XVII.  ВОЎК

Ў будныя дні ўставалі рана:
Няма калі хварэць на пана,
Няма чаго чакаць панукі,
Калі работы поўны рукі –
Зноў закладайся на нядзелю.
Садзілась маці за кудзелю;
Цяплей мужчыны абувалісь,
Ў сваю работу запрагалісь.
Міхал, пакуль не рассвітае,
Ідзе Антосю памагае,
Бо трэба кончыць з малацьбою,
Каб не карцела над табою.
Дарэктар сам з свае ахвоты
Ў гумно любіў рабіць налёты,
Бо ён быў хлопец працавіты
І да работы страх сярдзіты,
Хоць быў яшчэ малы і кволы, –
Ну, хвацкі хлопец і вясёлы!
Ідзе з двара часамі ў хату –
Аб чым тут ходзіць Яську-хвату –
Ён на дрывотню, бярэ дровы:
Ён услужыць усім гатовы,
Гаспадарам і гаспадыні,
Бо што тут зробіцца хлапчыне?
Раз ён абцасам зачапіўся,
З дрыўмі знячэўку паваліўся
На крок, не далей, ад парога,
Але ўсхапіўся, і нічога,
І толькі глянуў на абцасы, –
Былі ў іх моладасць і часы,
Калі рабілі выкрунтасы
І на ігрышчы тупацелі,
А тут хадзіць больш не хацелі.

Таксама Ўладзя да работы
Больш, чым да кніжак, меў ахвоты:
Любіў ён з цэпам завіхацца
Або па лесе пацягацца,
Пабегаць з стрэльбай за лісамі,
Ці за куніцай, ці тхарамі.
І бацька з гэтым пагадзіўся:
Што ж? да навукі не радзіўся,
А вось мо з меншых што і будзе,
Няхай яны ўжо йдуць у людзі.

Алесь сядзіць, закон чытае
Або з сабою разважае,
А потым зноў у кнігу ўткнецца
І сам сабе штось засмяецца.
У Кастуся «Родное слово»;
Ён слібізуе ўсё нанова,
Але склады штось не выходзяць
І хлопца ў злосць адно прыводзяць,
Бо Костусь – хлопец нецярплівы,
У гнеў прыходзіць абурлівы;
Яго падштурхвае спакуса
Сказаць знявагу на Езуса,
Які прад ім быў намалёван,
І Езус быў тут ім аплёван:
Чаму ж бо ён не памагае,
Калі на гэта сілу мае?
А потым злосць яго астыла,
Яму і прыкра, і няміла,
Ён сам сябе чуць не кусае.
Ох, галава яго дурная!
І ні на грош няма ёй кошту,
Яго хвалілі, а завошта?
І хіба ж Бог яго не чуе?
Або яму Бог падаруе
Вось гэты страшны грэх знявагі?
Эх, Костусь, Костусь! ты – брадзяга!

Выносіць сонца дзянёк новы
Скрозь гэты лес стары, хваёвы,
Дзянёк кароткі, чуць заметны,
Але вясёлы і прыветны.
Мароз бярэцца, паціскае,
Па лесе лускае, гуляе
І хусты тчэ на беражку.
За ноч падкінула сняжку.

Міхал ідзе ў свае абходы,
А холад зімняе пагоды
Яго рухавіць і малодзіць,
І колькі тут разоў ён ходзіць!
Тут кожна сцежка і дарожка
Яму даўно-даўно знаёма,
Міхал у лесе, як бы дома:
Дзе ні ступала яго ножка!
Якіх куточкаў тут не знае!
Міхал ідзе, сляды чытае!
Вось тут танюткі ланцужок
Лёг так прыгожа на сняжок –
То пара кропак, то дзве рыскі,
Відаць, што мышкіны распіскі.
Другі малюнак, след – трайчаткі
Па лесе кідаюць зайчаткі;
А ліс-хітрэц, выжыга чуткі,
Па снезе цягне шнур раўнюткі:
Слядок з слядочкам супадае,
Бы лапка тут адна ступае.
Міхал ідзе. У лесе глуха;
Дарэмна зыкі ловіць вуха:
Вакол маўкліва і маркотна,
І лес застыў, глядзіць гаротна,
І толькі дзесь у ельняку
Шалпоча сойка на суку
Ды стукне дзяцел траекротна.
Міхал ідзе адзін, пануры,
І сам ён хмур, і думкі хмуры,
Як гэты лес, снягамі сцяты
Або замоўлены, закляты.
Ды гэты лес, хоць ён і немы,
Але скрозь ціш халоднай дрэмы,
Скрозь гэты мёртвы сон зімовы
Вядзе з Міхалам казкі мовы.
У лесе кожная мясціна –
Лужок, палянка, баравіна –
Асобны твар і выраз мае
І хоць што-небудзь выклікае
З таго, што памяць захавала.
Так. Тут было ўсяго нямала,
Тут частка жыцця леснікова.
Ну, хоць бы гэта вось дуброва!
Грыбоў улетку тут цьма-цьмушча,
Народ сюды йдзе – гушчай-гушча.
Тут шум, тут крык, тут гоман, спевы,
Аж разлягаюцца ў ёй дрэвы.
І вось, бывала, пан прыкажа –
Сюды пасходзіцца ўся стража
І робіць цэлую параду,
Як дзе хітрэй зайсці ў засаду,
І ўсё на гэтых людзей бедных,
Ўсё з-за паноў тых ненаедных.
Садзішся, ловіш. А другая
І на білет рубля не мае.
І мусіш драць і з беднаты.
І вінават не пан, а ты:
Не гаспадар злы – кажа ўсякі –
А гаспадарскія сабакі...
А гэты хвойнік абгарэлы!
Напэўна б выйшаў сказ тут цэлы,
Калі б ад самага пачатку
Апавядаць вам па парадку;
Але Міхалу непрыемна,
Бо й тут пан лаяўся дарэмна,
А ён стаяў, свяціў вачамі
Перад людзьмі і леснікамі.

Міхал ідзе, і думкі ходзяць,
І ў пункт адзін яны прыводзяць:
Каб як зямлі сабе прыдбаць
І службы гэтае не знаць,
Тады паны ўжо не пашкодзяць.
Ды толькі вось дзе закавыка:
Купіць зямлю – купіць не лыка,
Тут грошы трэба – і не сотка...
Эх, брат, рука, рука каротка!
Дзе ўзяць? і розум тут не змесціць,
Але ўсё ж думку Міхал песціць,
Пад самым сэрцам яе носіць,
І гэта думка – зямлі просіць!
Яна з ім заўжды: ў лесе, дома!
Яна яму даўно знаёма,
І нават ён, калі прызнацца,
Даўно жыве ўжо ў сваёй хатцы.
А гэта хата вось якая:
Перш-наперш выгляд добры мае;
Стаіць пры рэчцы ці крыніцы,
На ёй дзве дымніцы-блізніцы
З чырвонай цэглы і фарсісты.
У хаце ёсць пакойчык чысты,
А вокны светлы і панадны,
І броўны ў сценах вельмі ладны:
Шырокі, роўны, без прыточак,
І жоўценькі, як той жаўточак.
Хлявец, гуменца – ўсё там нова,
І ўсё дакладная будова!
Пры доме сад, хоць невялічкі,
Ды добры сад, ніводнай дзічкі;
І тут навокал тваё поле, –
Раздолле тут табе і воля!
Працуй, чуць з хаты толькі выйшлі.
Але ўсё гэта – толькі мыслі,
Эх, гэта толькі мары-кралі!
О, каб яны ды праўдай сталі!

У лесе глуха, цесна стала,
І смуткам цісне лес Міхала,
І нейк маркотна ў гэтым боры,
Душа імкнецца на прасторы,
І вочы просяць свету, волі.
Міхал ідзе туды, на поле,
Дзе Нёман, выгнуўшыся дужкай,
Абводзіць лес прыгожай стужкай;
Але цяпер марозам скован
І ад людскіх вачэй захован,
І толькі жолаб, нізка ўгнуты,
Ды лёд, ад снегу ветрам здзьмуты,
Яго дарогу вызначалі.

І ціха ўсё вакол. Маўчалі
Пад белай посцілкаю далі.
Там, угары, дальш з-па-над Нёмна
Сяло глядзела зсіня-цёмна;
Над ім стаяў дым белаваты.
Панура ў снезе ніклі хаты.
Міхал на горцы прыпыніўся,
Стаіць, бы сон яму тут сніўся,
І тут усе тыя мясцінкі
Яго наводзяць на ўспамінкі.
Вот тут калісь – даўно было то –
Дзяўчына з іх сяла, Дарота,
Купалася раз і ўтанула,
І смерць яе тут агарнула.
І гэта тут было здарэнне,
Калі на бераг, на каменне,
Гады два-тры назад, вясною,
Яхіма вынесла вадою,
Якога тыдняў тры шукалі,
Ды не найшлі й шукаць не сталі.
Таксама тут і здань здалася –
Аб ёй і гутарка вялася, –
Што быццам нехта на вадзе,
Яшчэ нябачаны нідзе,
Сядзеў і з люлькі зацягаўся
Ды раптам згінуў, бы распаўся...
Таемны вы, зямлі скрыжалі!
Чаго ў сябе вы не ўпісалі!

Міхал раптоўна садрыгнуўся,
Зірнуў за Нёман і прыгнуўся,
З-за хвойкі хціва выглядае
І дубальтоўку з плеч знімае,
Увесь хвалюецца, дрыжыць:
Ваўчуга з сёл сюды бяжыць
І проста валіць на Міхала!
Аж сэрца ў радасці ўзыграла:
«Пастой жа, брат, пастой, ваўчуга!
Ужо ж спаткаю, валацуга!»
А воўк імчыцца, снег здзірае,
І толькі хвост яго мільгае,
Відаць, далі яму дзесь жаху.
«Ну, брат Міхась, не дай жа маху!»
Ён брамкі ў стрэльбе адчыняе,
Прыклад падносіць да пляча;
«Не так дасі ты стракача!» –
Міхал паціху разважае.
А воўк ляціць. Вось ён на Нёмне...
Вось ён за горкай... не відаць –
Ён будзе тут хвілін праз пяць...
«Трымайся ж, браце, цэлься, помні!»
Міхал замёр, не моргне вока:
Развязка скора, недалёка –
Вось-вось пакажацца звяруга!..
Ды доўга гэта штось натуга –
Няма, а быць ужо пара.
Цьфу ты! Што ж гэта за мара?
Ўстае Міхал, глядзіць вакола,
Як бы што страціў, невясёла,
А рукі ўсё яшчэ дрыжаць.
Ну, хоць бы, гада, напужаць!
І дзе ён дзеўся? дзе, пракляты?
Міхала рух бярэ заўзяты,
Не возьме тропу ён ніяк,
Бяжыць управа наўскасяк:
А можа, там яго спаткае,
А не, дык снег хоць запытае.
Але й туды прабег дарма:
Там і слядоў яго няма.
Бяжыць назад – няма! – прапала!..
Аж нейкі пот праняў Міхала.
Міхал на Нёман тут рвануўся
І, як зірнуў, аж здрыгануўся,
І ўсё ў ім раптам задрыжала,
Аж нават шапка чуць не спала,
Калі прычын Міхал дазнаўся:
У стрыжаню воўк шалпатаўся!
Міхала згледзеў – лясь зубамі!
І злосна бліскае вачамі.
Міхал хватае дубальтоўку
І хоча выстраліць у воўка.
А потым стрэльбу апускае
І воўка зблізку разглядае.
А ён – вось тут, бяры рукамі,
Завіс на лапах, як у яме;
Стрыжэнь глыбокі, лёд пакаты,
А бедны воўк, вадой падцяты,
Скрабе па лёдзе кіпцюрамі
І носам рые, як зубамі,
І ўвесь пружыніцца і рвецца,
Але нічога не ўдаецца,
І ўсё слабее ў воўка сіла.
Ды страшна смерць, усім жыць міла!
Ён рэшту сіл ізноў збірае,
Мацней на лапы налягае,
Ды іх няма за што зацяць,
Яны слабеюць, слізгацяць
І толькі скробаюць па лёдзе,
Перабіраюць край стрыжэню,
Няма надзеі нават ценю
У той яго бядзе-прыгодзе, –
Няма, ваўчок, табе збавення!
Дарэмны ўсе твае імкненні!
І ненадоўга сілы стане
Вясці з вадою тут змаганне.
Слабее воўк і абмярзае,
А плынь усё больш падбірае,
І, барукаючысь з вадою,
Ён павярнуўся галавою
І ўскінуў погляд на Міхала.
Вачамі злосна ўжо не косіць,
Глядзіць, як бы ратунку просіць...
Цьфу ты! аж шкода яго стала –
Так вочы жаласна глядзяць,
Ну, вось, дальбог, шкада страляць!

Яшчэ раз бедны воўк рвануўся,
На спіну раптам павярнуўся,
Завыў жалобна і каротка
І – шуг пад лёд той, як калодка!
І знікла ўсё: жыццё, змаганне
І прагавітасць палявання.
Міхал стаіць і разважае,
А потым голаву ўскідае,
Як бы ён хоча запытаць,
Хоць тут нікога не відаць:
«Ну, што ты скажаш, брат, на гэта?»

Новая зямля

Якуб Колас

 

  
ДА ЗМЕСТУ


ДАЛЕЙ