|
XVIII. ЗІМА Ў ПАРЭЧЧЫ
О добры час дзянькоў прыгожых! Ты знік у хвалях часоў божых І толькі ў думках і ўспамінах Жывеш-гарыш у днях дзяціных. Далёка я ад межаў родных І дзён галодных і халодных Пражыў нямала. Я гадаю, Я родны край успамінаю, Я ім жыву, я ў ім душою І сэрцам кожнаю парою, Як той нявольнік прагне волі, Так прагну я ступіць на ролі Сваіх палеткаў, ніў благенькіх, Дарог і сцежачак крывенькіх, Што гожа ўюцца спомеж жыта Або срэдзь лесу самавіта. І ўстануць з'явы, як жывыя, Малюнкі сэрцу дарагія, І моцна душу парываюць. «Ідзі да нас! ідзі», – гукаюць. Благаславёны час той будзе, Калі я ў родным сваім людзе Куточак бацькаў прывітаю І радасць жыцця там пазнаю.
О родны край! О край пакуты, Нягодай цяжкаю прыгнуты! Калі ж ты збудзеш тое гора, Што і цяпер там, як і ўчора, Як і даўней, цябе знішчае І горкім смуткам авявае? І ў час вялікі разбурэння Не сцерпіць нават і каменне Тваіх палёў, глухіх абшараў, Дзе след вайны агнём пажараў Пранёсся дзіка і няшчадна, Каб не заплакаць з таго здзеку, Што чалавек – звер чалавеку – Так злосна чыніць, неўспагадна!.. О край мой мілы! Ўсёй душою Хачу злучыцца я з табою, Ў тваіх палях пазычыць сілу, Ў тваёй зямлі сысці ў магілу... Дзяціны час!.. Я памятаю Зімы прыход у нашым краю. Стаіць над лесам шум маркотны; Па небе хмары, як палотны, Паўночны вецер рассцілае, І бель над далямі звісае, І ціха стане на падворку, І лес жалобную гаворку, Свой гоман восені канчае І моўчкі зіму сустракае. А сетка белая гусцее І бліжай, бліжай снегам сее. І вось над хатай, над гуменцам Сняжынкі жвавыя гуляюць, Садок і дворык засцілаюць Бялюткім, чыстым палаценцам. І тут у хаце не ўтрываеш: Кажух на плечы накідаеш, Бяжыш на двор, як той шалёны, Крычыш, гукаеш здавалёны, Зямлі не чуеш пад сабою І ловіш белы пух рукою. Ўгару зірнеш – як рой пчаліны, Снуюцца ціхія пушыны, Ўгары знячэўку штурхануцца, Глядзіш – і ў пары пабяруцца. – О-го-го, брат! – дзядзька кажа. – Цяпер зіма напэўна ляжа! За санкі, Костусь, трэба брацца, Эх, будзеш мець дзе разгуляцца!
І Костусь рады і давольны: Цяпер гулянак свет раздольны, Адкрыты новыя пуціны У круг забаў яго дзяціны, І ён ад радасці трасецца Ды ў мяккім снезе скачанецца. А снег станоўка і заложна Так і шуфлюе. Лес набожна Стаіць, маўчыць і ўсё святлее, Як бы, здаецца, весялее. Назаўтра ўстанеш – свет змянёны, У новых хутрах вербы, клёны, І ўсюды чыста, бель такая, Што проста вочы адбірае. Ў парканах шулы, як салдаты, Стаяць у струнку, зухаваты, Башлык высокі, шапкі новы, «Ура!» гукнуць табе гатовы.
Ідзе з лапатай дзядзька з хаты І адграбае снег заўзята. Ў гумно і ў хлеў праводзіць сцежкі, – Не хоча мець удзень замешкі, Бо ўдзень на рэчку і на тоні Схадзіць рыхтуецца Антоні. Мы знаем, ён – рыбак з уроды, І ўсякіх рыб ён знае ходы, Калі якая нерастуе, Што ёй пад густ, чаго бракуе; І нораў кожнай рыбы знае, Аб іх трактат ён прачытае, Ды так, што люба і паслухаць, Дзівіцца больш ды лоб чухаць. І гэта ўсё не з кніг набрана, Не з слоў вучонага паўпана, Якіх цяпер усюды досыць; Ўсё гэта ўласны розум зносіць, Свая мазолілась галоўка, А не чыя там калатоўка.
Бярэ Міхал свае прылады, Якія стрэльбе датыкаюць; Цяпер зайцы ў лясах гуляюць, Іх упалюеш без прынады, Тым болей што ганчак харошы – Ёсць сэнс прайсціся па парошы.
І чуць што толечкі разднела, У маткі снеданне паспела, Але яе ўсе падганяюць, Барзджэй рассыпацца жадаюць, Каму куды і ў чым хто здольны – Дзянёк прыдасца часам вольны. – Пакінь, Міхась, ты сучку дома, Мо дзе забіўся тхор між лома: Ў карчах на рэчцы следу многа, Іх там пярэсмыкі, дарога. І да тхароў быў дзядзька падак, А тхор цяпер дабёр і гладак: У Свержні Іцка з Моўшам проста Да шкуркі ўліпнуць, як кароста. А Такса талент такі мела, Што за тхарамі чуць не млела. – Бяры сабе, хай астаецца, – На просьбу бацька паддаецца. І Таксу ў хаце запіраюць, А ў лес Сівалку запрашаюць. Выходзіць бацька першы з дому Мясіць снягі па буралому. На ім кучомка, верх зялёны, Кажух кароценькі, чырвоны, А стан шырокая папруга Сціскае спрытна, лоўка, туга; На меднай спронжцы лось красуе І з жоўтай бляхаю фасуе, А праз плячо паўзверх кажуха Ідзе раменны пас, бы ў зуха; На гэтым паску – знак блішчасты, А на плячах – шнур пакручасты. І вось як бацька выйдзе зрана Ды стрэльбу накрыж перакіне – І ў палясоўшчыцкім ён чыне, Дапраўды, змахвае на пана!
І дзядзька доўга не чакае, Маўчком ён Костусю ківае; А Кастусёк даўно гатовы – У іх раней была намова Схадзіць у луг на азярыны І патрывожыць род тхарыны, На рэчцы загарадзь паправіць І новы буч яшчэ паставіць, За пояс дзядзька закладае Сваю сякерку, Таксу кліча, Кусок аладкі ў нос ёй тыча І вон за дзверы выпускае, А Костусь з торбаю, з лапатай Даўно чакае іх за хатай. Спаткаўшы Ўладзю на дрывотні, Раскажа дзядзька ўвесь парадак, Бо той, наеўшыся аладак, Глядзіць за домам неахвотна. Яму ты слова – ён другое, Заўзята юха, хоць малое. І дзядзька часам загарыцца, Гатоў няўслушніку па пысцы Праехаць шорсткім сваім пальцам, Бо што ты зробіш з падшывальцам? І дзядзька, плюнуўшы сярдзіта, Ідзе, спаткнуўшысь на карыта, А ўслед яму смяецца Ўладзя. – Павыскаляйся яшчэ, гадзе, – Антось яму, – дальбог, вярнуся, Расквасіць кірпу не збаюся!.. Ото «гладыш», абы напроці, Абы нажэрціся! К рабоце І на вяроўцы не зацягнеш, У лес пабегчы толькі прагнеш. Ну, трасцу дам табе цукерку! Гулу падсуну ў табакерку! – Бубніць Антось ужо з сабою, Ідучы скораю хадою. І доўга Ўладзю дзядзька журыць, І Костусь бровы свае хмурыць: І ён на брата сэрца мае, Бо Ўладзя дзядзьку зневажае, А дзядзька поле толькі міне, Глядзіш – і злосць яго астыне. Задраўшы ўгору хвост трубою, Сама давольная сабою, Снуецца Такса між кустамі, Бяжыць і спыніцца часамі, Наставіць вушы, разважае, Вушамі нос свой павярае І ні зрухнецца, бы застыне, І лапу нават чуць узніме. А дзядзька Таксу падганяе: – Шукай тхара! шукай, малая! І Такса кінецца стралою Туды, дзе цэлай чарадою Стаяць алешыны крывыя, Пад іх карчагі патайныя. І часта тут – былі здарэнні – Заб'ецца тхорык пад карэнні. І тут усіх рух апануе. Фатыгі Такса не шкадуе: Дзярэ, грызе, пішчыць, скавыча, Бо знак дае, што ёсць здабыча. І дзядзька ўвесь, як на пружынах, Як дзік, мітусіцца ў галінах, Туды зірне, сюды памкнецца, Ну, на кавалкі так і рвецца. – Ты ж стой, брат, тут! Пільнуй, як вока: Ён тут, галубчык, недалёка! І не пудлуй, не дай, брат, маху, – Валі рыдлёўкаю без страху... – І дзядзька мовы не канчае, Ён кол маланкаю хапае. – Тхор! тхор! Дзяржы яго! – галосіць, Гарачка дзядзьку так і носіць, Бяжыць, тхара ён даганяе, Напагатове кол трымае. За дзядзькам Костусь прэ без духу. – Дзяржы тхара, дзяржы псяюху! – А тхорык бедны ў куст зашыўся, Няма ратунку, ашчарыўся, На Таксу сам ён нападае І чмыс яе грызе, кусае, Пішчыць, дзярэцца, смрод пускае, Але нішто не памагае: Таўкуць калом яго, рыдлёўкай, За шкурку плаціць тхор галоўкай. – Вось гэта, Костусь брат, удача! – І дзядзька рады, чуць не скача І гладзіць Таксачку па вушку, Яе ён лашчыць, як дачушку; Яна ж за гэта ласкі слова На смерць, на ўсё пайсці гатова: Вачамі ў вочы так і зорыць, Віхлястым хвосцікам гаворыць.
Хоць дзядзька наш не паляўнічы, Ды меў ахвоту і да дзічы. І часам, праўда, вельмі рэдка – Я сам у гэтым буду сведка – У лес надумае пайсці, Зайцоў крыху там патрасці – Зайцоў жа там было багата. Вось у нядзельку раз ці ў свята Антось рыхтуе паляванне. Дае ён хлопцам прыказанне, Хоць тыя самі без прыказу Ахвотна годзяцца адразу, А наш дарэктар асабліва. У лес збіраюцца шумліва. – Эх, шкода, брат: няма клякотак! Ну, хоць бы з парачку трашчотак! – Гаворыць дзядзька. – Ну, нічога, І так мы зробім шуму многа І ўсім зайцам задамо страху! – Дае дарэктару ён бляху. – Звані ў яе, бі, чым папала, Абы мацней яна гучала – На ўсю Свяржэнскую граду! – Алесю даў скавараду, Перагарэлую, старую, Ды незвычайна галасную. – Бяры напільнік з рукаяткай, Бубні ў яе наском і пяткай; А Кастусю я дам званок, А ты, бальшун, трубі ў ражок, – Такое справім мы ігрышча, Што лес застогне і засвішча, Ну, нежывы – і той ачнецца, Калі аблава ў нас пачнецца!
Ідуць у лес. Антось зарання Размеркаваў усё дазвання: Адкуль, якую зоймуць лаву, І як вясці самую справу, Куды і як зайцоў зганяць, І дзе ён будзе сам стаяць. Антось пазіцыю займае, Шчаслівых вынікаў чакае, Калі зайцоў пужнуць няждана, І трохі чуе ў сабе пана.
Прачнуўся лес ад бразгатання, Ад таго шуму палявання: І крык, і лямант захаплення, Гудзе лес зверху да карэння. Дарэктар рвецца на кавалкі. Зламаў на блясе ўжо дзве палкі, Дзярэцца нема, лямантуе, – Такі там гвалт – хай Бог ратуе! За пень ён лапцем зачапіўся І змоўк тады, як паваліўся. Алесь грыміць скаварадою І пацяшаецца гудою, На ёй вызвоньвае ён штучкі, Але напільнік выпаў з ручкі, Зляцеў у снег – і будзь здароў...
Нідзе не бачылі зайцоў, І дзядзьку стрэліць не прыйшлося, Але пачулі ад Антося: – Забілі зайца, не забілі, Але ж, брат, гуку нарабілі.
|
Новая зямля
Якуб Колас |
|