|
XXVIII. ДЗЯДЗЬКА Ў ВІЛЬНІ
І не спынілася машына, А ўжо пайшла мітусяніна: Хватаюць клумкі пасажыры, Пад рукі б'юць «зайцы»-праныры, Паны складаюць чамаданы, Лубкі-каробкі, дзе схаваны Паненак розныя прыпасы Для завівання, для падкрасы, Каб трохі зменшыць перашкоды, Пахібкі матухны-прыроды. Срэдзь люду рознага і панства І між усякага убранства Відна і дзядзькава апратка, Пільчак і шапачка-аладка. Машына стала. Валіць валам Люд у тунелі пад вакзалам, А з ім і дзядзька цісне збоку, Ад шэрых світ непадалёку. Яшчэ ніколі дзядзька з роду Не бачыў гэтулькі народу, Паноў, чыноўнікаў багатых, Такіх таўшчэразных, пузатых, Што можна б смела з'есці булку, Каб абысці гэту качулку; І выступаюць такім тузам, Ідуць, не бачаць ног за пузам, Аж дол каменны чуць не гнецца, Як студзень, карк яго трасецца. «Ото паноў! о, Божа мілы! Якія гладкія іх рылы! Якія вусы і бароды! Паставіць бы іх у гароды – Ні вераб'і і ні вароны Не смелі б сесці на загоны! І процьма-та ж іх тут якая! – У мыслях дзядзька разважае. – А морды ззяюць, як пад лакам, Відаць, жывуць яны са смакам. А ўзяць паненак – ажно ззяюць І ходзяць – долу не чапаюць: Так лёгка, плытка, далікатна, Як бы матыль той, акуратна. Ды што рабіць дачушкам бруку? У гэтым іх уся навука. Растуць, як краскі, ў добрай долі, Не трэба йсці з сярпом на поле, Дзе праца ўсю красу знімае, А ржышча ногі прабівае». Ідзе наш дзядзька і баіцца, Каб часам як не памыліцца І не ступіць каму на ногі І каб не збіць каго з дарогі. А боты, падлы, ну, відочна, Не так, як людзі, йдуць нарочна: На ўвесь вакзал грымяць насамі, Як конь па току капытамі. Дзівіўся дзядзька тут нямала, Йдучы тунелем да вакзала. Як хітра, мудра збудавана! Як чыста, хораша прыбрана! А колькі вулачак і ходаў, Палітурованых усходаў! Там, угары, над галавою, Ідуць вагоны чарадою!.. О, хітры свет, на штукі здаўся!
Тунель тым часам раздзяляўся, І вал сярмяжнага народу Ідзе да правага праходу. Паны налева важна садзяць, Дзе іх сярмяжнікі не здрадзяць Ні пахам дзёгцю, ні карчагі, Ні відам латанай сярмягі. Як выйшаў дзядзька наш з вакзала, Яму аж моташна нейк стала: Такое пекла – шум страшэнны, Застой паветра і дух дрэнны; Народ таўчэцца каля конкі, Па бруку б'юць падковы звонка, Грымяць павозкі, буды, колы, Аж проста глушаць балаголы – І гэта процьма ўсякіх зыкаў Злілася ў гул адзін вялікі, Дзе з непрывычкі вуху цяжка, Дзе б'юць па сэрцы яны важка. Снуе народ, як на пажары, Пад ім аж гнуцца тратуары.
Эй, божы люд! Якая сіла Цябе віхрамі закруціла? Куды ты йдзеш, чаго шукаеш? Які ты ў сэрцы смутак маеш? Куды вядзе твая дарога? Чаму задума і трывога Пячаць на твар твой палажыла? Чаго глядзіш ты так няміла? Няма ў тваіх вачах прывету, Як бы не рады сонцу, свету, Ідзе народ, як хвалі мора, Як хмары ў небе на прасторы, Адны другім усе чужыя. Ідуць старыя і малыя, Ідуць, шнуруюць чарадою, Заняты кожны сам сабою. І дзядзька з гэтым людам зліўся, Як зерне ў зернях, загубіўся.
Быў дзядзька ў пушчах, у барох І расчытаць іх голас мог, І з старасвецкімі дубамі Каротка знаўся, як з сябрамі. А тут – адзін, бо ўсе чужыя, Не знаеш, хто яны такія, І сам для іх ты чужаніца. На камяніцы камяніца, Не згледзіш неба край за імі І ціснуць сценамі сваімі.
Ідзе так дзядзька і па бруку Адзін за дзесяць робіць груку. А дзе ж той банк? – карціць пытанне, Так правандруеш да змяркання, А сам туды не пападзеш І толькі дзень дарма звядзеш. Ды дзядзьку страшна прыступіцца, Спытаць людзей ён тут баіцца, Бо ўсе такія надзіманы, І хоць бы твар адзін рахманы Або свой брат, мужык-трудзяга, – Нідзе не свеціцца сярмяга. І дзядзька наш стаў прыглядацца, Ў каго б дарогі запытацца, Бо ён зрабіў адну ўжо спробу, Спытаў чумазую асобу, Дык тая так яму сказала, Што лепш бы ёй няхай зарвала! Тут дзядзька кроку падбаўляе І пана з цэшкай наганяе; Ступіў яшчэ ён колькі крокаў, Да пана коціцца ён бокам; А пан не бачыць ці не хоча Глядзець, як дзядзька наш клапоча І ў ім патрэбу дужа мае, Ідзе і палачкай махае. Тут дзядзька трошачкі прыгнуўся, Рукою пана дакрануўся: – Скажы, паночку, як далёка Зямельны банк? – Пан кінуў вока На дзядзьку скрыва так і строга: – Спытай аб тым гарадавога! – Сказаў і кроку пан прыбавіў, Як бы пытаннем абясславіў Яго наш дзядзька прад панамі, Прад тымі вось капелюшамі. «Ото завіў, настроіў лыжы, Як бы чарцяка той ад крыжа», – Антось сабе сам усміхнуўся І на ўсе бокі азірнуўся, Як бы хацеў сказаць: «Глядзеце, Якая цаца ззяе ў смецці!» Памалу стаў ён разглядацца. Э, што! няма чаго баяцца! Ідзе вальней, глядзіць смялей. На сэрцы стала весялей, І трохі карк ён падымае, На крамах вывескі чытае – Нядарма ж дзядзька быў у школе, Навуку ведаў ён даволі. Ды перабраў тут дзядзька меру: На слуп узбіўся, на халеру, Ды так аб падлу штурхануўся, Што свет яму перавярнуўся, На брук зляцеў ён з тратуару, Перакруціўся разоў пару І так у брук бядак загасіў, Траха манеркі не расквасіў. Ды дзядзька борздзенька схваціўся, Знячэўку ён ашаламіўся, Як той шчупак, папаўшы ў нерат. Не знае ён, дзе зад, дзе перад. – Бадай цябе агні спалілі! На які чорт слупоў набілі? – Гаворыць дзядзька сам з сабою, Пыл абіваючы рукою. І тут ён толькі азірнуўся, Глядзіць – у кут глухі упхнуўся, Сцяна прад ім і сцены збоку, Ўпярод не ступіш ані кроку – Прапала вуліца, ды годзе! Таўчэцца дзядзька, як у бродзе Той сом, прыціснуты плытамі, Што ў букце век жыў пад карчамі. «Бадай ты спрахла! дзе ж дарога? Нагвалт крычы гарадавога! Куды нялёгкая загнала!» Аж проста дзядзьку страшна стала. І з перавулачка глухога Ідзе шукаць гарадавога, Ідзе і горад праклінае; Падшыбла злосць яго такая, Што каб прымеў бы, ўзяў саломы Ды падпаліў бы ўсе харомы, Бо ўсе дарогі загрузілі І свет яму тут зачынілі. Мінут праз колькі з перавулка На свет ён выбіўся, дзе гулка Нясліся зноў страшэнна зыкі, Дзе горад гуў многаязыкі. Цяпер наш дзядзька не чытае, А больш пад ногі паглядае Ды кіне вока, ці не блісне Жаданы шнур, ды далей цісне. Шукае дзядзька наш, як Бога, Ў людской галдзе гарадавога. А вось і ён! стаіць плячысты І погляд кідае празрысты; Стаіць, як той пастух над статкам, І наглядае за парадкам – На тое ж горад і губерня. Тут з тратуара дзядзька верне, Ідзе, за брыль здалёк бярэцца, «Дзень добры» кажа, як вядзецца, Яшчэ крок бліжай падступае, Аладку-шапку падымае. – Скажыце, як мне ў банк папасці? Мне па зямельнай трэба часці. – А вось як пойдзеш, чалавеча, Таму касцёлу насустрэчу, Там будзе вуліца направа, – Пачаў казаць служака бравы, – Ты правай вуліцы трымайся, А там другога запытайся, І скора банк той будзе блізка. Скланіўся дзядзька яму нізка, Бо надта ж добрым паказаўся, І так ён дзядзьку спадабаўся, Што калі будзе ўсё шчасліва, То вып'е з ім хоць пару піва І з'есць з ім разам кусок сала; І весялей зноў дзядзьку стала.
Зрабіўшы два-тры павароты, Людзей спытаўшы раз мо ў соты, Спыніўся дзядзька каля банка, Дзе ўсходы чыстыя, як шклянка, Шырокі крок яго стрымалі І ў душу страх яму нагналі.
Стаіць наш дзядзька ў задуменні, Не смее ўзняцца на ступені: Баіцца ён мужычым ботам, Прапахлым дзёгцем, здорам, потам, Тут наслядзіць або напляміць, Лепш іх не знаць, няхай іх цяміць! Ступі не так, падымуць сварку Ды на барыш дадуць па карку. І гэта «іх», як здань ліхая, Спакой ад дзядзькі адганяе; «Іх» – нешта злое, цемень-сіла, Што душу дзядзькаву муціла; «Іх» – гэта тое, што варожа І ў рог барані сагнуць можа. Ды дзядзька страх перамагае, Ён шапку загадзя знімае, Па ўсходах чыстых, як мурашка, Паўзе ўгару, ступае цяжка. Забіты дух яго вякамі Ўжо чуе страх перад панамі.
Ў прасторнай, чыстай, светлай залі Паны туды-сюды снавалі, Развязна, моцна гаманілі, Цыгары доўгія курылі, А дзе каторы шарганецца, Каля яго прыслужнік трэцца І падае яму адзенне, А сам – пакора і жычэнне; А пан той руку ткне ў кішэню, Яму «дзесёнтку» суне ў жменю; Прыслужнік, ну, чуць не прысядзе, Аж смех бярэ, на гэта глядзя. Але й паны не ўсе тут роўны: Адны з іх круглыя, як броўны, Ідуць спаважна, ўперавалку; Другія выпетрылі ў палку; Адны трымаюць нос высока, Другія ў дол спускаюць вока. Апроч паноў, у гэтай залі І мужыкі ў кутках стаялі, І людзі простага больш звання Таўкліся ў банку ўжо ад рання. Між імі гоман ціха вісне, Туды і дзядзька Антось цісне. Прыйшоў, суседзяў змерыў вокам І да сцяны прыпёрся бокам. – Сядай, мой мілы, мой харошы, Бо за «пастой» не плацяць грошы, – Сказаў сярмяжнік дабрадушна, На лаўку дзядзька сеў паслушна, Ўздыхнуў, падзякаваў суседу. Ўжо пажылому, чуць не дзеду. Пайшлі пытаць адзін другога, Хто ён, адкуль, сяла якога, Губерні, воласці, павету. – Прыехаў я сюды з-за свету, З-пад самых Стоўбцаў – чулі, можа? – Не, не здаралася, нябожа. – А самі скуль вы? – Я з-пад Ліды, З сяла Вялікія Дзяміды (Ён Грышкам Верасам назваўся); Яшчэ са ўчора затрымаўся. Пустая справа, ды і тую Не давядзеш ты да ладу – Гадоў са два яе вяду, Як тут ні ладжу, ні мяркую... Эх, мілы мой ты! за панамі Няма прадыху. Хто з грашамі І мажа збоку, – той і едзе, Так вось і робіцца, суседзе.
Ён знаў чыноўніцкія сеці – Недарма ж соваўся па свеце, Зямлі шукаючы з сябрамі, І добра знаўся з пісарамі. – Вам трэба з банка разрашэнне, Пішэце, мілы мой, прашэнне; І, калі хочаце, параю: Пісарчука такога знаю, Што вам прашэнейка за злоты Напіша з мілаю ахвотай. – Ах, калі ласка, пане Верас. Скажу вам дзякую яшчэ раз, Бо покі сам чаго даб'ешся, То і жыцця свайго зрачэшся. – Ну, то хадзі! – Ўстаюць, выходзяць І па панах вачамі водзяць, І каля століка пустога – Там не было цяпер нікога, Апроч бутэлечкі чарніла З шырокім донечкам, без рыла, – Сябры спыніліся маўкліва. – Вам што? – пытае іх пачціва Сам пісарчук. Ён стараваты, І росту нізкага, кашлаты, І вынік ён перад сябрамі, Як тая порхаўка часамі Па цёплым дожджыку з зямлі. – А вось да вас якраз прыйшлі, – Тут дзядзька ўперад выступае І просьбу ціха выкладае. – Пастойце ж трошкі, пачакайце, А вось вам крэселца, сядайце! – З стала ён выняў ліст паперу, І ўсю пісарскую манеру Ён перад дзядзькам выяўляе: З-за вуха ручку выцягае, Рукою водзіць, нібы піша, І трэ свой лоб ды носам чмыша. Паразважаўшы для прыкрасы, Пайшоў выводзіць выкрунтасы; Уважна дзядзька пазірае, У жмені злот даўно трымае. – Ну, вось прашэнне і гатова, Прашэнне – «рэхт»! ну, адно слова! Вы, можа, граматны часамі? – А так – распішамся і самі. – І дзядзька пальцы разгібае, Бярэ ён ручку і мачае; Ды граблі-пальцы, як чужыя Ці як калочкі дзервяныя, Пяро трымаюць бокам, крыва І водзяць ручку баязліва; І покі дзядзька распісаўся, На лбе буйны пот паказаўся, Бы дзядзька летняю парою Прайшоў па купінах з касою. – Цяпер ідзіце ў тыя дзверы Зрабіць адметку на паперы, – Ківае пісар галавою. І дзядзька дробнаю ступою Падходзіць к дзверам, адчыняе, Прашэнне ў скрутачку трымае. А там, за доўгімі сталамі, У стол уткнуўшыся насамі, Сядзяць пісцы, як гною кучкі, Скрыпяць іх пёрцы, ходзяць ручкі, Трашчаць, як конікі на сене Ці тыя шашалі ў палене, – Заняты кожны сваім дзелам. Ступіў наш дзядзька крокам смелым, Ідзе к сталу, што быў пабліжай, Да барады счырвона-рыжай – І перад тою барадою Схіліўся нізка галавою.
Чыноўнік буркнуў штось сярдзіта, Як той япрук каля карыта, Але прашэнне ён прымае, Насупіў бровы і чытае. – Ідзі ў той стол, налева трэці! – Махнуў чыноўнік барадою, Як саламянаю мятлою. – Адкуль яны бяруцца, чэрці? – Прамармытаў руды пісака. Пайшоў наш дзядзька-небарака, На стол паказаны трапляе Ды зноў там галаву скланяе І перад новым палупанкам Стаіць, прыгнуўся абаранкам. Чыноўнік толькі лыпнуў вокам І павярнуўся к дзядзьку бокам Ды водзіць пёркам па «бумазе» (Ужо такі пачот сярмязе!). Стаіць наш дзядзька, не адходзіць. «Ну, што ж? няхай пяром паводзіць: Не на дажджы я, часу маю, Не пан я, трохі пачакаю». Чыноўнік лыпнуў зноў вачыма, Як бы на цёшчу ці айчыма, Зноў у паперы ён уткнуўся, А дзядзька наш не зварухнуўся. Злаваць чыноўнік пачынае, Што дзядзька вытрыманасць мае. Чыноўнік злосны не стрымаўся: – Табе чаго тут? – запытаўся, Сярдзіты, поўны нецярпення. – Наконт зямлі: вось і прашэнне, – Гаворыць дзядзька так салодка, Як толькі можна, ды каротка Яго чыноўнік злы спыняе: – Не важна справа, пачакае; Прыйдзі сюды праз тры гадзіны! Ўздыхнуў Антось ад той навіны. «Ось дзе выжыга! ось бізун, Бадай цябе забіў пярун! Чакай дабра ты ад хамулы, Няхай табе дасць Бог тры скулы! Няхай цябе водзяць сляпога, Як водзіш ты за нос другога!» І як ні кляў ён гэту п'яўку, Ды мусіў даць рубля за спраўку.
|
Новая зямля
Якуб Колас |
|