Напачатку – трошкі «філасофіі». У побытавым разуменні бяспека ўспрымаецца як стан рэчаў, у якім вам нічога не пагражае. Аднак, каб падысці да больш эфектыўных спосабаў грамадзянскай самаабароны, вы мусіце адмовіцца ад падобнага стэрэатыпу. Бяспека (у кантэксце нашага апавядання) – гэта няспынны працэс спраўджвання і ўдасканальвання паводзінаў ды арсеналу сродкаў абароны, з мэтай арганізаваць вашую грамадзка-палітычную дзейнасць такім чынам, каб варожы ўплыў ня мог істотна панізіць яе выніковасць. Няма такога захаду, які можна было б зрабіць аднойчы, каб назаўсёды абараніць сябе ці сваю арганізацыю, бо пагрозы мяняюцца бясконца, увесь час.
Гэтая брашура пакліканая стаць адным з першых крокаў на вашым шляху забеспячэння права на ўдзел у жыцці краіны, які можа доўжыцца ўсё вашае жыццё ці, прынамсі, усё жыццё, якое вы прысвяціце палітычнай і грамадзкай актыўнасці.
Поўная бяспека, выдаткі на абарону і выдаткі на атаку
Варта адразу зразумець: стоадсоткавых гарантыяў бяспекі вам ня дасць ніхто і нішто (нават страхавы поліс), імавернасць атакі існуе заўсёды. Ваш шлях – паводзіць сябе такім чынам і карыстацца такімі сродкамі бяспекі, каб выніковасць падобнай атакі была ніжэйшая за тыя выдаткі, якіх запатрабуе яе арганізацыя. Гэта дасягальная мэта, нават пры тым аграмадным дысбалансе сілаў і рэсурсаў, які існуе паміж намі і спецслужбамі рэжыму. Для гэтага вы мусіце ў першую чаргу абапірацца на тыя якасці, якія звычайна мае сумленны актывіст і якіх звычайна ня мае служка (найміт) дыктатуры, – гэта ўменне працаваць бяз грошай і без рэсурсаў, працаваць па-за працоўным часам, сяброўства і бескарыслівая ўзаемадапамога, маральныя прынцыпы, якія дапамогуць вам захаваць трываласць у складаным становішчы.
Важна ацэньваць таксама суадносіны паміж выдаткамі на бяспеку і непасрэднай дзейнасцю. Калі бяспека пачынае захінаць тыя задачы, дзеля якіх вы сталі актывістам, – значыць, нешта трэба рэфармаваць.
Асвоіўшы новыя больш эфектыўныя метады працы – пашырайце іх, гэта павялічыць нагрузку на рэпрэсіўна-шпігоўскі апарат і аслабіць ціск на вас.
Бяспека і параноя
Часам – асабліва па абедзе ў яснае надвор'е – прыходзіць думка: «Навошта мне гэтая бяспека? Я маленькі, нікому не цікавы чалавек, а ўсюдыіснасць спецслужбаў падаецца відавочнай прыдумкай». Часам некаторыя людзі, бачачы вашыя працэдуры абароны, пачынаюць круціць пальцам ля галавы – маўляў, во вар'ят! На гэта можна адказаць шырока пашыранай – у вузкім коле – прымаўкай: калі ў вас няма маніі пераследу, гэта яшчэ ня значыць, што за вамі ня сочаць.
Людзі, якія воляю лёсу прайшлі савецкае войска, маглі засвоіць някепскае выслоўе: лепш перапільнавацца, чым недапільнавацца. Магчыма, вашыя захады празмерныя, але ў кожным разе лепш выглядаць параноікам, чым быць раздалбаем. Пагатоў гэта верна, калі ад вас залежыць бяспека іншых людзей.
Бяспека, давер, надзейнасць
Можна сцвярджаць, што бяспека вельмі моцна залежыць ад таго, як вы распараджаецеся сваім даверам, і што (каго) вы лічыце надзейным.
Абодва гэтыя паняткі ўжывальныя ня толькі да людзей, але й да тэхналогіяў абсталявання, крыніцаў інфармацыі і г.д. Трэба ясна размяжоўваць кола даверу (аб'екты, вартыя даверу) і астатні свет, каб правільна будаваць дачыненні (размяркоўваць абавязкі, атрымліваць і перадаваць інфармацыю, піць альбо ня піць разам піва і г.д.). Важна ня блытаць давер і прэзумпцыю невінаватасці. Часам можна пачуць: «Як мы можам праявіць недавер да гэтага чалавека, мы ж нічога кепскага пра яго ня ведаем!» Гэта няправільны падыход: віна – усталёўваецца на падставе неабвержных фактаў, давер можна (і трэба) будаваць на інтуіцыі, уражаннях і жыццёвым досведзе. Кожны новы чалавек на вашым шляху – невінаваты, пакуль не даказана адваротнае, і кожны ня варты даверу, пакуль не даказана адваротнае.
Давер можа быць непасрэдны – X давярае Y – альбо ўскосны, перададзены: «X давярае Y, які ў сваю чаргу рэкамендаваў яму Z». Такім чынам, могуць утварацца даволі вялікія сеткі даверу з асабіста незнаёмых асобаў (аднак чым большы памер сеткі, тым большая магчымасць праколу праз памылковы давер).
Надзейнасць – стаіць блізка да даверу, але ўсё ж гэты тэрмін мы звычайна ўжываем да аб'ектаў, правераных тым ці іншым чынам альбо прынамсі збольшага правераных, бо абсалютная ўпэўненасць часта немагчымая. У адрозненне ад даверу, надзейнасць ёсць катэгорыя аб'ектыўная – яе ацэнка будуецца (павінная будавацца) не на інтуітыўных прадчуваннях, а на фактах.
Яшчэ раз зазначым, што і давер, і надзейнасць – крытэры ацэнкі, ужывальныя практычна да ўсяго, з чым вы сутыкаецеся. Ці вы плануеце размеркаваць абавязкі ў межах арганізацыі, ці вы збіраеце абсталяванне для офісу, вызначце – магчыма, пісьмова – кола даверу і надзейныя (ненадзейныя) элементы і, ужо грунтуючыся на гэтых высновах, дзейнічайце далей.
|