| Дзея адбываеццца ў ваколіцы Мінска, у вёсцы Ш… Сялянскі падворак. Злева хата, хлеў, сабачая будка.Справа новы, па-мастацку выфарбаваны плот з весніцамі — адна ляска зялёная, другая чырвоная,
 трэцяя зноў зялёная і гэтак далей, — за якім прабягае шаша. Гарачы чэрвеньскі дзень.
 
 Зоя таўчэ ў дзежцы свінням бульбу і напявае: Тонкая сасёнка ў лесе зашумела,Маладая дзяўчыначка замуж захацела.
 Ці ты, дзяўчыначка, век хлеба не ела,
 Што ты, маладзенька, замуж захацела?
 Лепей стань, падумай, каб не ашукацца.
 Будзе табе горай, як у роднай маці.
 Сядзеш над калыскай, будзеш калыхаці:
 «Люлі, люлі, мой сыночак», песенькі спяваці.
 З боку шашы чуваць покліч:  «Зойка! Зойка!» Зоя: Хіба нешта здарылася (глядзіць, прыклаўшы да вачэй далонь брылём). На падворак забягае Люда. Яна басанож, у паркалёвай сукенцы. З будкі высоўваецца Рыжык. Рыжык: Гаў, гаў, гаў! Зоя (на Рыжыка): Сціхні! (Рыжык хаваецца) (да Люды) Што, што такое?! Люда (пляснуўшы рукамі): Бачыла! Зоя: Што бачыла? Люда: Не што, а каго. Зоя: Ну дык каго? Люда (цягне палец угору): Яго самога. Зоя: Каго яго самога — Бога? Люда: Не, якога Бога, прэзідэнта. Зоя: Ідзі ты! Люда: Во крыж (жагнаецца), што праўда. Зоя: Як жа табе гэта ўдалося? Люда (разводзіць у бакі рукі): І сама не ведаю. Проста цуд нейкі. Зоя: Цуд цудам, але нештачкі ж адбылося, не сам жа ён да цябе прыцёгся? Люда: Ведама, чаго ён да мяне пацягнецца? Зоя: То кажы, не цягні ката за хвост. Люда: Зараз, дай ачомацца… Гэта ж я агарод палола, ну і нешта гэдак мяне знячэўку змарыла… Зоя: Дзіва што, гарачыня такая. Люда: Вось я пад яблыняй прылегла на траўку і задрамала. Зоя: І што? Люда: Як вочы расплюшчыла, гляжу праз ляскі: машыны лятуць. І тут быццам чорт у мяне ногіпазычыў — падхапіў і гэльц праз плот.
 Зоя: Ну, ну? Люда: Тут я яго і ўбачыла. Зоя: У машыне? Люда: Анягож, у чорнай такой, вялізнай, адразу за міліцэйскай ішла. Зоя: І які ён? Люда: Рыхтык як у тэлевізары. Зоя: А?.. Люда: Чакай, чакай, бо гэта яшчэ не ўсё. Зоя: Няўжо спыніўся? Люда: Не, рукой памахаў. Вось так (махае рукой). Зоя: А ты? Люда: А я ў адказ, вось гэтак (зноў махае). Зоя: Эх, пашчасціла табе, Людка. Люда: І не кажы. Зоя: Як нікому. Люда: Ага, будзе на старасці што ўспомніць. Але, думаю, каб не пайшла я палоць агарод і непрылегла б на траўцы пад яблыняй, дык не пабачыць мне гэтага шчасця, як сваіх вушэй. І вось
 яшчэ што цікава: сон я ўчора бачыла, нават Сяргею раніцай перагаворвала. Быццам падняла я
 квахтуху, месяц ужо як сядзіць…
 Зоя: У сне? Люда: Што ў сне? Зоя: Квахтуха сядзіць? Люда: Не, квахтуха насамрэч сядзіць, а ў сне падняла, каб падзівіцца, ці не пачалі куранятывылупляцца, а пад ёй не яйкі, а…
 Зоя: Што, што? Люда: Грошы. Зоя: Ну?! Люда: Буду я выдумляць. Да весніц падыходзіць Сяргей. Рыжык (высунуўшы з будкі галаву): Гаў, гаў, гаў! Зоя (пагразіўшы Рыжыку кулаком): Я табе! Рыжык хаваецца. Сяргей (да Люды): Вось ты дзе! Агарод прапалола? Люда: Адчапіся са сваім агародам. Сяргей: Што?! Ідрыт тваю ў каршэнь! Ты, баба, з глузду з’ехала ці блёкату аб’елася? Люда: Нікуды я не з’язджала і не нічога не ела. Сяргей: Значыцца, шарыкі за ролікі закаціліся. Люда: І нічога ў мяне не закочвалася. Зоя: Яна прэзідэнта бачыла. Сяргей: Якога прэзідэнта? Люда: Нашага, якога ж яшчэ. Сяргей: Ну і што, я яго штодня бачу — як тэлевізар уключу, так ён і там. Люда: А я ўжывую, вось як цябе. Сяргей: Як мяне? Не веру. Люда: Каб праваліцца мне на гэтым месцы, калі маню. Зоя: Яна заснула пад яблыняй і, калі ён праязжаў, цераз плот пераскочыла. Сяргей: Ну, што заснула пад яблыняй, я паверу адразу і безумоўна, а вось што цераз плотпераскочыла, моцна сумняваюся.
 Зоя: Яе чорт перакінуў. Сяргей: Гэта іншая справа. З гэтага трэба было і пачынаць. (да Люды) Але глядзі, баба, каб непадвёў цябе гэты чорт пад абух.
 Люда: З якой гэта такой ласкі? Сяргей: Ну як, хіба не хадзілі міліцыянты па хатах, не казалі, каб не вытыркаліся? Калі сам (падымаепалец угору) праязжае? Вось, Зоя хай скажа.
 Зоя: Было, было: і хадзілі, і казалі. Сяргей: І хіба не папярэджвалі пра наступствы? Жонка, га, жонка, чаго маўчыш? Люда: Па-па-папярэджвалі. Сяргей: Дык што ж ты, дурніца, лезеш ваўку ў зубы? Люда: Я, я… Сяргей: Што ты, ты? Вунь, глядзі, Рыжык (паказвае пальцам на будку). Загадала гаспадыня невысоўвацца — ён і не высоўваецца, бо з розумам у галаве, хоць і сабака. А дзе твой розум быў,
 калі цераз плот сігала?
 Люда: Не ведаю. Сяргей: А хто ведае? Зоя: Чорт. Гэта ж ён яе папутаў. Факт. Сяргей: Сапраўды. Няма чым крыць. Люда: Ён нават мне памахаў. Сяргей: Хто, чорт? Люда: Які чорт? Прэзідэнт. Вось так (махае рукой). Сяргей: Ідрыт тваю макаўку! Люда: А я яму вось гэдак (зноў махае). Сяргей: Усё, баба, капец табе, у Сібір паедзеш, на тры гады, не меней. А там тры гады як у настрыццаць. Увогуле вернешся, хаця гэта наўрад, бо адтуль мала хто варочаецца, старэнькай. І май
 на ўвазе: я не дзекабрыст, за табой не паеду. (глядзіць на Зою) Вось, Зою вазьму і жыцьмем разам.
 Зоя, ты як, пойдзеш за мяне?
 Зоя (збянтэжана): Я? Сяргей: А што тут за дзіва? Ты ўдава, я без трох хвілін удавец. Чаму нам не сысціся?(Да Люды) А ты ў Сібір.
 Люда (згодна ківае галавой): Ага. Сяргей (да Зоі): Падзівіся на яе — думае кпім. Люда: А то не! Сяргей: Што ж, як кажа аграном: сцяг табе ў рукі. (глядзіць у бок шашы) Вунь баба Вера клыпае.Нешта ж яна пра Сібір павінна памятаць, не дазвання ж здзяцінела.
 Зоя: Яна яшчэ за цябе разумнейшая. Сяргей: Пагатоў (крычыць і махае рукой). Баба Вера! Баба Вера! Ідзіце сюды. Падыходзіць баба Вера, маленькая і высахлая на смарчок старая, у платку і шарсцяной сукенцыда пят, з кіёчкам, і спыняецца ля весніцаў.
 Рыжык высоўвае з будкі морду, каб гаўкнуць, але Зоя паказвае яму кулак, і ён хаваецца. Сяргей: Добрага, баба Вера, здароўя! Баба Вера: От, якое там у мяне здароўе, каб табе такога здароўя. Зоя: А што такое? Баба Вера: Ды баліць усё, дзеткі, рады нямашака. Сяргей: А што, што менавіта баліць? Баба Вера: Я і кажу: усё, ці ты аглух? Сяргей: Не, не аглух. Баба Вера! Баба Вера: Чаго табе? Сяргей: Вы ж у Сібіры былі? Баба Вера (да Зоі): З фапа, дзеткі, іду. Зоя: З амбулаторыі? Баба Вера: Ага, з фапа. Сяргей: Вашу ж сям’ю як кулакоў у трыццаць чацвёртым годзе выслалі? Баба Вера (да Зоі): Прасіла ў дохтура, каб якога парашку даў. Зоя: І што? Сяргей: Вы ж, кажуць, толькі ў пійсят сёмым вярнуліся. Баба Вера (да Зоі): Не, парашку не мае (дастае з кішэні цыдулку і падае Зоі). Вось толькі паперкі нейкія. Зоя (паглядзеўшы): Гэта ж рэцэпт, з ім ў аптэку трэба.
 Баба Вера: Святы Божа! Святы моцны! (жагнаецца) Выратуй і памілуй! (жагнаецца) Век ніякіх аптэкаўне ведала і не хачу. (забірае ў Зоі цыдулку і хавае сабе ў кішэнь) Пайду ўжо.
 Зоя: Пастойце яшчэ крыху, адпачніце. Баба Вера: Не, у магазін спяшаюся. Зоя: Чаго ў магазін? Баба Вера: Цукру хачу ўзяць. Люда: Цукру? Дык вы ж, я бачыла, учора бралі. Баба Вера: Ну брала, але яшчэ трэба. Люда: Гарэлку гнацьмем? Баба Вера: Якую гарэлку, на ліха яна мне? Люда: На продаж. Баба Вера: Барані бог (жагнаецца). Люда: А калісь гналі. Баба Вера: Не было такога, не было, гэта нагавор. Люда: Добра, хай сабе нагавор. Баба Вера, мне б змеявік, га? Баба Вера: Няма ў мяне нічога. Люда: Я б купіла. Баба Вера: Вечарам зайдзі. Сяргей: Чакайце, чакайце, а Сібір? Зоя: Дык навошта вам столькі цукру? Баба Вера: А раптам вайна? Баба Вера адыходзіць. Сяргей (гледзячы бабе Веры ўслед): Як на вайну, дык не забылася, а пра Сібір нават успамінацьбаіцца. Во як там, ідрыт яе ў корань, добра. (да Люды) А табе той змеявік патрэбны?
 Люда: Патрэбны. Сяргей: З сабой павязеш? Люда: Куды?
 Сяргей: На кудыкіну гару. (глядзіць у бок шашы) Нехта сунецца. Зоя (прыгледзеўшыся): Як быццам Лібай. Сяргей: Так, гэта ён. Во хто пра Сібір усё-ўсенька, як поп пра пекла, ведае; ён жа настаўнік геаграфіі. Зоя: І гісторыі, гісторыю ў нас вёў. Люба: А ў нас літаратуру. Як там: моцна трымаўся юнак на дапросе, тоячы думкі і словы свае… Паўза. Усё, далей забылася… Сяргей: Эх ты: вораг-фашыст дакурыў папяросу, і камсамольскі білет падае. Падыходзіць Лібай, сівы, хударлявы, у паношаным шэрым касцюме, з партфелем. Рыжык высоўвае з будкі морду, але заместа таго, каб гаўкнуць, ляпае зубамі, хапаючы на лятумуху, пасля чаго хаваецца.
 Усе вітаюцца, мужчыны за руку. Зоя: Вы са школы? Як там мая Юлька? Лібай: Нічога, нічога, разумная дзяўчынка. Толькі далей трэба вучыцца. Зоя: І я ёй пра тое. Лібай: А яна? Зоя: Вецер у галаве. Лібай: Маладзенькая. Зоя: Анягож. Сяргей (да Лібая): А няўжо вы не на пенсіі? Лібай: Каторы год, але вось, падсабляю роднай школе, пакуль магу. Сяргей: Вы яшчэ зможаце, рыпучае дрэва, кажуць, доўга жыве. Лібай: Але ёсць і такая прымаўка: цешыўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю нясуць ягода гаю. Дык што ты хацеў?
 Сяргей: Пра Сібір запытацца. Лібай: А ты ў школу хіба не хадзіў? Сяргей: Хадзіў, але ўсё забыўся. Лібай: Дрэнна, Сярожа. Сяргей: Вядома, чаго тут добрага. Але я не вінаваты, я ж на трактары. Калі і былі якіясь мазгі (стукаепальцам сабе па лбе), дык усе павытрасаліся.
 Лібай: Ведаю, што ты на трактары, ты ж летась мне бульбу абганяў. Сяргей: І сёлета абганю, а як жа. Вось скончу ля Чорнага лесу гараць, за тры дні ўпраўлюся, і абганю. Лібай: Заране дзякую. Сяргей: Калі ласка! Лібай: А сёння што лынды б’еш? Сяргей: Выходны выбіў, у гэтым месяцы першы. Лібай: Зразумела. Дык што хацеў? Сяргей: Гэта, пра Сібір, значыць (ківае галавой на Люду), хочам тое-сёе даведацца. Лібай: Сібір — гэта абшырны геаграфічны регіён у паўночна-ўсходняй частцы Еўразіі, плошчай каля10 міліёнаў квадратных кіламетраў.
 Сяргей: Ого! Лібай: Нашай сінявокай на ёй можна змясціць каля сотні. Сяргей: Гэта разлеглася, дык разлеглася. Вось бы, ідрыт яе, упоперак пераараць. Лібай: Сібір — маланаселеная тэрыторыя. Усяго там пражывае каля 40 міліёнаў чалавек. Сяргей: Неўзабаве будзе больш. Лібай: Клімат значнай часткі тэрыторыі суровы, рэзка кантынентальны, халодны і паўночна-арктычны.Сярэднегадавая тэмпература ніжэй за нуль. У асноўным Сібір — гэта вечная мерзлата. Такім чынам,
 пераараць табе, Сяргей, яе наўрад ці ўдасца.
 Сяргей: Шчыра, я і не збіраюся. Лібай: Затое ў Сібіры выяўленыя вялікія паклады каменнага і бурага вуглю, радовішчы нафты і газу,рэдкіх і каляровых металаў, алмазаў, золата, графіту і іншага.
 Сяргей: Якраз будзе каму здабываць. Лібай: А навошта табе гэта, на заробкі сабраўся? Сяргей: Не я, а яна вось (паказвае на Люду). Лібай: Хто? Сяргей: Мая жонка. Лібай: Ідзі ты! Сяргей: Святая праўда. Лібай: Люда, ты што, захварэла? Сяргей: Яна не па добрай волі, яе туды вышлюць. Лібай: Як?! За што? Сяргей: А яна, калі прэзідэнт праязджаў, цераз плот пераскочыла і памахала яму рукой.(да Люды) Пакажы, як махала. (Люда паказвае)
 Лібай: Вось здзівачыла дык здзівачыла. Сяргей: А ён ёй у адказ, вось гэтак. (паказвае, як махала Люда) Лібай: Ха-ха. Сяргей: Вельмі карцела ўбачыць. Лібай: А тэлевізар навошта? Сяргей: І мы ёй пра гэта. Лібай: А яна? Сяргей: Адмаўляе. Лібай: На якой падставе? Сяргей: Нячысцік, кажа, падаткнуў. Лібай: Так-так, бачна рука д’ябла. Але ж Сібір у Расеі, а мы як быццам самастойная дзяржава. Сяргей: Вось менавіта: як быццам, бо, па-першае, у нас з імі хаўрус, а па-другое наш (падымае палецугору) з іхнім заключылі пагадненне, што нашую пятую калону, ну і далучаных да яе, па ўласнай
 дурасці ці так, ад няма чаго рабіць, таксама розных незадаволеных языкастых і рызыкантаў, у Сібір
 вывозіць.
 Лібай: Ды ну! Сяргей: Але гэта пакуль таямніца (аглядаецца і прыціснуўшы да вуснаў палец): ц-ц… нікому, маўчок. Лібай (таксама аглянуўшыся, прыцішаным голасам): А скуль, калі таямніца, ведаеш? Сяргей: Чалавек адзін з Мінска казаў. Лібай: Той, што хату каля царквы купіў? Сяргей: Ён. Я яму гаўна на агарод прывозіў, ну і разгаварыліся. Лібай: Ясна. Добра, пайшоў я (дастае з кішэні насоўку і выцірае лоб і шыю). Пячэ, як у апраметнай.Усяго добрага!
 Сяргей і Зоя (разам): Да пабачэння! Лібай: А ты, Люда, не гаруй, мо абыдзецца. Сяргей: Абыдзецца, як жа. Казаў і не раз: не лезь, жаба, дзе коней куюць. Дык што вы думаеце: хоцькол на галаве, быццам не чуе.
 Лібай: І праўда, Люда, ты б паасцераглася. Час такі, ого, нядобры час. Сяргей: А калі быў добры, га? Лібай (падумаўшы): Ніколі. Лібай адыходзіць. Люда (у роспачы, нічога не разумеючы): Але ж я не хацела! Я нічога такога! Я наадварот… Сяргей: Гм, не хацела яна. Мо і не хацела. Толькі так ці інакш, а за правінку чэшуць спінку. Зоя (глядзіць у бок шашы): Міліцыянты ідуць. Сяргей (таксама паглядзеўшы): Лёгкія на ўспамін. Люда (перахопленым голасам): А божа мой! Сяргей: Стань за мной. Люда хаваецца за Сяргеем. Да весніц падыходзяць два міліцыянты, з дручкамі, прычэпленымі да пояса, пісталетамі і рацыямі. Рыжык (вызірнуўшы з будкі): Ррр… Першы міліцыянт: Што тут за зборышча? Сяргей: Ды так, стаім вось — гамонім. Першы міліцыянт: Гамоніце? Зараз, птамаць, я вам пагаманю. Не ведаеце, што збірацца больш затрое,  пагатоў  гаманіць,  жэстачайшэ  забараняецца?  Гэта  ўжо  масавае  мерапрыемства,
 дэманстрацыя, на правядзенне якой патрабуецца дазвол выканаўчай улады.
 Сяргей: Якой-якой улады? Першы мяліцыянт: Выканаўчай, птамаць. Другі міліцыянт: Сельсавета. Сяргей: А, сельсавета! Рыжык (з будкі): Ррр… Першы міліцыянт: Якое караецца паводле адміністрацыйнага артыкула: «Парушэнне парадкуарганізацыіі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў» — да трыццаці базавых велічынь.
 Сяргей: Не, не ведалі. Першы міліцыянт: Як? Зоя: Далібог першы раз чуем. Першы міліцыянт (да другога): Не, ну ты бачыў іх? Яшчэ, птамаць, наракаюць, што мы да іх як звярыставімся. Збіралі ж усіх у клубе і па хатах затым хадзілі, тлумачылі, што да чаго і па чым — зноў тое
 самае.
 Другі міліцыянт: Я не я, і хата не мая. Першы міліцыянт: Во-во. Сяргей: Ну забыліся, галовы ж з дзіркамі. Першы міліцыянт: Гэта праўда. Сяргей: Нічога не зробіш, бо каб былі не дзіравыя, дык, нябось, тут не ашываліся б, а даўно б (махаеўбок рукой)… пырх — і шукай ветру ў полі. Дык колькі гэта, трыццаць базавых велічынь, у грошах?
 Першы міліцыянт: Атрымаеш — даведаешся. Усё, марш адсюль, каб мы вас больш не бачылі. Зоя: Дык што, ужо нельга суседу да суседа зайсці, слова сказаць? Першы міліцыянт: Чаму нельга? У нас прававая, дэмакратычная дзяржава, у якой, птамаць, усё льга.Ідзіце вунь у хату (ківае галавой на хату), там сустракайцеся і размаўляйце колькі ўлезе. Толькі, зноў
 жа, ціха, каб на вуліцы чуваць не было.
 Зоя: Божа мой, божа, што ж гэта робіцца, няўжо мы ўжо не людзі? Першы міліцыянт: Зараз я табе пакажу, і што робіцца, і якія вы, птамаць, людзі.(здымае з пояса дручок)
 Сяргей (пацягнуўшы Зою за руку): Хадзем, хадзем ад граху далей. Зоя, Люда і Сяргей ідуць у хату. Першы міліцыянт: Стаяць! Сяргей (абярнуўшыся): Што яшчэ? Першы міліцыянт: Чаму не на працы? Сяргей: Выходны ў мяне. Першы міліцыянт (паказаўшы дручком на Зою): А яна? Зоя: Яна на ферме. Першы міліцыянт: І што? Сяргей: Ёй вечарам на дойку. Першы міліцыянт: Файна. Адна ўвесь дзень бакі адлежвае, у другога выходны. Выходныя ім яшчэдаюць. Я ім надаваў бы выходных, наеліся б у мяне да ўсрачкі. Мы ж во без выходных укалваем, як на
 галерах, і нічога, толькі крапчэем. Вось, птамаць, дзе дармаеды, дык дармаеды. Гэта іх прэзідэнт
 распесціў. Няньчыцца з імі, як з малымі дзецьмі, паблажкі дае, саступае. Яшчэ крыху — і соплі пад
 носам выцірацьме. А яны, думаеш, дзякуй скажуць? Што ты! Наадварот: усё нечым незадаволеныя,
 усё ім не тое, не па губе, не па-іхняму, усяго, птамаць, мала. Ды яшчэ бунтаваць мерацца. Але мы ім
 набунтуем, хай толькі паспрабуюць, дазнаюцца, па чым фунт ліха. Усё, каб я вас болей не бачыў, інакш
 за сябе не адказваю (пагражае дручком). Лічу да трох. Раз…
 Рыжык (з будкі): Ррр… Сяргей: Хадзем, бабы, кабыла з ваўком цягалася — хвост і грыва засталася. Першы міліцыянт: Што ты сказаў, ану паўтары? Сяргей: Нічога, гэта прымаўка такая народная. Першы міліцыянт: Глядзі, дагаворышся. (да Люды) А з табой у нас будзе асобная размова. Люда: Чаго вы ад мяне хочаце? Першы міліцыянт: Чаго хочам? Каб ты дзясятаму заказала цераз платы скакаць і рукамі размахваць. Люда: Гэта не я. Першы міліцыянт: А хто? Сяргей: Чорт. Першы міліцыянт: Які яшчэ чорт? Сяргей: Звычайны, з хвастом і рожкамі (паказвае на сабе, з якім хвастом і рожкамі). Першы міліцыянт: Чорт? З хвастом і рожкамі? Што вы мне тут кулі заліваеце? Сяргей: І нічога не заліваем. Яна пад яблыняй спала, калі ён у яе ўлез. Ну а затым якраз прэзідэнтпраязджаў, цераз плот і перакінуўся. Таму яна не вінаватая.
 Другі міліцыянт: А махаў хто, таксама чорт? Сяргей: Ён, ён. Першы міліцыянт: Добра, разбярэмся. Зоя, Люда і Сяргей заходзяць у хату. Рыжык (з будкі): Ррр… Першы міліцыянт (па рацыі): Дуб два! Дуб два! Я асіна восем! Прыём. Голас па рацыі: Дуб два на сувязі. Далажыце абстаноўку. Першы міліцыянт: Дакладваю: усё спакойна, нідзе нічога ніякага. Голас па рацыі: За платы, за платы зазірайце. Першы міліцыянт: Слухаюся! Голас па рацыі: Пры неабходнасці страляйце без папярэджання. Першы міліцыянт: Ёсць страляць без папярэджання. Голас па рацыі: Усё, канец сувязі. Прыём. Першы міліцыянт: Прыём. (да другога міліцыянта) Чуў? Другі міліцыянт: Чуў. Міліцыянты адыходзяць. Да весніц падыходзіць Юля, прывабная дзяўчына, у джынсах і кофтачцы, са школьнай сумкай. Юля (крычыць і махае сумкай): Рыжык! Рыжык! Рыжык (высунуўшыся з будкі, радасна): Гаў, гаў, гаў!!! Але тут вяртаецца другі міліцыянт. Рыжык: Ррр… (хаваецца) Другі міліцыянт: Юля! Юля: Што? Другі міліцыянт: Вечарам выйдзеш? Юля: Не ведаю. Другі міліцыянт: Я буду чакаць. Юля: Мама не пускае. Другі міліцыянт: Каля дуба. Юля: Іспыты ж ідуць, рыхтавацца трэба. Другі міліцыянт: А на танцы ў суботу прыйдзеш? Юля: Ну, можа, прыйду. Другі міліцыянт: Не, ты напэўна скажы. Юля: А калі мама не пусціць? Другі міліцыянт: Што ты ўсё: мама ды мама, што ты яе слухаеш? На ганак выходзіць Зоя. Зоя: Юля! Юля: Бягу, мама. Юля бяжыць у хату. Другі міліцыянт праводзіць яе пажадлівым позіркам. Падыходзіць першы міліцыянт. Рыжык (з будкі): Ррр… Першы міліцыянт: Вока на дзеўку паклаў? Другі міліцыянт: Ну… гэта… Першы міліцыянт: Ласы кавалачак. Другі міліцыянт: Эээ… Першы міліцыянт: Што, упіраецца? Другі міліцыянт: Я… Першы міліцыянт: Кінь. Усе яны напачатку такія. Дручком паміж лапатак перацягні раз-другі,нябось, як шоўкавая стане, сама ногі рассуне. Праверана, хлопец, на практыцы і неаднаразова.
 Другі міліцыянт: Ды не, падабаецца яна мне, я жаніцца хачу. Першы міліцыянт: Пагатоў. Увогуле, скажу табе, як старэйшы і тое-сеё пабачыўшы на гэтым ляццкімсвеце таварыш: з бабамі інакш нельга. Вось выпадак і не з кніжак там нейкіх альбо кіна, а з самага што
 ні на ёсць жыцця, ягонай, гэтак кажучы, гушчы, прытым майго асабістага. Ну, спадабалася дзеўка —
 пагуляў крыху і пабраліся шлюбам. Каханне і ўсё астатняе, увогуле як у людзей. Але слухай, што далей.
 Аднойчы прыходжу вечарам пасля службы дахаты, а яна ляжыць, разваліўшыся на канапе, як карова.
 У пакоі не прыбрана, вячэрай нават не пахне. Я адразу па-харошаму: што, маўляў, такое здарылася?
 Нічога, адказвае, проста замарылася, на трох аперацыях адстаяла, ног не чую. Яна тады медсястрой у
 шпіталі хуткай дапамогі працавала. Ага, ну што ж, думаю, трэба вучыць і неадкладна, бо ўвойдзе ў
 звычку і так ужо пацягнецца. Бяру дручок і як перацягнуў знячэўку па срацы: а-та-та, курва, тваю матку!
 З таго самага вечара як падмянілі бабу: замарылася на працы ці не замарылася, прасядзела паўночы
 каля хворага дзіцяці альбо яшчэ нешта, а выконвае свае абавязкі як належыць і ў тэрмін. Гэта значыць,
 каб у кватэры ні пылінкі, ні парашынкі, я ў належную гадзіну быў накормлены і ў ложку задаволены на
 ўсе сто. Паабнасілася, праўда, за апошнія гады, прывяла, але ж з гэтым нічога не паробіш, як толькі на
 маладзейшую не памяняць. Вось якое яно, хлопец, сапраўднае жыццё. А ты: выйдзеш не выйдзеш,
 прыйдзеш не прыйдзеш, сю ды сю. Не сюсюкаць трэба, а справу рабіць. Ці паняў?
 Другі міліцыянт: Паняў. Першы міліцыянт: То гайда за платамі паглядзім, мо якую шлюндру выявім. Міліцыянты адыходзяць. Некаторы час на сцэне нікога няма, потым з хаты выходзіць Юля, пераапранутая па-хатняму,Сяргей, Люба і Зоя.
 Зоя (да Юлі): Насып, дочка, курам зярна і вады падлі. Юля: Добра, мама. Але спачатку Рыжыка напаю. Рыжык! Рыжык (з будкі): Гаў, гаў! Сяргей (кіўнуўшы галавой на будку): Во гарачыня, носа нават не высоўвае. Але, хадзем, жонка, і мыабходжвацца (абдымае Люду за талію). Ды не пераймайся ты, таксама мне злачынца найшлася.
 Люда: Ай, што мне ўжо тое абходжванне, усё роўна ў Сібір? Сяргей: Ідрыт маю за язык, я ж жартаваў. Люда: Не, не. Сяргей: Далібог жартаваў, крыж пацалую. Зоя: І праўда Люда, супакойся. Сяргей: Чуеш! Ды каму ты, акрамя мяне, патрэбная? Чуваць голас першага міліцыянта:«Дуб два! Дуб два! Асіна восем слухае. Што? Едзе?.. Паўтарыце… Ёсць забяспечыць праезд».
 Зоя (глядзіць у бок шашы): Хто едзе? Сяргей: Відаць, сам. Да весніц падбягае першы міліцыянт, за ім другі. Рыжык (з будкі): Ррр… Першы міліцыянт (крычыць):  Пайшлі! Пайшлі!  (Забягае на падворак, адчапляючы ад пояса нахаду дручок.)
 Сяргей: Чаго пайшлі, куды? Другі міліцыянт (забягаючы на падворак, услед за першым): У хату! Бягом! Усе! Першы міліцыянт: Не, адставіць хату.  (да другога міліцыянта, паказаўшы дручком на хлеў)У хлеў іх, а то, чаго добрага, у вокны заглядаць пачнуць.
 Другі міліцыянт кідаецца да хлява і, адкінуўшы кручок, цягне на сябе дзверы. Чуваць рохканне свіней. Першы міліцыянт (кіруючы дручком): Ну, варушыцеся, птамаць. У хлеў! У хлеў! Зоя (ламаючы рукі): А божухна свенты! Юля: Мама! (плача) Люда: Сяргей! Сяргей: Так нам і трэба. Другі міліцыянт: Давай, давай! Не размаўляць! З будкі выскоквае Рыжык і хапае першага міліцыянта за лытку. Першы міліцыянт віскоча як рэзаны:  Ааа... ёёё… птамаць!!! Затым, злаўчыўшыся, выцягвае Рыжыка дручком. Рыжык скавыча і кідаецца ў будку. Між тым Юля, Зоя, Сяргей і Люда заходзяць у хлеў, і другі міліцыянт зачыняе за імі дзверына кручок.
 Першы міліцыянт (аглядае парваную калашыну): Сабаку, птамаць, нацкавалі. Так ім гэта не мінецца.Будзеш сведкам. Нападзенне на прадстаўніка органа ўлады пры выкананні ім службовых абавязкаў.
 Другі міліцыянт (заклапочана): У бальніцу трэба. Першы міліцыянт: Навошта? Другі міліцыянт: Для суда, пакусы зняць. Першы міліцыянт: Ай, час толькі марнаваць. У судзе нам і на слова павераць. Другі міліцыянт: А калі сабака шалёны? Першы міліцыянт: Наўрад, ён жа не валацужны. Другі міліцыянт: Усё роўна прыстрэліць не зашкодзіць. Першы міліцыянт: Слушна. Але цяпер не да гэтага. Сам едзе. Высоўваемся на пазіцыю. Міліцыянты ідуць з падворка і шыхтуюцца ля весніцаў. Тут з левай кулісы выходзіць прывідэнкавэдыста з наганам у руцэ, а з правай — прывід эсэсаўца з агнямётам. Падышоўшы да хлява,
 прывіды заглядваюць у шчыліны ў дзвярах. А з боку шашы чуваць нарастаючы шум картэжа,
 які ачольвае міліцэйская машына з улучанымі гукавым і светлавымі сігналамі. Першы і другі
 міліцыянты выструньваюцца і салютуюць. Картэж ляціць міма.
  ЗАСЛОНА.
 
 |