|
XXV. ЛЕТНІМ ЧАСАМ
Прайшоў Вялікаднік свяценькі. Бяруцца людзі за сявенькі, За плуг, за бораны, за сохі, Пайшлі разгульвацца патрохі. Запахла поле зноў раллёю; Гракі, вароны чарадою За свежай ходзяць баразною. Вясёлы шум і пануканне Чутны да самага змяркання. А над палямі ў ясным небе, Як быццам песнямі аб хлебе, Які даручан гэтай глебе, Зальюцца жаваранкі хорам, І песні моўкнуць па-над борам. А сам той бор глядзіць з усмехам І ўторыць чуткім сваім рэхам І спеву-посвісту драздоў, І громкім трубам пастухоў, І ціхай дудцы за гарою.
Адна работа за другою Ідзе-плыве сваёй чаргою То ў агародзе, то на полі І не спыняецца ніколі; І так у клопаце, ў рабоце, Ці то ў няволі, ці ў ахвоце Вясна мінецца, прыйдзе лета. Тады штодня ўставай дасвета, І агнявокая дзянніца, Як маладая чараўніца, Цябе сагрэе мілым смехам, Авее духам чыстым бораў, Палёў, лугоў, нябёс прастораў І сыпне радасць нізкім стрэхам, Ды толькі будзе той дастойны Вітаць у ранічак спакойны Златавалосую багіню, Той да грудзей яе прыхіне, Яе пацешыцца красою, Хто сам абмыецца расою.
За колькі дзён да касавіцы Касцы заглянуць на паліцы, Каб малаток знайсці і бабку: Ідзе работа, не спі ў шапку. Агледзьце, братцы, добра косы, Каб не псаваць свае пракосы, Каб не ўвадзіць людзей у грэх, Касарства зводзячы на смех. Пахібка знойдзецца якая, Наш дзядзька першы не ўтрывае І на пакошу тыкне пальцам: Бяда няўмекам і нядбальцам, Хто шнур зжуе няроўным плехам – Антось яго ўжо дойме смехам, Задзене проста за жывое, Хоць сэрца ў дзядзькі і не злое. Затое ж дзядзька хват і дока, Набіў на косах сваё вока, І калі выбера ён коску – Не пара іншаму падоску: І ярка, лёгка, спрытна, гонка; Другі лягчэй знаходзіць жонку – Свой вечны лёс, сваю красу, Чым дзядзька добрую касу.
І паглядзець было цікава, Як дзядзька шчыра і ласкава Касу на рынку выбірае! Якіх ён спроб там не ўжывае! Спярша агледзіць яе пільна, З усіх бакоў глядзіць прыхільна І паступова, па парадку Як на насок, так і на пятку І на кляймо, на шыйку тую; Глядзіць мінуту і другую. Ды для касы гэтага мала: Спрабуе кіпцем яе джала І спробу зробіць над абухам, Тады паверка йдзе ўжо вухам, Ці добра звоніць коска гэта, – У дзядзькі тут свая прымета, Ды я не ведаю якая, – І дзядзька косцы загукае: «Ка-са!» і вуха прыкладае – Сакрэт знаў дзядзька ў гэтай штуцы: Каса павінна адгукнуцца; Калі ж каса не гаваркая, То дзядзька спосаб яшчэ мае: Наслініць, выцершы насуха, Рубец касы, той край абуха, І ўпапярок у тую сліну Кладзе саломінку-націну, І тут каса ўжо, брат, не схлусіць: Удоўж саломка легчы мусіць.
Купіць касу – о, гэта штука! Яшчэ больш важная навука – Умець дагнаць касу да ладу І даць ёй выклепку, асаду. Мастак быў дзядзька і на гэта, Ён ладзіў многа кос у лета І так наклепле іх, асадзіць, Што хто на коску ні паглядзіць, То толькі ахне ўжо ад дзіва Ці галавой кіўне маўкліва.
За дзень, за два да касавіцы Звіняць, гамоняць вакаліцы На ўсе лады, на ўсе галосы – Пайшлі кляпаць і ладзіць косы.
Настаў дзянёк, даўно чаканы. Пакаты ўзгор'я і курганы Уздзелі чырвані кароны, І стрэхі сонцам пазлачоны; Туманаў лёгкія паромы Над рэчкай віснуць нерухома, А ў люстры водаў гэтай рэчкі, Як закаханая дзяўчына, Глядзіцца пышная вярбіна. Ў бліскучым лісцейку, як свечкі На алтары ў часы малення, Іскрацца сонейка праменні, Бы смех бязгрэшны і шчаслівы. А там, на ўсходзе, пералівы Агністых фарбаў робяць дзівы І сыплюць шчодра ад усходу Зямлі і небу радасць, згоду. І чуткі струны гэтай цішы! Іх подых ветрыку ўскалыша, І нават з дрэва лісцік кволы Адб'е ў іх голас свой вясёлы. Але паслухай, мілы дружа. Эх, што за хваля і як дужа, Разгонна, смела і агромна Плыве па струнах тых з-пад Нёмна! Ідуць касцы, звіняць іх косы, Вітаюць іх буйныя росы, А краскі ніжай гнуць галовы, Пачуўшы косак звон сталёвы. Касцы ідуць то грамадою, То шнурам цягнуць, чарадою, То паасобку, то па пары; Ідуць касцы, ідуць, як хмары, І льецца смех іх разудалы. Як веснавыя перавалы.
Гаворка, шум і коней ржанне – Касьбы вясёлае вітанне. Касцы, ваякі мірнай працы, Выходзяць з косамі на пляцы, І на палоскі верставыя Кладуцца коскі іх крывыя – Пайшлі праверкі і прамеры, Каб больш мець пэўнасці і веры І каб не выйшла перакосу І не зайсці ў чыю палосу, Бо будзе крыку, будзе сваркі, – Няхай лепш цэлы будуць каркі. Але бывалі ўсё ж здарэнні, Што вынікалі абурэнні. Калі ў траве хто брод вядзе Ды трохі ў шнур чужы ўбрыдзе, – Тады касцы страх як крычалі І мацярок упаміналі.
Эх, час касьбы, вясёлы час! І я ім цешыўся не раз, І з таго часу па сягоння Мне сонцам свеціць Наднямонне.
Касцы расходзяцца па гаку, Як бы ідуць яны ў атаку, І жыва менцяць свае косы; І ткуцца здольныя пракосы, Лажацца роўнымі радамі, А за касцом двума слядамі Адбіткі ног яго кладуцца, А косы свішчуць і смяюцца.
Тым часам сонца выйшла ўгору І з безгранічнага прастору Шырокай плынню агнявою На землю шчодраю рукою Лье блеск гарачы і яскравы; І вянуць скошаныя травы, І выглядаюць нудна палі. На луг другая коціць хваля: Ідуць грабцы, жанкі, дзяўчата, Убраны хораша, бы ў свята: Чырвоны колер, белы – ўсякі, Бы ў агародзе тыя макі; Ідуць, пракосы разбіваюць, З лагчынак сена выграбаюць, То там, то сям у чэсць пятровак З грудзей тых макавых галовак, Дзяўчатак слаўных, яснавокіх, Ў лугах прасторных і шырокіх Плывуць-дрыжаць спяванак тоны; І тыя песні засмучоны І млеюць ў стомленым абшары, Як бы адбітак божай кары. А дзень гарыць, а дзень палае. Ўсплывае хмарка і другая Над сіне-дымным небасхілам І ў задуменні смутна-мілым З нябёс блакітных пазіраюць, Як бы дарогу выбіраюць. Раздолле ў лузе, эх, раздолле! А колькі смеху і сваволля, І жартаў, плюскату, штурхання Над гэтым Нёмнам у купанне! І хіба можна ўжо ўстрымацца, У час касьбы не пакупацца? І дзе на свеце ёсць такая, Як Нёман, рэчанька другая? Тут хвалі светлы, срэбралітны, А беражкі – ну, аксамітны, На дне пясочак жоўты, чысты, Вадою згладжаны, зярністы. У воду войдзеш – шчасце раю, Я шчасця большага не знаю, Ці знаць яго ўжо не прыйшлося, Як толькі тут, на сенакосе. А глянь на луг пад вечар, браце! Увесь, як ёсць, ва ўсім ахваце, Па ўсіх грудах аж за дарогу Устаўлен копамі мурогу; І так свяжуткі копкі тыя, І так выразны, бы жывыя, І выгляд кожнае адметны, Але ўсе разам так прыветны! Вазы шыбуюць важна, стала, Бы тых вагонаў рад нагнала. Павее ветрык – што за пахі! Мёд разліваюць тыя гмахі, Віно найлепшае і ром, Як плата шчырая касцом.
А вечар чуткі, гутарлівы Разносіць гоман, смех шчаслівы І ў сэрцы паліць парыванні І тчэ красёначкі кахання. Ружовы захад повен ласкі, І ціха звіслі агнепаскі, Брыжы, тасёмкі і каралі; Адзенне хмаркі пазнімалі І самі леглі спаць на ночку, Адзеўшы лёгкую сарочку; І гасне дзень у задуменні, Як гаснуць жыцця летуценні.
Зірні на луг прад навальніцай, Калі крыжастай бліскавіцай У страсе твар ахрысціць хмара, І сілай грознага цяжару Ўскалыша землю шум дрыгучы – Далёкі, ўстрымлены, магучы – І здрыгане нябёс разлогі, Як голас божай засцярогі, – Зірні тады на гэту шыр: Трасецца-ходзіць луг, бы вір, Бы той кацёл у час кіпення, – Ўсё поўна руху і імкнення. Ой, час гарачы, ой, час цяжкі! Бягуць касцы, ну, як мурашкі, Бягуць грабцам на дапамогу І раптам б'юць усе трывогу.
А хмары ўсталі нечакана, Хоць, праўда, парыла ўжо зрана; Бела-ружовыя іх шаты Вісяць маўклівы і зацяты, А кучаравыя клубішчы, Як на ўсясветным пажарышчы, Растуць, расквечваюць на сонцы Свае клубочкі-валаконцы І ткуць сярэбраны масток, Дзе гром застукаў, як чаўнок. Пад шум, пад грукат навальніцы, Як бы па знаку чараўніцы, Ўстаюць-растуць на лузе копкі, І луг пабраўся ўвесь у бобкі. А пад хваінаю на грудзе Вакол стажка аж кішаць людзі, Гарачка ўсіх бярэ такая, Што пот ім вочы залівае, Бо хмара сіваю градою Ўжо звісла нізка над зямлёю, Ідзе гняўліва, пасмы сцеле, Блішчыць-гарыць яе кудзеля І пакручастымі жмутамі Стрыжэ-глядзіць, як змей, вачамі, І сучыць срэбраныя ніткі У шнур дажджаны ўвачавідкі.
А дождж шуміць, а дождж гудзе, І бліжай-бліжай ён ідзе І даль туманам засцілае. Упала кропля і другая, За імі цэлым вадаспадам Буйныя капкі, як бы градам, Па лісцях дуба секанулі Ды далей сетку пацягнулі. І вось жахнула бліскавіца, Як вогнямгненная крыніца, І гром-пярун сталёвым бічам, Бы нейкі звер страшэнным лычам Арэ, трасе, калоціць хмары, Зямлю, надземныя абшары, Бушуе доўга, абурліва, Над лесам коціцца гняўліва, І гэты гоман, гнеў дрыгучы, Злучае зноў у стрэл магучы, Густы, злавешчы, віхрабежны І нестрыманы і драпежны І так цяжэрна націскае, Як бы зямлю дзесь угінае. І шугнуў дождж налётам смелым, Павіс абрусам густа-белым Над гэтым лугам, над палямі І льецца коса ручаямі, Бы невад цягнецца грымотны, І б'юцца кроплі ў пыл вільготны. Зірнеш вакол – адна любота! На лузе спынена работа, Жанкі, дзяўчаты і мужчыны Бягуць пад копы, пад драбіны, Каб менш быць змочаным дажджом; А хто, накрыўшысь халатом Ці так накінуўшы дзяругу, Сядзіць квахтухаю срэдзь лугу. – Давай, давай, дожджык, накропу. Сюды, дзяўчаткі, лезьце ў копу: Дасць Бог, на нашым гэтым грудзе На другі год касцоў прыбудзе! Пад гэты гром, пад дождж упарты То там, то тут пачуеш жарты І смех вясёлы, піск дзявочы, Бо хто ж крануць іх не ахвочы? Але й дзяўчаты язык маюць І востра хлопцаў падсякаюць, Не робяць жартам перашкоды.
За тыдзень добрае пагоды Праходзіць, глухне касавіца, І толькі дзе-нідзе капіца, Стуліўшысь ціха над вадою, Глядзіць забытаю ўдавою, Бы нейкі жаль яна хавае, І сэрца смуткам авявае; Ды стогі, сведкі цяжкай працы, Стаяць, як панскія палацы. А пышны луг так абяздолен, Стаіць пакошан і аголен І выгляд мае засмучоны. Гракі, і галкі, і вароны Даўно дзяцей павывадзілі, Над гэтым лугам закружылі, Ляцяць сюды на раздабыткі – Цяпер тут добрыя спажыткі.
Эх, скошан луг, – і зніклі краскі, Бы тыя чары мілай казкі, Якую ў часе вандравання Ці адзінокага блукання Табе складаюць думкі самі І залатымі паясамі Твае прыгоды спавіваюць І лёсы жыцця аздабляюць. Глядзіць пакоша-луг гаротна, На сэрцы робіцца маркотна. Эх, лета-лецейка любое, Ты адцвітаеш, залатое!.. І так паволі, неўзаметкі І нашы звянуць жыцця кветкі.
Але касьба – пачатак лету. О, колькі ў ім яшчэ прывету! Прыгод усякіх так багата – Тужыць аб леце ранавата. Яшчэ не раз у часе жніва Дзянніца зоймецца шчасліва, І ў ясным блеску і ў красе Адб'юцца хораша ў расе Яе кароны агнявыя, І пасмы-косы залатыя Скрозь шоўк нябёс ружова-белы Рассыплюць радасныя стрэлы, Бы ліры божай тыя стрункі, Бы тыя чары-пацалункі На вуснах шчырага кахання У патайны часок спаткання. Яшчэ нямала дзён цікавых І раніц светлых і ласкавых, Калі туманам белаватым Лясок атуліць свае шаты, А на палях у белі жыта Смех заблукае самавіта – Ружова-бледна чырвань-ззянне, Дзянніцы ціхае вітанне. Дык не гаруй жа, брат-нябога: Дзянькоў вясёлых яшчэ многа!..
Ітак, заціхлі сенажаці, Пайшла каса адпачываці, Да часу звісшы пад страхою, Каб быць заўсёды пад рукою На ўсякі выпадак, патрэбу. Цяпер увагу дайце хлебу, – Сярпок крывенькі просіць дзела, Жытцо падходзіць, пабялела. Саломку выгнуўшы дугою, Звісае колас над зямлёю, А спела-поўныя зярняткі Глядзяць, як спонкі-вачаняткі, Нібы ім хочацца хутчэй як Спаткаць-убачыць мілых жнеек.
Прыйшоў жаданы час спаткання. Глядзіць прыветна дзянёк зрання; У блеску сонца нікнуць росы; Свяжуткі, чысценькі нябёсы, Бы тыя вочкі маладыя, Застылі хмаркі залатыя. Дымок танюткі, белаваты Ўжо павіваецца над хатай, Бо трэба ж выпаліць печ тую Ды йсці на ніўку маладую. Угрэла сонца. Жней чародкі Ідуць паважна, як лябёдкі, У хустках лёгкіх, кофты белы, Іх рукі дужа загарэлы. Ідуць дзяўчаты, маладзіцы І жарты строяць, як блазніцы, Ідуць шумлівы, гаварлівы, Звініць іх голас, смех шчаслівы; Чутна і песня маладая, І поле раптам ажывае. І мацяркі з дзяцьмі малымі Ў лубках-калысках за плячымі – Такая ты, жаноча доля, – Марудна цягнуцца на поле. Прыйшлі на вузкія загоны, Дзе каласочкі шумы-звоны У таямнічы спеў злілі, Упаўшы чолам да зямлі.
Гарачы дзень. На полі душна. Прыціх той ветрык непаслушны, Як бы сваім аддаўся марам. Зацішак поля дыша варам І гоніць з твару поту рагі, І сохнуць губы ад той смагі. А жнейкі жнуць. У моры збожжа Мільгае постаць іх прыгожа, Калі ў паверхні таго жыта Ўсплыве галоўка самавіта І так прыгожа азірнецца, А гібкі станік разагнецца; Або калі над галавою У жнейкі спрытнаю рукою Пучок калоссяў мільгатнецца, Апіша дужку, бы вясёлку, Бы нейкай знічкі след пагаслы, І борзда ляжа ў перавяслы, Што распасцёрты на падолку, – Дапраўды: ўзмахаў гэтых мгненне – Адна любота, заглядзенне!
Гарачы дзень! Эх, спёка, спёка! А прохладзь вечара далёка. Замлела ўсё ў жары-тамленні, Зямля гарача і каменні; А ўсюды ціха, нема, глуха, І толькі заедзь каля вуха Гудзе агідна, надаедна, Бы сама наша доля бедна, Ды дзіцянё з лубка-калыскі Заводзіць плачы свае, піскі, А кучаравыя снапочкі, Над ім злучыўшы каласочкі, Стаяць спакойна і маўкліва, Бы кажуць жнейкам тым жычліва: «Да нас ідзеце, дабрадзейкі! Пад наш цянёк хавайцесь, жнейкі!»
А жнейкі жнуць. Іх твар палае, Іх пражыць, сушыць смага тая, Якую трудна ім здаволіць, Якая толькі «піць! піць!» моліць. Сярпок скрыгоча прагавіта, Жытцо згрызаючы сярдзіта, Як бы яму ўсё мала стравы – Нядарма ж вылез ён з-за лавы; Цяпер яго краса-часіна: Шпарчэй, шпарчэй жа гніся, спіна! І спіны гнуцца, бы ныраюць; Па струнах-кальвах пальцы граюць, Напрост кладуцца жмені жыта, Растуць снапочкі самавіта, Стаяць, бы лялечкі якія, Глядзяць, як госці дарагія.
Прыйдзі пад вечар ты на поле І палюбуйся ім, саколе! Ў якія роўныя шнурочкі Цяпер пакладзены снапочкі! І як прыгожа-слаўны бабкі! Якія ладныя іх шапкі! І хоць яны ўсе адзінакі, Але і выраз і адзнакі У кожнай бабкі асабісты, А наагул усе фарсісты, Зірнеш – дальбог жа, возьме ўцеха, І не стрымаешся ад смеху: Яны так мілы, так прыветны, Так самавіты, так фацэтны І пазіраюць так прыхільна, Прыгледзься толькі да іх пільна! І многа ж іх: не змерыш крокам І не акінеш нават вокам; Стаяць радамі, зухаваты, Як на ўрачыстасці салдаты.
А тая ранічка на полі У часе летняга расквету! Эх, выйдзі ў поле, брат, дасвету: Не будзеш каяцца ніколі. Зірні, прыслухайся наўкола: Як ціхамірна, як вясёла. І ў кожным дрэве, і былінцы, І ў малюпасенькай раслінцы, Ну, ва ўсім чысценька дазвання Блукае радасць спадзявання. Куды ні глянь – усё ў настроі І ў добрай згодзе між сабою; Само паветра жыва, дыша, Бы ў ім хтось хвалы жыццю піша, Праменна-светлы, яснавокі, І гаснуць-нікнуць ночкі змрокі.
Усход жыве, гарыць, палае, Слупы-праменні падымае, Бы тыя рукі блаславення У часе шчырага малення. І вось яна, жыцця крыніца, Сама багіня-чараўніца, Ўзышла на небе і міргнула, Расу ў брыльянты абярнула, Глядзіць прыветна, ўсіх кахае, Па свеце стрэлы рассыпае І песціць шчыра ўсіх, як матка... Хіба забудзеш міг той, братка? Каб завяршыць малюнак лета, Каб песня ўся была дапета На мой манер і на мой лад І апісаць усё падрад, Я, адчуваючы патрэбу Аддаць падзяку зямлі, небу, Хачу ў парэчанскі лясок Зайсці яшчэ, ну, хоць разок, Узяўшы кошык ці каробку, І ўжо тады паставіць кропку І кончыць з летняю парою. Мне не даюць грыбы спакою, Баравікі мне часта сняцца, Мне з імі трэба паквітацца; Я чую – грэх іх абмінуць, На іх увагі не звярнуць. Чорнагаловыя, ўдалыя, Баравічкі мае любыя! Якою слаўнаю сям'ёю Вы ўстаяце перада мною! Я помню летнія часіны І вас, грыбныя баравіны! Ранюткі час. Нідзе нікога, Між дрэў звіваецца дарога, А па дарозе ты з кашом У лес шыбуеш ціхачом, Каб ашукаць жанок руплівых, Бяссонных, вечна клапатлівых, І ім на злосць, на зайздрасць тую Набраць грыбоў капу, другую, Пакуль агледзяцца яны, Што там «карэньчыкі адны».
Наладзіў струны лес маўклівы На лад вясёлы, на шчаслівы; І толькі сонцаў круг чырвоны Асыпле золатам кароны Высокіх хвой у тым бары І кіне багру па кары, – Ачнецца лес, звіняць прагалы, Як мнагаструнныя цымбалы, І толькі пошчак той якоча, Пераліваецца, гагоча, Бяжыць па ўзгор'і між палянак, Як спеў размашыстых гулянак.
– Марыля, гу! гу-гу, Тацяна! – Гу-гу, Магдуся! Гу, Мар'яна! – Антоля! цётка Міхаліна! – Алеся! Зося! Катарына! – Па лесе ходзіць пагалосак Дзяўчат, жанок вакольных вёсак; Грымяць, трасуцца баравіны, І бас тут чуецца мужчыны. Але ўсяго тут цікаўней – Прынамсі, так было даўней, – Калі свяржэнскія кабеты Капэляй прыйдуць у лес гэты, Ды з іх кабеціна якая Капэлю згубіць і гукае І па імёнах называе: «Каруся, Палуся, Цацэля, Марцэля, Алена, Магдалена, Зося, Антося, Анэта, Праксэта, Цётка Югася, Бабка Кася! Гу-у-у!» І смешна часам і цікава, Як бы тут робіцца аблава.
Шнуруюць бабы і дзяўчаты І кантралююць мох узняты І тыя кучачкі калюшак, Дзе грыб схаваў свой капялюшык. Другая нізенька прыгнецца, Не ходзіць – поўзае вакол, Рукою мацаючы дол, Як бы на клад найшла, здаецца, І так старанненька шукае: І пад ядлоўчык заглядае, Пад верасок і пад хваінку, Разгорне кожную гарбінку І моху купінку ўздзярэ – Ну, ўсё як ёсць перабярэ. А як надарыцца часамі Табе, вандруючы лясамі, Найсці на неруш, дзе ніколі Ніякай Тэклі, ні Аўдолі Нага ні разу не ступала І вока іх не зазірала! Зірнеш і страчваешся ты: Сядзяць грыбы, як капыты, І, разгарнуўшы парасоны, Глядзяць, бы нейкія персоны, Крыху сур'ёзны, чуць пануры – Відаць, не простае натуры. Якія постаці іх, міны! А як пралазяць скрозь галіны! Як пад ядлоўцавыя лапкі Яны хаваюць свае шапкі! Стаіш, бы ўкопаны, прад імі І прагна мерыш іх вачымі, Яны ж, ну, вочы адбіраюць, Цябе аж дрыжыкі праймаюць: Так многа іх, і ўсе таўсматы, Прыземісты, карэнкаваты, Чорнагаловы, паўнацелы, Як тонкі кужаль, знізу белы; Сядзяць асобна і радамі, А дзе і зросшысь спарышамі. Што ні асоба – свой узор, Свая пасада і свой двор. Глядзіш на іх – і сэрцу міла, Як бы з іх сходзіць нейка сіла, Цябе чаруе, захапляе, Па жылах радасць разлівае. Дадому прыйдзеш, ляжаш спаць – Так уваччу яны й стаяць... Эх, досвітак маленства, лета! Вамі навек душа сагрэта!
|
Новая зямля
Якуб Колас
|
|