|
XIX. НА РЭЧЦЫ
Ніхто з дамашніх не згадае, Чым рэчка Костуся зваймае, Якая іх звязала сіла І чым яна так хлопцу міла. Бывала, толькі чуць разднее, Чуць трошкі ў лесе пасвятлее, Глядзіш – на рэчку ён шыбуе І лёд сякеркаю мацуе, То падбяжыць і скаўзанецца, І сам сабе ён засмяецца; То спыніць крок, замрэ, застыне – Такая радасць тут хлапчыне! Лядок закохкае, угнецца І вось-вось зломіцца, здаецца, Але нястрашны і знаёмы Для хлопца гэтыя надломы, Палоскі-стрэлы гаваркія, І моцны скрэпы ледзяныя. Марозік крэпіць, лёд таўшчэе, І рэчка вольная нямее, Да дна вадзіца вымярзае І ходу, бедная, не мае, І цесна там ёй, і няміла Яе халодная магіла; Але дарма: жывую сілу Не запраторыш ты ў магілу, Мароз бязжаласны і люты! Хоць ты звязаў і крэпка путы, Скаваў і рэчкі і азёры І ўсё заціснуў пад запоры, Разлёгшысь лёдам і снягамі Над чыстым полем і лугамі, Ды ты жыцця, брат, не здалееш, Як ты ні дурыш, ні шалееш. Глядзі – скрозь ковы ледзяныя Сачацца кропелькі жывыя, Дарогу новую шукаюць І лёд вадою заліваюць. І праўда: рэчачка-крынічка, Хаця і мелка, невялічка, Але такую сілу мае, Што лёд угору падымае І ломіць глызу, як націну. – Гэ, брэшаш ты, мароз, не згіну Я пад карою ледзяною, Пабарукаемся з табою! – Як бы гаворыць смела, гулка Марозу бойкая рачулка. І між марозам і вадою На гэтай рэчачцы зімою Такія справы вынікаюць, Што надта Костуся займаюць. Калі на рэчку ён ні прыйдзе, Глядзіць – штось новае там выйдзе: То лёд, уздуўшыся гарбамі, Бубніць, як бубен, пад нагамі, То ападзе наніз, угнецца, На дно пластамі пакладзецца, А па кустах, на абалоні, Ціскі парваўшы і супоні, Вада шырока разальецца, І снег на кашу пабярэцца, І як ні гне мароз, ні гладзіць, Але нічога не парадзіць, І чуць ён толькі аслабее, Чуць-чуць адліжкаю павее, Глядзіш – вадзіца лёд злізала, Ў раўку пясочак паказала, І хвалькі жвавыя за хваляй, Як і нябыта, бягуць далей, Пакуль мароз не засярдуе І сілу зноў ён не пачуе, Каб закаваць раўчук праворны За розум надта непакорны.
І вось надарыцца часамі Мароз над ўсімі маразамі; Ідзе сярдзіта, пагражае, Па даху гонтамі страляе; У завітушках дым бялявы Нясе, як воблак кучаравы, І потым з ім набок рванецца, Бы пісар-вухар расчаркнецца. А як вакенцы размалюе І розных дзіваў там намосціць, – Яму аматар пазайздросціць, І прад марозам ён спасуе. Мароз – штукар і жарты любіць, Не раз, штукуючы, загубіць Таго, хто ў рукі пападзецца, Яшчэ над бедным насмяецца: «Прыляж, бядача, ты з дарогі – Няблізкі хатнія парогі, – Мароз дарожным падпявае, – Лажысь – пасцелька пухавая І ўся агоньчыкамі ззяе! Засні, сагрэйся, мой пахілы, Пакуль табе прыбудуць сілы, А я салодкі сон навею І гожай казкаю сагрэю». І хто паддасца нагаворам, Засне навекі пад прасторам Халодных зор, снягоў глыбокіх, Сярод дарожак адзінокіх. Мароз – мастак і, пыхту поўны, Узносіць слуп на неба роўны, Высокі, вогненны, крывавы! Той слуп – і страшны і цікавы – Гарыць злавесна, ўвесь чырвоны. Мароз на небе ставіць троны, Вянцы на месяц ускладае, Па снезе зоркі рассыпае, І так прыгожа, так старанна Бярозе белай тчэ убранне, Бы той дзяўчыне пад вянчанне. І як з-за лесу сонца ўстане І на бярозу тую гляне, Засвецяць ў інеі праменні, Як найдарожшыя каменні.
Мароз – паважны. Як вяльможа, Знасіць свавольніцтва не можа, І на той час, як ён пануе, Па небе хмарка не вандруе, І ўсе стварэнні занямеюць, І патыхаць вятры не смеюць. Ўсё ціха, мёртва, нерухома. Сядзіць звяр'ё між буралома І знака жыцця не пакажуць, Вароны дзюба не развяжуць, Ўсе нахахорацца, ні зыку – Ўладарства холаду вяліка. І верабей з усёй раднёю Не шкне, схаваўшысь пад страхою. Адзін мароз адно ўладае, На ўсё ён рукі накладае, Ўсё гне халоднаю нагою; І лес пад сіняю смугою Застыў, стаіць, як амярцвелы, Башлык надзеўшы чысты, белы. І толькі ён, мароз заўзяты, Мароз занадта зухаваты, Адзін па лесе пахаджае, Бо роўных ён сабе не мае. Зазнаўся, ой, мароз, зазнаўся! Ды дзень яшчэ не зачынаўся: Пастой, мароз, пастой хваліцца – Мо і цябе хто не збаіцца! І толькі зоркі пабялелі, У хаце дзверы зарыпелі, Скрыпяць калодзежы, вароты, Пайшла разгульвацца работа. Ідуць па воду маладзіцы, Як макаў цвет, гараць іх ліцы; Бяжыць з кудзеляю дзяўчына, За ёю хлопец-малайчына Адкулься зараз увязаўся, І смех і гоман там зачаўся. Прыгрэбнік глуха б'е дзвярамі, Жанкі трушком ідуць з кашамі, Лучыну імі прыкрываюць І жарам холад выганяюць. А там мужчыны ўзварухнулісь, Ў гумно па сена пацягнулісь, Ды толькі – звычай такі маюць – Мароз пахваляць і палаюць, А падхадзіўшысь каля дому, Бяруць сякеру, сані, бому І едуць ў лес вазіць калоды – Ляжаць на печы няма моды. І хоць мароз крапіць пякучы, Да ног даходзіць скрозь анучы І снегам вочы зашывае, – Мужык жыве і не шманае; З саней саскочыць, хлысне пугай Каня і вылае «дзяругай», Бяжыць, аб плечы б'е рукамі, Яшчэ й прытупвае нагамі, І так блазнее, так дурэе, Аж покі лоб не замакрэе.
Ўжо Костусь двойчы неўзаметкі Саскокваў з печы на разведкі, У вокны доўга прыглядаўся, Ў малюнкі так ён углыбляўся, Што ў іншы свет перабіраўся. На шыбе ўсё: снапкі ржаныя, Чароты хвацкія, буйныя, І розных красак, траў нямала. У душу летам патыхала, А з ім і вобразы другія Ўставалі, сэрцу дарагія. Вось тут лясок, вось крыж пахілы, Як вартаўнік чыёй магілы, На ціхай горцы пахіліўся, Бы аб пакойніку маліўся; Там нібы рэчачка цікава Звілася ў вербах кучаравых... Ўсё так павабна, так прыгожа І так на праўду ўсё пахожа, Што хлопец сам не памятае, Дзе ён і што ён разглядае. – Не стой ты, хлопец, пры аконцы: З акна, як з зяўры, дзьме бясконца! Зноў будзеш кашляць, – кажа маці. А хлопцу ўжо абрыдла ў хаце, Ніяк блазноце не сядзіцца, На рэчцы хоча апыніцца. А тут яшчэ, як на спакусу, Чуць дзядзька з хаты паказаўся, Мароз ужо прымайстраваўся І белым пухам сеў на вусу. І хто з двара ў дом ні прыходзіць, Пра холад гутарку заводзіць: – Ну ж і мароз – аж нос зрывае! А як на ўсходзе чырвань грае! Слупы такія паўставалі, Пажарам страшным загулялі! Такія з'явы ў божым свеце! – Ну, як тут вытрываць, скажэце? Кастусь у запечку стхарыўся, Абуцца ў лапці прымудрыўся, А ў лапцях вушкі скураныя Былі ўжо досыць пажылыя; Цішком сабраўся, апрануўся Ды ў лес з сякеркаю кульнуўся. А лес, як добры той знаёмы, Стаіць збялелы, нерухомы Абапал рэчачкі сцяною, Над ёю сплёўшыся страхою, Далёка кінуўшы галінкі; А маладзенькія ялінкі Пад белым пухам чуць заметны; Яны так мілы, так прыветны, Бы тыя красачкі-дзяўчаткі, Надзеўшы гожыя апраткі. Затое ж хвоечкі малыя Стаяць, як сіраты якія, Ад снегу выгнуўшысь дугою, На дол прыпаўшы галавою. «Пагнуў вас снег, мае хваінкі! Эх вы, гаротныя націнкі!» – Над імі Костусь разважае, І жаласць хлопца пашыбае. І ён да хвоек падбягае, Сняжок з іх ціха атрасае – І хвойкі зразу ажываюць, Ўгару макушы падымаюць, Спярша павольна, бы баяцца, А потым пойдуць разгінацца. А хлопчык рады і смяецца, Стаіць з мінуту, не схіснецца, Аддаўшысь нейкім думкам-марам, Аж б'ецца сэрца яго жарам.
Але пара, пара за дзела! І ён да хвоек падбягае, Замерла рэчка між лясамі, Бярозы голымі сукамі Спляліся з вольхамі над ёю; Яліны цёмнай чарадою Навіслі густа салашамі. А вось старая дзеравяка Упала ў рэчку, небарака: Відаць, што бура палажыла І мост жывы з яе зрабіла. А лёд, бы мур сцямна-зялёны, Чуць пасярэдзіне падняты, Ляжыць, цяжэрны і зацяты, Вартуе ходы ўсе і гоны, Каб і стрыжэньчык не прабіўся. І вось тут Костусь прыпыніўся, На лёд глядзіць, штось разважае І ў ход тапорык свой пускае. Лядок закашляў, заіскрыўся, На срэбра-друзачкі пабіўся; Ляцяць крупінкі ледзяныя, Бы ўлетку пырскі дажджавыя, І чуць апошні лёд зламаўся, З зямлі клубок вады падняўся І з шумам коціць паўзверх лёду, Пачуўшы волечку-свабоду, Ўсё большы, большы круг займае.. Але што гэта так спявае? Адкуль тут музыка нясецца? Чыя тут песня ў душу льецца? Такога спеву-сугалосся, Што тут над рэчкаю панёсся, Ніхто не зложыць, не зайграе. Ці гэта казку лес складае? Ці даль ачнулася нямая І немасць песняй парушыла, Што спакон векаў утварыла? Ці то нябёсы адамкнулісь І ціха-ціха адгукнулісь Зямлі, ўсяму яе стварэнню? Ці то вясна йдзе ў аддаленні? Вось звоны звоняць ціха, гожа, Спявае жаваранка божа, А ёй утораць пташак хоры На безгранічнай дзесь прасторы, Між мора гэтых зыкаў дзіўных Нясецца ў хвалях пераліўных Здалёку песня салаўіна... Расце, гарыць душа дзяціна І ўсё на свеце забывае І шчасце, радасць спажывае. І хоць дазнаўся ён прычыны, Адкуль той звон і спеў птушыны, Але як стане прыслухацца, Пачне сапраўды сумнявацца, Што гэта іней так з вадою Вядзе размову тут зімою. Дык вось чым рэчка хлопцу міла, Чым так яго прываражыла!
|
Новая зямля
Якуб Колас |
|