1. СТРЭЧА
На крыжавых пуцінах з ёй сустрэўся –
Куды ісці, не ведала яна,
І я не ведаў – ў полі я ці ў лесе,
І мне ляжала сцежка не адна.
Як путнікі, заблуканыя ўночы,
Стаялі мы пад труднай ношкай дум;
Адно другому пазіралі ў вочы
І слухам клікалі найменшы шум.
Стаялі мы. Нявіданыя дзівы
Нас абымалі крыллямі сваймі,
Шапталі мне: вазьмі яе, шчаслівы!
Шапталі ёй: сабе яго вазьмі!
І рукі злучывалі нам навекі,
Багаслаўленне далі нам сваё
Ісці у свет праз горы, долы, рэкі,
Ісці супольна праз усё жыццё.
Вясельны гімн, як плачкі, нам запелі
І заракалі крыллямі зарок –
Над ёй, заручанай, у шлюбнай белі,
І нада мной, ахутаным у мрок.
А каб вас злыя не змаглі заломы!
А каб не зналі душы вашы ран!
А каб вас не кранулі буры, громы!
А каб к сабе не звабіў вас курган!
Такія клалі дзівы нам зарокі
Мядовых асалод, квятчаных крас
І расплыліся, як сон ветру лёгкі,
Нас кінуўшы ў благі ці ў добры час.
І мы пайшлі, як тыя цені-мары,
Няспынна ад расы і да расы;
Запаланелі нам бліскучыя пажары,
Закуранелі чорныя лясы.
2. У ХАЦЕ
У хаце ўжо маёй будзь гаспадыняй, –
Няма ў мяне нікога, проч цябе;
Сядзь на пачэсны кут, мая багіня,
І будзем думы думаць аб сабе.
Палац мой, бачыш, хоць і не багаты,
Але я сам яго узбудаваў,
Сам сцены вывеў, клаў на кроквы латы
І сам пад стрых саломай пакрываў.
Не выбіты атласам сцены, лавы,
Падлога не заслана дываном
Турэцкім, што сваей красой іскравай
Гарыць, зіяе, як той жар, агнём.
Над печкай, што стаіць каля парога,
Не працавалі мудры разьбяры,
Сам з гліны збіў яе й з пяску сырога
Ды вапнай пабяліў разы са тры.
Вось ложак, зроблены маёй рукою,
3 смалістай сосны дошкі выслаў ў ім;
Пасцель пуховую пасцелем мы з табою,
Каб мякка спаць было нам абаім.
У ночнай цішы, ў любым упаенні,
У патаенні ад жыцця, людзей,
Агонь душу і сэрца распрамене,
Агонь гарачых, злучаных грудзей.
І мнагацветныя акружаць нас вясёлкі,
Маланкі залатыя замігцяць,
А думкі нашы, верныя саколкі,
Да неба з добрай весткай паляцяць.
Так мілаванне к шчасцю след адчыне,
А мілаванне – над царамі цар, –
І будзеш век маей ты гаспадыняй,
А я твой вечна буду гаспадар.
3. ПРАТАЛІНЫ
Ўжо на зямлю ляглі праталіны,
Снягоў спаўзае зімавая бель,
Узгоркі свецяць – як апалены,
Вада ў лагчынах жаліцца, як чмель.
Дзе-нідзе глянула нясмелая
Пралеска вочкамі на божы двор, –
Людскіх слез кветка сіня-белая
Шукае сонца днём, а ночкай – зор.
Крылатыя стварэнні з выраю
Па Млечнаму пуці плывуць, як шнур,
ўтворачы малітву шчырую,
Сваіх шукаюць кінутых пячур.
Спагаднае святло нябеснае
На колькі вёрст звялічыла свой шлях,
Па нівах промені пачэсныя,
Як лён той, сцелюцца ў жывых агнях.
І ў хатку заглядаюць промені, –
Дармо што нізкія аконцы ў ёй, –
Гуляюць радасна па коміне
Бліскучай і вясёлаю сям'ёй.
Па ложку, па пасцелі ласяцца,
Цалуючы яе і мой гарачы твар,
Як тыя ветрыкі на пасецы,
Гуляючы ў пякучы летні сквар.
Устань, галубачка бяскрылая,
Заспаны зоры-вочанькі пратры,
Збяромся з думкамі і з сілаю
Жыцця парадак валачы стары!
Праталіна лягла на гонейках,
Збудзілася пралесачка ад сна...
Устань, устань, маё ты сонейка!
Залатаструнна йграе ўжо вясна.
4. ЗА КРОСНАМІ
За кросны ненагляднай сесці трэ было
Ядваб-кужэль сівенькі ткаць,
Але да гэтага прыладаў не было,–
Прылады стаў я майстраваць.
3 бярозы вычасаў ставы ёй новыя,
Набіліцы кляновыя зрабіў.
і панажы выстругаваў кляновыя.
Навой, як трэба, зарубіў.
Узяўшы дзічку-яблыню крамнястую,
Стругаў чаўнок гладзей ад шкла.
Купіў на рынку берда густа-частае.
Ніты сама яна спляла.
Садзіцца маё сэрца-ткаля ў кросенькі,
Набіліцамі громка б'е,
Кладуцца ўтоку гусценька палосанькі,
Сучу я цэўкі для яе.
Так шчыра з ёю ўзяліся дарэчы мы;
Яна ўсё тчэ, а я сучу
І ўкрадкаю любуюсь яе плечамі,
За белымі грудзьмі сачу.
Тчы, мая ткаля! Кроў твая ўзыгралася;
Маланкай гойсае чаўнок.
О, каб хаця аснова ўжо не рвалася!
Каб моцны й спорны быў уток!
Няхай ад берда часта ўток калоціцца,
Кладзе шырокі гладкі сцяг,
А доўгі – як рака, што ў мора коціцца,
Як між прысад гасцінец-шлях.
Каб сцежка, коцячыся, палатняная,
Дзе парастае дзівасіл,
Дайшла ў старонку знаную-нязнаную,
Туды, да бацькаўскіх магіл.
5. ВЫГАН У ПОЛЕ ЖЫВЁЛЫ
Спаўзлі з загонаў зімнія снягі
І ў мора паплылі ракой-вадзіцай,
Запелі жаўранкі. І чорныя лугі
Ўсміхацца сталі першаю травіцай.
У поле статак выганяць пара.
Кароўку маем мы – завецца Аўтарыняй,
Багацце кожнага гаспадара,
Скарб і пацеха кожнай гаспадыні.
"Мая" не выгнала яе за край
Платоў, на пашу, дзе яна хадзіла,
Пакуль таго, што вучыць абычай,
Над ёй сваёй рукою не ўчыніла.
Свянцоным хлебам, соллю і вадой
Абнесла навакол яе тры разы,
Паставіла да сонца галавой
І загавор чыніла ад заразы.
Ў крыніцы тры разы кусочак шкла
Скупала і, перад вачмі кароўкі
Трымаючы, шаптала, як змала,
Такія мудры заклінання слоўкі:
"Ты, ясна сонца, месяц, ясен свет,
І вы, на небе часценькія зоры,
Вы ўсе, што кропіце расою цвет
І асвятляеце сушу і моры,–
Зямлю агрэйце, вырасцце траву,
Не пашкадуйце есць і піць жывінам,
Шаўковую сцяліце мураву,
Абгарадзіце жалязяным тынам.
Вартуйце, сцеражыце ад цара
Ляснога, палявога, вадзянога,
Ад царанят яго, ад упыра
І ад людскога вока нелюдскога!"
6. АГЛЯД ПОЛЯ
Вялікі свет! Не згледзець тых абшараў,
Што прадзеды пакінулі і нам:
Дзе лес, дзе лозы, дзе ляжаць папары,
Дзе рунь абходзіць ўжо на хлеб людзям.
Сягоння, мілая, быць хочу я з табою, –
Дык ручку на плячо мне палажы,
Я стан твой атулю рукою
І ў поле пойдзем, пойдзем пад крыжы.
Як дзеці, пазабытыя тым светам,
Свае налеткі будзем аглядаць
і, пад загонам седзячы сагрэтым,
Пачнем аб жніве будучым гадаць.
Багата мы з табою маем гоняў,
Ў пару абсеяць, зжаці толькі б іх
Ды ў добры час злажыць у застаронне
Сям'ю снапкоў паспелых, залатых.
Так станам песцячысь яе прыгожым,
Ідзем, ідзем з загона на загон,
Дзе перш араць, дзе сеяць перш – варожым –
3 надзеяй дачакаць нядзельных дзен.
Абняўшыся, пад крыжам адным селі,
3 бакоў стаяў другі і трэці крыж,
3 крыжамі мы, як здані, ў свет глядзелі,
І душы нашы ўзносіліся ўзвыш.
Мы блаславілі неба воблік сіні, Што нашы думкі ўзносіў да сябе,
І ў думках кланяліся той часіне, Што нас злучала ў шчасці і ў жальбе.
Жыццё, зямлю і сонца блаславілі, Старыя грушы, вербы на мяжы,
А пракліналі толькі скону хвілі І тыя вечныя па нас крыжы.
7. РАДАЎНІЦА
На радаўніцу мы на могілкі пайшлі, Свянцонага з сабой астаткі ўзяўшы,
Як гэта з давен-даўна на нашай зямлі Дзяды і прадзеды рабілі нашы.
Маніліся нябожчыкаў адведаць мы. На могілкі народу шмат сышлося,
І людзі сноўдаліся між крыжоў, як цьмы, Хістаючысь, як ветрам гнутае калоссе.
На плітах каменных парос зялёны мох, Бярозы, хвойкі плакалі над імі,
А пасярод капліца жудка, як астрог. На свет глядзела вокнамі сляпымі.
Ля насыпу мы з мілай селі ў старане, &ndsh; Пад насыпам тым спала яе матка, –
І прашаптала мілая, схіліўшыся ка мне: "Адзін, адзін цяпер ты ў мяне, братка!"
Як боб, буйныя слёзанькі з яе вачэй Пасыпаліся на магілку градам,
Здалося мне – заплакала і неба з ей Над гэтым здушаным зямлёю садам.
Штось сэрца сціснула, зірнула ў дно, І паплыла сляза ўслед за слязою,
А думаў, што ўжо ўсе іх выліў я даўно, Што ў свет гляджу ўжо зрэнкаю сухою.
У магілках дрэмле бацька мой і два браты, Сясцёр малых зямелька абымае.
А я жыву на свеце доляй сіраты, Мяне зямля за нейкі грэх трымае.
Пусціўшы гэтак сумным думам павады, Бязмежны жаль паплыў ў душу крыніцай.
І я таксама, як яна тады, шаптаў: "Адна на свеце ты ў мяне, сястрыца!"
8. ВОРКА
Саха мая зусім ужо гатова,– Зрабіў к ёй новенькую плаху.
Нарогі павывострываў нанова, Даў на паліцу тоўсту бляху.
Вось толькі коніка ў яе упрэгчы. Махнуці пугаю нягрозна.
У загоне на рагач крывы налегчы. – Барозна пойдзе за барознай.
Сняданне з'елі з ёю удваечку. Каб сыта – трудна пахваліцца
Хлеб падзялілі разам па кусочку, Сцюдзёнай запілі вадзіцай.
Пайшоў з сахой, пусціў нарогі ў гоні. Нагамі толькі конік мой цярэбе,
І сцелецца загончык пры загоне, Аж сонца цешыцца на небе.
Вам, людзі, што сваёй рукою белай Зямлі не кратаеце сэрца,
Не дагадацца цераз век свой цэлы, Як сэрца чалавека б'ецца.
Таго, які ўвосень ці вясною Зямлі сахой чапае грудзі
Або зярно хавае бараною, Каб вырасла для вас жа, людзі.
У важны час заворкаў ці засеўкаў Імша абходзіцца святая,
Душа сяўца лунаецца, як дрэўка, Якому вецер ліст зрывае.
Арыце, сейце, людзі, хто што можа, Старым ці новым абычаем!
А вашу працу доля упрыгожа Шчаслівым, буйным ураджаем.
9. БЕЛІЦЬ ПАЛАТНО
Чачоткавы зрабіў ёй пранік ёмкі, 3 аздобамі і ручкай гладкай,
І палатно панёс з ёй да пагонкі, Дзе сажалка была і кладка.
Усю трубу укінулі ў вадзіцу; Яна, свой скінуўшы каптанік,
Кашулю падкасаўшы і спадніцу, Ўзышла на кладку, ўзяўшы пранік.
І пярыць стала мокра палаценца, Складаючы на кладцы ў складкі,
На ножкі пырснула і на каленцы Вадзіца, як раса на градкі.
Распырсківаліся, як іскры, пырскі, Мігцелі ўсюды мнагацветна.
На гладзі воднай рысавалі крыскі І ніклі ў гладзі непрыметна.
Бліскучыя агністыя праменні, Купаючыся ў сажалчыным версе,
К маёй галубцы ў медным уміленні Туліліся і грэлі персі.
Так палаценца мілая бяліла Вадзіцай, пранікам на кладцы,
Пасля сабе на плечы узваліла І слаць нясла на сенажатцы.
Нясла. Вада па ёй цурком сцякала. І на аселіцы ля плота
Тканіну мыту распускала. Цяперка сонца ўжо работа!
Бяліся, наша палатно, бяліся, Як дзень, як месяц бледны, бела,
Як бела малако ў глінянай місе, Як та саломінка паспела!
10. СЯЎБА
Ралля падсохла, мяккай стала воўнай, Ўжо час узяцца за сявалку,
Ў зямлю зярнят насыпаць жменяй поўнай, Як ад бацькоў наўчыўся змалку.
Ад той, што ад зімы засталась, часткі, Штось кінуўшы на час нязбыты,
Адмералі мы з ёй са дзве шаснасткі У мех, рукой яе пашыты.
І выйшаў сеяць я. Яна стаяла Непадалёк мяне, на ўзмежку;
У высях сонца золатам зіяла, Ўнізу плыў вецер сваёй сцежкай.
Пасыпаліся дробныя зярняты Ў раллю, як пацеркі янтарны,
На наш загон, сахою узараны, На мой шнурок – палетак ярны.
Яна, як ніцая бярозка тая, Стаяла, за сяўбой слядзіла,
І як бы багародзіца святая – Здавалася мне – блаславіла.
Лажыцеся ў раллю, зярняткі, спаткі, Накрыйцеся пасцілкай-скібкай,
Пасля збудзіцесь, выгляньце з краваткі, Як воўна – густа, як дзень – шыбка!
Расціце высака, расціце буйна, Як гэта пушча за дарогай!
Маліцеся да бела бога чуйна І чорнага не гнеўце бога!
Каб не паспалівалі вас спякоты, Дажджы каб вас не пазмывалі,
Каб не пабілі грады і грымоты, Каб вам заломаў не ламалі!
11. ПОЛІЦЬ АГАРОДНІНУ
Я выган плотам гарадзіў, яна палола грады: Благое зелле вырывала, кідала у пасцілку,
Дзе каліў не было, – дасаджывала там расады, Там прарывала, дзе ўзышло загуста праз памылку.
Чырыкалі над ёю верабейкі на чарэсні, Нязгледна час ад часу вецер пралятаў крылаты.
І адазвалася мая палея сумнай песняй, Такой, якую ў нас пяюць вясеннім днём дзяўчаты.
ВЯСНЯНКА
Ой, брала вясна у сонца ключы, Адчыняла сырую зямельку, Пускала на свет траву-мураву, Адзявала у лісце бярозы.
Дзе толькі ні йшла яна, – з прыпала Густа сеяла, сеяла кветкі, На край свету гнала рэчкі яна, Птушкам волю і голас давала.
Ой, выйду я, выйду на сенажаць, Буду віць, завіваць вяночак, Пяяць з салавейкам буду у тахт, Сэрцу песняй вясну выклікаці.
Прыйдзі ты ка мне, сагрэй ты мяне, Абымі ты мяне, як друг мілы, Пасей на душы мне долейкі мак, А на сэрцы – пшанічку кахання!
Каб доля, як мак цвіце, зацвіла, Каб каханне расло, як пшанічка, Каб мілы мяне мой верна любіў І галубіў ў святліцы, як шчасце.
Звінела песня і злівалась з музыкаю птушак, Бярозавыя на гасцінцы плакалі прысады,
Заводзіў вецер, б'ючысь аб асінавы асушак
Я выган плотам гарадзіў, яна палола грады.
12. ЯБЛЫНІ ЦВІТУЦЬ
Яблыні цвітуць, так хораша цвітуць, Як белым высыпаны пухам,
Пчолкі на цвяткі па мёд сабе лятуць, 3 вулля ў вулей нясуцца духам.
Селі з ёю мы пад яблыню ўдваіх На траўцы святачнай нядзеляй:
Сонца разлілося ў променях сваіх, Лісткі на яблынях зардзелі.
Вецер плыў лісткамі, песціў, калыхаў, Галінкамі трос, як крапілам.
Птушак жвавых шчэбет хвілі не сціхаў, Кружыўся з белым кветак пылам.
Раем на зямлі выглядываў нам сад, Я ў ім – Адам, яна ў ім – Ева;
У раі гэтым вецер быў нам бог і сват, Вяцьвямі шлюб давала дрэва.
Птушкі ў мільён струн вяселле гралі нам, Пасажнай маткай была пчолка,
Сонца несла ўцехі думкам і грудзям, Пасцелю слала нам вяселка.
Капаў нам на вочы яблыневы цвет, На нас валіўся, як снег белы,
Мыслі нашы беглі сіняй далі ўслед І свет сабой тулілі цэлы.
Мілая! О, колькі радасці даеш Майму ты сэрцу маладому!
Нават ты сама таго не спазнаеш, Які ты скарб у маім дому!
Мілая, сагрэй мяне сваймі грудзьмі! К маім грудзям прыліпні шчыра;
Богамі хай станем мы паміж людзьмі, Нябеснага князямі міру!
13. НА СЕНАЖАЦІ
Выйшлі з ёй, дзе сенажатная краса Зіхцела, як вясёлкі мнагацветны ўзор,
Вострая яшчэ дзе не забразгала каса, Дзе ў кветках луг ірдзеў, як неба ўноч ад зор.
Выйшлі, як душы дзве злучаны навек Выходзяць, кінуўшы магільную жарству,
Светы аглядаць, якія ўзводзіць чалавек... Прыйшлі мы й дзівімся такому хараству!
Краскамі ўсміхаецца ўся сенажаць, Гараць урочнікі, румянкі і званкі,
Жоўтыя званцы зялёны луг жаўцяць, На кветку з кветкі шыбка скачуць матылькі.
Рэчка бурбаліць па каменнях між вольх, Вадзіца бліскатна лялее ў бегацьбе,
Сціха штосьці шэпча, шалясціць трыснёг, А сонца сочыць у вадзе само сябе.
Кветкі з ёю рвем, вянок сабе пляце – Карону ясна-цвет з нявысненай красы;
Хораша, да твару йдзе ен сіраце, А з-пад вянка плывуць па плечах валасы.
Шчасна так, абняўшыся, ў траве плывём, Купаюцца у кветках ногі да калень,
Шчокі, грудзі нам гараць, гараць агнём, Іскрацца вочы, цела просіцца пад цень.
Сонца штораз больш у жылах кроў агніць, Калені штораз больш ласкоча нам трава,
Блогасна аб сэрцы сэрца ў жары сніць, Жаданнем забыцця п'янее галава.
Ногі падкасіліся і мне, і ей, Зліліся вусны з вуснамі самі сабой,
Полымем прыпалі грудзі да грудзей, Змяшаліся мы з сонцам, з кветкамі, з травой.
14. КРАСА СВЕТУ
Вясна, вясна! О, колькі ў табе шчасця! О, колькі радасці прыносіш ты з сабой!
Умееш ты ў душы агонь раскласці І грудзі распаліць агністай барацьбой.
Святлом свет цэлы заліла гарачым, Раскінула з зяленасці жывы шацёр,
На ўсім зямлі абшары доўгаспячым На сваіх кроснах выткала чароўны ўзор.
О, цешся з гэтага сама, вясна ты! Ужо славу блаславяць цяпер усе тваю –
Зямля і неба, і вецер крылаты, І я красе тваёй сваю дань аддаю.
Гэй, ажыло зямлі старое папялішча! Зайгралі рэчкі, плечы выраўнаваў бор,
Спраўляе птушак жвавы рой ігрышча І падлятае з радасцю чуць не да зор.
І думка ўвысь ляціць на вольных крыллях, Як бы самому богу мела расказаць
Аб тых нягаданага свята хвілях, Якім вясна яе умела счараваць.
Ляці, імчыся, думка, вышай, далей, Як вокам стрэліць можна у блакітну даль!
Схапі стуль песню з перуновай сталі І прынясі мне волю сільную, як сталь!
Я песняй мілую сваю праслаўлю Паміж народамі сваіх, чужых зямель,
Каб не загінула, як кветка, у бяспраўю, – Жыла й тады, як ляжа ў вечную пасцель.
А воля мне жалезная патрэбна За крыўды маей мілай помстай заплаціць,
Што гаравала так яна бясхлебна, Што ланцугамі мусіла шмат лет званіць.
|