расход».
Настроены вораг рашуча,
ды толькі і ты не слабак,
і ўголас ты сьмела і гучна
гаворыш пра ўсё, што ня так.
Але ўжо і словаў замала,
і, значыць, настала пара
выходзіць насустрач вандалам
пад сьпеў партызанскіх гармат.
29.07.1996
* * *
Жыць хочацца, бадай што, як ніколі,
тым больш любіць, тым больш, калі вясна,
тым больш, калі ў цябе дачка на волі,
тым больш, калі яе ў цябе няма...
1996
ЧЫСТАЕ
Яно жыве на паверхні,
на плоскасьцях каардынат,
на ніжняй вусьне, на верхняй,
пад сэрцам у нашых дзяўчат.
Іскрыцца яно ў зялёным
і ў жоўтым на сонцы блішчыць,
зрываецца кропляй з клёнаў,
у душах зьлёгку шчыміць.
Яно жыве ў пацалунках
крывіцкіх жанчын і мужоў,
у сьветлых дзіцячых малюнках
і там, дзе сьляды вужоў.
Жыве яно ў самым-самым,
на вейках нашых дрыжыць,
сьвіціцца ў квадраце рамы
і на сталёвым нажы.
Яно жыве на сьвітаньні,
і днём, і калі паўзмрок,
і там, дзе нашы спатканьні,
і скрозь, дзе чуваць наш крок.
19.05.96, 9-я камэра СИЗО КГБ