I.  ЛЕСНІКОВА ПАСАДА

Мой родны кут, як ты мне мілы!..
Забыць цябе не маю сілы!
Не раз, утомлены дарогай,
Жыццём вясны мае убогай,
К табе я ў думках залятаю
І там душою спачываю.
О, як бы я хацеў спачатку
Дарогу жыцця па парадку
Прайсці яшчэ раз, азірнуцца,
Сабраць з дарог каменні тыя,
Што губяць сілы маладыя, –
К вясне б маёй хацеў вярнуцца.

Вясна, вясна! не для мяне ты!
Не я, табою абагрэты,
Прыход твой радасны спаткаю, –
Цябе навек, вясна, хаваю.
Назад не прыйдзе хваля тая,
Што з быстрай рэчкай уплывае.
Не раз яна, зрабіўшысь парам,
На крыллях сонца дойдзе к хмарам
Ды йзноў дажджом на рэчку сыдзе –
Ніхто з граніц сваіх не выйдзе,
З законаў, жыццем напісаных,
Або на дол спадзе ў туманах.
Але хто нам яе пакажа?
На дол вадой ці снегам ляжа?
Не вернешся, як хваля тая,
Ка мне, вясна ты маладая!..
Вось як цяпер, перада мною
Ўстае куточак той прыгожа,
Крынічкі вузенькая ложа
І елка ў пары з хваіною,
Абняўшысь цесна над вадою,
Як маладыя ў час кахання,
Ў апошні вечар расставання.
І бачу лес я каля хаты,
Дзе колісь весела дзяўчаты
Спявалі песні дружным хорам,
З работ ідучы позна борам.
Нясліся зыкі песень здольных,
Ў лясах раз-пораз адбівалісь,
І ім узгоркі адклікалісь,
І радасць біла ў песнях вольных.
А хвоі, елкі векавыя
Пад зыкі песень маладыя
Маўчком стаялі ў нейкай думе,
І ў іх ціхусенечкім шуме
Няслось вячэрняе маленне
Ўгару, святое аддаленне.

Каля пасады лесніковай
Цягнуўся гожаю падковай
Стары, высокі лес цяністы.
Тут верх асіны круглалісты
Сплятаўся з хвоямі, з дубамі,
А елкі хмурымі крыжамі
Высока ў небе выдзялялісь,
Таемна з хвоямі шапталісь.
Заўсёды смутныя, бы ўдовы,
Яны найбольш адны стаялі,
І так маркотна пазіралі
Іх задуменныя галовы!
Лес наступаў і расступаўся,
Лужком зялёным разрываўся;
А дзе прыгожыя загібы
Так міла йшлі каля сядзібы,
Што проста імі б любаваўся.
А знізу гэты лес кашлаты
Меў зелянюсенькія шаты
Лазы, чаромхі ці крушыны,
Алешын ліпкіх, верабіны.
Глядзіш, бывала, і здаецца,
Што скрозь сцяну галін жывую,
Скрозь гэту тканку маладую
Ні мыш, ні пташка не праб'ецца.
Цякла тут з лесу невялічка
Травой заросшая крынічка,
Абодва берагі каторай
Лазняк, ракітнік абступалі;
Бруіліся ў цяньку іх хвалі
І ў луг чуць значнаю разорай
Ішлі спакойна між чаротаў,
Рабілі многа заваротаў,
Аж покі ў Нёман не ўцякалі.

Зялёны луг, як скінуць вокам,
Абрусам пышным і шырокім
Абапал Нёмна рассцілаўся –
За хатай зараз пачынаўся
Ды йшоў квяцістай раўніною
З мурожнай слаўнаю травою
І ззяў на сонцы ў пералівах
Пяшчотных тонаў. Як на нівах
Жыта збажынкі лёгка гнуцца
І людзям радасна смяюцца
Сваім прыемным, мілым спевам
Пад лёгкім ветрыку павевам, –
Так гнуцца, гойдаюцца травы,
Як пройме ветрык іх ласкавы,
І пойдуць хвалі травяныя
З прыемным спевам чарадою,
Зашэпчуць краскі між сабою,
Нібы дзяўчаткі маладыя.
Эх, луг шырокі! Як жывы, ты,
Праменнем сонейка заліты,
Увесь стаіш перад вачыма,
Ты міл і смуцен, як радзіма,
Як наша ціхая старонка,
Дзе смугі сіняя пялёнка
У летні час дымком звісае
І даль задумай спавівае.
Хоць я няволяй цяжка змучан
І з родным берагам разлучан,
Ды я душою ажываю,
Як вокам мыслі азіраю
Цябе, мой луг і бераг родны,
Дзе льецца Нёман срэбраводны,
Дубы дзе дружнай чарадою
Стаяць, як вежы, над вадою
Даўнейшых спраў вартаўнікамі
І ззяюць грозна жараламі.
І толькі тут, пад іх чародкай,
Улетку, добраю пагодкай,
Касьбой утомлены, спачынеш
І думкі клопату пакінеш,
Заснуўшы крэпка і салодка.
Тут так прахладна, так прывольна!
А пташкі голасна і здольна
Смяюцца мілым шчабятаннем
І поўняць луг сваім спяваннем.
А на дубах, як шапкі тыя,
Чарнеюць гнёзды буславыя.
Буслы клякочуць, бусляняты
Пішчаць жалобна, як шчаняты,
Насы закідваюць угору
І просяць есці ў сваю пору.
А там, дзе буслікі ўздужалі,
Іх пачынаюць вабіць далі;
Яны пачулі ў сабе сілы,
Яны разводзяць ужо крылы,
Ўгару на локаць падлятаюць,
Паветра ловяць, заграбаюць
І неуклюднымі нагамі
Танцуюць смешна над дубамі.
Там, у падсуседзях з бусламі,
І вераб'і, шпакі вядуцца;
Клапотна шчэбеты нясуцца
І моўкнуць позна вечарамі.
Ў дубах крычаць сіваваронкі,
І свіст над лугам рэзкі, звонкі
Каршун маркотна так раняе
І нейкі смутак закідае.
Эх, луг шырокі! Як жывы, ты,
Травой мурожнаю закрыты,
Стаіш зялёны прада мною
І ззяеш дзіўнаю красою!
Як дзве старэнькія кабеткі,
К каторым старасць неўзаметкі
Падкраўшысь злодзеем срэдзь ночы,
Як смачны сон змыкае вочы,
Красу і крэпасць забірае
І ўсю іх жывасць выкрадае
Ды кіне іх адных, старэнькіх,
Адных, як перст, і чуць жывенькіх
І непатрэбных анікому
На цягасць жыццю маладому, –
Так каля хаты, у садочку,
Схіліўшысь ціхенька ў куточку,
Стаялі дзве вярбы старыя,
А навакола маладыя
Дзярэўцы пышна красавалі,
На свет вясёла пазіралі.
Галлё спусціўшы над парканам,
Расла тут грушка з тонкім станам;
Па-над парканам пышным валам
Стаяў вішняк густы, прыўдалы.
Садок быў, праўда, невялічкі:
Дзве верабіны ды тры дзічкі
Ды між верб ліпка маладая,
Бы іх унучка дарагая.
Але як весела і міла
Тут пчолка ў вуллях гаманіла!
І як прыемна пахла мёдам!
Пладзілісь пчолкі з кожным годам:
Штолета вулляў прыбывала –
На пчолкі вельмі шанцавала.
Гул іх стаяў і ўдзень і ўночы.
Бывала, ўлетку, ў час рабочы
Не раз там чуўся крык вясёлы:
– Го, тата! дзядзька! выйшлі пчолы!
На вішні селі каля плоту!
Мужчыны кідалі работу,
Касьбу над рэчкай за кустамі,
І беглі шыбка, каб часамі
На лес дзе пчолкі не зляцелі,
Дык іх там пільненька глядзелі.

На прыгуменні, поруч з садам,
Павець з гумном стаяла радам,
А пад паветкаю прылады:
Вазок, калёсы, панарады,
Старыя сані, восі, колы
І вулляў некалькі на пчолы,
Яшчэ някончаных; судзіна,
Стары цабэрак, паўасміна
І розны хлам і лом валяўся,
Ад сонца, дожджыку хаваўся –
Патрэбны рэчы, ёсць вядома!
Гуменца, крытае саломай,
Ад доўгіх часаў пасівела;
Салома кудламі вісела,
Яе вятры параздзімалі,
А трохі хлопцы пасцягалі,
На стрэху лазячы, бывала, –
Іх гэта забаўка займала.
А пад шчытом на павуціне
Нішчымны колас-сіраціна
Ў зацішку лёгенька гайдаўся;
З якіх ён часаў там трымаўся,
То Бог яго святы ўжо знае!
Будоўля, больш яшчэ старая,
З гнілой, вагнутаю страхою
Стаяў хлявец якраз напроці
І чуць ліпеў, як бы на плоце
Гаршчок, разбіты качаргою.
Стары, паедзены чарвямі,
Набок пахілены вятрамі,
Глядзеў хлеў гэты старычынай,
Пахілай доляй жабрачынай;
А збоку, ў полі, недалёка
Стаяў прыгрэбнік адзінока,
Пахілкам, горкім сіратою,
У дол упёршыся страхою.
Ў глыбі двара стаяла хата
І выглядала зухавата
Паміж запушчанай будовы,
Як бы шляхцянка засцянкова,
Што ў дзень святы каля касцёла,
Чуць-чуць падняўшы край падола,
Так важна ходзіць з парасонам,
Спадніцай верціць, як агонам,
З дарожак пыл, пясок зганяе
І ў вочы хлопцам заглядае.

За хатай поле пачыналась,
Дзе жыта хораша гайдалась
І рос авёс, ячмень і грэчка, –
Было прытульнае гняздзечка!..

Мой родны кут, лугі, крыніца!
Цяпер для вас я – чужаніца.
Той самы лес, палеткі тыя,
Ды людзі там жывуць другія.
Мне душу смуткам напаўняе,
Што ў прошласць канулі гадочкі,
Мае шчаслівыя дзянёчкі, –
Прайшла, вясна ты маладая!

Цяпер разгорнем часаў шаты,
Бліжэй прыгледзімся да хаты,
Да Міхася і да Антося,
Як там вялося, як жылося.

Новая зямля

Якуб Колас

 

  
ДА ЗМЕСТУ


ДАЛЕЙ