«Однако общество должно быть надёжно защищено от деструктивных факторов» |
Из обращения Александра Григорьевича Лукашенко с посланием белорусскому народу и Национальному Собранию 19 апреля 2005 г. |
На сучасным этапе развіцця беларускага грамадства наша краіна выйшла на рубяжы, з якіх ужо стала рэальным вырашэнне якасна новых задачаў пабудовы маналітнага грамадска-палітычнага ладу. Гэта тое, што адпавядае нашаму разуменню прэзідэнцкай сістэмы ўлады і месца прэзідэнта ў ёй. У гэтых умовах павялічваецца актуальнасць курсу «Асновы бяспекі жыццядзейнасці», які з ініцыятывы кіраўніка дзяржавы быў уведзены з 2004 г. у сярэдніх, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах Рэспублікі Беларусь.
У часы, калі польскі народ змагаўся з дыктатурай у сваёй краіне, сярод польскага руху супраціву была распаўсюджаная брашура «Малы канспіратар». У ёй былі змешчаныя парады «часова вольных людзей» з тым, як трэба арганізоўваць падпольную працу. Цяпер беларускае грамадства імкліва набліжаецца да падобнага ладу грамадска-палітычнай дзейнасці, і паўстае пытанне бяспечнага вядзення гэткай дзейнасці. Польскі «Малы канспіратар» ізноў набывае актуальнасць, гэтым разам для беларусаў.
Аўтары дадзенага дапаможніка прапануюць чытачам сваё бачанне таго, як бяспечным чынам арганізаваць працу падпольнай арганізацыі. Аднак дапаможнік можа быць карысным і для індывідуальных асобаў, якім таксама пагражаюць незаконныя абмежаванні правоў і палітычны пераслед.
Як і «Малы канспіратар», мы ў дадзеным тэксце звяртаем увагу не толькі на асноўныя правілы бяспекі і канспірацыі, але і на прававыя захады абароны сваіх правоў і сваёй дзейнасці – пакуль у нашай краіне захаваліся дэкаратыўныя прыкметы законнасці. Але не трэба забывацца, што ў палітычных справах закон у Беларусі больш не дзейнічае – таму трэба ладзіць сваю дзейнасць такім чынам, каб, па магчымасці, не патрапіць у кіпцюры дзяржавы. У гэтым дапаможніку вы знойдзеце некалькі парадаў пра наладжванне інфармацыйнай бяспекі ў падполлі, пра прэвентыўную абарону памяшкання і асобы, у тым ліку падчас следчых дзеянняў і затрыманняў, пра сродкі прадухілення некаторых правакацыяў з боку ворага. Магчыма, не ўсе выкладзеныя парады будуць для вас прымальныя і абгрунтаваныя – але яны, прынамсі, падштурхнуць вас да больш пісьменнай і рацыянальнай пабудовы працы вашай ініцыятывы.
У якасці дапаможнага матэрыялу змешчаны выбраныя кавалкі з тэксту польскага «Малога канспіратара». У тэксце шырока выкарыстоўваліся і іншыя матэрыялы падобнага кшталту. Аўтары вітаюць як мага шырэйшы распаўсюд і капіраванне гэтага выдання, а таксама спадзяюцца, што адмыслоўцы здолеюць выправіць мажлівыя памылкі і недахопы альбо дапоўняць яго дадатковымі карыснымі парадамі.
Дадзены дапаможнік прызначаны для выкарыстання ў якасці метадычнага матэрыялу для грамадска-палітычных актывістаў і агітатараў ва ўстановах, што забяспечваюць атрыманне сярэдняй тэхнічнай адукацыі. Можа быць скарыстаны падчас падрыхтоўкі і правядзення палітінфармацыяў, у выкладанні дысцыпліны «Асновы ідэалогіі Беларускай дзяржавы».
Аўтары-ўкладальнікі
|