XX.  КАЛЯДЫ

Прыйшлі піліпаўкі, Мікола,
Дзянькі праходзяць больш вясёла,
Бо хоць зіма і крэпіць дужа,
І хоць бушуе яе сцюжа,
Бы тое дзікае ігрышча,
І вецер жудасна засвішча,
Як на дудзе ці на кларнеце
На нейкім злыдневым банкеце, –
Ды ўсё ж святлеюць даляў вочкі
І іх бялюткія сарочкі.
Ёсць хараство і ў гэтых зімах
І ў мёртва-белых тых кілімах,
Што віснуць-ззяюць хрусталямі
Над занямелымі лясамі,
Калі ў агністым мароз троне,
Ў крывава-багравай заслоне
Над светам рукі ціха ўздыме
І зачаруе, ўсё абніме;
А як усходзіцца завея,
І вецер з снегам задурэе,
Ды затрасецца віхрам белым!..
Эх, колькі волі ў руху смелым!
– Гуляй, зіма, твая часіна!
Ды скора будзе палавіна,
А там цяплом табе павее;
А ўдзень і сонейка прыгрэе! –
Паддасць, бывала, дзядзька руху,
Пачуўшы холад-завіруху.
Ад гэтых слоў лягчэй на сэрцы,
Бо ўсё ж маркотны вы, каберцы
Зімы халоднай і мярцвячай,
І ласкі хочацца гарачай,
Вясны душа твая жадае,
І ў сэрцы радасць расцвітае
Ад аднае ўжо толькі думкі,
Што гэта зімка збярэ клумкі
І пойдзе-знікне на паўгода,
І зноў ажывіцца прырода.

Хлапцам прыелася вучэба:
Цяпер калядак чакаць трэба,
І думка іх не тым занята,
Ўсё болей ходзіць каля свята.
І міла гэта іх чаканне!
Адзнакі блізкіх зімніх святак –
Гарыць салома каля хатак.
Пажар вясёлы ў час світання!
– А што там свеціцца, нябожа?
Няўжо гарыць хто, не дай Божа?
– Не, не пажар: то – сцяг калядны,
Япрук там смаліцца дзесь ладны,
Свой крок апошні замыкае:
Япручча доля ўжо такая.

І кожны дворык, кожна хата,
Хоць і жыве не так багата,
Але Калядаў у адзнаку
Заколе хоць бы падсвінаку
І дворык свой ці прыгумень
Асвеціць раніцай ці ўдзень,
Бо хто ж, скажыце, хто не ласы
На тое сальца і кілбасы?
Другі Каляд не дачакае,
Цішком свяжынкі паспытае,
А ўжо на свята – што казаці? –
Паходзіць так каля свінчаці,
Што ўжо на ночку разоў дзесяць
Табе жывот закуралесіць.
І гэта, братцы, не загана!
Даўно, не знаю кім, казана:
«Калі заколеш япрука ты,
Ды не пабегаеш за хаты,
То гэта – гонар невялікі,
Гэта вяселле без музыкі,
Як кажа мудрасць чалавеча».
Але зірнем мы на Парэчча,
Чым там у лесе жыве хата,
Як там рыхтуюцца да свята
І як калядкі сустракаюць.
Навуку хлопцы прыпыняюць,
У іх – развязаныя рукі:
Да «правадоў» няма навукі.
Дарэктар з радасці спявае,
Дадому едзе, спачывае,
І летні збор цяжэрнай працы,
Хлябоў высокі торп-палацы,
Праслухаў цэпаў голас ёмкі,
І дзе быў торп – там стог саломкі,
А цэп замоўк, хоць не навекі,
І зерне ссыпалі ў засекі.

Антось таксама цяпер вольны,
Яму – бы празнічак прастольны:
Сюд-туд, глядзіш – ён ухадзіўся,
Ці з'еў ці не – на луг пашыўся;
Цягнуў луг дзядзьку, ім валодаў.
Сябра майстэрства і паходаў,
Сякерку, вострую падругу,
Засуне спрытна за папругу.
І Костусь з дзядзькам, як вядома;
Хіба ты ўседзіш цяпер дома?
А з дзядзькам пойдзеш – так цікава!
Яны йдуць бойка і рухава,
Бо зімны холад падганяе.

Любота, братцы! снег лятае,
Ды так спакойна, так ціхутка!
Куды ні глянь – усё бялютка.
А тыя лёгкія пушынкі,
Здальнейшых ручак кружавінкі,
Сухіх чаротаў чуць крануцца,
То так жа люба засмяюцца,
То ціха-ціха загамоняць,
То штось шушукнуць, то зазвоняць.
А там, між лесам і табою,
Сам Бог паводзіць барадою:
Трасецца сетачка сняжынак,
Як смех прыгожанькіх дзяўчынак,
Што звоніць песняй маладою.

Антось на рэчцы прыпыніўся:
Тут першы загарад таіўся
Пад гэтым снегам і пад лёдам
З адным-аднюткім толькі ходам,
І той бучом быў перахвачан –
Яшчэ увосень час тут страчан,
Палонка лёдам моцна скута,
Ды працы тут адна мінута.
Палонку дзядзька прасякае,
А Костусь, радасны, чакае,
І зорыць пільна ён вачыма,
Калі той бучык дзядзька ўзніме.
А дзядзька – о, ён акуратны!
Работнік дзядзька наш выдатны:
Ва ўсім парадак і лад любіць
І часу дарма ён не губіць!
Прасек палонку, крыгу вынуў,
Тады на бучык вока кінуў,
Бярэ за палку, падымае
І буч на бераг выкідае.
І дзядзькаў твар крыху святлее –
Была слабая тут надзея;
А вось глядзі, там штось шалпоча, –
Відаць, іх доля не сіроча!
І буч кулём угору ставяць
І часу доўга тут не бавяць.
Развязан куль. Тут гоман, смех,
І рыбу вытраслі на снег.
Акуньчык спрытна страпянуўся,
Мянёк-завала ўзварухнуўся,
Яшчэ мянёк ды пара плотак.
Ну, вось табе і заработак!
А там яшчэ ёсць загародкі...
Не дармы, не, іх пераходкі!
Ідуць дадому, разважаюць,
Чаго на святы накупляюць, –
Антось часамі, як дзіця.
Тым часам заўтра і Куцця.
Міхал – ужо нейк вайшло ў моду –
Ў Нясвіж прад святамі штогоду
Вазіў для замкавых паноў
Грыбы, і рыбу, і зайцоў.

Куцця. Марозна. Хмурнавата.
Сняжок падкідвае заўзята;
Снег на Куццю – грыбы на лета,
Такая матчына прымета,
А сцежкі чорны – ягад многа;
Ну, і за гэта хвала Богу.
Абегаў Ўладзя раўчавіну,
І клін, і пасечку, лагчыну.
Па жменьцы ў снег аўса стаўляе –
Зайцоў ён гэтым прывабляе,
Каб праз акенечка з каморы,
Калі прынадзіцца каторы
У ночку цёмную хадзіць,
Навесці стрэльбу і забіць,
Бо тут зайцоў было даволі.
І дроў на свята накалолі,
Трасянкі загадзя натрэслі,
Сянца пахучага прынеслі:
Куцці гаршчок ужо ў калена
Стаяў на лаве, чакаў сена,
І вось цяпер гаршчок з куццёю,
Як цар даўнейшаю парою,
Ў пачэсны кут, на свой прастол,
Стаўляўся з гонарам за стол
На гэта сена пад багамі,
Ўладар над хлебам і блінамі,
Бо ён у гэты дзень – персона!
Яго вянчаў абрус-карона:
Гаршчок агорнуты пашанай,
Хоць ён фаміліі глінянай.

Якія ж матчыны намеры
Наконт куцці, наконт вячэры?
Ох, гэта дзецям знаць цікава,
Калі якая будзе страва,
Ў якім ліку, ў якім парадку?
Што на канцы і што ўпачатку?
А ў маткі ўсё абмеркавана
І ўсё прадумана ад рана.
Там, на гары, пад шчытам дзе-та,
Быў мак павешан яшчэ з лета –
Цяпер у цёрле ён пацёрты.
У патайным куце каморы,
Як смерць Кашчэя, пад запоры
Мядок быў хітра дзесь запёрты, –
Цяпер яго насталі часы,
Бо ён патрэбен для закрасы,
І што кісель той без сыты
У вечарок гэты святы?

Маўчком Антось часінай шэрай
У ельнячок шмыгнуў з сякерай:
Ці ж ён звярэдзіцца, сагрэшыць,
Калі малых дзяцей пацешыць
І іх ялінкай пад куццю
Хоць раз забавіць у жыццю,
Калі забавіць толькі зможа?
Ялінка ў хаце так прыгожа!
І колькі радасці і ўцехі!
На ёй валоскія арэхі,
А з пазалочанай паперкі
Глядзяць панадныя цукеркі;
І больш на ёй няма нічога,
Ды хіба ж дзецям трэба многа?
Даволі з іх і той прынады –
Яны давольны, яны рады.

У хаце добры лад і згода,
Як патрабуе і прыгода,
Паважнасць вечара святога –
Не ўчуеш слова ты благога,
І ўсе прыбралісь і памылісь,
Міхал з Антосем падгалілісь
І парасчэсвалі чупрыны.
– Ну, засцілайце стол, мужчыны!
І стол той гуртам прыбіраюць,
Настольнік белы падымаюць,
На стол растрэсваюць мурог –
На сене колісь быў Сын Бог –
І роўным пластам рассцілаюць,
Сянцо абрусам закрываюць.
За стол садзяцца ўсе ў парадку
І прад сабой кладуць аладку,
Відэльцы, лыжкі разбіраюць
І стравы першае чакаюць.
– Ты, брат, глядзі не ашукайся:
Не надта зразу накідайся,
Бо потым шчыра пашкадуеш,
Калі жывот свой напіцуеш:
Чым дальш – смачнейшыя патравы,
І многа іх, і ўсе цікавы;
Я знаю хітрасць гэту ўсю, –
Алесь гаворыць Кастусю.

Міхал бутэльку адтыкае,
Бо ўжо закуска тут чакае:
Стаяць, як горкі, скавародкі,
Тут акунькі, мянькі і плоткі,
Ды так падсмажаны, што люба –
Сама да іх імкнецца губа.
Гарэлка, радасць-весялуха,
Прыемна булькае для вуха
І гэтак вочы прыцягае,
Ну, як каханка маладая!
– Ну, што ж, Антось, здароў будзь, браце!
Няхай дае Бог лад у хаце,
Дабра, прыбытку прыспарае,
Каб у хляве ды ўсё пладзілась,
Каб жыта ў полі каласілась,
Няхай раяцца добра пчолы,
І самі будзем мы вясёлы;
За год дай божа дачакаць
Здаровым новы год спаткаць.
– Дай божа! – дзядзька адазваўся
І сам з прамовай зварачаўся,
П'ючы цяпер да гаспадыні, –
Падатак кожнай дай часіне,
На ўсё гатовы ў кожным часе.

І вось вячэра зачалася!
Спыніцца мушу я на квасе:
Ён колер меў чырванаваты;
Тут быў таран, мянёк пузаты,
Шчупак, лінок, акунь, карась,
Кялбок і ялец, плотка, язь,
Яшчэ засушаныя з лета.
Але не ўсё яшчэ і гэта:
Аздоблен квас быў і грыбамі,
Выключна ўсё баравічкамі;
Цыбуля, перчык, ліст бабковы –
Ну, не ўясісь, каб я здаровы!
Пільнуй, – цішком скажу між намі, –
Каб і язык не ўцёк часамі.
За квасам елі верашчаку,
А потым блінчыкі на маку,
А там ламанцы-праснакі
З пшанічнай добрае мукі;
А макаў сок такі салодкі!
Ламанцы ў ім, ну, як калодкі –
Так добра макам праняліся,
У рот паложыш – абліжыся.
За прасначкамі йшлі кампоты,
Кісель з мядоваю сытою;
Вячэру скончылі куццёю,
Але ўжо елі без ахвоты,
Абы падатак той аддаць,
Стары звычай ушанаваць.
І после гэтакай вячэры
Жывот выпучваўся без меры,
А з-за стала як уставалі,
То нават трохі і стагналі.

На першы дзень святых калядак
Такі ўжо быў стары парадак –
Збіралі сена са стала,
Кармілі ім каня, вала
І ўсіх жывёлін, хоць па жмені,
А на стале, ў драбнюткім сене
Здавён-даўна вялося й гэта –
Уважна зернетак шукалі
І па тых зернетках гадалі,
Які зародзіць хлеб налета.

Новая зямля

Якуб Колас

 

  
ДА ЗМЕСТУ


ДАЛЕЙ