Уладзімер Арлоў
Краіна бяз будучыні
Чатыры дні ў Эстоніі транзытам праз Расею
1. Перасячэньне межаў, асабліва ў нашых шырынях, заўсёды абяцае яўную перавагу адмоўных эмоцыяў. Прыемнае выключэньне – мяжа з Расеяй.
Па-першае, нягледзячы на ўсю прапагандысцкую туфту з выкопваньнем памежных слупоў, гэтая мяжа – са слупамі, шлягбаўмамі, чэргамі, мытнікамі, праверкамі грузаў ды іншымі мала прыемнымі ў іншай сытуацыі працэдурамі – ёсьць.
Па-другое, заўважаюцца прыкметы разбудоўваньня інфраструктуры.
Вядома, воку бракуе кантрольнай паласы й дроту з дастатковай колькасьцю вольтаў. Міліцыянтаў трэба было б замяніць на памежнікаў. Сьцяг таксама ня той. Але затое адбываецца пашпартны кантроль. Беларускі мытнік прапануе нам адчыніць багажнік, наладаваны творамі мастацтва, і цікавіцца дазволам на вываз.
Мы з мытнікам – грамадзяне аднае краіны, і паміж намі нельга ўявіць размовы, пачутай на першай расейскай аўтазапраўцы: пра тое, што з Чачэніі прывезьлі Сярогу, што цынкавая труна была гэткая ж, як некалі з Аўгану – намёртва залітаваная, і маманя так і не даведалася, Сярога там ці не. І гэта да кіраўніцтва Сярогавай, а не маёй дзяржавы зьвяртаўся на схіле дзён чачэнец Махмуд Эсамбаеў з просьбаю зноў дэпартаваць ягоны народ, каб уратаваць яго ад генацыду.
2. Вёска Даласцы, дзе сёньня стаіць расейская мяжа, некалі ўваходзіла ў Полацкае намесьніцтва. У 1780 годзе, выправіўшыся аглядаць нядаўна далучаныя «искони русские земли», імпэратрыца Кацярына II на тутэйшай паштовай станцыі «изволила откушать» і села пісаць ліст сыну Паўлу: «Сего утра выехала я из Опочки и на 18-й версте въехала в Белоруссию; с самого Острова тянутся все холмы да холмики, между которыми множество озёр, что очень красиво; здесь население самое разнообразное, сплошь да рядом обитают православные, католики, униаты, евреи, русские, поляки, чухонцы, немцы, курляндцы, словом, не увидишь двух крестьян одинаково одетых и говорящих правильно на одном наречии; смешение племён и наречий напоминает Вавилонское столпотворение».
Праз два стагодзьдзі расейскай улады гэтая дзівосная размаітасьць моваў, нацыяў, канфэсіяў і строяў трансфармавалася ў правільны расейскі мат, брудныя боты і ватнікі п'яных мужыкоў ды страх (калі нам спатрэбілася ўдакладніць маршрут, дзьверы ў прыдарожнай вёсцы не адчыніў ніхто, хоць была толькі чацьвертая гадзіна дня).
3. Зрэшты, зьнішчыць або прывесьці да адной роўніцы ўдалося ня ўсё. Пакуль што ацалелі вазёры й тапаніміка. Амаль да самай Апочкі, дзе на аўтастанцыі некалі вісеў загаджаны галубамі й варонамі адметны лёзунг «Слава советскому народу – творцу строительства коммунизма!», назвы вёсак лашчаць душу сваёй наскасьцю: Гута, Ліцьвінаўка, Рудня... За Апочкаю пачынаюць усё часьцей трапляцца тапонімы, народжаныя мэнтальнасьцю братняга народу: р.–Зарезница, Колотиловка, Крадино... І зьнячэўку, ужо пад самым Псковам, як глыток азону – Дупаўка.
Едзеш сабе і ўяўляеш мясцовага настаўніка-краязнаўцу, які выводзіць назоў роднай дзеравенькі ад дуплаў, якіх, маўляў, шмат у навакольных лясах. І няўцям яму, небараку, што не ад расейскіх дуплаў атрымала сваё найменьне ягоная малая радзіма, а ад нашых ліцьвінскіх дупаў, якія спраўна рабілі тут сваю справу ў гады Інфлянцкае вайны, калі Сьцяпан Батура трымаў у аблозе Пскоў.
4. Усходнія славяне мелі тры дзяржаўныя і народаўтваральныя цэнтры: Полацак, Кіеў і Ноўгарад. Драмай для ўсіх трох народаў (бо трэба казаць і пра самастойны ноўгарадзкі этнас) сталася ўзьнікненьне пад эгідаю Залатой Арды чацьвертага цэнтру – Масквы, якая атрымала ў спадчыну ад татара-манголаў усю іх дзяржаўна-вайсковую пабудову. Зрабіўшыся, па сутнасьці, адлюстраваньнем Арды, Масковія зь неверагоднай жорсткасьцю зьнішчыла Ноўгарадзкую рэспубліку, дзе захоўваліся дэмакратычныя вечавыя традыцыі. У гады апрычніны слугі Івана IV, выбіваючы зь месьцічаў вальналюбны дух, цэлы месяц, як сьвіней, рэзалі ў Ноўгарадзе штодня па пяцьсот жыхароў. Тады Масковія зрабіла свой выбар, назаўсёды зачыніўшы сабе шлях у Эўропу.
Гэткія перадкалядныя думкі міжволі апаноўваюць на вуліцах Пскова, які колькі стагодзьдзяў жыў у арбіце Ноўгарадзкай рэспублікі, захаваўшы з таго часу сваю старажытную архітэктуру – напамін пра спляжаныя Іванам Жахлівым магчымасьці. Дарэчы, і Жахлівым, і царом-Сабакам назвалі яго не беларускія нацыяналісты кшталту Чаропкі, Арлова ды Сагановіча, а – чатырыста пяцьдзясят гадоў таму – недарэзаныя ноўгарадцы ды псковічы.
Адзін з нашчадкаў гэтых недарэзаных сьпіць п'яны з мокрымі паміж ног штанамі пад сьцяною белага храму XII стагодзьдзя. Цяжка сказаць, што ён бачыць у сваім шчасьлівым сьне, затое, калі расплюшчыць вочы, убачыць на плоце плякат з сэкс-сымбалем расейскіх левых Зюганавым ды пурытанскім заклікам галасаваць за камуністаў. Цікава, што перадвыбарчая агітка прымацаваная на ўзроўні вачэй заснулага жлукталя. Гэта дазваляе высунуць адразу тры вэрсіі: а) што плякат прыладкавалі адмыслова для макраштаннага выбаршчыка; б) што актывіст КПРФ, які разьвешваў плякаты, ужо не трымаўся на нагах, поўзаючы ад плоту да плоту; в) што гэтым актывістам быў сам засцанец, які пасьпеў прыляпіць выяву свайго куміра і ўжо з усьведамленьнем выкананага парцейнага абавязку абрынуўся ў сваю расейскую нірвану.
5. Праз гадзіну пачынаецца ня толькі іншая краіна, але іншы культурны кантынэнт. На пляцах пераміргваюцца калядныя ялінкі, у цёмных вокнах гараць сьвяточныя пірамідкі зь сямі лямпачак, у начных крамах прыдарожных вёсак за паўтара даляра можна купіць пляшку баўгарскай «Мядзьведжай крыві», якая ў нас каштуе блізу пяці, а за 2$ – літар чырвонага, вырабленага на радзіме Борхеса й Картасара, што ў нас зусім нічога не каштуе, бо нам шкодна ня толькі яго піць, але й бачыць на паліцы.
Да прызабытай за гады незалежнасьці й візавага рэжыму Эстоніі хутка прасякаесься гэткай павагаю, што адчуваеш ніякаватасьць, зрабіўшы ў лесе так бы мовіць экалягічны прыпынак.
6. Найцікавейшая гістарычная выдатнасьць Нарвы – заснаваная яшчэ крыжакамі магутная фартэцыя, ператвораная ў велічэзны музэй з выставачнымі й лекцыйнымі залямі, з сувэнірнымі крамамі й пляцоўкамі агляду, зь якіх на тым баку ракі відаць ужо расейскі Іван-горад, таксама з аграмаднай фартэцыяй – напалову разбуранай, неасьветленай і ператворанай няцяжка здагадацца ў што.
Аднаго разу ў сярэднявеччы большая частка гарнізону Нарвы неабачліва пакінула горад, выправіўшыся ўгамоўваць неспакойных эстаў. Расейцы перайшлі па лёдзе раку, захапілі замак, згвалцілі і забілі маладую жонку камэнданта, а ягонага маленькага сына забралі з сабой. Вярнуўшыся з паходу, камэндант умомант вока пасівеў, колькі дзён, зачыніўшыся ў вежы, тапіў гора ў віне, а потым загадаў капаць пад ракою лёху.
Праз гадоў пятнаццаць лёха ў Іван-горад была гатовая. Уварваўшыся ў варожы фарпост, камэндант першым чынам вырашыў адпомсьціць за жонку, пазбавіўшы расейцаў мужчынскае годнасьці ў яе літаральным сэнсе. У разгар крывавае экзэкуцыі прыцягнулі яшчэ аднаго палоннага. «Сынок! Аўгуст!» – крыкнуў камэндант, кінуўшыся да юнака са знаёмай радзімкаю. «Мяне завуць Ваня, а сынок табе – тамбоўскі воўк», – адказаў маладзён і, выхапіўшы ў бацькі корд, вызваліў камэндантаву душу ад яе зямное абалонкі.
Прамінула яшчэ сто гадоў, і Нарву захапіў Пётар I. Ён пачаў з таго, што 1700 з 2000 жыхароў гораду дэпартаваў у Расею.
Цяпер душы камэнданта ды іншых забітых і дэпартаваных нарвічанаў знаходзяць суцеху ў тым, што сёньняшнія маладыя нашчадкі пятроўскіх салдатаў старанна вывучаюць эстонскую мову, і, калі ня іх дзеці, дык унукі ўжо будуць эстонцамі.
7. Ёсьць прозьвішчы, якімі, здаецца, сам Бог пазначае неардынарнасьць іхных уладальнікаў. Згадайце, напрыклад, сваіх знаёмых Караткевічаў.
Беларуска-эстонскім культурным таварыствам «Спадчына» ў Нарве кіруе Тацяна Караткевіч. Тры яе родныя сястры таксама жывуць у Нарве і пасьпяхова займаюцца бізнэсам, пра што сьведчыць і чатырохпавярховы ўласны дом, у якім жыве адна сястра, і прыморскі пансіянат «Валянціна», дзе паводле цалкам эўрапейскіх стандартаў гаспадарыць другая, і дзе пад пошум прыбою я нарэшце дачытваю пачаты яшчэ дваццаць гадоў таму з фрагмэнту ў самвыдаце «Палёвы вызначальнік эстонскіх русалак» Энна Вэтэмаа. «Русалкі сапраўды знаходзіліся тады ў незаслужанай няміласьці, ім было выстаўленае суровае абвінавачаньне ў небыцьці, прычым адначасна было палічана магчымым інкрымінаваць ім паразытычны modus vivendi і ўхіленьне ад карыснае грамадзтву працы. Вартым асуджэньня быў прызнаны і той факт, што ўдзел русалак у барацьбе працоўных за свабоду быў мінімальны (на жаль, гэта так); індыфэрэнтнасьць выявілі русалкі і пры стварэньні калгасаў».
Трэба прызнаць, што, у адрозьненьне ад эстонскіх каляжанак, беларускія русалкі выявілі ўва ўсіх пералічаных сфэрах непараўнальна вышэйшую грамадзянскую сьвядомасьць ды актыўнасьць. Апрача іншага, яны ў значна меншай ступені супрацоўнічалі зь нямецка-фашыстоўскімі захопнікамі і ў значна большай – з КГБ. Але, відаць, усё ж ня гэтыя ўсьцешлівыя акалічнасьці робяць нас непапраўнымі прыхільнікамі «русалкабагацьцяў» шматпакутнай Бацькаўшчыны.
8.
Пашпартныя беларусы і дома, і ў дыяспары вяртаюцца да Беларусі рознымі шляхамі. Хтосьці начытаецца кніжак. Хтосьці вып'е ў добрай кампаніі патрэбную дозу «Белавескай». Камусьці пашанцуе на настаўніцу, а камусьці – на каханка. Адзін палачанін служыў у войску ў Туркмэніі і ні з пушчы ні з поля пачаў сьніць беларускамоўныя сны...
Нявызнаныя шляхі твае, беларуская душа!
Вось, напрыклад, падымаецца з чаркай у руцэ адзін малады эстонскі беларус-прадпрымальнік родам зь Віцебску і апавядае, як улетку дактары паставілі яму безнадзейны дыягназ і як ён склаў запавет і ляжаў з ранку да вечару на Божай пасьцелі тварам да сьцяны. Ды раптам у працэсе гэтага ляжаньня пачала чаўпціся ў яго ў галаве якаясьць бязглузьдзіца. А менавіта тое, як на пачатку 90-х дэкан даручыў яму на нейкай вечарыне ўнесьці ў інстытуцкую залю дзяржаўны бел-чырвона-белы сьцяг, і як ён гэты сьцяг уносіў і потым зь ім стаяў усю вечарыну на сцэне. І чаўплася гэтая несусьвеціца і дзень, і два, і тры, аж пакуль хлапцу не захацелася селядцоў з бульбай. А потым – мяса з чырвоным віном. А потым – амаль як у рамане таго ж Энна Вэтэмаа «Яйкі па-кітайску» – да дзевак.
У верасьні былы безнадзейны хворы адчыніў новую крамку, а ў сьнежні прыехаў на сваёй «Таёце» на прэзэнтацыю кнігі У.Арлова і Г.Сагановіча «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі». Праўда, кніжку не купіў. Магчыма, пакінуў гэты сродак у запасе.
9. Я не мастацтвазнаўца. Я проста адчуваю й ведаю, што ўсё, што робіць са скурай і са скуры мая спадарожніца мастачка Марына Бацюкова – велікоднае яйка або складаныя вытанчаныя кампазыцыі – гэта таленавіта і шматслойна ў сэнсе ня толькі асацыятыўным, але й філязофскім.
Сьцены галерэі, дзе адбываецца вэрнісаж, памятаюць Карла XII, і мне хочацца, каб яны запомнілі й мяне. Яшчэ мне хочацца падысьці да кампазыцыі «Фаўна сноў» і ўкрадня пакласьці на яе руку, бо так называецца і адна з маіх кніжак. Але юная журналістка, якая цікавіцца не беларускім мастацтвам, а Лукашэнкам, бярэ мяне за гузік, выводзіць у фае і пстрыкае дыктафонам.
Яна глядзіць зь непрыхаваным недаверам і кажа, што напрыканцы XX стагодзьдзя гэтага ня можа быць. Я аддаю ёй нумар «Народнай волі» з партрэтамі зьніклых Захаранкі, Ганчара й Красоўскага і запрашаю наведаць Менск 25 сакавіка. Яна пытаецца, ці не баюся я вяртацца. Найлепей было б адказаць, што зь ёю я мог бы зрабіцца невяртанцам, і потым, пасьля кароткай пярэрвы – «нават да нядзелі», але штосьці ў настроі ўжо непапраўна разладзілася, і я здольны толькі тупавата пахітаць галавой.
10. У гарадку Ківіылі эстонскія беларусы паставілі помнік Яну Скрыгану, які працаваў там пасьля вяртаньня зь лягеру і да новага арышту ў 1949-м.
У мяне да Яна Скрыгана свой сантымэнт. Калісьці на нарадзе маладых літаратараў у былым Доме творчасьці СП «Каралішчавічы» Ян Аляксеевіч, рэцэнзуючы мой юначы аповед пад назваю «Добры дзень, мая Шыпшына», публічна кваліфікаваў гэты найцнатлівейшы опус як парнаграфічны. «Чым займаюцца героі Арлова? – рытарычна запытаўся шаноўны мэтар. – І ўдзень і ўначы, перапрашаю, сьпяць!» Было трохі дзіўнавата пачуць гэтыя словы з вуснаў перакладчыка Бунінскіх «Цёмных прысадаў», але сваю добрую справу яны зрабілі: папулярнасьць, прынамсі, на той нарадзе мне забясьпечылі.
Жыхар Ківіылі Ўладзімер Дзехцярук, які ставіў помнік Скрыгану, у тую ранішнюю хвіліну, калі я пазваніў у ягоныя дзьверы, займаўся прыкладна тым самым, што й героі майго даўняга аповеду. Шчыра парадаваўшыся за калегу, якому дарыла адчуваньне вечнасьці невядомая ўладальніца футэрка з прыдзьвернага вешака, мы меліся працягнуць свой шлях у Талін, але Ўладзімер – ня быў бы ён аўтарам кнігі «Сярод белых эстонскіх начэй» і былым мараком – імгненна ацаніўшы сытуацыю, папрасіў дзесяць хвілінаў і выйшаў са сваёй кавалерскай двухпакаёўкі ўжо ня ў плаўках, а цалкам гатовы да падарожжа ў сталіцу.
На зваротным шляху мы зноў завіталі да Ўладзімера. Футэрка не было. На сьцяне вісеў ручнічок з вышытай датаю: 25 сакавіка 1918 году. Мне згадалася, як аднойчы я ехаў са знаёмым амэрыканцам родам з-пад Берасьця недзе ў ваколіцах Балтымору, і ён сказаў, што зараз зьвернем, тут за 20 міляў жыве адзін беларус Лёва. Ролю ручніка ў Лёвы выконвалі пасеяныя на кветніку бурачкі – памяць пра матуліны грады.
У нядаўнім мінулым ужо быў час, калі мы вось так езьдзілі і зварочвалі ў нас, у Беларусі. У Зэльве жыла Ларыса Геніюш, у Наваполацку – Сокалаў-Воюш, у Маладэчне – Генадзь Каханоўскі... Тады мой сын пытаўся, чаму па-беларуску гавораць адно нашыя знаёмыя.
Болей такога ня будзе.
11. Па дарозе ў Талін на рацэ з амаль наскай назваю Ягала знаходзіцца тое, чаго ў Беларусі няма, – вадаспад. Гэта такая свойская мініятурная Ніягара вышынёю восем мэтраў, зь якой нават узімку хочацца скочыць у пенную купелю. Улетку такі нескладаны нумар выканае для вас першы-лепшы тутэйшы падшыванец, як некалі кожны з нас, полацкіх хлапчукоў, гатовы быў, разагнаўшыся зь берагу, працягам якога служыла шырокая спружыністая дошка, нырцануць у Палату насупраць Спаса-Эўфрасінеўскага манастыра. Манастыр тады быў зачынены, у мурах Крыжаўзьвіжанскага сабору мясцовыя жыхары (дакладней, набрыдзь, што прыехала аднекуль з СССР) трымала сьвіней і трусоў.
Цяпер Божая цьвярдыня адноўленая, і па ёй па-гаспадарску ходзяць праваслаўныя бацюшкі розных рангаў, якія цьвёрда ўпэўненыя, што Іван IV вызваліў Полацак ад літоўцаў, што Скарыну звалі Георгіем і што нацыяналісты з дапамогаю Захаду развалілі вялікую дзяржаву. Пачутая з вуснаў паломніка беларуская мова адразу робіць іхныя позіркі напружана-падазронымi; у манастырскiх храмах раз-пораз зьяўляюцца абвесткi, што малiтвы за асобаў з «католическими именами» не адпраўляюцца, а калi ты пытаесься, да праваслаўных цi да каталiцкiх належаць iмёны Марыя або, напрыклад, Вольга, як клiкалi жонку Вацлава Гавэла, вашая сястра ў Хрысьце адсылае да мацi-iгуменьнi, якая мусiць ведаць, хто такi Гавэл i ў якiх ён дачыненьнях з «истинной» верай.
А ў Палаце, у якую мы некалi сьмела ляцелi «галоўкай», сёньня ня ўтопiш нават хударлявага (вiдаць, з прычыны каталiцкага iмя) каляманастырскага ката, ня кажучы ўжо пра іх эстонскiх рудых супляменьнiкаў, болей падобных да ўкормленых лiсаў.
12. На Янаў дзень у Эстонii паляць старыя лодкi, на якiх ужо небясьпечна выходзiць у мора. Для гаспадароў гэта – трагедыя, якую можна параўнаць са стратаю блiзкага чалавека.
Паром «Эстонiя» выглядаў зусiм бясьпечным... Помнiк ягоным пасажырам – чорная жалезная арка або мост з правалам. Мэтал пакрыты сотнямi iмёнаў i прозьвiшчаў. Сярод iх беларускае вока чамусьцi адразу знаходзiць напамiн пра адзiную беларуску. Зусiм маладой Вользе Мiнчуковай зайздросьцiлi: яна выйшла замуж за швэда i ехала ў швэдзкi рай, замест якога паром прывёз яе ў рай без усякiх прыметнiкаў. Цiкава, цi ёсьць там Беларусь i Швэцыя, нацыянальныя й моўныя праблемы? Цi гатовыя багасловы адказаць на гэтыя пытаньнi? Калi ў раi нiхто ня ведае беларускае мовы, а ў апраметнай на ёй яшчэ гавораць, я моцна задумаюся...
13. На мой дылетанцкi погляд, сярод усiх жывых i мёртвых удзельнiкаў выставы, прысьвечанай эстонскаму мастацтву XX стагодзьдзя, найбольшага посьпеху ў сучаснага спажыўца мастацкiх каштоўнасьцяў дасягнулi аўтары двух твораў.
Першы выкананы ў генiяльна простай тэхнiцы «вiдэа»: на адным экране юрлiвы маладзён пераключае каналы, у вынiку чаго на другiм, насупраць, зьяўляюцца аголеныя прыгажунi i страхалюдзiны, што, у сваю чаргу, выклiкае адпаведныя эмоцыi на твары ў маладзёна.
Аўтары другога шэдэўру карыстаюцца больш складанай тэхнiкай: «organic materials, canvas, video». Арганiку ў гэтым пералiку рэпрэзэнтуе г... аднаго з аўтараў, iмя якога чамусьцi не пазначанае, хоць ягоныя заслугi перад мастацтвам выглядаюць значна больш важкiмi за даробак калегi. Ананiмнае сьвiнчо ня толькi гадзiць, але i заўзята наварочвае лычом выяўленчы матар'ял на падрамнiк, у той час, як дзьвюхногi суаўтар усяго толькi здымае творчы працэс на вiдэа, каб данесьцi яго да вачэй i розумаў аматараў мастацтва.
14. Пачуцьцё небясьпекi ўзьнiкла яшчэ на эстонска-расейскай мяжы, за якой нiбыта памацнеў вецер i адчувальна апусьцiлася тэмпэратура. Яно ўзьнiкла i не пакiдала і ў згалелых вёсках, дзе няма ды, здаецца, нiколi й не было нi садоў, нi пчальнiкоў, нi гародчыкаў, i ў раённых расейскiх гарадках, якiя праглася як найхутчэй прамiнуць, не скiдаючы хуткасьцi, як гэта бывае ў ньюёркскiм Гарлеме або ў «чорных» раёнах Вашынгтону. Не пакiдала i сярод занядбаных палёў з пакiнутым трактарам i нейкiмi невысокiмi асьнежанымi грудкамi, што пасьля апошнiх тэленавiнаў з Чачэніі выклiкалi асацыяцыi выключна з прыцярушанымi сьнегам трупамi.
Адтуль, з глыбiнi выстылага й сьцiхотна-пагрозьлiвага ў сваёй закiнутасьцi «русского поля» i выплыла галоўная выснова гэтае вандроўкi. Выснова, што пачала фармулявацца яшчэ дваццаць гадоў таму ў Ноўгарадзе, калiсьцi Вялiкiм, дзе ў нядзелю гараджане выходзiлi на шпацыр па цэнтральнай вулiцы ў стаптаных пакаёвых тэпцях i спартовых трыко. Пасьля, у нячастыя вiзыты ў братнюю Расею было намешана ўсяго: некалькi дзён у шыкоўным гатэлi «Масква», дзе забiлi Янку Купалу; прыбiральшчыца на Казанскiм вакзале, што ўначы будзiла пасажыраў, «падмятаючы» мокрым брудным венiкам iхныя твары; сустрэчы з разумнымi й адукаванымi калегамi-лiтаратарамi, якiя ня верылi, што ў Менску няма беларускiх школаў, але, урэшце, ня надта засмучалiся, бо расейскiя школы ў Менску былi; бязьмежная расейская гасьцiннасьць i абванiтаваныя сьцены ўладзiмiрскага Ўсьпенскага сабору, якi размалёўваў генiяльны Андрэй Рублёў... Але толькi цяпер, пасьля невялiкай, утульнай, ўжо амаль эўрапейскай Эстонii, у час нялюдзкiх гекатомбаў у Ічкерыi, у разгар якiх была падпiсаная гэтак званая саюзная дамова, толькi цяпер, на самым ускрайку тысячагодзьдзя, гэтая выснова легла ў ляпiдарную формулу: КРАIНА БЯЗ БУДУЧЫНI.
У нас ёсьць i застаецца Вялiкая мара – невялiкая ўтульная эўрапейская Беларусь, iдэальны вобраз якой пачне ўвасабляцца ў XXI стагодзьдзi. У iх мары пра такую краiну няма ўжо хаця б з тае прычыны, што няма адпаведнай тэрыторыi, ня кажучы ўжо пра традыцыю цi мэнтальнасьць. Узарваная, расстраляная, разбамбаваная, раскрадзеная, замочаная ў сарцiрах i мара iншая. Колькi б крамлёўскiя дачасьнiкi з прыдворнымi нi паўтаралi заклёнаў пра Вялiкую Расею (што сёньня мае бюджэт, роўны бэльгiйскаму), кожны зь iх i сам з болем цi безнадзейнай абыякавасьцю разумее: наперадзе толькi дэфолты, палiтычныя забойствы, войны, галеча, бунты, «ликующая бессознательность» (М.Салтыкоў-Шчадрын), сэпаратызм, як па-расейску завецца iмкненьне народаў да незалежнасьцi, i ўрэшце – канчатковы распад iмпэрыi, у крывавых канвульсiях якой, магчыма, i здолее нарадзiцца новая руская iдэя. Ідэя свабоднай нацыi. Бо ня можа быць свабодным народ, што панявольвае iншыя народы.
15. Фары высьвецiлi iх зь цемры ў лесе перад Апочкай. Пасярод бязьлюднай шашы, шырока растапырыўшы рукi, стаялi двое. Двухмэтровы «качок» з шырокiм тварам-маскаю i ягоны трохi нiжэйшы хаўрусьнiк у гэткiм самым «адзiдасе». Нэрвы ў Сашы, Марынiнага мужа, якi быў за рулём, аказалiся мацнейшыя: у апошнi момант «качок», здаецца, пасьпеў адскочыць у кювэт.
16. «Как сильно чувствуется разница между Россией и Белоруссией тотчас за межою, которая отделяет Псковскую губернию от Витебской! Другой воздух, другая жизнь в моих жилах!» (Аляксандар Адоеўскi. 1822 г.)
Сьнежань, 1999.
|