XXIX.  НА ЗАМКАВАЙ ГАРЫ

– Ну, што ж? – пытае дзядзька Грышку.
Хіба дзе выпіць па кілішку
Ды падкрапіцца б мала-мала?
Я з дому ўзяў кавалак сала,
І хлеба ёсць крышан са мною,
Чаго ён сохне сіратою?
– Падмацавацца б не мяшала,
Бо ў жываце штось заспявала,
А нашча чарачку кульнуць –
Усё адно што ў рай зірнуць.

Сябры ўстаюць, ідуць спавагу
І на прашпект нясуць сярмягу,
Дзе панства ўсякага багата
Ідзе і едзе, як у свята.
І скуль набраліся яны?
І ўсё важнецкія паны,
І так адзеты, так убраны,
Што той Ракоўскі надзіманы –
Няхай яго там возьме боль –
У параўнанні з імі – ноль –
Ну, проста так, звычайны Лыска:
І не стаяў каля іх блізка!
Зірнеш і ўнікнеш: прад табою
Мо князь з графіняю якою!
Так далікатна спацыруюць
І не гавораць, а варкуюць!
Або спаткаеш генерала, –
Яго ўся Вільня, пэўна, знала:
У медалях уся грудзіна!
І што за погляд! што за міна!
Ну ж і паноў! не дай ты Божа!
Антось стрымацца ледзьве можа –
Няхай ім дрэннае прысніцца, –
Каб тым панам не пакланіцца.
Ды Верас з дзядзькі тут смяяўся.
– Ты не ўважай, што ён убраўся,
Гальштук павесіў і манішку,
А каб раздзець яго, брацішку,
То пэўна ходзіць без кашулі,
На ланцужку – кусок цыбулі.
Па віду пан і ходзіць панам,
А спіць напэўна пад парканам,
Таго й глядзіць, каб што ўварваць...
Такіх паноў – хоць гаці гаць!
Чым болей дзядзька разглядаўся,
Ён тым мацней тут захапляўся.
Які тут рух і беганіна!
Як ззяюць вокны магазінаў!
І колькі тут дабра, багацця!
А колькі слёз у ім, пракляцця?
Якія брычкі і карэты!
А для каго ўся роскаш гэта?
Антосю стала чагось смутна.
Ці гэта роскаш так атрутна,
Што голас зайздрасці ўзбудзіла
І свой адбітак палажыла?
Ці то пратэст, бунт проціў здзеку,
Які пануе тут адвеку
І дзеліць люд на дзве галіны,
На дзве няроўныя часціны:
На багачоў і на галоту?
Адным – сланяцца каля плоту
Сваіх задворкаў цёмна-брудных
У мыслях-думках шэра-будных,
Жыць у гразі, хадзіць сляпымі
Ў імгле пустой і ў едкім дыме,
Цярпець пакорліва, маліцца
І з гэтай доляю гадзіцца,
А ўсе надзеі на збавенне
І на канец таго мучэння,
Які настане ўсё ж нарэшце,
На той бок смерці перанесці!
Другім – тут рай і панаванне
І ўсіх дабротаў спажыванне.
Ты ім служы, ты ім працуй
І нейкі страх прад імі чуй.

– Ото, брат, горад! от дамішчы,
Ото дзе сыпалі грашышчы!
Якія вежы і касцёлы!
Як толькі іх трымаюць долы!..
Зірні, зірні: гара якая!
На ёй і будка цагляная...
Ото б адтуль зірнуць на горад! –
Забыўся дзядзька і пра голад
І падбівае сябра Грышку
Ўзысці на тую гару-вышку.
Яна так пышна, так высока
І так ласкае тваё вока!
А гэты скат такі зялёны!
Там каштаны, там ліпы, клёны
Глядзяць здалёк адным кустом,
Адным вялізарным шатром.

Прашпект, касцёл сябры мінулі
І ў сквер зялёны павярнулі.
Ў цяньку развесістых галінак
Дарожкі ўюцца між раслінак,
Такія чыстыя, аж міла.
І люду мноства тут хадзіла,
Найболей моладзь гарадская,
Ды худасочная, благая,
Ўсё панічы-зухі, паненкі,
А станік іх, бы ў восак, ценкі;
Ідуць, шнуруюць па дарожках,
А чаравічкі на іх ножках
Так і паскрыпваюць, спяваюць,
Нібы капыцікі мільгаюць;
Ідуць, спусціўшы вачаняткі,
На погляд ціхі, як ягняткі.
А панічы снуюць стрыжамі,
Ў паненак цэляцца вачамі,
Так от і льнуць, як рой да грэчкі,
Як матылі на тыя свечкі.
На доўгіх лаўках пажылыя
Сядзяць паны, як бы святыя,
Багата ўсе яны адзеты,
Чытаюць кнігі ды газеты.
Антось на ўсё глядзіць уважна,
І сам ідзе ён трохі важна,
Крыху асвойтаўся з панамі,
Ідзе, пагруквае нагамі.
Сябры тым часам сквер мінулі,
Налева ўгору павярнулі;
Тут з будкі стораж іх спыняе:
– Куды йдзяце? – сяброў пытае.
– Куды ж? на гору, ёсць вядома.
– А ці вам правіла знаёма,
Што безбілетным ход запынен?
Хто йдзе на гору, той павінен
Білет купіць на права ўходу.
Сябры спынілісь – грошай шкода;
Ў чупрыны рукі запускаюць,
Аб гэтай справе разважаюць:
За што плаціць? пустая справа...
Але ж ізноў – зірнуць цікава,
Як там з гары ўсё выглядае.
І дзядзька стоража пытае:
– А колькі той білет каштуе?..
Ніяк у Вільні не шанцуе!
– Ўсяго шэсць грошаў. Заплацеце,
Тады сабе, здаровы, йдзеце.
– Дзе наша, брат, не прападала:
Каб наша ліха не даждала! –
Гаворыць дзядзька наш разважна,
Ў кішэню лезучы адважна.
Сябры білеты пакуплялі
І на гару пашыбавалі.
– Ото, гара, як печ, крутая!
І вось чаму дарожка тая,
Бы шрубка, ўецца па-над бокам:
Узлезь, папробуй, простым крокам!
Ну, брат, гара, аж ногі млеюць. –
Сябры ідуць і весялеюць.
– Ці то яе такая ўрода?
Рукою, мусібыць, народу
Яна насыпана спрадвеку...
Ото, мой Божа: чалавеку
Заўсёды мала, не хватае, –
Антось уголас разважае. –
Ці ёсць канец яго патрэбам?
Чаго няма пад гэтым небам!..
– Не: не здаволіш чалавека,
І будзе вечна ён калека:
Чаго-нібудзь, а будзе брак,
Ужо бо створаны ён так!
Твардоўскі пан быў – мо чувалі? –
Яму ўсе чэрці слугавалі
І ўсе выконвалі жаданні,
І што ж? шчаслівы быў? нізвання!
Ды ўзяць хоць нас, не тое ж сама?
І мы, як тая багна-яма,
Ўвесь век варушымся, збіраем,
Канца ж патрэбам тым не знаем.
Сябры на верх гары ўзняліся,
Аж упацелі, засапліся,
І ногі іх спынілісь самі.
А слаўны від перад сябрамі
З гары высокай адчыняўся!
Хто відам тым не любаваўся?
Ўнізу гары ляглі прыгожа,
Як бы разоркі паміж збожжа,
Дарожкі роўныя, крывыя.
Над імі дрэвы маладыя
Ў сваёй пакоячай цішы
Сплялі жывыя салашы.
Агромны горад, цесна збіты,
Ўвесь блескам сонейка заліты,
Займаў узгоркі і нізіны;
Дамы стаялі, як віціны,
То ўдоўж, то ўпоперак радамі,
То закрываліся садамі
Або дзе ўзгоркам крутабокім;
А дзе васпанам адзінокім,
Расцерабіўшы сабе пляц,
Як горды пан, стаяў палац.
Будынкі цесна ў рад стаялі,
Як бы адны другіх трымалі
У часе нейкай небяспекі
І асталіся так навекі.
А між высокіх дамоў-градак,
Свой пэўны маючы парадак,
Віліся вулачкі так-гэтак
Густою тканню цёмных клетак.
Ўгары, высока над дамамі,
Пазалачонымі крыжамі
Блішчалі цэрквы і касцёлы,
Узняўшысь к небу галавамі,
На сонцы ззяючы вярхамі;
І гоман іх званоў вясёлы
Ў паветры гуў таемна, злучна
І заміраў дзесь мілагучна.
Налева, між гор крутабокіх,
У берагах сваіх высокіх,
Па камянях, бы тая змейка,
Вілася шумная Вілейка
І, закруціўшыся дугою,
Знікала зараз за гарою.
А справа ўніз свабодным махам
Лягла другая рэчка шляхам,
Як бы сталёвая пружына;
То Вілія, Літвы дзяціна,
Няслася пышна між абрываў
Бліскучай стужкай гожых звіваў,
Як бы жывое срэбра. Хвалі
На сонцы песцілісь, дрыжалі.
Так майскім днём дрыжыць лістамі,
Абліты сонейка агнямі,
Зялёны клён і пышна ззяе,
На сонцы лісцікі купае.
Па левым беразе ў шнурочак
Зялёных дрэў пралёг радочак,
Як стрэлка, роўненька, пад меру,
Як тыя буквы на паперу.
Дамы, каменныя грамады,
Палацы, пышныя пасады,
Крутыя горы з жоўтым скатам,
Пяскамі, глінаю багатым,
Ўвесь правы бераг абступалі,
У рэчцы цені іх дрыжалі.
І адбівалісь, бы ў люстэрцы,
У Віліі хмурынак перцы,
Што віслі белай чарадою
Высока ў небе над зямлёю.

А там, за горадам, так здатна
І так прыгожа, так прыятна
Узгоркі леглі ў сіняй далі;
Па іх адложыстых уклонах
Любоўна ветры па загонах
Жытцо, ярынку чуць гайдалі,
Як нянька добрая ці матка
Ў калысцы гойдае дзіцятка.
Палоскі нівак йшлі абрусам,
Гаі, лясочкі здольным вусам
Ў палях то тут, то там чарнелі,
Як бы на сонейку гарэлі.
І ў абразах тых самавітых
Палёў, задумаю спавітых,
Пачулісь родныя павевы
І дарагія сэрцу спевы
Для мужыкоў, сыноў заўзятых
Палёў, лясоў, лугоў багатых;
Там іх душа і там іх думы,
Ім далей хочацца ад шуму
Траскучых вуліц, перавулкаў,
Ад пылу, смроду закавулкаў,
А на гары было спакойна.
Чуць далятаў сюды нястройна
Далёкі шум і той змякчаўся,
Сюды нейк боязна ўрываўся.
Гара спакойна пазірала,
Маўклівасць важную хавала,
Як сведка той вялікай справы,
Што для пустой людской забавы
Ніколі вусн не раскрывае
І моцна тайнасць ахраняе.
– Ну, што, Антоні: надзівіўся? –
Ад думак Верас абудзіўся. –
Ці не пара б пасілкавацца,
Бо трубіць чэрава, прызнацца?
– Так, час ісці, глядзець даволі,
Бо не нагледзішся ніколі.

Сябры назад з гары звярнулі,
Шырокім крокам сціганулі.
– Пастой! а там што? – Там – гармата.
– Чаму ж няма пры ёй салдата? –
Пытае дзядзька. – Мо старая,
А мо фальшывая якая, –
Не буду спрэчвацца заўзята. –
З такой гаворкай да гарматы
Прыйшлі яны і важна сталі,
Гармату доўга разглядалі,
Глядзелі ззаду і з бакоў,
Аб ёй сказалі колькі слоў.
Калёсы дзядзька разглядае
І бліжай-бліжай падступае,
Хацеў яе яшчэ пагладзіць.
– Ой, не чапай, а то рассадзіць!
Няхай яна, брат, лепей спрахне!
Зачэпіш, падлу, ды як гахне!
І вочы высмаліць, і кішкі
Шпурне, глядзі, аж на Лукішкі.
О, з ёю, брат, такія штукі! –
Спужаўся дзядзька, борзда рукі
Рвануў назад, як ад гадзюкі,
Ды так, што Грышка стаў смяяцца.
– Хадзем, брат, лепей сілкавацца!

Новая зямля

Якуб Колас

 

  
ДА ЗМЕСТУ


ДАЛЕЙ