|
XXIII. ПАНСКАЯ ПАЦЕХА
Якраз пад Вербніцу ў суботу, У самы снег і гразь і слоту Ў будан Міхал з Алесем пхаўся. Конь Ножык клыгаў, аступаўся, Вада пад коламі плюхцела. – Бадай тут іх нуда паела! Вязі з гумна для іх салому І стол цягні апошні з дому, Каб мелі дзе на чым пажэрці, Бога не нашага вы чэрці, – Міхал паноў кляне і лае; А ён загад з кватэры мае Сюды, ў будан, каб смачна спалі І гора бы паны не зналі, Завезці стол, услон, саломы. «Будуй ты ўсюды ім харомы. Завошта ж ім, спытаць, пашана? Навошта Бог трымае пана? Дзеля таго, каб панавалі І нашым братам папіхалі? Ці ласку ў Бога заслужылі, Каб іх тут песцілі, тулілі?.. Эх, брат! усё то – ашуканства! Калі-нібудзь ім згіне панства». І чуў Міхал нутром, душою – Не мае грунту пад сабою Вось лад такі на гэтым свеце: Адны ў пашане, тыя ў смецці І век жывуць пад нейкім страхам, Ўсе ж выйшлі ў жыцце адным шляхам! І што ты зробіш? пакарайся І аднаго гужа трымайся.
Да буданоў ён пад'язджае. Пад'ехаў, коніка спыняе, Знімае стол, услон, салому, Алеся шле з канём дадому, А сам агонь тут раскладае, Салому сушыць, прыбірае, Бо заўтра будзе паляванне. Паны пад вечар прыязджаюць, Іх на кватэры ўжо чакаюць, Сюды прыпрэ іх у змярканне.
Пад вечар неба праяснілась І ўсё вакол развесялілась: «Глядзі – панам і тут шанцуе: Сама пагода ім слугуе, І сонца свеціць, стала ціша – Багатым чорт дзяцей калыша», – Міхал у думках зазначае І сам з сабою разважае. І рупіць гэта паляванне, А заўтра ранкам у світанне Яму падводзіць трэба пана. Ану ж глушэц неспадзявана Зляціць куды ці так зарвецца, Калі на гэта павядзецца, А ты свяці тады вачамі Перад ляснічым і панамі.
– А, ты ўжо тут! тырчыць, як паля! Здароў, як маешся, Міхале? – А так і маюсь, ягамосцю! – Не то з усмешкай, не то з злосцю Міхал з будана адазваўся, А Пальчык громка засмяяўся. – Ты, брат, як пан той у будане. – А што ты думаеш, васпане? Хіба не пан? – Міхал падняўся, Як пан, у бокі важна ўзяўся І з панскай мінай пахаджае, Па-польску Пальчыка пытае: – Цо повеш, галган? Цо потшэба? Я далэм тобе, дурню, хлеба!.. Ідзь до д'ябла! – Пан праўдзівы! – Са смехам Пальчык адзначае; Абодвух смехам пашыбае Спаткання гэты тон жартлівы.
Праз паўгадзіны ўсе сышліся. Цяпер размовы павяліся Наконт паноў і палявання. Ох, дасць Ракоўскі залівання, Калі панам не пашанцуе І сам глушца не запалюе; Так і ўскіпіць, як рак чырвоны, – Такі ён кручаны, шалёны! Сам вінават – цябе аблае, За няма-што з гразёй змяшае. Ох, і паганая урода, Прышыбла б дзе яго калода! Абрыцкі моўчкі дым пускае І люльку пальцам прыціскае, Аб чымся думае сукрыта; Усмешка нейкая разліта І на твары і пад вусамі. І толькі ўскіне ён вачамі То на таго, то на другога, Ды не прамовіць ён нічога, Бы засмучае штось старога.
– Ўставайце: едуць! – Ўсе ўсхапілісь, Захвалявалісь, захадзілісь, Знакі на грудзях папраўляюць І на спатканне выбягаюць І ўраз спыняюцца, стаяць – Паноў тых трэба прывітаць. Паны ў калясцы пад'язджаюць. Хурман тут лейцы падцінае, Стаенных пару прыпыняе, А пан Абрыцкі з леснікамі Скланілісь нізка прад панамі. Паны чуць-чуць адно зірнулі, На іх увагі не звярнулі, Як бы не людзі то стаялі, І ў свой будан павандравалі. Тут леснікі бягом да брычкі, Бо знаюць панскія прывычкі, Нясуць іх стрэльбы і пакункі, Прылады розныя, ладункі І ў будане іх прыбіраюць, Панам, як могуць, дагаджаюць. Паны ж не бачаць іх, не чуюць, Бярэ іх нейкі рух, жартуюць; Усё іх цешыць, забаўляе, На лад вясёлы падымае: Будан, агонь, начлег цікавы, Прасцецкі стол, салома, лавы, Таксама цешыць паляванне, – Ім тут цікава ўсё дазвання, Апроч людзей, што ім так дбаюць І ўсе іх глупствы выпаўняюць. Тут быў Ракоўскі, пан ляснічы, З Нясвіжа глаўны кіраўнічы Маёнткаў княжацкіх, пан Свіда, І трэці пан, даўгі, як дзіда, Быў пан Кржывіцкі, равізовы, Яшчэ нябачаны тут, новы. Цямнее ў лесе. Ноч надходзіць, Марозік злёгку націскае. На небе месяц усплывае, Задуму смутную наводзіць І лес маўклівы азірае. Гарыць-дрыжыць агонь шумлівы, А залатыя пералівы, Вуглёў міганне-дрыгаценне Ім ткуць чароўнае адзенне: Шчыты агнёвыя, кароны, То ярка-светлы, то чырвоны. Шугае полымя бурліва, А іскры-зорачкі шчасліва Бягуць-плывуць бліскучым роем Угору ў голькі к тоўстым хвоям І ў верхавінах прападаюць, Бы вочкі плюшчаць, уміраюць. Тут светла, весела, ўсё жыва, А ў лесе цьма ляжыць маўкліва, Глядзіць панура, неласкава, Што не ў свой час ідзе забава. Дрыгучы блеск вакол гуляе, І цьму адгэтуль адганяе, І піша здольныя малюнкі, І фарбаў розныя гатункі Па тоўстых хвоях раскідае, Дзівоты чараў выяўляе.
Сядзяць паны, як страхі тыя, А міны важныя такія, Ўсе непрыступны і ўсе горды, Рашучы погляды і цвёрды, А ў кожным слове, ў кожным руху Відна знявага да «псяюху». «Псяюхі» ж ім усяк слугуюць І для вячэры стол гатуюць, Ў агонь бярвенні падкідаюць І прад панамі выдыгаюць. І вось за стол паны садзяцца, Ім заманулась частавацца; Кілішкі «вудкай» наліваюць І чаркі з чаркамі стыкаюць, Жуюць смажэнне і вяндліну І хваляць добрую часіну. А «вудка» больш развесяляе; Пан равізовы зачынае: «Ешчэ Польска не згінэла, Пукі мы жыемы». Паны адны перад другімі Шыкуюць жартамі сваімі, Свой розум, гонар выстаўляюць І дубальтоўкі выслаўляюць. Ракоўскі, злосны з леснікамі, Зусім не той цяпер з панамі. Паны ў хвальбе не зналі меры, Самім сабе не мелі веры, Ды пра лганнё сваё маўчалі, Не падсяваючы, ўсе лгалі. – А я, – тут Свіда выступае, Ён вус угору падымае І панству кідае з запалам: – Седм вількув забів едным стшалэм! Паны на момант слупянеюць, Жаваць іх сківіцы не смеюць: Загнаў пан Свіда ім загвоздку, Як бы у горла сунуў костку. – Дальбуг, цекаве, даен слово! – Сказаў нарэшце равізовы. – Гм, як жа гэта, проша пана? – Ўсіх зрэзаў Свіда нечакана І верх цяпер над імі мае. Паноў аж зайздрасць разбірае. – То пан жартуе, як то можна? – Паны развагу вядуць розна: Сказаць: салгаў – не выпадае, Паверыць – веры не хапае; А паўнамоцны ў здаваленні, Як бы агорнуты ў праменні, Навокал горда пазірае І важна шчокі надзімае, Як бы паноў ён і не бачыць. – Няхай жа пан то растлумачыць! – А так, панове: едным стшалэм! – Зноў ткнуў іх Свіда як бы джалам. Ў канцы дае ім тлумачэнне: Забіў ваўчыцу на шчаненні. Паны – ляснічы й равізовы – Як па камандзе, б'юць галовы: – І як то мы не дагадалісь! І доўга ўсе яны смяялісь. Назаўтра рана чуць разднела, Чуць-чуць на ўсходзе пасвятлела, Была кароткая нарада, Каму вясці якога пана. «Абы не гэтага шатана, Хоць бы не мне ўсучылі гада», – Міхал падумаў аб ляснічым. «Абы не з гэтым паляўнічым», – Так і другія разважалі, Пераглядаліся, чакалі. Але як Свіда быў тут глаўны, А з леснікоў найболей слаўны Міхал даўно ўжо тут лічыўся, То ён Міхалу даручыўся, Кржывіцкі Пальчыку застаўся, А ў трэцяй пары аказаўся Ніхто другі, як наш Гавака; Аж уздыхнуў ён, небарака. Размеркаваўшысь такім чынам, Паны па розных пуцявінах Ідуць на токі з леснікамі. Міхал здалёк пайшоў цянькамі; Гатовы план даўно ён мае, Ідзе і Свіду навучае, Гаворыць з прыціскам, хоць ціха, Каб не ўстрывожыць тое ліха. – Вось тут, паночку, «такавіска», Глушэц асочаны ўжо блізка, Няхай жа пан ідзе ціхутка, Бо гэта штучка вельмі чутка: Не асцярогся – і прапала. І Свіда слухае Міхала, Што толькі той ні загадае. Міхал над панам волю мае, Цяпер ён пан хоць на мінутку. «Скачы ж, браток, пад маю дудку, Прызнай жа мне і ты пашану?» – Міхал у думках кажа пану. – Як скокну я – і пан хай скача; Спынюся я – і пан спыніся! Глядзі ж, панок, не памыліся, Каб тут не вынікла няўдача! Міхал замёр, стаіць маўкліва, А з ім і Свіда нерухліва. У лесе значна пасвятлела, І вось дзесь блізка, перш нясмела Заграў глушэц і абарваўся Ды зноў зачаў, разбалбатаўся. Міхал даў знак. Скок-скок! спыніўся, З ім радам Свіда апыніўся. – Ці бачыць пан? унь-унь чарнее... Ой, не: хай пан цярпець умее! – А Свіда стаў пароць гарачку І ўжо у стрэльбе ўзвёў сабачку. – Не руш! не руш, пан! о, крый божа; Пан папсаваці справу можа! Яшчэ мінуту улучылі, На крокаў дваццаць падступілі. Цяпер глушэц, як на далоні, Сядзіць, бы шула, у заслоне Хваёвых лапак, хвост мятлою, Як бы любуецца сабою, Балбоча, крэхкае і свішча; Глушэц склікае на ігрышча, А мо хваленні жыццю правіць І гэты бор спрадвечны славіць. Міхал і Свіда той часінай Стаялі моўчкі пад ялінай. Пан Свіда стрэльбу падымае І доўга цэліцца... страляе. Бух! – грукнуў стрэл, лес узбудзіўся! Дымок раўнюткаю стралою Жахнуў старую гэту хвою, З якой глушэц даўно зрадніўся; І раптам з ёю разлучыўся, Умомант звяў і страціў сілы І не паспеў разняць ён крылы, На мяккі дол, на мох зялёны Упаў, насмерць акрываўлёны; Ўзнялась галоўка і апала, Два разы лапка задрыжала, Навек застыла нерухома. А Свіда рад быў, рад, вядома: Рублём Міхала ён трактуе, Цыгарай хвацкаю частуе.
|
Новая зямля
Якуб Колас
|
|