Зьміцер Бартосік

Расея зблізку
«Я цябе люблю» па-чуваску


Пра Цюмень я ведаў толькі з Высоцкага: нафтавыя вышкі, вечна п'яныя сібіракі ды паўночнае зьзяньне. Між тым, гэты горад ляжыць на шыраце Рыгі. Курорт, па-нашаму.

Пахмурнай ранічкай наш вандроўны тэатрык на мікрааўтобусе рушыў на Расею. Наперадзе была астранамічная лічба – тры тысячы кілямэтраў. Я нават адмерыў іх у адваротным кірунку. Атрымалася Барсэлёна. Але яе, радзімую, ужо ёсьць каму беларусізаваць.

Першую пляшку вызвалілі яшчэ да мяжы. Калі суворы беларус не бяз зайздрасьці буркнуў: «Што, п'яце?», дык ягоны расейскі калега вельмі ласкава прамовіў: «Главное, ребят, закусывайте». А што ж яшчэ можна рабіць на шляху ў тры гадзінавыя паясы? Толькі закусваць. «Глядзі, нават, траціл не шукалі.» «У Расеі зараз у модзе гексаген.» «Э, мужыкі, знайшлі чым жартаваць».

...Прачнуўся я, калі наш карабель стаяў на прыколе. Падарожнікі ціха спалі. Мяне ж пацягнула ў адкрыты космас. Ад навіслай над галавою галяктыкі стала крыху не па сабе. Над Расеяю абсалютна іншае неба! Беларускае неба – хатняе, нібы намаляванае местачковым мастаком. А тут, пасярод чорнай пустой дарогі, неба халоднае і нядобрае. Напэўна, кожная краіна адбіваецца ў сваім небе па-свойму.

Я азірнуўся вакол. Рэдкі гнілы бярэзьнік абапал шашы, драўляны барак зь няроўным надпісам «КАФЭ», перакошаная прыбіральня... Унутраны выгляд «кавярні» нічым не саступаў вонкаваму. Адзін куток памяшканьня займала імправізаваная барная стойка з дошак. У дальнім куце – звалка паламаных крэслаў ды сталоў. Кожны стол упрыгожвала бутэлька з-пад гарэлкі. У бутэльцы – нейкае чырвонае рэчыва, падобнае на рыбацкага матыля. І пустата. Я ўжо зьбіраўся пакінуць гэты сумны прытулак, але за стойкай узьнік загадкавы ўсходні чалавек: «Кюшат будэм? Піт будэм?» «Дзе я?» «Дэсят кэмэ да Ныжнэва Новгарада», – не зьдзівіўся майму пытаньню бармэн. «А гэта што?» – я паказаў на бутэльку. «Уксус, пэрэц. Какой шяшлык бэз уксус?» Прыправа – два ў адным – дайшло да мяне.

Ёсьць адно трапнае вызначэньне Расеі. «Расея – гэта такая мале-е-енечкая краінка. Амаль як Швайцарыя ці нейкі там Люксэмбург. Але якая ў выніку справядлівых і вызвольных войнаў заняла тэрыторыю, роўную адной шостай зямной сушы». Я гэта згадаў за Ніжнім. Калі пачалася краіна веліканаў. Шаша вілася ў нізіну й вынырвала на ўзгорак празь дзясяткі кілямэтраў. З аднаго боку панарамнага далягляду праглядалася абалон Волгі, другі хаваўся ад вачэй у далёкай смузе праліўных дажджоў, што ішлі, магчыма, у якой Мардовіі. «А кажуць – адступаць няма куды», – заўважыў калега.

Варта праехаць першую тысячу кілямэтраў, і надыходзіць «другое дыханьне». 500 км – гэта недзе побач, 100 – зусім рукой падаць, ну а 38 – гэта ўвогуле «злазь, прыехалі». і ўжо нават бяскрайні краявід за лабавым шклом не цікавіць. Але раптам звычайная дарога зьмяняецца на шырачэзную аўтастраду. Шлягбаўм, чырвона-зялёныя сьцягі, назвы на дзьвюх мовах. Пачынаецца Казанскае царства Шайміева, Рэспубліка Татарстан. Са сваімі парадкамі. За дарогу плаці, за карыстаньне мостам праз Волгу таксама плаці. Ад Казані да Наберажных Чаўноў, здаецца, за кожным хмызом – татарскі міліцыянт з радарам. Мы толькі абагналі «жыгуля» ў зоне «абгон забаронены», як умомант былі прыціснутыя цывільным аўто зь мянтамі. Плаці. Сур'ёзная краіна Татарыя.

Да Цюмені пад'яжджалі каля паўночы. Горад уразіў колькасьцю сьветлавой рэклямы. Працавалі начныя клюбы, рэстарацыі й бары. Шматлікія начныя крамы вабілі сваімі нябеднымі вітрынамі. Акрамя выбару кілбасаў ды рыбы, было не зьлічыць гатункаў піва й гарэлкі. Але яшчэ больш зьдзівіла немагчымасьць чаго-небудзь пакаштаваць без расейскага рубля ў кішэні. Даляр, нават пасьля дэфолту, ня стаў тут завочнай нацвалютай, як у нас. Але пры сьвятле дня «начная Цюмень» паблякла.

Уявіце сябе веліканам. Вазьміце некалькі дзясяткаў пачарнелых старых купецкіх двухпавярховікаў чырвонай цэглы, колькі шэдэўраў правінцыйнага сталінскага ампіру, сотню-другую бэтонных брэжнеўскіх скрыняў ды яшчэ пару-тройку наварускіх хмарачосаў. І з усяго размаху, нібы косьці, кіньце гэта ў гразь. Каб аж пырснула. У вас атрымаецца першы горад, заснаваны расейцамі ў Сібіры – Цюмень.

Менавіта такою я ўбачыў яе з кола агляду раніцай наступнага дня. Вуліца вывела мяне ў сумны парк культуры й адпачынку. Людзей было няшмат. Паміж голых таполяў ды застылых каруселяў, сярод гэтай мёртвай ідыліі круціўся абавязковы атрыбут любога ЦПКІО – «чортава кола». Абсалютна пустое й бесталковае.

Колькі сябе памятаю, гэты атракцыён быў маёю любімай забавай. Але тут упершыню ў жыцьці стала страшна. Прычым страх нарастаў па меры набліжэньня рыпучай калыскі да вышэйшай кропкі, дзе я з усёй шчырасьцю адчуў сваю самоту. За тры тысячы кілямэтраў ад дому, адзін па-над страшным чужым горадам. Алкашы на зямлі перарвалі сваю справу і, задраўшы галовы, зь цікавасьцю глядзелі на нерухомага чалавека наверсе, які моцна сьціснуў парэнчы.

...Перад пачаткам спэктаклю вырашылі даць слова й мне, барду беларускаму. «Ну, Вы нам споёте Визбора или Окуджаву?» – украдліва пытаўся дырэктар Цюменскага тэатру. «Пардон. Яны ж не пісалі па-беларуску.» «А что Вы будете петь? Не очень политическое? У нас же, знаете, выборы на носу.» Тое, што беларускага непадкантрольнага слова баяцца нават у Цюмені, было для мяне адкрыцьцём. Сьпяваў я «Запяі мне песьню». Перад гэтым сказаўшы, што аўтарка верша аддала братняй Сібіры немалую частку свайго жыцьця. Публіка сустрэла вестку прыязнымі ўсьмешкамі. Пасьля мне нехта з нашых сказаў: «Дзякуй, што ты ня ляпнуў, што Геніюш сядзела ў братняй Цюмені».

Акторы баяліся, што «Камэдыю» не зразумеюць. Але апасеньні былі дарэмнымі. Запомніліся некаторыя рэплікі ў антракце. «Ни хера не понял. Но как смешно!» «Володя, ты же служил под Житомиром. Садись к нам переводчиком.» «Но с евреями могли бы и поосторожней. Какие ж они жиды?»

На наступны пасьля спэктаклю дзень беларускую трупу запрасілі зь візытам у консульства РБ. Ёсьць, аказваецца, і такое. Халодная, афіцыйная, няўтульная ўстанова. Ня грэла нават гарбата, якой нас частавалі. Прысутнічаў мясцовы беларускі бамонд. Бізнэсмэн, генэрал, чыноўнік абласной адміністрацыі ды іншыя дзеці беларускай зямлі. Лішні раз пераканаўся, наколькі нецікавыя, тупыя ды закамплексаваныя беларускія мужыкі. На тле беларускіх жанчын. Вясёлых, разьняволеных і, як правіла, прыгожых. Пакуль мы пілі гарбату, генэрал, бізнэсмэн і чыноўнік па чарзе няўпэўнена зачытвалі нам свае даклады пра непазьбежнасьць «нашего объединения». Яны, са стараньнем самадзейных актораў, чыталі свае паперкі з «удзельнаю доляю Беларусі ў эканоміцы Цюмені».

Нашу думку публіка пачуць, відаць, баялася. А ў напісанае наўрад ці верыла. Жанчыны ў гэты час падлівалі гарбаткі, наразалі тарты й казалі «калі ласачка». Я не ўстрымаўся, каб нагадаць прысутным пра незайздросны лёс аднаго сібірскага беларуса, на чые грошы адноўлены крыж Эўфрасіньні Полацкай і які сёньня вымушаны «каратаць час на радзіме». «Мы с бандитами и фашистами дел не имеем», – быў адказ аднаго зь землякоў.

Цяжкай раніцай я ўключыў тэлевізар. Трансьлявалася праблемная перадача мясцовага тэлебачаньня. Гарачая спрэчка ішла пра неадпаведнасьць горада Ханты-Мансійска статусу сталіцы. У Цюменскую вобласьць, якая займае плошчу з паў-Эўропы, уваходзяць дзьве аўтаномныя акругі. Ханты-Мансійская ды Ямала-Нянецкая. І ханты-мансійскі горад Сургут захацеў сам стаць сталіцаю. Маўляў, у нас і грошы, і дарогі, і будаўніцтва. А што ў тым Ханты-Мансійску, акрамя прыгожай назвы? Маленькі ды вельмі горды Ханты-Мансійск апэляваў да гістарычнай справядлівасьці ды ўвогуле быў гатовы узьняць пытаньне аб наданьні акрузе статусу суб'екта фэдэрацыі. Я ўсёй душой быў на ханты-мансійскім баку. Пасьля зірнуў на мапу. Да Сургута было каля тысячы кілямэтраў, да сталічнага ж Ханты-Мансійска яшчэ з палову таго...

Дарога назад заўжды здаецца карацейшаю. Нават калі наперадзе некалькі тысячаў кэмэ, а сілаў ужо няма ні піць, ні спаць, ні заляцацца. Думка імкнецца да Беларусі, якая быццам бы прагне далучыцца да гэтых бяскрайніх стэпаў Башкартастану, што цягнуцца за вокнамі.

Я ніколі ня чуў ад знаёмых расейцаў выразу «наш Гомель», ці «а какая разница между Россией и Белоруссией». Мае знаёмыя расейцы гатовыя ўспрыняць любую розьніцу паміж намі. Затое колькі я чуў ад беларусаў пра «нашых парней на Каўказе», ці пра тое, што «Ельцына нада мяняць». Ну што ж, калі так хочацца адчуць розьніцу паміж «нашымі народамі», і калі гэта хоць чаму-небудзь навучыць, я – за аб'яднаньне. Ужо тое, што непераможны ў бойках з непаўналетнімі пацанамі менскі амон стане поплеч са сваімі хабараўскімі калегамі пад Аргунам, ня можа ня радаваць.

Ад сьветлых думак мяне адарвалі сябры. Аўтобус спыніўся ля дзьвюх дзяўчынак, што галасавалі на чуваскай трасе. Адной з выгляду гадкоў чатырнаццаць, другой – шаснаццаць з нацяжкай.

«Вам куды?» «А мы работаем.» «У якім сэнсе?» «Минет – 50 рублей.»

«Халява, мужыкі, трохі меней за два даляры!»

«А як будзе па-чуваску: я цябе люблю?» – запытаўся я ў малодшай. Тая адказала. «Вот и любите свою родину», – далі мы параду й паехалі далей. Разважаючы, ці магчыма такое ў нас, куды яшчэ не дабраўся дух чыстагану.

Усім знаёмае пачуцьцё рэзкага пераходу з халоднай вуліцы ў цёплую хату. Прыкладна такое ахапіла й нас пасьля пераезду мяжы. Надта ж дзіўна пасьля таго, што адмахалі за гэтыя дні, глядзеўся паказальнік «Брэст 603». Уся наша краіна ўкладвалася ў некалькі гадзінаў шляху. Але, зь іншага боку, у Беларусі кожны кілямэтар на рахунку. Іх можна проста каштаваць. Траса набывае цывілізаваны выгляд, няма ні гразюкі, ні малалетніх блядзей. Навокал суцэльная пастараль. Ляскі, маляўнічыя вёсачкі...

Першае, што заўважаеш і чаму радуесься па прыезьдзе ў Менск, – тут можна сьмела хадзіць па зямлі. Не баючыся выпэцкацца ў бруд ці запырскаць брудам мінака. Можна з усяе сілы таптаць чысты асфальт, адчуваючы ад гэтага занятку невыказны кайф. І гэта нямала.

Адзінае, пра што шкадую, – не запісаў, як па-чуваску будзе «я цябе люблю».

 

 
Галоўная  >  Бібліятэка  >  Я цябе люблю