XV.  «НАЧАТКІ»

Мінула ночка. Дзень праз вокны
Знішчае цёмныя валокны,
На печ, у запек зазірае
І ночку з хаты выціскае.
У печы ўжо палаюць дровы,
І іх астатнія размовы
Так гучна, бойка застралялі,
Як бы паны запалявалі.
Хлапцы памыліся рупліва
І ўсе з дарэктарам пачціва
Пасталі ў рад прад абразамі.
– Маліцеся ж вы... са слязамі!
Каб даў Бог здольнасці, ахвоты
Да вашай новае работы,
Панятнасць добрую і памяць
Ўсё браць на розум вам і цяміць,
І каб да кнігі вас гарнула, –
Сказаў Міхал сынам прачула.
І хлопцы ў нейкім захапленні
Пасталі раптам на калені
І так набожненька малілісь,
Што аб падлогу лбамі білісь.
– А па сняданні – за навуку!
І не чакаць мне на пануку,
І самі знайце свой парадак,
Каб і да кніг, як да аладак,
Таксама дружна наляталі.
Дарэктар, хлопцы – ўсе маўчалі,
Схіліўшы ўдумныя галовы,
Пакуль цягнуліся прамовы.
– А ты, дарэктар, ведай дзела:
Прыпры іх добра, як вужакаў,
Каб аж заенчыў і заплакаў,
Каб у галовах іх кіпела!
Калі ж чаго не зразумее,
Або не ў часе задурэе,
Ці так падыме часам спрэчку, –
Стаў на калені і на грэчку!
«Ого! – падумалі хлапяты. –
Няўжо дарэктар так заўзяты,
Што будзе права сваё правіць
І на калені штодзень ставіць?
Ну, што ж? пабачым, памяркуем,
А здзеку, кпін не падаруем.
Няхай адно кране за вуха:
Як выйдзе ён на двор, псяюха,
Адзін без нас, як цёмна стане,
Тады што скажаш нам, Іване?»

Але навука аказалась
Не гэтак страшна, як здавалась.
Дарэктар выдаўся мяркоўны
І лепшы нават, як свой кроўны;
Умей з ім толькі пагадзіцца,
Раменным вушкам паддабрыцца
Ці падшыванку звіць на лапаць, –
За вуха ён не будзе цапаць,
Наадварот: тады ты – дока,
Ў навуцы пойдзеш ты далёка.
І толькі Ўладзя хібіў часта:
Задач ніяк не браў і – баста;
Як з ім дарэктар наш ні біўся –
Ні з месца, раз ужо спыніўся;
А не – на злосць яму гаворыць,
А то часамі з ім і спорыць
Ці проста дражніцца, смяецца
І ўзяць за вуха не даецца.
Тады дарэктар адступаўся
І да другога зварачаўся.
Ды толькі вось чым скутак дрэнны:
Міхал быў сам крыху пісьменны
І падлавіў ён раз Алеся:
Ў законе божым, як у лесе,
Не цяміў хлопец нічагутка;
Адам і Ева, збойца Каін
Разоў пятнаццаць ім аблаен,
Але няма ўсё таго скутку:
Два словы скажа і запнецца,
Бы галава там чым заткнецца,
Ну проста зробіцца як звон,
Алеся лаюць за закон:
– Ото бяспамятны дурніца!
Бадай ты спрогся быў, тупіца! –
Смяюцца, строяць з хлопца кпіны,
Няма спакою ні часіны.
Алесь пакутуе і плача:
Надыдзе ж гэтака няўдача!
І вось, зашыўшыся на печы,
Ён разважае недарэчы:
Як тут зрабіць і што парадзіць?
Куды б «закон» яму справадзіць?
– Згарэлі б вы былі, «начаткі»!
Парву нашчэнт вас, небажаткі!..
А што ж? пакромсаць іх, і квіта!
Абы зрабіць тут шыта-крыта!.. –
Алесь па сталым разважанні
Прыйшоў да тога праканання,
Што каб палепшылась вучэба,
То гэту кнігу знішчыць трэба.
І вось уночы наш дабродзей
Ўстае і крадзецца, як злодзей,
І кнігі з скрынкі выкідае,
І пад сталом іх растрасае,
А ненавісныя «начаткі»
Парваў па самыя акладкі:
«Вось вам, Абрам, Ісак і Якаў!
Паплачце вы, бо я ўжо плакаў!»
Зрабіўшы строгую расправу,
Ён кінуў далей іх пад лаву,
Як быццам тут каты гулялі
І штук такіх навытваралі
Сваімі гульнямі і скокам,
І скрынку ставіць Алесь бокам.
Паслухаў: не – ніхто не чуе,
І ў запек ціхенька шыбуе.
Назаўтра раненька дасвету
Руплівасць матку падымае.
Яна ўстае, крыху ўздыхае,
Работа розная чакае,
І рух находзіць на кабету,
Карчажку паліць на камінку,
Садзіцца прасці на часінку,
Пакуль у печы не падпаліць,
Тады работа ўся наваліць.

І дзядзька зараз абудзіўся,
У вокны глянуў – мо спазніўся.
– Ох, трэба ж борзда абувацца
І з малацьбою паспяшацца,
Бо мышы збожжа й так паелі, –
І злазіць борздзенька з пасцелі.
Алесь не спіць – ён у трывозе:
Што на сягонняшняй дарозе
Яго з «начаткамі» чакае?
Як сойдзе хітрасць яго тая?
А як успомніць пра «начаткі»,
Так і палезе душа ў пяткі.
Абуўся дзядзька, штось шукае
І раптам голасна пытае:
– А во! хто ж кнігі так раскідаў?!
Алесь нічым сябе не выдаў,
Заплюшчыў вочы і чакае,
Чакае, што тут далей будзе.
– Скажэце, міленькія людзі!
Мае ж вы родненькія маткі!
Як расчвартованы «начаткі»! –
Пад лавай дзядзька вядзе следства.
– Якое зроблена калецтва! –
І маці прасці перастала,
Глядзіць і дзівіцца нямала.
– Каты напэўна, – кажа маці, –
Бо гэтак бегаюць па хаце,
Калі разыдуцца часамі!
Алесь падзячан добрай маме,
Бо маці ў тон яму трапляе
І на катоў віну ўскладае.
І бацька ўстаў на гэту справу
Пабачыць дзіўную праяву.
«Ўсё будзе добра, калі тата
Не надта возьмецца заўзята», –
Алесь пад коўдрай разважае,
І страх мацней яго шугае.

Да кніжак тут усе сышліся,
І разважанні пачаліся.
«Начаткі» доўга разглядалі,
Як іх «каты» пашматавалі.
Алесь за печчу весялее,
Але падняцца ён не смее,
Каб там чаго не наплясці,
На след старэйшых не ўзвясці...
«Не: трэба ўстаць, устаць, канечна,
Бо так ляжаць, брат, небяспечна!»
Яго аж коле пад лапаткі.
Ўстае, глядзіць ён на «начаткі»,
Глядзіць ды ў слёзы! Як заплача!
«Ах ты, халерына кацяча!»
Алесь прыйшоў у гнеў, у дзікі,
І ў абурэнне, жаль вялікі,
Катоў ён бедных б'е, ганяе,
За хіб у сені выкідае,
Як бы яму тыя «начаткі»
Мілей і бацькі, мілей маткі.
– А гэта Каіну не шкодзіць:
Нашто ён Бога ў зман уводзіць?
Няхай братоў не забівае!
«Начаткі» дзядзька разглядае,
Ківае хітра на Алеся:
– Няма ні Сіма, брат, ні Хама,
Падралі ў дрэбезгі Адама,
А Ева дзесь сядзіць на стрэсе,
Нідзе не знойдзеш Саламона,
Кот на хвасце панёс Самсона.
Тут, брат, Ісая і Агей,
Прарок Ілья і Елісей.
Пастаў цяпер ты Богу свечку,
За цэп бярыся ды за грэчку,
«Начаткі» ж сунь ідзі пад стрэху!
І аж заходзіцца ад смеху.
– А каб яны павыдыхалі!
Чаму задачніка не рвалі? –
Сказаў Уладзя ў засмучэнні:
– Дае ж такія Бог здарэнні,
Але не мне яны трапляюць,
Мяне заўсёды абмінаюць.
Тут нават бацька не стрымаўся
І нечакана засмяяўся.

Алесь пачуў – мінула ліха.
І сам сябе ён хваліць ціха,
І так на сэрцы праяснілась,
Як бы гара з плячэй скацілась.
І думаў ён і пацяшаўся,
Што ўжо з законам паквітаўся,
І цэлы дзень ён быў вясёлы,
Як бы яго няслі анёлы.
Ды памыліўся ён без меры:
Прыходзіць бацька па вячэры,
Алеся з запеку ён кліча
Ды ў нос «начаткі» яму тыча:
– Глядзі ж ты іх цяпер, як вока:
Папруга ўжо не так далёка;
Калі каты іх зноў парвуць,
То пухіры тут паўстаюць! –
І тое месца сына-блазна
Айцец паказвае выразна.

Алесь, у смутку джургануўшысь,
Пашыўся ў запечак, сагнуўшысь.
І доўга ён заснуць не можа:
Зноў Лот, Абрам... Мой моцны Божа!
Ўваччу «начаткі» мітусяцца,
Ад іх няможна адвязацца;
Зноў тая самая бядота,
Зноў слёзы, крыўда і згрызота.
Адно Алеся суцяшала –
І Кастуся бяда спаткала:
Кастусь на «веруі» сеў макам, –
Абодвум кепска, небаракам!
І кажа раз Алесік брату:
– Закінем кнігі ў снег, за хату, –
Ты «верую», а я «начаткі»,
І пойдуць іншыя парадкі.
– А будуць біць? – То што? паплачам,
Затое ж потым мы паскачам.
– А тата кніжак зноў дастане?
– Ну й што? і тым дамо мы рады,
А там падыдуць і Каляды,
А там, дасць Бог, вясна настане...
Эх, брат: які ты баязлівы!
Не бойся, Костусь: будзем жывы!
Чаго баяцца? нічагутка!
Закінем іх у снег ціхутка.
А ты маўчок! ні шэп! ні слова,
І ўсё, брат, пойдзе адмыслова.
– Не, брат Алеська, не рабі ты,
Бо тата наш такі сярдзіты!
– Дык ты не хочаш? – Не: баюся!
– Адзін і я, брат, адступлюся, –
Сказаў Алесь і засмуціўся
І ў свае думкі углыбіўся.
На скорым часе ранічкою
Алесь у кепскім быў настроі:
Хадзіў, бурчаў, не змоўчваў маме,
Ўсё дагары вярнуў нагамі.
– Бадай яны былі згарэлі!
І дзе чарты іх тут падзелі?..
– Чаго ты шворышся, мармотка? –
Ў пытанні маткі злосці нотка
Зусім Алеся угнявіла.
Зірнуў на матку ён няміла.
– Няма «начатак»! – Зноў «начаткі»?
Калі ўжо будуць ім канчаткі? –
Ён ператрос і вугалочкі,
Як ёсць, аблазіў і куточкі;
Глядзеў за бэльку і ў пячуру,
Падняў такую шуру-буру,
Што хоць ты з хаты выбірайся
І тых «начатак» адцурайся.
Алесь раскіс і не ў гуморы.
– Мо іх забраў Марцін з каморы?
(Марцін нядаўначка з кватэры
Прыносіў нейкія паперы.)
Алесь Марціна прыплятае
І ўсё шукае ды шукае,
І не знаходзіць сваю страту.
З гуменца бацька шусь у хату!
І, не гаворачы нічога,
Рвануўся раптам да малога!
Аж задрыжаў. І ў момант вока
Ўгары матнуўся пас высока
І ў тую ж самую хвіліну
Агнём апёк Алесю спіну.
Алесь заенчыў праразліва,
Упаў і зноў схапіўся жыва,
А дзеці ў плач, у енк, у слёзы,
І ўсе разбегліся, як козы;
А бацька, страшны, поўны злосці,
Алеся лупіць без літосці;
І маці рады даць не можа –
Так моцна бацька абурыўся.
Даў Бог, Ксавэры налучыўся.
– Пакінь, Міхал! пакінь, нябожа!
Апамятуйся, ці так можна?
Насмерць заб'еш неасцярожна! –
Прыбег і дзядзька на падмогу,
Насілу вырвалі нябогу.
А бацька сек, пытаў скрозь гнеў:
– Куды «начаткі», гад, задзеў?
Алесь без вопраткі і босы
Бяжыць у снег, проставалосы,
За хлеў ён чэша без аглядкі:
– А во яны! а во «начаткі»!

І мушу я адно зазначыць,
Няхай тут праўду кожны ўбачыць,
Што гэта прыкрае здарэнне
Пайшло яму на паляпшэнне.

Новая зямля

Якуб Колас

 

  
ДА ЗМЕСТУ


ДАЛЕЙ