|
XXIV. ВЯЛІКДЗЕНЬ
У хаце вучням не сядзіцца – Прайшла ахвота ў іх вучыцца; І сам дарэктар уздыхае, На Мікалаўшчыну ківае, У смутку нейкім часта ходзіць, Аб доме гутарку заводзіць, Пускае жарты міма вуха, Яго не цешыць саладуха, Якая хлопцу падабалась, Бо вельмі добра удавалась. – Сказаць, не кепска тут хлапчыне, – Прамовіць часам гаспадыня, – А ўсё ж дамок свой моцна цягне, І кожны к матцы сваёй прагне. Прыйшлося ўважыць тут малому І адвязці яго дадому. А вучні кніжкі пахавалі І ўжо Вялікадня чакалі. Прыйшла вялікая субота, Даўно прыпынена работа, І ўжо пад вечар сама хата Была прылучана да свята: Лагоднасць, згода і павага І вельмі сталая развага Ўвесь гэты дзень тут панавалі. І блізкасць свята шанавалі Старыя, дзеці і падросткі І шуму тут не падымалі, Як будным днём з-за кожнай косткі. Алесь, Кастусь і Міхаліна – Сама найшла на іх часіна – На працу зранку выйшлі самі І падмялі двор дзеркачамі; Пясочку потым накапалі І сцежкі ім панасыпалі; І гэты дворык так змяніўся, Так гожа траўкай заіскрыўся, Што проста глянуць было люба, – Хоць ты вядзі яго да шлюба. Мужчыны загадзя пабрылісь, Вадою цёплаю памылісь, Бо трэба ж ім было сабрацца Паехаць ў цэркву спавядацца. Хоць і казаў Антось, бывала, Што тут, у лесе, грахоў мала; Калі ж часамі грэх налучыць, Аб ім забудзеш, ён не мучыць І не пашкодзіць ў справах неба, Але папу аддаць іх трэба. І вось пад вечар трохі важка Загрукацела каламажка, На свет выходзячы з усмешкай, Зіму згуляўшы пад застрэшкай. Антось агледзеў тут прылады, Калёсам добра даў «памады», Густога дзёгцю і варволю, Каб меней крыўдзілісь на долю; А напамадзіўшы калёсы, Паправіў вітыя атосы І падлажыў у задок сена. Вясёлы час – павозак змена! Агледзеў дзядзька ўсю аздобу, Тады зрабіў павозцы спробу. Калёсы лёгка закруцілісь, З вясёлым гукам пакацілісь. Пайшлі ў хаду раўнютка, гладка, Як з маслам першая аладка. Тым часам ў хаце ўсё гатова, Цяпер за бацькам толькі слова, Бо ён у лесе прыпазніўся І вось цяпер яшчэ пыніўся. А хлопцы зрання рыхтавалісь, Па добрай згодзе змеркавалісь І самі зладзілі, вядома, Хто едзе з іх, хто будзе дома. – То будзем ехаць – я гатовы... Ну, аставайцеся здаровы! – Міхал дамашнім пакланіўся І шапку зняў, перахрысціўся. Яму ў адказ дабра жадаюць, Грахі ўсе чыста адпускаюць.
Над ціхай талаю зямлёю Навісла ночка той парою. Было спакойна і лагодна, Як бы сама прырода тая Паважнасць свята адчувае, З людзьмі жыве супольна, згодна. Маўчаць хваіны, ані зыку, Не шэпне гэты бор-музыка, Стаіць маўчком і разважае, Відаць, Вялікадня чакае. «Цяпер і страхі пазнікалі!» На вуха Костусю шапталі Якіясь думкі-весялушкі: «Звяры Вялікдзень чуюць, птушкі, І хвоі гэтыя, і елі, Ліхія людзі падабрэлі, Бо святам божым ўсюды вее; З нажом разбойнік не пасмее Залегчы ў лесе срэдзь дарогі, Бо і заможны і убогі Святы Вялікаднік святкуюць І радасць ў сэрцы сваім чуюць». І гэту згоднасць, радасць свята Ва ўсім Кастусік адчувае: І ў тым, як з дзядзькам размаўляе, На возе седзячы з ім, тата, Чуваць яна ў пытанні брата, І ў гэтым лесе безгалосным, І ў мерным клыгату калёсным; Вось так і чуеш, што й дарога Цяпер паслушна волі Бога, І пераказваюць навіны Калёсам гучна каляіны. Дарога з лесу выйшла ў поле, Калёсы коцяцца паволі, Шуршыць пясочак мнагазначна. Ў сяле на цэркві чуць абачна Блішчыць ліхтарык і мігае, Дарожных погляд прыцягае. Яны лагчынку праязджаюць, Гару сярэднюю мінаюць, Клады з паніклымі крыжамі, Дзе дрэвы голькамі-брыжамі Навіслі ціха над зямлёю, І едуць мернаю ступою. Вось хаты з мроку выплываюць, Агнямі вокны ў хатах ззяюць, І на пясочку блескі-плямы Прыгожа пішуцца скрозь рамы. Яшчэ па звычаю старому Мужчыны сталыя удому Свае літанні адпраўлялі, Пакуты Езуса спявалі. Так і цяпер у Ратуёвых, Ў Яхіма дзядзькі, ў Базылёвых, Таксама ў Стасечкі і ў Даткі Свае захоўвалі парадкі: Сядзелі згодна і набожна І спеў святы вялі заложна, Вачэй не зводзячы з кантычкі. Часамі тут былі і стычкі, Калі спеў новы зачыналі Ды ў тон агульны не траплялі. – Не так, Андрэй, ты пачынаеш! – Не, гэта ты, Сальвэсь, збіваеш! – Не так, мужчыны, вось як трэба! Пры гэтым чуўся бас Язэпа, Другія голас далучалі, І гуртам зноў яны спявалі За накіроўваючым басам. А падарожныя тым часам На двор да швагра заязджаюць, Ідуць у хату, ўсіх вітаюць. Карусь Дзівак ў сваім кажусе Ляжаў на печы ў цёплым дусе, Як заўжды ў вольную часіну; Ляжаў, курыў і цыркаў сліну З-за белай коміны на хату; І ён таксама рады святу, Але ніяк не мог стрымацца, Каб з печы жартам не азвацца, Абы хто ў хаце паказаўся, І сам ён смехам заліваўся; А цётка Магда не стрывае І Дзівака свайго палае: – Чаго, кацьмак, там заваліўся? Пайшоў бы ў цэркву, памаліўся, Зусім ты Бога адцураўся: Пятнаццаць год як спавядаўся! – А што папу казаць я маю? Я печ на рай не памяняю! – Цьфу, млын пусты! ото завала, Бадай табе было зарвала! – І злосна дзядзьку лае цётка, А ён хіхікае каротка. – Што, дзядзька, пойдзем ў цэркву, можа? – А пойдзем, голубе-нябожа! Антось і Костусь ідуць з хаты. Цянююць вуліцай дзяўчаты, Шчабечуць весела, смяюцца, І хлопцы дзесь перагукнуцца. І ўсе вясёлы, ўсе рухлівы І святам заўтрашнім шчаслівы. А цэрква, макаўка святая, Народу поўна, блескам ззяе. Сярод царкоўкі плашчаніца Стаіць між елачак зялёных. Кабеты, дзеўкі, маладзіцы Ідуць-плывуць да плашчаніцы У хустках белых і чырвоных, Набожна хрысцяцца, ўздыхаюць І лбом данізу прыпадаюць. Направа сталыя мужчыны Стаяць, разгладзіўшы маршчыны. А Чыліноў Алесь надзьмуўся, Ў святыя дзеянні уткнуўся І там, дзе слоў не расчытае, На сажань голас працягае. – Вось Чыліны як дацінаюць! – Чытанне людзі адзначаюць. Народ калышацца, хвалюе, Бы ў цёмным віры вада тая, І ўсё плыве, ўсё прыбывае, А ўлады сну ён больш не чуе, І блізак час святой дзянніцы. «Хрыстос васкрос!» – з гары-званіцы Вяшчае першы звон шчасліва. Народ увесь, бы ў полі ніва Буйнымі гнецца каласамі, Скланіўся ціха галавамі. А пачакаўшы з паўгадзіны, Нясуць жанкі, нясуць мужчыны Кашы, каробкі, паўасміны І ставяць ў рад на цвінтары Ўсе велікодныя дары. Маленне бацька-поп канчае, Ідзе з крапідлам і махае. Заварушыліся каробкі, Кашы, рашэты, паўасміны, – Чакалі доўга той часіны Дзямян, Шабас, Казімер, Сцёпка. Паперлі полем русакоўцы, Бягуць да коней свержаноўцы, Гудуць, склікаюцца, віншуюць, Адны другіх ў галдзе не чуюць, І ўсе спяшаюцца, бягуць, Каб рот свой скорамам заткнуць. Антось з Міхалам тож гатовы. – Святкуйце ж веселы, здаровы! – Усім дабра яны жадаюць І за вароты выязджаюць. А людзі ў хатах не драмалі: Ўжо «алялюя» адспявалі І за сталамі ўсёй сям'ёю Сядзелі – цешылісь ядою. Панукі конік не чакае, І сам ён рыссю запускае, Як бы спяшаецца дамоў Замчаць сваіх гаспадароў.
А новы дзень, даўно жаданы, Ўжо сыпле багру на курганы, І стрэлы-косы залатыя На ўзгоркі падаюць крутыя. А хмаркі ў фарбах златалітых, Ў шаўках агністых, аксамітах, То паасобку, то гурткамі, То залатымі ланцужкамі, Як бы спыніўшысь нерухліва, Усмешкі кідаюць шчасліва, – І ім хацелася, відаць, Святы Вялікаднік вітаць. – Ну, едуць, едуць! – Алесь з хаты Бяжыць да дзядзькі і да таты, І дзеці кінулісь к парогу. – Ну, вось і дома, дзякуй Богу! Прыйшлі у хату, ўсіх цалуюць, З святым Вялікаднем віншуюць; Памылісь борздзенька, садзяцца, Бо час даўно ім разгаўляцца. Абрусам белым стол накрыты, Ўсё мае выгляд самавіты; Мужчыны добры і прыветны. Ніякай цені незаметна. На бэльку кінуў бацька вочы, Бярэ кантычку і гартае, «Вэсолы нам дзісь дзень» шукае. Хоць спевы слухаць неахвочы, Але трымаюць дзеці згоду, Бо ўжо вялось так год ад году. «Вэсолы» ў «ксёнжцы» дзесь прапалі, Насілу ўдвух іх адшукалі І раптам дружна зацягнулі, Як бы іх пугай сцебанулі; І маці голас далучае І так танютка вырабляе, А гаспадар ўсё болей з баса Утне такога выкрунтаса, Аж сам падзівіцца сабе, І стане горача табе. Антось бярэ больш танкавата Й не адстае ніяк ад брата, А хлопцы толькі усміхнуцца, Але сядзяць, не зварухнуцца. К канцу падходзіць «алялюя», Ў камору маці тут тралюе, Нясе прынадную бутэльку. Кантычка зноў ідзе на бэльку. Відэльцы дружна разбіраюць, І гуртам яйкі ачышчаюць, І па кусочку іх бяруць, Крыху падсольваюць, ядуць. Вось бацька чарку налівае І вочы ўгору падымае. – Дай, Божа, за год дачакаць Здаровым, вясёлым, жывым І новы Вялікдзень таксама спаткаць У добрым здаровейку ўсім, Каб гора і смутку не зналі. – Дай, Божа! – разам адказалі. І пайшла чарка з рук у рукі, Пілі ўсе гладка, без прынукі; Малым папрабаваць далі, Каб весялейшыя былі. А на стале тым – рай, ды годзе, Што рэдка трапіцца ў народзе, Ляжала шынка, як кадушка, Румяна-белая пампушка, Чырвона зверху, сакаўная, Як бы агонь у ёй палае, А ніз бялюткі, паркалёвы; Кілбасы-скруткі, як падковы, Між сцёган, сала і грудзінак Красуе ўсмажаны падсвінак, Чысцюткі, свежы і румяны, Як бы паніч той надзіманы. Муштарда, хрэн – адно дзяржыся, У рот паложыш – сцеражыся! А пірагі, як сонца, ззялі, І ў роце бабкі раставалі. Са смакам елі і багата – На тое ж даў Бог людзям свята.
|
Новая зямля
Якуб Колас
|
|