V.  ПЯРЭБАРЫ

Вясны чакаў Міхал з сям'ёю,
Чакаў з трывогаю: вясною
Ў лясніцтве йшла ператасоўка
Служачых нізшых, пераходы –
Тут так вялося з году ў годы, –
І як ні думае галоўка,
Нічога выдумаць не можа;
Ніяка просьба не паможа,
Калі на чым ляснічы ўпрэцца.
– А можа, дасць Бог, ператрэцца.
І тут гадок ці два пабудзем, –
Сабе не верачы і людзям,
Міхал так думаў, сумняваўся
І тут астацца спадзяваўся.

Ды раз у сесію Міхася
К сабе ляснічы заклікае.
«Ну, гэта нешта азначае», –
Ў Міхала думка праняслася.
І ў канцылярыю ўваходзіць,
Вачэй з ляснічага не зводзіць,
Чагось-та важнага чакае.
– Ага, ты тут! Ну, чалавеча,
Збірай манаткі і ў Парэчча
За добры час перабірайся!
Перад Вялікаднем старайся
Туды, на месца, перабрацца.
Жыві там, нечага баяцца.
– Панок, за што? – Міхал пытае. –
Што за прычына ёсць такая?
Ці я па службе правініўся?
Ці на мяне пан угнявіўся?
Я не прадаў, не ўкраў нічога...
Скажы, панок, на літасць Бога,
За што нас пан перамяшчае?
Ляснічы строга пазірае.
– Мне чалавек там добры трэба,
А не гультай які, нязгрэба;
Такі ляснік, як ты, каторы
Не будзе спаць п'яны ў разоры...
Парэчча – месца неблагое,
І поле там не так пустое,
Хоць менш яго, затое ж – паша!
Дык будзе хлеб табе і каша.
Пакуль я жыў, і ты не згінеш,
Свае сям'і нябось не кінеш –
Куды ты дзенешся? трымайся,
Жыві і з Богам разжывайся.
Пайшоў Міхал наш у задуме,
А па дарозе к цётцы Хруме
Ён трапіў з гора выпіць чарку,
Каб галаве яго на карку
Было лягчэй крыху трымацца.
– І што за страх перабірацца? –
Міхал дарогай разважае. –
Мяне ляснічы паважае!..
А месца, праўда, не ліхое...

«І г-э-э-эй ты, наша жыццё зло-оо-е!» –
Міхась у лесе песню цягне
І тахты стрэльбай выбівае,
Назад, наперад выкідае,
Зайсці скарэй дадому прагне
Навінай важнай падзяліцца.
Ідзе ён смела, не баіцца
Праборкі дома за гарэлку:
Вяліка важнасць, што кватэрку
Ён з гора тога перакінуў!
І на Міхася жаль нахлынуў
І нейкі смутак навязаўся,
А ўрэшце ён усердаваўся,
А на каго? за што? – не знае,
А можа, так злосць напускае,
Каб дома жонка не крычала, –
Тым болей што ўжо выглядала
Яго пасада з-за узгорка
І трохі рупіла праборка.
Міхал вайшоў не зразу ў хату:
Каля хлява перш затрымаўся
І на свінню так углядаўся,
Як бы за гэта браў ён плату.
Ад хлевушка ў гумно заходзіць,
З Антосем гутарку заводзіць,
І ўжо адтуль, раўней, як можна,
Ідзе дахаты асцярожна.
Але як бацька ні стараўся,
А ўсё ж ён лёганька хістаўся.
Антось даўно замеціў гэта:
«Плыве, як панская карэта!»
І чуць ад смеху не качаўся.
А каб прымусіць і паверыць,
Што ён гарэлкі і не нюхаў,
Ў садок зайшоў і пчол паслухаў,
А ў сенях стаў сабаку перыць,
Што ўночы кепска дом пільнуе,
Што мала брэша, кепска чуе,
Зайцоў не гоніць і не ловіць,
А толькі знае і наровіць,
Каб як у хату зачасацца.
– А, ліха матары і батцы!
А, дурань, воўча тваё мяса!
На двор брахаць, стары дурніца!
Гаршчэчнік, чортава ты пыца! –
І, на сабаку накрычаўшы,
Тады ўжо стрэльбу з плеч знімае
І на сцяну яе чапляе,
У хату ўходзіць, торбу зняўшы,
Садзіцца там, гаворыць мала,
Каб жонка зразу не пазнала,
Бо толькі скажа адно слова –
Прапала хітрасць, і гатова!
– І дзе ты гэтак налупіўся,
Каб ты смалы ўжо быў напіўся!
Ото натура! – жонка лае,
А ён смяецца, не шманае.
– Няма табе граху, ні посту!
Хоць у палонку кідай з мосту!
– А ў пост, скажы, сварыцца можна,
Калі ты гэтака набожна? –
Міхал у жонкі запытаўся. –
Або я п'яны ці валяўся?..
От не крычы ты і не лайся!
Лепш у дарогу ты збірайся!
– Куды ў дарогу? Што пляцеш ты?
Прапіў свой розум, ці што, ўрэшты? –
З трывогай жонка ўжо пытае
І тон сярдзіты свой мяняе,
Бо ёй у голасе Міхася
Адразу праўда пачулася;
І дзеці бліжай селі к тату,
Якраз вайшоў і дзядзька ў хату.
– Дык так, Антось, пераязджаем,
Апошні час тут дажываем.
– Куды? – Ў Парэчча, у балота!..
– Бадай ты спрахла! от брыдота!
Цягніся зноў, а глуш такая! –
Антось Парэчча праклінае.
Ўздыхнула цяжка-цяжка маці,
І зразу стала смутна ў хаце,
Як бы з усіх куткоў і шчылін,
З усіх чуць-чуць заметных звілін
Сюды бяда панапаўзала
І гэтак прыкра пазірала
На ўсіх, ад мала да вяліка,
Бязжаласна і без'языка,
Зрабіўшы ўмомант замяшанне,
І змоўклі ў хаце ўсе дазвання.
Знячэўку маці аж прысела –
Так пераборка ўжо дадзела!
Апроч таго, тут абжыліся,
На ногі трохі падняліся;
Яшчэ б гадочак пажыць ціха,
Але найгоршае тут ліха –
Збірай зноў цапстрыкі, трасіся
Па каранях з дабром, з сям'ёю,
У саму бездараж вясною.
– Дзе наша, брат, не прападае! –
Міхал гаворку зачынае. –
Ці ж толькі свету, што ў аконцы?
Або так міла тут бясконца?
І там мы будзем жыць таксама;
Няма ўжо горшай, як тут яма.
А сенакос тут дзе? за светам!
А там блізютка, каля дома –
Парэчча добра мне знаёма!
А колькі зелені там летам!
Як у вяночку, стаіць хата.
Грыбоў і ягад – страх багата!..
Там выгад болей, чалавеча!..
– Паедзем, татачка, ў Парэчча!
Ось там грыбоў папазбіраю!
Ой, іх збіраць ахвоту маю! –
Схапіўся Костуська і скача,
А маці з гора чуць не плача.
– Згараць яны няхай з грыбамі!
Але ці будзе хлеб часамі? –
Антось пытае ўжо сярдзіта. –
А колькі там пасеем жыта?
Зямлі, як бабе старой сесці.
Папробуй сядзь на гэтым месце...
– А дзе ты дзенешся? і сядзеш!
Нічога, браце, не парадзіш.
– Яму, як выпіў, гора мала! –
На бацьку маці зноў напала.
– А мне, ты думаеш, салодка?
Ды справа проста і каротка:
Не будзеш ты з ляснічым спорыць,
Рабі вось тое, што гаворыць.
А не – йдзі вон: варона з куста,
А пяць на куст, бо хлеба луста
Нялёгка ўсім, брат, дастаецца.
Пустым той кут не астанецца:
Не будзе нас – другі там сядзе,
І не зважаючы, не глядзя,
Якое месца і выгода.
– Што так, то так, ды працы шкода,
Якую мы тут палажылі;
Зямлю так добра мы ўгнаілі.
А на каго мы працавалі?
Каму пасаду гатавалі?
Так, чорту лысаму з балота.
Прыпрэцца нейкая галота
Тваёю працай карыстацца,
Тваім мазолем нажывацца.
Не толькі «дзякую» не скажа,
А хвігу ў нос табе пакажа.
– Ну, што паробіш, як такая
Ужо нам доля выпадае?

На трэці дзень прыйшлі падводы.
Ўсе сваякі папрыязджалі
І двор вазамі паўстаўлялі,
Як бы прыехалі ў калоды
Ці на кірмаш каля калядак.
Тут быў страшэнны непарадак –
На тое час быў перабору.
Была адчынена камора
І сені насцеж. Як папала
Надоба розная стаяла.
Было ўсё зрушана, сарвана:
Крыжы з дзяжой каля паркана
На час кароткі прыхілілісь;
Збаны, гаршкі між іх тулілісь,
І тры цабэркі там стаялі
І чарады свае чакалі;
І тут жа збоку, як той п'яны,
Ляжаў навой стары, драўляны;
Варстат, на часткі разабраны,
На трэскі кінуты, валяўся;
А на вяроўцы мех гайдаўся,
Стары, скараўлены ад гною,
Забыты ўсімі пад страхою.
Пусцела хата, сцены, лавы
І мелі погляд нецікавы:
Ўсё тут было параскідана,
Ўсё не на месцы, не прыбрана,
Як бы зусім не тая хата.
Качэргі, вілы і лапата
Ў кутку адным цяпер стаялі.
Гвазды то тут, то там тырчалі
Па ўсіх сцянах, як бы шчаціна.
Снавалі дзеці і мужчыны,
З сяней, з каморы скарб сцягалі
І на вазы яго складалі.
А маці скрыню пакавала
І дробязь розную збірала.
Ўсе варушыліся, снавалі,
Як бы мурашнік раскапалі –
Такая тут была трывога.
Вуглы счышчалі да нічога
І забіралі ўсё да ніткі.
Падводы пухлі ўвачавідкі.

А як закончылі складацца,
Зайшлі ўсе ў хату сілкавацца.
Між голых сцен, несамавітых,
Такіх панурых, абабітых,
Астаўся стол адзін на месце,
Каб у апошні раз накрыцца
І даць мужчынам прыпыніцца,
На час кароценькі прысесці
І выпіць чарачку, другую
За жыцце, долю маладую.

Тут быў Базыль, Антось Тацянін,
Карусь Дзівак (ён між парканін
Схаваў трайню, рагач, дзве восі,
Тайком узяўшы ад Антося),
Яшчэ Карусь, Паўлюк Куртаты,
Сцяцок, Казюк Скарабагаты
Ды брат Міхася і Антося, –
Мужчын нямала набралося.
Пайшла ўкруг чарка і другая,
Гаворка ў хаце ажывае.
Адзін Антось ужо смяецца
Сваім закатным дробным смехам,
Аж галава з шырокім плехам
І з сівым воласам трасецца.
– Ды ты, брат Ганка, не смуціся!
Вось выпі чарку, не журыся,
Няхай дае Бог спосаб новы.
– Ну, будзьце ж крэпенькі, здаровы!
– Э, выпі чыста! от кабета!
– Ды выпі, Ганна! Ну, што гэта? –
Мужчыны ўсе тут загудзелі,
Ды дружна так яны населі,
Што Ганна тройчы прыгубіла
І чарку ўсю перакуліла.
– Ну, во гэтак, малайчына,
Хай будзе ж добрая часіна!
– Ой, буду п'яна – ашаломіць.
– Касцей гарэлка не паломіць! –
Крычыць Базыль. –
Здароў будзь, Павал!
І галаву ён закідае
І спрытна чарку асушае,
Ды ломіць хлеба цэлы кавал,
Ды так жуе, што вушы ходзяць.
Мужчыны дарма час не зводзяць
І хутка чаркі асушаюць,
Гаспадарам дабра жадаюць
І добрай долі ўсім дазвання
І ціснуць рукі на расстанне.
Карусь Дзівак часінай тою
Насіўся з восямі, з трайнёю,
У воз іх глыбей запакоўваў,
Ў сярэдзіну рагач засоўваў
І накрываў яго цабрамі,
Каб не знайшоў Міхась часамі.
І воз ён свой у кут стаўляе,
Астацца ззаду патрапляе.

Мужчыны выйшлі на двор з хаты.
– Ну, варушы, Скарабагаты! –
Сказаў Базыль свайму суседу. –
Я за табою, брат, паеду.
І рад нагружаных хурманак
Паволі зрушыў, мінуў ганак
І ў лес чуць значнаю трапою
Пацягся мернаю ступою.
І цяжка, цяжка Ганне стала,
Як бы ў грудзях там што апала,
І сэрца жаласцю заныла;
І ўсё тут стала так няміла,
Што ўжо тут больш ёй не цярпелась
І бегчы ў свет адтуль хацелась,
Абы не бачыць сцен тых голых,
Куткоў пустых і невясёлых.
Ўжо конь запрэжан і чакае,
Капытам дол б'е нецярпліва.
Тым часам маці тарапліва
Закон дзядоў сваіх спаўняе:
Кладзе кусочак хлеба з соллю
Пад красны кут у завуголле,
Апошні раз глядзіць на хату,
Дзе многа дробязі на страту
Пайшло ў час гэты перабору.
– Ану, ты, маці, ідзеш скора? –
Міхась з двара яе пытае;
І маці хату пакідае,
Бо ёй самой тут не цярпіцца,
І з плачам хрысціцца, садзіцца,
Дзе дзеці дробныя сядзелі
І скарб быў зложан даражэйшы.
Алесь і Ўладзя, сын старэйшы,
Пайсці пяхотам захацелі
І з дзядзькам лесам гналі статка.
Апошні раз пустая хатка
З-за груш высокіх паказалась
Ды за узгорачкам схавалась;
І толькі комінак гаротна
Над дахам высіўся маркотна
Ды студні вочап адзінока
Тырчаў над хатаю высока;
Гуменца смутна пазірала
І быццам поглядам пытала:
«Куды яны ад нас з'язджаюць?
Чаму адных нас пакідаюць?»

Новая зямля

Якуб Колас

 

  
ДА ЗМЕСТУ


ДАЛЕЙ