|
XIV. ДАРЭКТАР
Зварот пары, зніканне лета... То – водгулле душы паэта, То – смутны вобраз развітання, То – струн дрыгучых заміранне, Натхненнай песні жаль сардэчны, Жыцця і смерці – сымбаль вечны! І люб і смуцен час прыгоды, Калі душа ўсяе прыроды З тваёю злучыцца душою Ў адным суладдзі і настроі! І ты маўчыш, маўчаць і далі, Як бы ў адной агульнай хвалі, Ў адной асветленай часіне Жыццё злучыла свае плыні І бег свой вечны прыпыніла, І неба твар свой адчыніла. На залаты парог паўдзення Скрозь бела-руннае адзенне У багне неба ясна-сіняй Ступае сонца, як багіня, І стрэлы-косы раскідае, Як чараўніца маладая. Пад гэтай ласкаю зіяння, Ўспагадна-добрага ўзірання, Ўсё заспакоілася: неба, І поле знятага ўжо хлеба, І гэта даль, і лугавіны... На ніцях белай павуціны Прывозяць восень павучкі. Яе красёнцы, чаўначкі У моры лесу мільгатнулі І лісце ў багру апранулі; І з кожнай лісцевай галоўкі Глядзіць твар восені-свякроўкі. Павее ветрык – шурхнуць травы: Няма ў ім ласкі, ні забавы. Не – то не шолах каласочкаў, Не смех блакітных васілёчкаў У межах росных збажыны; Не – то не музыка вясны, А ціхі жаль і нараканне, З жыццём і з сонцам развітанне. Шыбуюць гусі ў край далёкі І жураўлі ў той самы край. – Бывай жа, лецейка, бывай! Бывайце, родныя валокі!
– Ну, – кажа раз Міхал, – як будзе? Ўжо вучаць дзеці ў школцы людзі; Пара б і нашым за навуку... Аддаць у школку іх – не ў руку: Давай харчы, наймі кватэру... – І бацька тут, як на паперу, Стаў вылічаць расходы, страту І кончыў тым: лепш к сабе ў хату – Не трэба й кланяцца Яхіму – Наняць дарэктара на зіму, Ну хоць бы Яську Базылёва. – Дамо рублёў тры і – гатова! А хлопец спрытны да навукі. – Ну, Яська – майстар на ўсе рукі: Як да сярпа, так і да кнігі. Але ці будуць хлопцы слухаць? Каб не прыйшлося часам нюхаць Яму ад вучняў сваіх хвігі? – Антось заўважыў. – Як-то хвігі? Няхай асмеляцца, псялыгі!– Ўскіпеў Міхал: – А гэта што? Як адсвянцаю разоў сто, Як адлуплю – тры дні не сядзе! – Тут вочы ўніз спускае Ўладзя Ды слова ўставіць смеласць мае: – Я больш забыўся, як ён знае... – О, ты разумны! ты ўсё ўмееш. А пяць ды два не зразумееш: Дурны ў задачах, як дубіна! – Спыняе бацька грозна сына. – Але вучыцца мне без дуру, А не – як з гада спушчу скуру! Ўсё разумець павінны самі! – І бацька ўсіх абвёў вачамі, Кіўнуў выразна на аборку. На тым і кончылі гаворку. Яшчэ дарэктар не з'явіўся, А Ўладзя хлопцам пабажыўся, Што ён за вуха ўзяць не дасца, Няхай лепш возьме яго трасца!
У дзве нядзелькі па Пакровах Прывезлі Яську ў лапцях новых; За ім два боты без абцасаў – Насіў іх Яська з даўніх часаў, Ад брата «Кіксы» дасталіся – На ўсякі выпадак нясліся. – Ну, вось дарэктар вам, глядзеце! – Міхал ківае тут на Яську. – За кнігі заўтра і за ўказку, Бо грошы бацькавы – не смецце, Каб мне вучыліся старанна! Не патураць ім анізвання! – Міхал звярнуўся к «дарактору»: – А не паслухае каторы – Цягні за вуха на калені: Знайду лякарства я ад лені! А будзе йсці навука туга, Падгоніць бацькава папруга! Стаялі хлопцы і маўчалі, На Яську зрэдку паглядалі; А сам дарэктар, з вузел ростам, Ў сваім уборы бедным, простым, У зрэбных портках і кашулі, Стаяў, як бы яго прыгнулі, Такім мізэрным і маўклівым, У халаце суконным сівым. Счакаўшы трошкі, ён ачнуўся, Прыйшоў у памяць, азірнуўся. Ён знаў усіх, і яго зналі; З Уладзем колісь сябравалі, Але цяпер не тыя часы Рабіць нязручна выкрунтасы, Бо цвёрда помніць, ведаць трэба: На ім ляжыць цяпер вучэба. Ён толькі летась скончыў школку І веды меў у адну столку, Ды й тых патраціў з палавіну, У поле гонячы скаціну. Таксама хлопцы разважалі І, як трымацца з ім, не зналі: Ці мець яго запанібрата, Ці лепш з ім быць далекавата. Уладзік зараз – шмыг у дзверы! (Такія меў ужо манеры.) Ды йшоў пыніць ён гаспадарку. З навукай хлопец штось не ладзіў, А Еўтушэўскі яго гадзіў, Ярэмцам клаўся ён на карку.
Алесь за комінак схаваўся, Адтуль на Яську прыглядаўся І думаў там сабе без шуму Якуюсь смешную, знаць, думу, Бо зрэдку ўголас усміхаўся. Яшчэ раз Яська азірнуўся, Павесіў шапку, распрануўся – Як вузел, хлопец невялічкі! Крыху маркотна з непрывычкі, Бо тут так ціха, глухавата; Лясы, кусты і адна хата; Тут жыць сапраўды страшнавата: Лагчыны, яміны, раўкі – Тут, пэўна, шворацца ваўкі І злыдні ходзяць, ваўкалакі... Папаўся ён тут, небарака! А лес пануры і страхлівы. Дарэктар наш быў палахлівы; Няма ні веры, ні надзеі На вельмі добрыя падзеі. Эх, цяжка жыць тут будзе, цяжка! І нават каецца наш Яська, Нашто даваў ён сваю згоду. Каб знаў – не ехаў бы ён зроду, Бо прападзе ён тут, як мыш, Але ўжо выпілі барыш, І сам ён чарку выпіў. Шкода! У запек Яська йдзе, садзіцца – Да дзела ж трэба прыступіцца! Хоць і папаў ён у няволю, Але выконваў сваю ролю, Бо так і гонар ты свой згубіш. – Ну, ты, Костусь, чытаць любіш? – Дарэктар Костуся пытае, Абы хоць гутарка якая. – Люблю, але яшчэ не ўмею: Складоў ніяк я не здалею. – Ну, гэта, брат ты мой, паўгора: Склады чытаць ты пойдзеш скора, Абы каб літары нам знаць, А на склады ўжо – напляваць. Паслібізуеш, і нічога – Не трэба розуму тут многа. А як Алесь? – Алесь вучыўся. Пісаць ён нават налажыўся, – Гаворыць Костусь пра Алеся. – Што ўжо з мяне вы смеяцеся? – Алесь аклікнуўся ім з печы. – Хоць і пішу, ды недарэчы; Калі што й ведаў, то забыўся, Бо ўжо даўно пісаць вучыўся. – Цябе ж нябось вучыў Лапата, – Ўступіўся Костусь зноў за брата, – Ты ў школе быў, Алесь, паўгода, Пісаў на дошцы «кучка», «мода», Пісаў і «конь», і «вецер вее»... Не, – наш Алесь пісаць умее! – Ну, гэта я-то трохі знаю, Хоць часам сам не расчытаю, Што напішу, – такі пісака, – Не расчытае і сабака. Алесь за бэльку сунуў руку, Раз справа ходзіць пра навуку, Дастаў сваю цятрадзь старую. – Вось паглядзі, як я малюю, Якіх я тут наставіў птушак, Каракуль розных, завітушак. Вось гэта – «кучка», гэта – «мода», А гэта – «конь», а тут – «калода»; А тут пісаў дзядзька Антось, Ён піша хораша, нябось, Няпраўда? можна падзівіцца. Ён штось пісаў тут яшчэ ўлетку, Як браў кабылу на заметку, Калі ёй трэба жарабіцца. Глядзелі ўтрох на гэты сшытак І ўсё разгледзелі да нітак. І хлопцы тут пасябравалі, Язык і Яську развязалі, Сышлі з навукі на другое: Зайшла іх гутарка аб тое, Чым гэты кут багаты, слаўны, Сярод звяроў тут лось быў глаўны. І вучням нават тут прыйшлося Сказаць дарэктару пра лося: Які вялікі ён, рагаты, Паджары і стрынгаляваты, Калі глядзець на яго ззаду, А з галавы – раголь-грамада! За ім шоў воўк, зайцы, куніцы І многа ўсякае драбніцы: Барсук, каза, лісы, вавёркі, Тхары, і ласіцы, і норкі. Дарэктар слухаў з захапленнем, Дзівіўся розным тут здарэнням: Як барсука ў Парэччы білі, Як тут куніц, тхароў лавілі, Які характар, нораў звера, Якая воўчая манера; Таго не чуў наш Ясь ніколі, Хоць быў чатыры гады ў школе. А на канцы, як пра гасцінец, Сказалі Яську пра звярынец, Каб скончыць тым усе навіны.
Звярынец – загарад казіны – Ўсё гэта – панскія забавы. І сам звярынец быў цікавы: Высокі, зложаны з бярвення І такі моцны – на здзіўленне! Каб воўк да коз не мог дабрацца Ні праз той верх, ні падкапацца – Не ўсунеш пальца там нідзе ты. Адным крылом звярынец гэты Сюды выходзіў на дарогу. Займаў ён цэлую разлогу: І лес, і луг, і часць крыніцы. Улетку ў ім растуць суніцы, Іх хлопцы бралі колькі шапак. У ельняку з яловых лапак Стаіць салаш, як тая хата. Раней тут коз было багата, Крыху наўперад, не ў іх часе, Ды тая плойма ўся звялася, Так перадохла яна марна; Цяпер жа ёсць тут толькі сарна Ды даніель, казёл адзіны, А рогі тыя, як галіны, Адно здарэнне аб казле тым, Што мела месца прошлым летам, Апавядалі хлопцы Яську, Як найцікавейшую казку.
А гэта справа так была. Каня ў кампанію казла Пускалі нанач у звярынец. І вось які казёл злачынец: З канём знаёміцца, сябруе, Так след у след і спацыруе, І разам ходзяць, і гуляюць, І разам ночы каратаюць – Ну, словам, сталі дружакамі. Ад дружбы к гульням пераходзяць, Ды тыя гульні часта шкодзяць: Казёл каня штурхець рагамі! Штурхель быў нагла-нечаканы, І ў жываце каня – тры раны!
Ідзе-цячэ ў хлапцоў размова – І Яська зрэдка ўставіць слова, Пра сёе-тое распытае – Размова ладная, жывая! Страхоў такіх тут наказалі, Што ў Яські коленкі дрыжалі, І нізавошта па вячэры Не смеў ён выйсці вон за дзверы; А перад тым, як спаць лажыцца, Ён мусіў к хлопцам паддабрыцца, І хлопцы цёмнаю парою Ішлі на двор з ім грамадою І там стаялі, не йшлі ў хату, Пакуль з натурай меў расплату. Затым у запек шлі і спалі, Туды ж і Яську яны бралі, Ён у сярэдзіне лажыўся, Ляжаў маўчком, не варушыўся, Абы не легчы толькі з краю: – Бо я з вас коўдру пасцягаю. Якое ж будзе вам тут спанне? – Казаў наш Яська ў апраўданне.
|
Новая зямля
Якуб Колас |
|