XVI.  ВЕЧАРАМІ

Малюнкі родныя і з'явы!
Як вы мне любы, як цікавы!
Як часта мілай чарадою
Вы ўстаяце перада мною!
І так панадна смеяцеся
Жывою баграю на лесе,
І златаблескімі снапамі
Праменняў-стрэлаў над палямі,
І брыльянцістаю расою,
Калі гарачаю касою
Скрозь лісцяў сетачкі-аконцы
На ёй заззяе ціха сонца,
Яе так песціць, так кахае,
Па ёй вясёлкі рассыпае!
Я бачу роўныя пакаты
Палёў за Нёмнам і іх шаты –
Аўсоў палоскі, лавы жыта,
Што морам золата разліта;
І грэчак белыя абрусы,
І лесу два крылы, як вусы,
І цёмны роў, вадой прабіты,
Такі зацяты і сярдзіты;
Ялоўцаў шэрыя аблогі,
Дзе белы мох, сівец убогі
Пясочак жоўты засцілаюць
І дзе зайцы прыпынак маюць.
Я чую шум рознагалосы
Лясоў, лугоў, дзе звоняць косы
У часе дружнай касавіцы;
Я чую громы навальніцы,
І шум глухі буйных дажджоў,
І песні звонкія палёў,
І ціхі плач ускрай магілы.
Даўно заціх іх голас мілы,
Даўно ўсё змоўкла і прапала,
Іх толькі памяць захавала.

Але нявіднымі ніцямі
Я моцна-моцна звязан з вамі,
Малюнкі роднае краіны!
Эх, зараслі вы, пуцявіны
У гэты мілы мой куточак,
Дзе ные жоўценькі пясочак
Пад летнім сонцам, пад спякотай
І ззяе смутнай пазалотай
Над самым Нёмнам срэбраводным,
Так сэрцу блізкім-блізкім, родным.
І зараслі не палынамі,
Не крапівой, не драсянамі,
Не чаратом, не лебядою –
А беларускаю бядою.
Ды покі будзе сэрца біцца,
Яно не зможа пагадзіцца
Ні з гэтым гвалтам, ні з бядою
Над нашай роднаю зямлёю...

Эх, мілы край адвечнай мукі!
Пракляты будзьце, вусны, рукі,
Што на цябе ланцуг кавалі
І ў твар зняважліва плявалі!
Няхай агонь і жар пакуты
Навекі спаліць здзек той люты,
Які спрадвеку там пануе,
Над тым, хто родны скарб шануе
І хто ўсім сэрцам і душою
Астацца хоча сам сабою.
Жыві ж, наш край! Няхай надзея
Гарыць у сэрцы і мацнее,
Што хоць не мы, дык нашы дзеці
Убачаць цэльным цябе ў свеце!

Алесь на дзеле праканаўся,
Што ён дарэмна марнаваўся
І што ўжо больш няма збавення,
Як толькі ўзяцца за вучэнне,
Як гэты клопат не марудны.
І што ж? закон быў не так трудны, –
Ужо па той адной прычыне,
Што ён запісан быў на спіне
(А ў сэрца ўложан сам сабою),
І ўсё пайшло сваёй чаргою.

Цяклі дзянькі ды йшлі нядзелі,
І час тут вольны хлопцы мелі,
Вучылісь толькі да абеду,
Вучылісь нават не без следу.
І Костусь, мушу я прызнацца,
Ўжо ўмеў на дошцы распісацца,
Што вельмі цешыла Міхала
І гонар бацькаў падымала.
Удзень, як лекцыі канчалі,
На рэчку хлопцы выбягалі
Крыху пакоўзацца па лёдзе
Ці так пабегаць на свабодзе,
У снег залезці па калена,
А то насілі козам сена –
Ў звярынцы козы зімавалі –
І ім палонкі прасякалі.
І сам дарэктар клышаногі
Не горш ад вучняў бег з дарогі,
Гайсаў па снезе, распускаўся
І штурхалямі захапляўся.
А як надарыцца часамі
Яму спаткацца там з казамі,
Тады крычаў ён благім матам,
Тады рабіўся ён вар'ятам, –
Такая радасць пашыбала,
Так хвалявала, захапляла.
І гэту радасць, міг шчаслівы,
Выказваў крыкам праразлівым.
– А я-я-яй! А я-я-яй! –
Крычаў, хоць вушы затыкай.
Другі раз хлопцы валяць валам
У ток да дзядзькі ўсім кагалам.
На току ў дзядзькі, бы ў святліцы,
Маркотна свеціць блеск газніцы;
Дрыжыць агоньчык сіратліва,
У бокі ходзіць палахліва.
На месце ўсё тут і прыбрана,
Так гладка ўсё дапасавана.
А тыя ж граблі ці цапочкі!
Ну, толькі цешыць імі вочкі!
У рукі возьмеш – працы хочуць,
У дзела пусціш – зарагочуць!
А як наш дзядзька час там бавіць!.
Ён не працуе – імшу правіць!

Вось як жывога дзядзьку бачу,
Я тут партрэт яго зазначу.
Ён невысок, не надта ёмак,
Ды карчавіты і няўломак,
А волас мае цёмна-русы,
І зухаўскія яго вусы
Умеру доўгі, густаваты,
Угору чуць канцы падняты;
А вочы шэры, невялічкі,
Глядзяць прыветна, як сунічкі,
Але раптоўна і адразу
Не расчытаеш іх выразу:
То смех, то хітрасць з іх бліскае,
То дабрата, але якая!
А нос... я глянуць мушу ў неба,
Бо не патраплю, як пачаць
І з чым нос дзядзькаў параўнаць,
Каб выйшаў ён такі, як трэба:
Ну, нос кароткі і таўсматы,
Ды досыць спрытны, хоць кірпаты.

Антось наш дбалы, акуратны,
А пры рабоце які здатны!
Што ні замысліць, то ўсё зробіць
І так прыгоніць, так аздобіць,
Што і для вока нават міла.
І ўсё выразна гаварыла,
Што ён не толькі гаспадар,
Але й прыроджаны штукар,
Якіх на свеце не так многа.
За дзядзьку людзі просяць Бога:
Каму ён толькі не спрыяе,
Каго з бяды не вызваляе!

У дзядзькі цэлы спрат запасаў –
Не любіць дзядзька пустаплясаў.
Вось вы зірніце ў хлеў на вышкі!
Там многа яблынін на лыжкі,
Там ёсць ігруша і кляніна,
Якая хочаш дравяніна:
Грабільны, коссі, клёпкі, восі...
Няма трайні – йдзі да Антося.
І людзі дзядзьку шанавалі,
А на кірмашы частавалі.
Каса чыя нядобра косіць –
Няхай Антося ён папросіць:
Антось наладзіць – так дагоніць,
Тады пабач, як загамоніць!
Каса не косіць – каса брые
І шчытнякі бярэ сухія,
Бо ў дзядзькі рукі залатыя.

Каб дапісаць партрэт Антося,
Скажу: на свеце не знайшлося
Ні ўдоўкі-любкі, ні дзяўчыны,
Каб палучыць дзве палавіны,
Каб разам шчасце здабываць
І поруч долю падзяляць.
І я тут сам за дзядзьку мушу
Назад старонку адгарнуць,
І аб вясне яго ўздыхнуць,
І добрым словам яго душу
Яшчэ раз шчыра памянуць.
Была вясна, было імкненне,
І сэрца ведала тамленне,
І сэрца водгук сэрца чула,
І сэрца к сэрцайку гарнула.
Ды толькі ж доля не судзіла,
І любка-Наста, яго міла,
Што так клялася, цалавала
І к сэрцу з жарам прыхіляла,
Што так суліла шчасця многа, –
Яго змяняла на другога!
Антось... Ды што!.. цяпер забыта,
Даўно пажалі тое жыта
І тыя межы зааралі,
Што дзядзькаў смутак калыхалі.

– Ну, хлопцы: зараз дамо жару!
Саб'ем пасадаў яшчэ з пару.
Снапы ў радочкі палажылі,
Так і дзяды яшчэ вучылі,
Каб каласы ды з каласамі,
А да пярылаў гузырамі.
– Ну, грымнем, хлопцы, каб звінела!
І пяць цапоў ідуць у дзела!
Не малацьба, а бубнаў хоры!
Здаецца б, цэпам вадзіў хворы!
Бічы кладуцца так рытмічна,
Само гудзенне іх музычна;
Снапы не ўлежаць, скачуць самі
І сыплюць жыта пад бічамі,
А дзядзька рэй вядзе, гукае
І адным крыкам памагае:
– Дай, дай яму, брат! дай з-за вуха!
Гэ-гэх, скачы, баба-псяюха!
Гудуць цапы ўгары праворна,
Ідзе работа дружна, спорна,
Аж падшыбае ўсіх ахвота,
Бо мае свой захоп работа.

Вось так адно другім мянялась,
Затым яно й не прыядалась,
Калі было ўсё ўмеру, ўпору,
І гладка йшло ўсё тут угору.
Таксама вечар свае бавы
Нясе з сабой не менш цікавы
І асабліва перад святам,
Калі, бывала, дзядзька з татам,
А з імі часам гэтаксама
Язык развяжа свой і мама,
Пачнуць казаць свае ўспамінкі,
Вясці размовы пра старынкі,
Пра незвычайныя здарэнні
І ім даваць тут тлумачэнні.
Цяпер камінак спачывае,
А хату лямпа асвятляе,
Але маркотна і тужліва,
А цені страшна і маўкліва
То затрасуцца, затанцуюць,
Як бы каго яны пільнуюць,
То заспакояцца зацята,
Калі замрэ і сама хата.
Тады здаецца, цені тыя
Не проста цені, а жывыя,
І нібы ў іх ёсць нейка справа,
І таямнічна і цікава.
Дарэктар к печы прытуліўся,
На дзядзькаў твар утарапіўся.
– Мне сам казаў Пятрусь Грыхінін,
І лгаць жа ён не быў павінен:
Дадому ехаў ён з Княжога,
Вакол няма нідзе нікога,
І ціха ўсё, як бы зацята.
Было ўжо трохі пазнавата,
А ён на воліках пляцецца,
І так яму ўсё штось вярзецца.
Вось едзе ён, масток мінае,
Аж хтось з-за паляў вылятае,
Як жар чырвоны ды вяртлявы,
І хвошча пугай ўлева, ўправа
І па валах і па Пятрусю.
«Вось, – кажа, – я табе спазнюся,
Калі ты так запрацаваўся!»
І аж да Нёмна за ім гнаўся! –
Дарэктар бедны ўвесь жахнуўся,
Ад страху нават аж прыгнуўся.
– Мабыць, штось ёсць-такі на свеце! –
На матку тут зірнулі дзеці.
– Свякроў, нябожчыца Анэта,
Сама казала мне пра гэта, –
Яна была і цётка Рузя,
Збіралі шчаўе дзесь на лузе
Ды йшлі дадому каля Нёмна.
Было зусім яшчэ няцёмна,
Вось толькі сонца напалову
Зайшло за горку Дземянову,
І нікагусенька нідзе!
Аж – зірк! на саменькай вадзе
Сядзіць хтось, выцягнуўшы ногі,
Над самай буктай, такі строгі,
Як мае быць, ва ўсім адзенні
І курыць люльку ў задуменні.
Кабеты ў страсе далей хутка!
Назад зірнулі – нікагутка!
– А хто ж то быў, цьфу, праваліся?! –
Спытаў дарэктар, трасучыся:
Яго той страх нашчэнт занудзіў.
– Ці не Янчур там рыбу вудзіў, –
Азваўся дзядзька не без жарта.
А ўсе маўчаць, глядзяць упарта.
Да дзядзькі бліжай хлопец жмецца:
Яму чорт знае што здаецца.

У хаце стала больш страхліва.
З-за вокан ноч глядзіць маўкліва,
І гэта ноч як бы жывая,
І быццам нешта яна знае,
Але аб тым казаць не хоча,
Бо на размовы не ахвоча.
А на дварэ дзесь каля будкі
Чагось брахнуў сабака чуткі,
Брахнуў і змоўк, бы страшна стала,
І ноч брахаць не пазваляла.
Аслаблі ў Яські ўсе тут гайкі.
– Э, глупства ўсё, не больш як байкі!
Міхась азваўся. – Хто баіцца,
Таму ўсё можа налучыцца.
Нашто вам лепш? тут жыў Пшавара...
Вось раз уночы чуе гукі –
Ў акно малоцяць чыесь рукі,
Малоцяць так, бы ў час пажару.
– Хто там? – Пусці, брат: то я – Сёмка,
Ну, брат, і б'юцца ж чэрці ёмка!
Не верыў я, дальбог, паверу!
На ўласным карку чуў, халеру!
На грэблю я, брат, як уз'ехаў,
Так і засыпаў мне арэхаў!
Я – па кані, ён мне – па карку!
Пасек мне спіну праз браварку!
І толькі тут, вось, адступіўся,
Калі ў дварэ ўжо я спыніўся.
Пшавара з хаты выйшаў босы
Агледзець Сёмкавы калёсы.
І што ж? вось вам і таямніцы:
Ялова лапка ўлезла ў спіцы!
Яшчэ пра страхі вялі мову,
І іх тлумачылі аснову,
І іх істоту разбіралі,
І трохі з Яські жартавалі.
Ўсяго было тут вечарамі,
Калі разыдуцца часамі!
На ўсё была свая прычына
І адпаведная часіна.

Зайшла раз мова аб навуках –
Старых, даўнейшых – і іх штуках,
Аб кнігах з чорнаю пячаццю,
Аб чараўніцтве, аб закляцці,
Аб розных хітрасцях і зману.

– Вось пусцяць нейкага туману,
І чалавек хоць і жывы,
Але стаіць без галавы! –
Гаворыць дзядзька, хлопцам дзіва,
Ўсё іх цікавіць моцна, жыва.
– Я сам такую штучку знаю,
Што без памылкі адгадаю,
Як хто стаіць, ну, хоць бы ў сенях:
Ці на нагах, ці на каленях,
Ці ён там стане, ці ён ляжа!
Вось гэта штука! – бацька кажа.
– І няўжо дзядзька адгадае?! –
Цікавасць Яську забірае,
І не дае ніяк ён веры,
І погляд кідае на дзверы,
Бо хоча ён сваю асобу
У сені вынесці на спробу.
– Ну, Костусь, пойдзем мы з табою?
Ідуць і ў сенях між сабою
Вядуць параду, як пастаць,
Каб бацька ўжо не мог згадаць.
Мяркуюць хлопцы так і гэтак,
Бы вулей ставяць пад паветак;
Урэшце ўсё абмеркавалі,
Хітрэй не трэба, як пасталі:
Адзін прыгнуўся ракушком,
Другі ў падлогу ўпёрся лбом.
– Ну, дзядзька, як мы тут стаіма?
– А так, як цюцькі за дзвярыма! –
Ім бацька з хаты дзесь азваўся,
І раптам дружны смех падняўся.

Новая зямля

Якуб Колас

 

  
ДА ЗМЕСТУ


ДАЛЕЙ