|
XI. ДЗЕДАЎ ЧОВЕН
Міхал вайшоў у хату злосны. – Ах ты, вар'яце безлітосны! За што ты лаеш? за што хаеш? Што да мяне ты, скажы, маеш? Чаго чапляешся слатою, Каб ты не ведаў век спакою! А прападзі ты, гад шалёны! – І доўга сыпалісь праклёны, Пакуль Міхал свой гнеў не выліў. – Але ж і я яго зажыліў! І зразу змоўк, сабача морда! – Міхал прамовіў досыць горда. – Прагоніць вон – хай праганяе, А служба знойдзецца такая: Мяне сам князь у замку знае! – І маладзец, – гаворыць жонка, – Ды трэба больш было насыпаць, Каб аж пайшло калоць пад кіпець, Каб ззелянеў ён, як зялёнка. Прагнаць! за што? Украў, ці што, ты? За лес спраўляеш сабе боты? Ці прапіваў дабро скарбова? Не будзе гнаць цябе за слова: Няма прычын. А папусціся, Тады ідзі ты хоць тапіся. – Ото ж зараза! от халера! От дачакалі сабе звера! Прыпільнаваць бы дзе брыду, – За «гітал», падлу, ды ў ваду! Парваць бы ноздры качарэжкай Або глузды адбіць даўбешкай; І не было б табе граху: Забіў, як вош або блыху! – І дзядзька моцна абурыўся І разважаць яшчэ пусціўся: Ці быў бы грэх, ці грэх не быў, Калі б падлоўчага забіў?
Міхал, сказаць, крыху баяўся Размовы з ім; ён спадзяваўся, А што, як скажа выбірацца?.. Такі пабайваўся, прызнацца, Бо што ж? няма дзе разгарнуцца, Няма дзе, брат, табе прыткнуцца. Ды ў той жа дзень наказ быў даны Ісці Міхалу пад буданы Сачыць ваўкоў. Ну, значыць, квіта! Прайшла гарачка і нябыта. І праўда: ўсё сышло, ні слова. І нават з ім была размова І гаварыць з сабой даваўся – Не тым, зусім не тым здаваўся! І ўсе згрызоты нейк адселі, І ўсе тут зноў павесялелі Ды зноў рабілі свае справы І для карысці, і для славы.
Цяпер дазвольце вы ўжо мне Сказаць аб дзедавым чаўне. Калі казаць пра човен дзедаў, То трэба ўжо, каб кожны ведаў Пра дзеда Юрку хоць бы змала. Перш-наперш Юрка – цесць Міхала, А стала быць, яго сваяк; Затым – дзед Юрка быў рыбак. Ды рыбакі не ўсе аднакі – Свае ў іх густы і адзнакі. Дзед меў да сецей нахіленне, А вудзіць – не: не меў цярпення І не любіў наогул вуды І гэтай вудавай маруды, Бо вуды любяць больш паны І, выбачайце, свістуны; Хоць, праўда, хлеб ядуць і з вуды, Але не ўсе і не заўсюды. Вось невад – о! другая справа – Тут, брат, не вуда, тут – аблава! І волак можна пахваліць: Ім можна здорава лавіць. А лепш за ўсё, мае браткі... Сказаць вам? венцер, нераткі! Ды толькі трэба мець знароўку, Каб не страляць у саракоўку, Бо трэба ведаць, дзе паставіць, Ды ўмець і венцер добры справіць. Мастак быў дзед на ўсё на гэта: Лавіў нямала ён за лета; Былі ліны, язі і плоткі – Лузаў дзед добра сабе злоткі: Было за што кручок загнуць, Было і ў краму з чым зірнуць.
І любяць дзеда Юрку ўнукі, Яны цалуюць яму рукі, А дзед у плечы іх цалуе І абаранкам патрактуе. Цукеркі дзеду – не, не любы, Няхай іх качкі: псуюць зубы, Дык лепш не знаць іх, ну іх к ляду, Гэту дзявочую прынаду! Звычайна дзед быў вельмі ціхі, Не падымаў нідзе шуміхі, Але быў сталы і разумны, Такі разважлівы і ўдумны – Ну, чалавек старога складу, Калі што скажа, то да ладу, Але дзе крыўда і махлярства – Тады дзед меў адно лякарства – Не паглядзіць ён, хто такі ты: Хоць чорт, хоць д'ябал знамяніты, Пляваць яму на тваю масць, Але ўжо чапаласу дасць. Адзін на ўсіх пайсці гатовы, Без разважання, без размовы! Ну, а калі дзед падгуляе, Тады ён йзноў адменнасць мае, Тады ён нават і бушуе І трохі сына памуштруе; Але пад гэтым бушаваннем Хавае гумар з насміханнем: Больш жарты строіць, чым ваюе. – Язэп, ўставай!– крычыць ён сыну. – Ўставай у гэтую ж хвіліну! – Бярэ дзед ноты ценаровы, Нібыта злосны яго бровы. – Чаго да хлопца прывязаўся? Лепш лёг бы каменем. Набраўся! – Гаворыць баба і сярдуе, А дзед яе як бы й не чуе. – Ўставай, лайдак, маліся Богу! – Язэп варушыцца ў бярлогу, Ўстае, пачухваецца, плача: Што-то за доля, за бядача! Ці ён распуснік? ці ён збойца? – Ну, кленч!.. хрысціся! ў імя Ойца!..
Язэпа трохі дзед павучыць, І памуштруе, і памучыць, Бо трэба ж іх адукаваць І паслушэнству навучаць. Яшчэ на дзеда паглядзеце, Калі дзед вып'е на банкеце. У дзеда шчокі румянеюць, У дзеда вочы весялеюць, Гарохам дзедаў смех якоча, А сэрца руху, шуму хоча. «Эх, ешча-шчышча! Ешча-шчышча!» Тут дзед і цмокае, і свішча, Як салавей з сіваваронкай, Ды як зальецца песняй звонкай!.. Не! дзеду трэба болей руху, І дзеду цесна ў тым кажуху. Кажух на лаву дзед скідае І бубен-рэшата хватае, Бубніць у вечка чым папала Ды як прышчоўкне! ды прыўдала! Тут вам і полька, і мазурка... Такі быў дзед, нябожчык Юрка!
І дзядзька быў рыбак выдатны, Хоць больш урыўкавы, прыватны, Але лавіў-такі нямала, І дзядзьку ў рыбе шанцавала. Бывала, пострыжні прыправіць, На шчупакоў нясе і ставіць. Глядзіш – о, добрая мінута! – Шнур з вілак спушчан, палка ўгнута, Схапіў жыўца шчупак і свішча, Дастаў – ў два локці шчупачышча! І з вудай дзядзька шчасце мае: Язёў занадзіць і кілзае; Язі ў тры хунты і ў чатыры! Агледзіць дзядзька букты, віры, Картофель зварыць і гароху, І надзіць рыбу ён патроху.
Лавіў наш дзядзька нераткамі І венцярамі і сачкамі, Ды аднаго ўсё ж бракавала: У дзядзькі чоўна не ставала.
Каля адрынкі пад страхою У дзеда Юркі сіратою Валяўся човен так, без дзела, На сонцы сохла яго цела, І човен, праўда, ўжо няновы. Дзед Юрка быў рыбак скарбовы, Скарбовай чайкай карыстаўся, А ўласны човен так валяўся, Як бы ў адстаўцы той сенатар, Хоць на чаўны дзед быў аматар. Дзед Юрка дзядзьку паважае І да яго прыхільнасць мае: Антось не знае такой моды Рабіць у рыбе перашкоды, І глупства ён рабіць не стане, І ў венцер дзедаў не загляне. – Бяры, Антось, ты човен гэты. Рассохся трохі ён за лета І сям-там нават пакалоўся, І шашаль, можа, дзе завёўся, Але, агледзеўшы, нічога: Яшчэ паслужыць мала-многа. Антось, як сонца, засвяціўся: Даўно аб чоўне ён смуціўся. Дадому дзядзька ехаў лёсы, Кладзе ён човен на калёсы, І едзе наш Антось вясёлы, І з ім падсмейваюцца й колы. На рэчку човен ён спускае – Няхай сабе тут намакае; А там, управіўшысь з сяўбою, Залье Антось яго смалою, Агледзіць і заканапаціць, А дзе і бляхаю прыхваціць. «Засвішча човен мой стралою!» – Так думаў дзядзька сам з сабою. Пакуль Антось канчаў работу, На рэчцы човен меў турботу: Як толькі добра сонца ўгрэе, Кастусь у чоўне ўжо дурэе Без нагавіц, ў адной кашулі, І хоць за ногі мыцкі тнулі, І запускалі як бы спіцы, Але скідаў ён нагавіцы, Бо так спрытней быць каля чоўна І нагавіцы – рэч умоўна. Зазнаў тут бедны човен гора: Каламі Костусь яго пора, І ва ўсе бокі яго круціць, І толькі воду каламуціць, Бо тут гразі больш, чым вады, І мулу, рознае брыды. Бубніць тут човен, ходзіць рэха – Такая хлопцу з ім пацеха! Антось на човен свой як гляне – І весялей на сэрцы стане: Які б ні быў, а ўсё чаўнок, І шчылін мала, як намок. Тым часам дзядзька ненарокам Глядзеў на човен добрым вокам. Дзянёк ён выбраў больш-менш вольны, Ідзе вясёлы і давольны. На бераг човен выцягаюць, Алесь і Костусь памагаюць. – Набок вярнеце, дном угору! Палечым зараз, наш ты хворы! – Да чоўна дзядзька так звярнуўся І тут жа зараз завінуўся. – Бярэце пакулле і спіцы... Памчымся мы на ніз крыніцы, Аж толькі вецер засвідруе! – Язду ўжо дзядзька тут смакуе. – Вы шчыльна, шчыльна затыкайце! Што наймацней, брат, забівайце! Ды дружна, борзда канапаціць, Каб час не зводзіць і не траціць!.. Стары ўжо, падла, і трухлявы: Увесь, як рэшата, дзіравы, – Гаворыць дзядзька ў час работы, Сабе, другім дае ахвоты. Ідзе работа і размова – І канапачанне гатова. Смалою трохі засмалілі І на ваду чаўнок спусцілі. Але тут цесна, вады мала, І дно аб землю шаравала. А дзядзька хоча дзеля спробы Дальш з гэтай выбрацца трушчобы: Там, далей, рэчка не такая І глыбіні даволі мае. Праз плот чаўнок гуртом куляюць, На ніз паволі прапіхаюць, А дзядзька сам садзіцца ў човен. «Плыве човен, вады повен, Ды ўсё – хлюп! хлюп! хлюп!» Спяваюць хлопцы і жартуюць, І дзядзька з чоўнам дальш шыбуюць. А дзядзька важны выгляд мае; Замест вясла прысок трымае, А твар яго, як сонца, ясны, Бо гэты човен – яго ўласны, І не цячэ ён ані-ні; Чаўнок, куды ні павярні. І трэба ўсё-такі зазначыць – Такой працэссі вам не бачыць: Алесь і Костусь човен пхаюць, Падол кашуль ў зубах трымаюць, А дзядзька ў чоўне – сонца ў коле! Тым часам човен і на волі, Бо тут глыбока рэчка грае, І хлопцам пуп вада мінае. – Ну, годзе, хлопцы, досыць вам: А ну-ткаль спробую я сам! – І дзядзька ўжо тут адразэчку Пачуў, што выехаў на рэчку, І гэта яснасць сходзіць з твара. Бярэ ён прыс, ён повен жара. Рашучасць думкі, смеласць руху, – Эх, колькі сілы, колькі духу! Зусім істота ў ім другая! На прыс ён разам налягае Ды на нагах калі прыгнецца! Тут човен раптам як рванецца, Бы той спалоханы шчупак! Герой наш дзядзька, наш рыбак, Адразу ў дзве бяды папаўся: Перш-наперш прыс у гразь вагнаўся, А човен носам – трах у дрэва! А дзядзька раптам – гоп налева! І ногі ў портках адмысловых – Не проста ў зрэбных – шарачковых– Адно ў паветры бурканулі Ды ў воду ўмомант баўтанулі! Ўсхапіўся дзядзька мокры, брудны, А вынік спробы той паскудны: Чаўнок – не човен, а карыта, І нос і частка дна адбіта; Прысок тырчыць, як струп на плеху, А хлопцы поўзаюць ад смеху, А дзядзька сам – цар без кароны І выгляд – мокрае вароны!
|
Новая зямля
Якуб Колас |
|