БЕЛАРУСКІ КАНСПІРАТАР
      
 УСТУПНАЕ СЛОВА
БЯСПЕКА ЯК ПРАЦЭС – ДАВЕР І НАДЗЕЙНАСЦЬ
1.АБАРОНА НОСЬБІТАЎ ІНФАРМАЦЫІ І СРОДКАЎ КАМУНІКАЦЫЯЎ
2.ВЫКЛІКІ І СЛЕДСТВА
3.БЯСПЕКА ПАМЯШКАННЯ
4.АБМЕЖАВАННЕ ВОЛІ І ЗАТРЫМАННЕ
5.ПРАВАКАЦЫІ
 МАЛЫ КАНСПІРАТАР
Абмежаванне волі і затрыманне

Адміністрацыйнае і крымінальнае затрыманне

Адмiнiстрацыйнае затрыманне належыць адрознiваць ад затрымання крымiнальнага – больш жорсткага вiду прававога ўздзеяння. Парадак затрымання вызначаецца тым, у чым падазраецца чалавек: у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння ці ў здзяйсненні злачынства. У залежнасці ад гэтага адрозніваецца тэрмін, сутнасць і працэсуальны парадак затрымання, а таксама аб'ём працэсуальных правоў затрыманага. Калі вашае затрыманне звязанае з крымінальнай справай – не давайце паказанняў і тлумачэнняў, адмаўляйцеся ад допыту і з моманту затрымання патрабуйце даць вам адваката.

Таксама трэба адрозніваць паняцці адміністрацыйнага і крымінальнага арышту. Адміністрацыйны арышт – від адміністрацыйнага спагнання за здзяйсненне адміністрацыйнага правапарушэння. Ён можа цягнуцца да 15 ночаў і прызначаецца суддзёй у адміністрацыйным працэсе. Крымінальны арышт накладаецца суддзёй за здзяйсненне злачынства і можа цягнуцца да 6 месяцаў.
 

Крымінальнае затрыманне – што трэба ведаць

Хто можа быць затрыманы? Артыкул 107 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу гаворыць:

«Задержание состоит в фактическом задержании лица, доставлении его в орган уголовного преследования и в кратковременном содержании под стражей в местах и условиях, определённых законом. Задержание может быть применено только:

– к лицу, подозреваемому в совершении преступления, за которое может быть назначено наказание в виде лишения свободы, направления в дисциплинарную воинскую часть или ареста;

– к обвиняемому для предъявления обвинения либо в случае нарушения условий применённой к нему меры пресечения;

– к осуждённому, в отношении которого имеется представление уполномоченного на то органа об отмене приговора, определения, постановления суда об условном неприменении наказания, отсрочки исполнения наказания или условно-досрочном освобождении от отбывания наказания».

Гэта азначае, што затрымліваць можна толькі тых людзей, адносна якіх існуе абгрунтаванае меркаванне, што яны ўчынілі злачынства.

Артыкул 108 КпК гаворыць: «Лицо, подозреваемое в совершении преступления, может быть задержано действующим в пределах своей компетенции органом уголовного преследования при наличии любого из следующих оснований:

  1. если лицо застигнуто при совершении предусмотренного уголовным законом общественно опасного деяния или непосредственно после его совершения;
  2. если очевидцы происшествия, в том числе и лицо, пострадавшее от преступления, прямо укажут на данное лицо как на совершившее предусмотренное уголовным законом общественно опасное деяние или захватят его в порядке, предусмотренном статьей 109 настоящего Кодекса;
  3. если на этом лице, при нем, на его одежде или других используемых им вещах, в его жилище, иных используемых им помещениях, на рабочем месте или транспортном средстве обнаружены явные следы, указывающие на его причастность к совершению предусмотренного уголовным законом общественно опасного деяния;
  4. если имеются другие достаточные основания подозревать в совершении преступления лицо при условии, что оно пыталось скрыться с места преступления или от органа уголовного преследования, или не имеет постоянного места жительства, или проживает в другой местности, или не установлена его личность».

Ніякія іншыя абставіны, акрамя пералічаных у артыкуле 108, ня могуць служыць падставай для затрымання.

Але гэта толькі тэорыя. Сучасная практыка паказвае, што следчыя органы занадта часта разумеюць змест гэтага артыкулу ў выгадным для сябе святле. У выніку кожны грамадзянін краіны можа ў любы момант быць затрыманы на 72 гадзіны без указання прычыны. Вядома, што той, хто пасядзіць пад арыштам, становіцца больш падатлівым, і яго лягчэй будзе зламіць. Арыштаванаму супрацоўнікі службы бяспекі даюць зразумець, што ён знаходзіцца за крок ад месца пазбаўлення волі на больш працяглы тэрмін, і што ад яго пазіцыі залежыць, ці атрымае ён санкцыю пракуратуры. Як правіла, кожнае праяўленне нашай слабасці, нашай падатлівасці сустракаецца з рэакцыяй следчых. Калі пачнём гаварыць, можам быць вызваленыя з-пад арышту раней за сканчэнне 72 гадзін. Пытанне пра вызваленне можа вырашаць следчы, які карыстаецца тым, што ўсё знаходзіцца ў яго руках. Аднак гэта цягнецца толькі трое сутак.

Згодна з заканадаўствам, затрыманаму павінны быць растлумачаныя прычыны затрымання. Часам у якасці прычыны называюць знешняе падабенства з небяспечным злачынцам, часам – «мне загадана» (звычайны міліцыянер у мундзіры), часам – «ня будзь такім цікаўным, а то дам па мордзе», і г.д. Пасля выхаду патрэбна як мага хутчэй напісаць скаргу ў пракуратуру, якая, як на большасць нашых лістоў, нічога не адкажа альбо адкажа, што «выкладзеныя вамі факты не знайшлі свайго пацвярджэння». Але важна, каб застаўся след неправавых дзеянняў.

У адпаведнасці з артыкулам 110 КпК, тэрмінова пасля дастаўкі затрыманага ў орган крымінальнага пераследу службовай асобай, якая здзейсніла фактычнае затрыманне, складаецца пратакол, у якім пазначаюцца падставы, месца і час фактычнага затрымання (з указаннем гадзін і хвілін), вынікі асабістага вобшуку, а таксама час складання пратаколу. Пратакол аб'яўляецца затрыманаму, пры гэтым тлумачацца яго правы. Орган дазнання, следчы, пракурор на працягу 3 гадзін з моманту дастаўкі затрыманага ў орган крымінальнага пераследу прымаюць рашэнне аб затрыманні (аб утрыманні пад вартай або аб вызваленні). Рашэнне афармляецца пастановаю і аб'яўляецца затрыманаму. Пра затрыманне орган дазнання ці следчы абавязаны пісьмова паведаміць пракурору на працягу 24 гадзін з моманту вынясення пастановы аб затрыманні.

Аб затрыманні асобы і яе месцазнаходжанні орган, які ажыццявіў затрыманне, абавязаны цягам 12 гадзін з моманту фактычнага затрымання папярэдзіць каго-небудзь з паўналетніх чальцоў яго сям'і ці сваякоў або даць магчымасць паведаміць самому затрыманаму. Пра затрыманне грамадзяніна замежнай дзяржавы орган, які здзейсніў затрыманне, абавязаны паведаміць у МЗС для паведамлення амбасадзе ці консульству гэтай дзяржавы.

Органам, які прыняў рашэнне аб вызваленні затрыманага, выдаецца даведка, у якой указваецца, кім ён быў затрыманы, падставы, месца і час затрымання; матывы і час вызвалення. Вызваленая асоба ня можа быць ізноў затрыманай па тым самым падазрэнні.

Тэрміны затрымання. У адпаведнасці з артыкулам 108 КпК, калі асоба затрыманая па падазрэнні ва ўчыненні злачынства, пытанне пра ўзбуджэнне крымінальнай справы павінна быць вырашанае за 12 гадзін з моманту фізічнага затрымання. У выпадку адмовы ад узбуджэння крымінальнай справы ці адсутнасці рашэння аб узбуджэнні крымінальнай справы, затрыманы павінен быць вызвалены. Калі крымінальная справа ўзбуджана ў пазначаны тэрмін, то затрыманне па падазрэнні ва ўчыненні злачынства ня можа цягнуцца звыш за 72 гадзіны з моманту фактычнага затрымання (уключаючы тэрмін у 12 гадзін на ўзбуджэнне крымінальнай справы), пасля якіх затрыманы павінен быць вызвалены з-пад варты або адносна яго павінна ўжывацца мера стрымання.

Некаторыя правы падазронага пры затрыманні (арт. 41 КпК):

  • – неадкладна пасля затрымання атрымаць ад органу крымінальнага пераследу пісьмовае паведамленне пра яго правы;
  • – неадкладна атрымаць ад органу крымінальнага пераследу копію пастановы ці пратаколу аб затрыманні;
  • – мець абаронцу ці некалькі абаронцаў з моманту прад'яўлення пастановы ці пратаколу аб затрыманні;
  • – да пачатку першага допыту ў якасці падазронага атрымаць бясплатную юрыдычную кансультацыю адваката ў прысутнасці асобы, якая праводзіць папярэдняе расследаванне. Такім чынам, з моманту затрымання грамадзянін мае права адмовіцца даваць любыя паказанні да забеспячэння яму магчымасці сустрэцца з адвакатам. Калі ў затрыманага ёсць канкрэтны знаёмы адвакат, якому ён давярае, затрыманы павінен указаць дадзеныя пра гэтага адваката і дабівацца менавіта гэтага адваката.

Абскарджанне незаконнага затрымання. У адпаведнасці з артыкулам 143 КпК, скарга на затрыманне падаецца ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Гэты орган абавязаны на працягу 24 гадзін з моманту атрымання скаргі накіраваць яе ў суд. Судовая праверка законнасці затрымання праводзіцца суддзёй у тэрмін не больш за 24 гадзіны з часу паступлення скаргі.

Такім чынам, падсумаваўшы выкладзенае, можна зрабіць некаторыя падставовыя рэкамэндацыі асобе, якая апынулася ў становішчы затрыманага і была дастаўленая ў міліцэйскі пастарунак:

  1. Выберыце сабе пазіцыю па справе і дакладна яе прытрымлівайцеся. Вызначцеся, што вы прызнаяце і што адмаўляеце. Вызначцеся, ці будзеце вы даваць будзь-якія сведчанні да кансультацыі адваката.
  2. У любым выпадку папрасіце міліцыянтаў, якія вас затрымалі, адрэкамэндавацца, назваць свае прозвішчы і пасады. Папрасіце пісьмовыя прылады і запішыце атрыманыя звесткі.
  3. Неадкладна ўдакладніце ваш статус (адміністрацыйна затрыманы альбо крымінальна затрыманы, сведка, пацярпелы, падазроны, абвінавачаны) і падставы, на якіх вас затрымалі. Папрасіце паказаць вам тэкст адпаведнага артыкулу. Патрабуйце, каб пратакол затрымання быў складзены як мага раней. Калі пытанне высвятлення вашага статусу зацягваецца – адмаўляйцеся ад будзь-якога супрацоўніцтва з міліцыянтамі.
  4. Патрабуйце, каб вас азнаёмілі з вашымі правамі ў пісьмовай форме. Калі нешта з вашых правоў вам не зразумела, патрабуйце дадатковых тлумачэнняў. Калі вам «забыліся» назваць права не даваць сведчанняў супраць сябе альбо права мець абаронцу – гэта вельмі кепская прыкмета. У гэтым выпадку тым больш варта ўстрымацца ад дачы сведчанняў і патрабаваць кансультацыі адваката.
  5. Уважліва азнаёмцеся з тэкстам пратаколу, у прыватнасці, уважліва паглядзіце на падставы затрымання (звычайна на тыпавым бланку падкрэсліваецца нейкая падстава). Пераканайцеся, што ў пратаколе пастаўлены час фактычнага затрымання, а ня толькі час складання пратаколу. Усе свае заўвагі запісвайце ў пратакол. Калі вы ўжо напісалі нейкія заявы альбо скаргі – зрабіце пра гэта спасылку.
  6. Незалежна ад таго, затрыманыя вы ў адміністрацыйным альбо ў крымінальным парадку, патрабуйце, каб вашым сваякам неадкладна паведамілі пра факт вашага затрымання і пра вашае месцазнаходжанне. Міліцыянты абавязаныя гэта зрабіць.
  7. Патрабуйце адваката. Калі вы ня маеце свайго адваката, патрабуйце кансультацыю ў дзяжурнага адваката. Лепей не даваць тлумачэнняў да сустрэчы з адвакатам, нават калі вы лічыце сябе абсалютна невінаватым. Калі ж вы сапраўды здзейснілі злачынства – асцярожна размаўляйце з дзяжурным адвакатам (ён можа быць падасланы). Важнае правіла: ніколі не пішыце добраахвотную адмову ад адваката.
  8. Калі вы маеце прычыны супрацоўнічаць з праваахоўнымі органамі – будзьце чэсныя, але не ідзіце ў іх на повадзе. Уважліва чытайце ўсе пратаколы. Калі маюцца нейкія недакладнасці – выпраўляйце іх, нават калі яны на першы погляд падаюцца неістотнымі. Паспрабуйце выгандляваць сабе нейкія льготы. У той жа час, не заключайце ўгодаў кшталту «Я ўсіх выдам, а вы адпусціце мяне дахаты» – гэта кепска адаб'ецца ў будучым жыцці.
  9. Калі вы ня маеце намеру супрацоўнічаць са следcтвам, зрабіце наступную заяву: «Я невінаваты, ад дачы сведчанняў адмаўляюся да сустрэчы з адвакатам, тлумачэнні буду даваць толькі ў прысутнасці адваката». Гэтая заява запісваецца ў пратакол. Чытайце ўсе пратаколы і дакументы, што ствараюцца міліцыянтамі, але ад падпісання можаце адмовіцца (часта падпісаныя з гарачкі быццам бы бяскрыўдныя пратаколы пасля былі асноўным доказам абвінавачання). Калі вы ня можаце адэкватна ацаніць вартасці пратаколу – адмоўцеся ад яго падпісання альбо зрабіце запіс: «З тэкстам пратаколу азнаёмлены, але цалкам нязгодны».
 

Як абскарджваць незаконныя дзеянні ў крымінальным працэсе

Скарга на рашэнні і дзеянні следчага адрасуецца раённаму пракурору. Скарга на рашэнні і дзеянні пракуратуры накіроўваецца вышэйстаячаму пракурору, а на рашэнні і дзеянні суду – у вышэйстаячы суд. Калі вы ня ведаеце, каму падаваць скаргу, – аднясіце яе таму, на каго вы скардзіцеся. Гэтая службовая асоба абавязаная на працягу 24 гадзінаў перадаць скаргу па прызначэнні.

Што можна абскарджваць? Усё: затрыманне і заключэнне пад варту, асабісты дагляд і парушэнні, дапушчаныя пры ўсіх іншых следчых дзеяннях, адмову аформіць пратакол і адмову ў магчымасці прыкласці да пратаколу тлумачэнні. Можна абскарджваць фальсіфікацыю вашых сведчанняў, псіхалагічны ціск з боку следчага і міліцыянтаў, мат, крык, пагрозы і шантаж. Можна напісаць скаргу на тое, што следчы паліў у вашай прысутнасці, не адпускаў у прыбіральню, казаў грубыя жарты.

– Скарга можа быць і вуснай, аднак лепей – у пісьмовай форме. Абавязкова патрабуйце паведаміць пра вынікі разгляду вашай скаргі таксама ў пісьмовым выглядзе.

– Можна скарыстацца і «Кнігай заўвагаў і прапановаў» пракуратуры альбо следчага ўпраўлення – туды можна пісаць скаргі таксама.

Адміністрацыйнае затрыманне

Усё вышэй выкладзенае адносіцца да затрымання грамадзяніна ў рамках крымінальнага працэсу. Разам з тым існуе так званае адміністрацыйнае затрыманне. У дадзены момант парадак прыцягнення да адмiнiстрацыйнае адказнасцi i азначэннi ўсiх вiдаў адмiнiстрацыйных правапарушэнняў замацаваныя ў Кодэксе аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях (КаАп), што быў прыняты яшчэ за Саветамi, у 1984 годзе. Зразумела, што з таго часу вельмi змянiлiся i грамадзкiя адносiны, i прававая база, таму шмат па якiх пазіцыях гэты кодэкс з'яўляецца састарэлым.

У адпаведнасці з артыкулам 239 КаАп у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, у мэтах стрымання адміністрацыйных правапарушэнняў, калі вычарпаны іншыя меры ўздзеяння; устанаўлення асобы; складання пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні пры немагчымасці складання яго на месцы, калі складанне пратаколу з'яўляецца абавязковым; забеспячэння своечасовага і правільнага разгледжання справаў і выканання пастаноў па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях дапускаецца адміністрацыйнае затрыманне асобаў, асабісты дагляд, дагляд рэчаў і адабранне рэчаў і дакумэнтаў.

Як правіла, удзельнікі палітычных акцыяў – мітынгаў, шэсцяў, пікетаў, дэманстрацыяў – затрымліваюцца менавіта з спасылкаю на адпаведныя артыкулы адміністрацыйнага кодэксу. Да таго ж неканкрэтнасць вышэйзгаданага артыкулу 239, наяўнасць у ім фармулёвак тыпу «калі вычарпаныя іншыя меры ўздзеяння», «пры немагчымасці складання пратаколу на месцы» дазваляюць органам ужываць яго вельмі шырока, тлумачачы «размытыя» азначэнні ў сваю карысць.

Далей згодна з артыкулам 240 КаАп аб адміністрацыйным затрыманні павінен складацца пратакол, у якім указваюцца: дата і месца складання; пасада, прозвішча, імя і імя па бацьку асобы, якая складае пратакол; інфармацыя пра асобу затрыманага; час, месца і падставы затрымання. Пратакол падпісваецца службовай асобай, якая яго складала, і затрыманым. У выпадку адмовы затрыманага ад падпісання пратаколу, у ім робіцца запіс пра гэта. На просьбу асобы, затрыманай за ўчыненне адміністрацыйнага правапарушэння, аб месцы яго знаходжання павінны быць папярэджаны яго сваякі, адміністрацыя па месцы працы ці навучання. Аб затрыманні непаўналетняга абавязкова павінны быць папярэджаны яго бацькі ці асобы, якія іх замяняюць.

Хто мае права рабіць адміністрацыйнае затрыманне? Згодна з артыкулам 241 КаАп адміністрацыйнае затрыманне асобы, якая ўчыніла адміністрацыйнае правапарушэнне, можа адбывацца толькі органамі (службовымі асобамі), упаўнаважанымі на тое заканадаўствам. У прыватнасці, затрымліваць асобаў пры ўчыненні таго ж злоснага непадпарадкавання законнаму распараджэнню ці патрабаванню работніка міліцыі, народнага дружынніка, а таксама ваеннаслужачага, пры парушэнні парадку арганізацыі і правядзення сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў ці дэманстрацыяў маюць права толькі органы ўнутраных спраў (міліцыі), а не якія-небудзь невядомыя асобы ў цывільным або ахоўнікі прэзідэнта.

Артыкул 242 КаАп кажа, што адміністрацыйнае затрыманне асобы, якая ўчыніла адміністрацыйнае правапарушэнне, можа цягнуцца ня больш за тры гадзіны. У той самы час частка 3 згаданага артыкулу для палітычна актыўных грамадзян – асобаў, якія парушаюць парадак арганізацыі і правядзення сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў і дэманстрацыяў, разам з некаторымі іншымі парушальнікамі – дробнымі хуліганамі, дробнымі спекулянтамі – прадугледжвае магчымасць затрымання да разгледжання справы суддзём. На практыцы атрымліваецца, што асоба, затрыманая, напрыклад, у суботу ці нядзелю, утрымліваецца ў якасці адміністрацыйнага затрыманага да панядзелка, калі матэрыял можа быць разгледжаны ў працоўны дзень суддзём. Тэрмін адміністрацыйнага затрымання адлічаецца з моманту дастаўкі парушальніка для складання пратаколу. Гэты тэрмін надалей можа быць залічаны ў час адбывання адміністрацыйнага арышту.

Адміністрацыйнай адказнасці падлягаюць асобы, якія дасягнулі 16 гадоў. Гэта ня значыць, што міліцыя ня можа затрымліваць асобаў малодшага ўзросту пры здзяйсненні імі адміністрацыйных правапарушэнняў, але гэтая працэдура ня можа быць, уласна кажучы, вызначаная як адміністрацыйнае затрыманне ў поўным сэнсе гэтага слова. Калі міліцыя даставіла ў пастарунак асобаў, малодшых за 16 гадоў, яны павінны быць перададзеныя бацькам.

Такім чынам, адміністрацыйнаму затрыманню падлягаюць толькі тыя грамадзяне, якія падазраюцца ў здзяйсненні правапарушэння ці ня маюць пасведчання асобы. На практыцы нават пасля паказу пашпарта і пры адсутнасці прыкметаў правапарушэння міліцыя можа палічыць, што пашпарт выглядае як падробны, і затрымаць вас дзеля высвятлення асобы. Такая практыка з'яўляецца незаконнай, паколькі супярэчыць закону «Аб мiлiцыi» i дазваляе службовым асобам беспадстаўна затрымліваць усіх, каго яны захочуць затрымаць. Таму па такіх выпадках абавязкова трэба пісаць скаргі ў пракуратуру, у суд.

Важны момант: затрыманы павінен разумець, што яго затрымлівае тая асоба, якая мае на гэта права. Таму абавязкова трэба патрабаваць ад міліцыянтаў, каб яны адрэкамэндаваліся па форме, гэта значыць назвалі сваё імя, прозвішча і званне – потым гэтыя дадзеныя могуць спатрэбіцца затрыманаму пры напісанні скаргі. Да таго ж, міліцыянты зазвычай не адважваюцца на відавочна проціпраўныя дзеянні ці збіццё затрыманага, калі затрыманы ведае іх прозвішчы ды можа напісаць на іх скаргу. Асоба, якую затрымліваюць, таксама мае права патрабаваць паказу службовага пасведчання, калі затрыманне робіць супрацоўнік у цывільным. Міліцыя мае права затрымліваць за дробнае хуліганства, парушэнне парадку арганізацыі масавых акцыяў, за непадпарадкаванне патрабаванню супрацоўніка міліцыі і за іншыя правапарушэнні, пералічаныя ў пункце 1 артыкулу 241 КаАп. Таксама маюць права затрымліваць за асобныя правапарушэнні супрацоўнікі КДБ, памежных войскаў, мытні, ваенізаванай аховы. Але трэба асобна адзначыць, што большасць органаў, якія маюць права складаць пратаколы і разглядаць адміністрацыйныя справы, па сутнасці ня маюць права затрымліваць правапарушальнікаў (напрыклад, супрацоўнікі дзяржаўнага газавага нагляду, падатковых органаў, санітарнай інспэкцыі, прадпрыемстваў і арганізацыяў, суддзі). Аднак далей мы будзем казаць пра затрыманне супрацоўнікамі міліцыі, паколькі міліцыянтам дадзеныя найбольш шырокія паўнамоцтвы ў сферы адміністрацыйнага затрымання ў мэтах аховы грамадзкага парадку.

Міліцыянты абавязаны растлумачыць затрыманаму матывы затрымання. На жаль, гэтая норма трактуецца нашымі судамі такім чынам, што часам міліцыянт можа сказаць затрыманаму: «Вы затрыманыя за правапарушэнне», – і гэтага будзе дастаткова. У кожным выпадку, пры затрыманні трэба патрабаваць ад міліцыянтаў, каб яны растлумачылі, за што вас затрымліваюць.

Пры затрыманні, у адпаведнасці з артыкулам 243 КаАП, супрацоўнікі міліцыі і некаторых іншых органаў маюць права правесці асабісты дагляд затрыманага і дагляд ягоных рэчаў, багажу. Асабісты дагляд робяць асобы таго ж полу ў прысутнасці двух панятых адпаведнага полу – запрашэнне панятых на дагляд адмiнiстрацыйна затрыманага з'яўляецца ў Беларусi выключэннем. Часцей за ўсё апошняе патрабаванне закону беспадстаўна ігнаруецца – такія выпадкі трэба адлюстроўваць у пратаколе дагляду, што робіць сам дагляд і яго вынікі незаконнымі. Часта міліцыянты запрашаюць панятымі іншых міліцыянтаў альбо затрыманых грамадзянаў – але ў іх можа быць зацікаўленасць у вашай справе, таму ім трэба заяўляць адвод. Папрасіце панятых адрэкамэндавацца і азнаёмцеся з іх пашпартнымі дадзенымі. Калі ў якасці панятых запрашаюцца затрыманыя, пашпартоў у іх хутчэй за ўсё ня будзе – на гэтай падставе можна заявіць адвод, таксама як заяўляецца адвод панятым – не грамадзянам Беларусі і панятым у нецвярозым стане.

Можна зрабіць заяву пра тое, што вы згодныя на дагляд толькі ў прысутнасці адваката – хутчэй за ўсё, дагляду вас усё ж такі падвергнуць, аднак гэткае хадайніцтва можа сведчыць на вашу карысць. Дагляд рэчаў павінен па магчымасці адбывацца ў прысутнасці іх уладальніка, акрамя выпадкаў, якія ня церпяць адкладання. Аб даглядзе складаецца асобны пратакол альбо робіцца адпаведны запіс у пратаколе затрымання ці ў пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні. Міліцыянты вельмі часта не адлюстроўваюць факт асабістага дагляду затрыманага ў пратаколах, хоць сам дагляд робiцца ў 90 адсотках выпадкаў. Артыкул 244 КаАп дазваляе службовым асобам рабіць адабранне рэчаў, якія з'яўляюцца сродкам здзяйснення правапарушэння альбо непасрэдным аб'ектам правапарушэння. Аб гэтым складаецца пратакол альбо робіцца адпаведны запіс у іншых пратаколах.

Калі нейкія рэчы (сумка, палітон і інш.) вы хоць на хвіліну пакінулі па-за полем зроку, абавязкова звярніце на гэта ўвагу панятых і папрасіце адзначыць у пратаколе: «Да моманту правядзення агляду мой заплечнік знаходзіўся па-за полем майго зроку на працягу 1 хвіліны». Калі падчас агляду вы пабачылі незнаёмыя для вас прадметы (нават на першы погляд бяскрыўдныя) – ні ў якім разе не дакранайцеся да гэтых рэчаў.

Асобны артыкул КаАп рэгулюе затрыманне і прымусовае адбуксаванне транспартнага сродку з месца здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння на стаянку, што ахоўваецца, – артыкул 244-1. Таксама мiлiцыi дадзена права на дагляд аўтатранспартнага сродку – пра гэта складаецца асобны пратакол. Калi чалавек падазраецца ў кіраваннi аўтамабiлем у стане алькагольнага ап'янення, супрацоўнiкi ДАI маюць права правесцi медыцынскі агляд цi адабраць у правапарушальнiка правы кiроўцы.

Галоўнае правіла паводзінаў пры затрыманні – трымаць сябе ветліва і карэктна. Калі затрыманы пачне аказваць супраціў – гэта стане падставай для выкарыстання спецсродкаў (кайданкі, дубінкі, фізічнае ўздзеянне) і прыцягнення да крымінальнай ці адміністрацыйнай адказнасці за супраціў ці непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Таму калі вы адчуваеце сябе невінаватым – лепей не супраціўляцца, а ветліва даведацца, хто вас затрымлівае (найлепей запісаць прозвішча і пасаду), папрасіць растлумачыць вам падставы затрымання і вашыя правы як затрыманай асобы. Калі вы маеце пры сабе забароненыя рэчы – паспрабуйце незаўважна іх выкінуць.

Пры дастаўцы ў пастарунак уважліва сачыце, каб вам не падкінулі нічога ў кішэні альбо ў заплечнік.

Калі вы лічыце, што пры вашым затрыманні былі парушаны нормы закону – можаце скарыстаць законныя тры гадзіны для напісання скаргі старшыні РУУС, пракурору, у суд (скарга на незаконныя дзеянні супрацоўніка міліцыі).
 

Што рабіць, калі патрабуюць паказаць дакументы

«Лейтэнант Крываручка, вашы дакуменцікі!»

Перш за ўсё трэба пераканацца, што перад вамі супрацоўнікі міліцыі – папрасіце іх паказаць дакументы. Калі гэта не супрацоўнікі міліцыі, а нейкая пазаведамасная ахова ці нейкі звычайны чыноўнік – вы маеце права не падпарадкоўвацца і не паказваць свае дакументы. Не саромцеся перапісаць дадзеныя з пасведчанняў міліцыянтаў, што вас затрымліваюць. Цяпер міліцыянты звычайна маюць нешта накшталт бэджа на грудзях, таму гэта можна зрабіць прасцей, чым раней. Надалей гэтыя звесткі могуць вам спатрэбіцца, у тым ліку – для абскарджання.

Часцей за ўсё пасля паказу пашпарта з прапіскай у тым жа горадзе цікаўнасць міліцыянтаў да вас знікне. У скрайнім выпадку папросяць расхінуць палітон і адчыніць сумку – ня болей. Калі ж вы прапісаныя ў іншым горадзе, то міліцыянты пацікавяцца мэтай візіту ў гэты горад. Тут можна адмовіцца даваць інфармацыю, а можна прывесці нейкую простую падставу (да сваякоў, турызм, бізнэс і г.д.). Ва ўсякім разе, гэта ня можа быць падставай для вашага затрымання: асоба вашая ўстаноўленая, аніякіх адміністрацыйных правапарушэнняў вы ня здзейснілі.

Аднак нават калі вы маеце пры сабе пашпарт і паказалі яго на патрабаванне міліцыянта, ня думайце, што гэта ўратуе вас ад затрымання для «высьвятлення асобы», бо мянты могуць раптам знайсці на вашым пашпарце сляды падробкі. Гэтыя сляды знікнуць толькі пасля таго, як вас даставяць у мянтоўку і пратрымаюць там тры гадзіны – аднак пасля гэтага ў іх могуць з'явіцца да вас некаторыя іншыя прэтэнзіі (абвінавацяць у знаходжанні ў нецьвярозым стане, падкінуць вам наркотыкі ці інш.). Таму, калі міліцыянт, трымаючы ў руках ваш пашпарт (і не аддаючы яго вам!), кажа, што вы затрыманыя, вы павінны спытаць падставы для затрымання. Калі вас абвінавачваюць у правапарушэнні альбо ў злачынстве – вам трэба падпарадкавацца. Калі ж міліцыянт кажа: «Я затрымліваю вас для высьвятлення асобы», – адзначце, што ў яго ў руках галоўны дакумент, які пацвярджае вашую асобу як грамадзяніна Беларусі, і адзначце, што вы будзеце пісаць скаргу на неабгрунтаванае затрыманне. Часцяком на гэтым размовы пра пастарунак заканчваюцца. Аднак калі мент настойвае – трэба падпарадкавацца, не аказваць супраціву і не даваць падставаў для выкарыстання супраць вас спецыяльных сродкаў і фізічнай сілы.

Калі вас абвінавачваюць у знаходжанні ў грамадзкім месцы ў нецвярозым стане – патрабуйце правядзення медычнага агляду.

Так што заўжды існуе імавернасць, што пасля праверкі вашага пашпарта вам скажуць: «пройдёмте», – і вы апынецеся ў становішчы адміністрацыйна затрыманага. Калі пры гэтым вы не адзін, то найлепей перадаць калегу ўсе свае каштоўныя рэчы, грошы і г. д. Затым, даведаўшыся, куды вас павядуць, папрасіце знаёмага пайсці з вамі альбо звязацца з вашымі сваякамі, а яшчэ лепей, калі вы адчуваеце небяспеку, – адразу пашукаць адваката.

У мянтоўцы варта пачынаць з складання скаргі на ўжо вядомага вам міліцыянта на неабгрунтаванае затрыманне.
 

Што рабіць у пастарунку пры адміністрацыйным затрыманні

Пасля дастаўкі затрыманага ў пастарунак міліцыянты абавязаныя неадкладна прыступіць да складання пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні, пратаколу аб затрыманні і іншых прадугледжаных заканадаўствам пратаколаў.

Супрацоўнікі міліцыі на патрабаванне затрыманага абавязаныя паведаміць ягоным родным пра яго месцазнаходжанне (ч. 2 арт. 240), але звычайна яны гэтага ня робяць. Справа ў тым, што затрыманыя звычайна патрабуюць даць ім патэлефанаваць дадому, але такога права закон ім не дае. Да таго ж міліцыянты не абавязаныя з уласнай ініцыятывы тэлефанаваць родным затрыманага – неабходна патрабаванне самога затрыманага. А затрыманы, ня ведаючы пра гэтую акалічнасць, ня ведаючы сваіх правоў, ня можа сфармуляваць сваё патрабаванне дакладным чынам. Гэты прыклад паказвае, наколькі важна для затрыманага ведаць свае правы. І закон патрабуе ад міліцыянтаў, каб яны яму гэтыя правы растлумачылі, у прыватнасці паведамілі пра змест артыкулу 247 КаАп «Правы і абавязкі асобы, якая прыцягваецца да адміністрацыйнае адказнасці».

У выпадку затрымання непаўналетняга (асобы, малодшай за 18 гадоў) бацькі абавязкова паведамляюцца неадкладна. Непаўналетніх вызваляюць праз 3 гадзіны, перадаюць іх бацькам – праз іх мажліва накіраваць на волю паведамленне, замовіць адваката. Асобы ад 16 да 18 гадоў таксама вызваляюцца, але гэта не пазбаўляе іх ад прыцягнення да адміністрацыйнае адказнасці – іх справы разглядаюцца камісіяй па справах непаўналетніх пры мясцовых органах выканаўчае ўлады.

Калi вы – правапарушальнiк, памятайце, што ўсё, што вы скажаце, можа быць выкарыстана супраць вас. Вы маеце права зусiм адмовіцца ад дачы тлумачэнняў. Калі вас прымушаюць пісаць нейкія «тлумачальныя» – вы маеце права ад гэтага адмовіцца і ўвогуле нічога не тлумачыць. Будзьце гатовыя да брудных дзеянняў i шантажу з боку міліцыянтаў. Часцяком яны выкарыстоўваюць падман – абяцаюць адпусціць у абмен на дачу сведчанняў. Будзьце пільныя, улічвайце магчымасць правакацыяў з боку міліцыянтаў: яны могуць падкінуць зброю, патроны, наркотыкі альбо фальшывыя грошы.

Калі вас абвінавачваюць у тым, што вы знаходзіцеся ў нецвярозым стане, – патрабуйце медычнага агляду.

Калі ў вас адбіраюць мабільны тэлефон – абавязкова адключайце яго.

Падчас знаходжання ў пастарунку (а таксама і пазней – у месцы ўтрымання падчас адміністрацыйнага арышту) вы можаце сутыкнуцца з «калегамі» – людзьмі, якія таксама апынуліся ў складанай сітуацыі, просяць падтрымкі, парады, спачування, цікавяцца вашай справай... Ім можна спачуваць, але ня варта казаць ім таго, што вы палічылі непатрэбным казаць міліцыянтам.

Запамінайце альбо запісвайце прозвішчы і пасады людзей, з якімі вы размаўляеце ў пастарунку, нумары кабінетаў. Калі вас пакідаюць аднаго ў пакоі на працяглы час – ня думайце, што да вас страчаная цікавасць: «забыць» пра чалавека на час адміністрацыйнага затрымання – сродак псіхалагічнага ціску перад складаннем пратаколу.

У пратаколе затрымання мусяць быць пазначаныя: дата і месца напісання, пасада і прозвішча асобы, што складае пратакол, час, месца і падставы затрымання, звесткі аб правапарушальніку. Пратакол падпісваецца тым, хто яго складаў, і даецца на подпіс затрыманаму.

Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні – галоўны дакумент у адміністрацыйным працэсе, бо менавіта ён будзе разглядацца органам, упаўнаважаным разглядаць адміністрацыйную справу і выносіць рашэнне аб вінаватасці альбо невінаватасці правапарушальніка. Таму яго таксама трэба чытаць вельмі ўважліва. Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на графу «падстава затрымання», прозвішчы сведкаў і міліцыянтаў, назву i нумар артыкулу КаАП цi назву iншага нарматыўнага акту, на якi робiцца спасылка. На жаль, беларускае заканадаўства не дае правапарушальніку адназначнага права атрымаць копію пратаколу, але ніхто ня можа вам забараніць чытаць яго марудна, запамінаць, рабіць выпіскі. У пратаколе ёсць асобная графа, у якой правапарушальнік можа выкласці свае заўвагі. Калі яе не хапае для вашых тлумачэнняў – пішыце на асобным аркушы, але абавязкова трэба адзначыць у пратаколе, што вашыя тлумачэнні маюць працяг у дадатку. Ні ў якім разе ня варта пагаджацца на прапановы міліцыянтаў выкласці свае заўвагі ў асобнай заяве – яна можа «згубіцца». Калі вы ведаеце сведкаў, якія могуць даць звесткі на вашую карысць, – варта пазначыць і іх імёны. Яшчэ пажадана пасля заканчэння сваіх тлумачэнняў перакрэсліць радкі, якія засталіся, каб не было магчымасці туды нешта дапісаць. Усе надпiсы трэба, натуральна, рабiць не алоўкам, а асадкай.

Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні складаецца пасля пратаколу затрымання і павінен адлюстроўваць, згодна з артыкулам 235 КаАП: час і месца напісання, пасаду і прозвішча асобы, якая склала пратакол, звесткі пра асобу правапарушальніка, час, месца і сутнасць правапарушэння, нарматыўны акт, які прадугледжвае адказнасць за гэтае правапарушэнне, прозвішчы і адрасы сведкаў і пацярпелых, калі яны ёсць, тлумачэнні правапарушальніка. Могуць запісвацца і іншыя звесткі, у тым ліку іх можа запісваць і сам правапарушальнік.

Пастанова пленуму Вярхоўнага Суду ¹ 1 ад 25 сакавіка 1999 г. «Аб практыке выкарыстання судамi заканадаўства, якое рэгулюе вытворчасць па справах аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях» адзначае, што нядбайна складзеныя пратаколы (у якіх ня ўказаны звесткі аб часе i сутнасцi адмiнiстрацыйнага правапарушэння, нарматыўны акт, якi прадугледжвае адказнасць за яго, альбо калi пратакол складзены неўпаўнаважанай асобай цi калi грамадзянiну не растлумачаныя ягоныя правы i абавязкi, прадугледжаныя артыкулам 247 КаАП) ня могуць быць падставай для прыцягнення да адміністрацыйнае адказнасці – іх належыць скіраваць на дапрацоўку.

Таму часам бывае выгадным, заўважыўшы нейкія хібы ў пратаколе, не рабіць на гэта заўвагаў адразу пры складанні пратаколу, а выказаць іх на судзе – i гэта будзе важкiм аргументам на вашую карысць. Суддзя накіруе пратакол назад у пастарунак на дапрацоўку, але час дапрацоўкі пратаколу не прыпыняе тэрміну даўнасці прыцягнення да адміністрацыйнае адказнасці. Гэта азначае, што, пакуль міліцыя выпраўляе пратакол, два месяцы, адведзеныя для вашага асуджэння, ідуць, i міліцыя можа проста не паспець зрабіць усё як след. Але калi вы хочаце скарыстацца такiм прыёмам, абавязкова выкажыце сваю нязгоду з пратаколам у графе «тлумачэннi». Запiшыце: «З пратаколам ня згодны», але не ўдакладняйце, з чым менавiта вы ня згодныя.

Пасля таго, як правапарушальнiк азнаёмiцца з пратаколам, яму прапануюць яго падпiсаць. Часам можна пачуць словы пра тое, што пратаколу, з якiм правапарушальнiк ня згодны, падпiсваць ня варта – маўляў, тым самым асоба прызнае сябе вiнаватай. На наш погляд, падпiсанне пратаколу – гэта важная гарантыя выканання правоў асобы, якая прыцягваецца да адмiнiстрацыйнай адказнасцi. Калi чалавек адмаўляецца падпiсаць, напрыклад, пратакол аб затрыманнi – яго фактычна можна затрымлiваць бясконца, проста перапiсваючы пратакол i змяняючы там час затрымання. А вось калi пратакол падпiсаны, зрабiць такое будзе цяжэй. Таму нават калi вы абсалютна ня згодныя са зместам пратаколу – выкажыце сваю нязгоду ў самiм пратаколе, растлумачце матывы адмовы ад падпісання пратаколу, напiшыце: «Вiнаватым сябе не лiчу, ад падпiсання пратаколу адмаўляюся». Дарэчы, працэдура адмовы ад падпiсання пратаколу патрабуе, каб мiлiцыянты выклiкалi панятых i зафiксавалi гэты факт асобным запiсам у пратаколе – гэта заўжды патрабуе некаторага часу i дадатковых клопатаў. Таму міліцыянты пагражаюць затрыманым, кажуць, што яны абавязаныя падпісаць пратакол. Але адмова ад падпісання пратаколу – права кожнага затрыманага.

Калі вы хвалюецеся і ня можаце адэкватна ацаніць вартасці пратаколу, ня ведаеце, ці правільна ён складзены, таксама можна зрабіць запіс: «З пратаколам цалкам нязгодны»,– і толькі пасля падпісаць яго.

Сачыце за тым, каб пратакол адлюстроўваў дзеянні міліцыі. Напрыклад, калі ў пратаколе ёсць запіс «правапарушальніку растлумачаны ягоныя правы і абавязкі ў адпаведнасцi з артыкулам 247 КаАП» – так і павінна быць зроблена на самай справе. Калi вас збiвалi цi рабiлi вам асабiсты дагляд – запiшыце пра гэта ў пратаколе.

Затрыманы мае права азнаёміцца з матэрыяламі справы, у тым ліку з відэаматэрыяламі, і даць адносна іх пісьмовыя тлумачэнні, прыводзіць доказы, хадайнічаць аб выкліканні сведкаў – пра гэта лепей указаць у пратаколе. Але вы можаце ўсё гэта рабiць i непасрэдна падчас суду.

На практыцы падчас масавых палiтычных акцыяў i, адпаведна, масавых затрыманняў часцей за ўсё затрыманні ажыццяўляюцца шляхам «хапуна». У гэтым выпадку ў РУУС пачынае працаваць «канвэер»: адзін затрымлівае, другі піша рапарт, трэці піша пратакол затрымання, чацвёрты – пратакол аб правапарушэнні. Тут значна ўзрастае імавернасць памылак, і гэтым трэба карыстацца – сачыце за недакладнасцямі ў дакументах, якiя складаюць мiлiцыянты. Гэта потым можа вам спатрэбiцца падчас суду.

Калі ў вас забралі рэчы, дакументы, грошы – патрабуйце складання пратаколу адабрання альбо адлюстравання факту адабрання ў пратаколе затрымання. Копія акту адабрання павінна быць выдадзеная правапарушальніку. Як мы ўжо адзначалi вышэй, менавiта пры афармленнi гэтай працэдуры мiлiцыянты дапускаюць болей за ўсё парушэнняў закону. Сачыце за тым, каб забраныя рэчы апісваліся дакладна i падрабязна, напрыклад, каб у купюраў указваўся намінал і нумар – гэта важна, паколькi нiякi рэчавы доказ не знiкае ў мiлiцыi так часта, як грошы. Аднак, на наш погляд, міліцыя ўвогуле ня мае права адбіраць у людзей іх прыватныя рэчы, паколькі КаАП дазваляе адабранне толькі тых рэчаў, якія з'яўляюцца сродкам здзяйснення правапарушэння альбо непасрэдным аб'ектам правапарушэння. Хіба ж можна аднесці да гэткіх аб'ектаў асадкі, гадзіннікі, нататнікі, грошы?

Артыкул 242 КаАП дазваляе ўтрымліваць людзей і болей за 3 гадзіны – за парушэнне парадку правядзення мітынгаў, дробнае хуліганства i iншыя правапарушэннi, за якiя ў якасцi меры адмiнiстрацыйнага спагнання прадугледжаны адмiнiстрацыйны арышт, – да разгляду справы ў судзе, але ня больш за 3 дні. У гэтым выпадку вас могуць перавесці з памяшкання для затрыманых у спецпрыёмнiк-размеркавальнік (у Менску – на вул. Акрэсціна). Такiм чынам, калi вас затрымалi ў пятнiцу – будуць трымаць да панядзелка, паколькi ў суботу i нядзелю суд не працуе. Фактычна пытанне пра тое, адпускаць цi не канкрэтнага чалавека да разгляду справы судом, вырашаецца начальнiкам аддзелу мiлiцыi, якi накiроўвае «адмiнiстрацыйны матэрыял» таму органу, якi павiнен яго разглядаць.

Усе факты парушэнняў падчас складання пратаколу, дагляду і адабрання рэчаў можна абскарджваць старшыні РУУС, пракурору, у суд. Калi падчас затрымання цi падчас знаходжання ў пастарунку вас збiвалi i вы атрымалi пашкоджаннi – зафiксуйце iх, вазьмiце даведку ў блiжэйшай медычнай установе. Памятайце, што калi вам зрабiлася кепска – мiлiцыянты абавязаныя выклiкаць «хуткую дапамогу».
 

Што рабіць пры разглядзе адміністрацыйнай справы

Справы аб адміністрацыйных правапарушэннях разглядае альбо суд ніжэйшага ўзроўню (у раённых судах звычайна ёсць два ці тры суддзі па адміністрацыйных справах і выканаўчай вытворчасці), альбо іншыя органы, пералічаныя ў раздзеле 6 КаАП: адміністрацыйныя камісіі пры выканаўчых камітэтах і яшчэ каля 50 відаў дзяржаўных органаў і іх службовых асобаў. Звычайна справа разглядаецца па месцы здзяйснення правапарушэння.

Пастанова аб прыцягненні да адмiнiстрацыйнай адказнасцi можа быць вынесена судом ці іншым органам толькі на працягу двух месяцаў з моманту здзяйснення правапарушэння. Але памятайце, што гэты тэрмiн дадзены заканадаўствам на ўсе стадыi адмiнiстрацыйнага працэсу. Таму вас могуць выклікаць у суд на працягу 2 месяцаў нават тады, калi вас не затрымлiвалi, не складалi анiякiх пратаколаў i ўвогуле, здавалася б, нiхто не падазраваў вас у здзяйсненнi правапарушэння.

Справы аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях слухаюцца адкрыта – гэта значыць у судзе ці любым іншым органе мае права прысутнічаць любы грамадзянін. На практыцы суддзя пытаецца ў прысутных: «хто вы?». Няхай вашыя знаёмыя адказваюць, што яны – публiка. На суд абавязкова трэба запрашаць знаёмых цi сведкаў. На жаль, часцяком працэсы па адміністрацыйных справах адбываюцца ў цесных пакойчыках, дзе няма магчымасці змясціць шмат публікі, але ў любым выпадку трэба прадухіліць правядзенне закрытага працэсу.

Паводле агульнага правiла, усе справы аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях павiнны разглядацца ў прысутнасцi правапарушальнiка. Разгляд справы ў ягоную адсутнасць дазваляецца толькi тады, калi ёсць звесткі пра тое, што яму своечасова паведамiлi пра час i месца разгляду справы – гэта значыць калi яму ўручаная позва пад подпіс. Але адмiнiстрацыйныя справы па артыкулах, пералiчаных у частцы 2 артыкулу 247 КаАП, разглядаюцца выключна ў прысутнасцi правапарушальнiка (гэта, напрыклад, дробнае хуліганства, парушэнне парадку правядзення мітынгаў, дробны крадзёж, гандаль у непрызначаных месцах, паклёп, абраза, дзейнасць ад імя незарэгістраваных аб'яднанняў і інш.).

Затрыманы можа быць дастаўлены ў суд непасрэдна з РУУСу ці спецразмеркавальніку. Але ён можа быць вызвалены, а потым выкліканы ў суд позваю, якую ён павінен атрымаць пад подпіс ад супрацоўніка пошты ці ўчастковага. Калі грамадзянін ня з'явіцца без уважлівай падставы ў суд па справе, у якой прысутнасць правапарушальнiка абавязковая, то суддзя мае права аформіць прымусовы прывод. Ня трэба баяцца слова «прывод» – яно азначае толькi тое, што да вас дахаты прыйдзе мiлiцыянт i павядзе вас у суд.

Правапарушальнік мае права заявіць адвод суддзе – калі лічыць, што суддзя проста ці ўскосна зацікаўлены ў вырашэнні справы. Па палiтычна матываваных справах адводы суддзе – рэч звычайная, але iх нiколі не задавальняюць.

Памятайце, што вы маеце права ў судзе азнаёмiцца з матэрыяламi справы (гэта значыць перачытаць усё, што ёсць у справе) i выкласці ўсе магчымыя доказы ў сваю абарону: хадайнічаць аб выкліканні сведкаў, аб далучэнні да справы рэчавых доказаў і дакументаў, прыцягнуць экспертаў ці спецыялістаў для правядзення, напрыклад, экспертызы далучаных да справы фатаздымкаў. Гэта важна, бо калі вы ня зробіце гэтага – судовы працэс будзе праходзіць толькі ў адпаведнасці з тымі матэрыяламі, якія дадуць супрацоўнікі міліцыі. На жаль, аб'ектыўнасцi ад нашых судоў чакаць ня варта – яны звычайна зараджаныя на абвiнавачанне. Але часам, калi ў вынiку добра пабудаванай абароны будзе даведзеная сумнеўнасць абвiнавачання, суд можа прыняць аб'ектыўнае рашэнне i апраўдаць невiнаватую асобу.

Трэба карыстацца правам апытваць сведку – правапарушальнiк, калi справы iдуць «канвэерам», часам можа схапiць сведкаў-міліцыянтаў на хлусне: сведкi даюць сведчаннi паасобку, таму не пра ўсё яны могуць дамовiцца памiж сабой. Пры апытаннi сведкаў (як з свайго боку, так i з боку мiлiцыянтаў) варта памятаць, што сведкі па адміністрацыйных справах не нясуць адказнасці за адмову ад паказанняў і наўмысна скажоныя паказанні. Гэтым можна скарыстацца на сваю карысць.

Калi правапарушальнiк адмаўляе сваю вiну – у судзе абавязкова павiнен весцiся пратакол судовага пасяджэння.

Правапарушальнiк мае права патрабаваць перакладніка i адваката. У апошні час улады выкарыстоўваюць незаконную практыку наступнага кшталту: калі падсудны патрабуе ў судзе адваката, які не прысутнічае ў залі, справу пераносяць на іншы тэрмін, але падсуднага не вызваляюць, а накіроўваюць назад у прыёмнік-размеркавальнік. Гэтыя дзеянні ўладаў належыць прызнаць незаконнымі, антыканстытуцыйнымі: яны груба парушаюць правы асобы на абарону падчас судовага працэсу. Адзначым, што адвакат мае права ўдзельнічаць ня толькі ў разглядзе справы судом ці іншым органам, але і на іншых стадыях адміністрацыйнага працэсу, напрыклад падчас азнаямлення правапарушальніка з матэрыяламі справы.

Замест адваката абарону правапарушальніка падчас разгляду справы ў судзе (альбо ў іншым органе, які ўпаўнаважаны разглядаць адміністрацыйную справу) можа ажыццяўляць прадстаўнік – ім можа быць любы грамадзянін. Калі правапарушальнiк на пачатку працэсу заявіць, што «прысутны тут грамадзянін N будзе маім прадстаўніком» – суд, у адпаведнасці з артыкулам 62 Канстытуцыі, ня мае права ў гэтым адмовіць. Пра гэта гаворыць пункт 5 пастановы пленуму Вярхоўнага суду РБ «Аб практыке выкарыстання судом заканадаўства, што рэгулюе вытворчасць па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях» (1999 г., ¹ 1). Прадстаўнік павінен мець пашпарт. Прадстаўнiку пажадана мець i копiю згаданай пастановы пленуму Вярхоўнага суду, каб даказаць слушнасць вашага хадайніцтва. У якасці прадстаўніка, калі ёсць магчымасць, варта запрасіць прадстаўніка праваабарончай арганізацыі альбо прадстаўніка любога зарэгістраванага грамадзкага аб'яднання, сябрам якога вы з'яўляецеся (дзеля гэтага адмыслова можна ўступіць у шэрагі гэтай арганізацыі).

Калi суд цi iншы ўпаўнаважаны орган не прызнае правапарушальнiка вiнаватым у здзяйсненнi адмiнiстрацыйнага правапарушэння – справа спыняецца, i лiчыцца, што грамадзянiн не прыцягваўся да адмiнiстрацыйнай адказнасцi.

Калi суд цi iншы ўпаўнаважаны орган прызнае правапарушальнiка вiнаватым у здзяйсненнi адмiнiстрацыйнага правапарушэння, яму адначасова прызначаецца адна з мераў адмiнiстрацыйнага спагнання: папярэджанне, штраф альбо адмiнiстрацыйны арышт. Папярэджанне не выкарыстоўваецца ў адносінах да асобаў, якія прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці паўторна – гэта значыць на працягу году з таго часу, як у адносінах да іх была вынесеная іншая пастанова аб прызнанні вінаватым у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння.

Пастановы па артыкулах асаблiвай часткі КаАП, за парушэннi якiх прадугледжаны адмiнiстрацыйны арышт, можа выносіць толькі суд.

Калі вас прызналі правапарушальнікам – гэта значыць, што вы здзейснілі правіннасць: наўмыснае ці неасцярожнае дзеянне альбо бяздзеянне, за якое прадугледжана адмiнiстрацыйная адказнасць. Гэтая адказнасць можа быць зафіксавана і ў нейкiм падзаконным акце, але ў рашэнні абавязкова павінна быць спасылка на артыкул КаАП, якi хаця б спасылаецца на гэты падзаконны акт.

Пастанова аб накладаннi адмiнiстрацыйнага спагнання павінна мець усе неабходныя рэквізыты ў адпаведнасцi з арыкулам 261 КаАп. Пастанова агучваецца асобе, у адносінах да якой яна вынесеная, а копія ўручаецца ёй на працягу трох дзён. Калі правапарушальнік не прысутнічаў падчас разгляду справы, копія пастановы высылаецца яму поштаю.
 

Як абскарджваць пастановы аб адміністрацыйным правапарушэнні

Калі адміністрацыйную справу разглядае ня суд, а іншы дзяржаўны орган ці службовая асоба, прынятае рашэнне не з'яўляецца канчатковым, яно можа быць абскарджанае накіраваннем у вышэйшы орган ці вышэйшай службовай асобе. Такое абскарджанне прыпыняе выкананне рашэння па адміністрацыйнай справе. Скарга падаецца ў той орган, які вынес рашэнне. Гэты орган альбо службовая асоба абавязаны перадаць скаргу ў орган, які правамоцны яе разглядаць. Дзяржаўная пошліна па гэтых скаргах не спаганяецца.

Больш эфектыўным і паспяховым з'яўляецца абскарджанне рашэння па адміністрацыйнай справе ў судзе. Такім чынам можна абскарджваць любое рашэнне несудовага органу па адміністрацыйных справах, нават ня трэба карыстацца апісаным вышэй абскарджаннем у вышэйшым несудовым органе. Дзяржаўная пошліна па такіх скаргах невялікая (ад 0,5 да 3 базавых адзінак), а эфектыўнасць абскарджання – вельмі высокая. Прынамсі, па справах, што ня маюць палітычнага падтэксту, суддзі вельмі часта адносяцца крытычна да матэрыялаў, якія падаюцца з боку міліцыі, яны спыняюць справу альбо накіроўваюць пратаколы на дапрацоўку. Такім чынам, напрыклад, калі асобу не задавальняе пастанова, прынятая адміністрацыйнай камісіяй выканкаму, найлепей не марнаваць час і не пісаць скаргу ў мясцовы выканаўчы камітэт, а адразу звяртацца ў суд. Тэрмін абскарджання – 10 дзён. Для напісання скаргі належным чынам мэтазгодна пракансультавацца ў мясцовай праваабарончай арганізацыі.

Калі ж вашая справа адразу была вырашаная судом – такое рашэнне з'яўляецца канчатковым i не падлягае касацыйнаму абскарджанню. Але ў той жа час можна напісаць надзорную скаргу ў вышэйстаячы суд, а потым – у Вярхоўны суд. Таксама надзорная скарга можа быць пададзеная ў раённую ці вышэйшую пракуратуру для апратэставання рашэння. Такая скарга таксама не абавязкова прыпыняе выкананне судовага рашэння і не з'яўляецца эфектыўным сродкам абскарджання.

Апошні сродак для абскарджання, калі вычарпаныя ўсе магчымыя шляхі для перагляду справы на нацыянальным узроўні, – можна паспрабаваць падаць скаргу ў Камісію па правах чалавека ААН.
 

Выкананне пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні

Пастанова суду аб накладанні адміністрацыйнага спагнання падлягае неадкладнаму выкананню, паколькі яна набывае сілу з моманту абвяшчэння. Але тэрмін даўнасці выканання – 3 месяцы. Гэта значыць, што калі за тры месяцы пасля яе абвяшчэння выкананне пастановы не пачалося – яна губляе сілу. Напрыклад, калі прынятая пастанова аб накладанні адміністрацыйнага арышту не была выкананая на працягу трох месяцаў з моманту абвяшчэння – яна ўжо ня можа быць выкананая.

Натуральна, што пастанова аб папярэджанні не патрабуе нейкай асаблівай вытворчасці дзеля яе выканання.

Калi прысуджаны адміністрацыйны штраф – правапарушальніку даецца 15 дзён для добраахвотнага выканання пастановы і выплаты штрафу. У гэты час не дазваляецца ажыццяўленне якіх-небудзь дзеянняў па прымусовым спагнанні штрафу. Калі ў гэты 15-дзённы тэрмін судовы выканаўца спрабуе апісаць маёмасць аштрафаванага – такія дзеянні з'яўляюцца незаконнымі.

Невялікія адміністрацыйныя штрафы (якія накладаюцца на месцы правапарушэння службовымі асобамі) могуць сплачвацца на месцы.

Асобам ва ўзросце ад 16 да 18 гадоў таксама можа быць дадзены штраф, калі яны маюць уласныя крыніцы даходу. Але калі яны здзейснілі мелкае хуліганства, наўмыснае пашкоджанне вайсковага білета ці няяўку ў ваенкамат – адміністрацыйны штраф накладаецца на бацькоў.

Памеры штрафаў вагаюцца ад 0,1 да 300 базавых адзінак, а для службовых асобаў – да 500 МЗп. Штраф выплачваецца праз банк пералікам грошай на адпаведны рахунак.

Калі аштрафаваны не сплаціў грошы ў пятнаццацідзённы тэрмін – спагнанне накладаецца на заробак ці прыраўнаваны да заробку прыбытак (стыпендыя, пенсія і іншыя рэгулярныя даходы). Нават калі штраф складае 300 базавых адзінак, а стыпендыя – 13 тысяч, штраф усё роўна павінен сплачвацца са стыпендыі, нягледзячы на тое, што такімі тэмпамі cпагнанне будзе ажыццяўляцца шмат гадоў. Да заробку і іншых рэгулярных даходаў не прыраўноўваюцца разнастайныя кампенсацыйныя выплаты, выхадныя, чарнобыльскія і дзіцячыя дапамогі. Спагнанне штрафу выконвае на патрабаванне судовага выканаўцы (які працуе пры судзе па месцы жыхарства аштрафаванага) бухгалтэрыя па месцы працы даўжніка ў адпаведнасці з выканаўчым лістом. Скаргі на парушэнні ў дзеяннях судовага выканаўцы можна падаваць і старшыні таго суду, пры якім працуе судовы выканаўца, і таму органу, які наклаў адміністрацыйнае спагнанне.

З заробку правапарушальніка ў месяц нельга вылічваць больш за 20 % супольнага даходу (бярэцца ў разлік сума пасля выплаты падаткаў). Калі ж бухгалтар мае некалькі выканаўчых лістоў на аднаго чалавека, нават па адной справе, – дазваляецца вылічваць да 50%. На практыцы судовы выканаўца ўлічвае тыя даходы, што ляжаць на паверхні, – калі чалавек працуе на некалькіх працах, цалкам магчыма, што судовы выканаўца, даведаўшыся пра адну крыніцу даходу, ня стане шукаць іншых.

Калі надзорная інстанцыя адмяняе пастанову аб спагнанні адміністрацыйнага штрафу – выплачаныя ў лік штрафу сумы мусяць быць вернутыя даўжніку. Таму трэба захоўваць квіткі на выплачаныя ў лік штрафу сумы.

Калі аштрафаваны ня мае заробку – спагнанне накладаецца на маёмасць, г.зн. на асабістыя рэчы, супольную маёмасць мужа і жонкі (для гэтага трэба правесці разьдзел маёмасці), рахункі ў банку.

Грамадзянскі працэсуальны кодэкс дае спіс рэчаў, на якія спагнанне не пашыраецца, – гэта мінімум, неабходны для нармальнага існавання асобы: адзенне, ежа, мэбля і іншыя рэчы.

Калі спагнанне накладаецца на маёмасць, судовы выканаўца робіць вопіс (арышт) маёмасці даўжніка. Гэтая працэдура праводзіцца ў працоўны дзень, у працоўны час пры прысутнасці аштрафаванага і двух панятых. Калі аштрафаваны ня можа прысутнічаць, дазваляецца рабіць вопіс у прысутнасці прадстаўніка ЖЭСу ці выканкаму. Пры ажыццяўленні вопісу судовы выканаўца зыходзіць з таго, што ўся маёмасць у памяшканні (пакоі), якое займае даўжнік, належыць даўжніку. Таму ў практыцы выканаўчае вытворчасці вельмі часта адбываюцца спрэчкі наконт таго, што судовы выканаўца арыштаваў маёмасць, якая не належала даўжніку, а проста захоўвалася ў ягоным памяшканні (гэтыя спрэчкі вырашаюцца ў судовым парадку). Адзначым, што судовы выканаўца падчас вопісу ацэньвае маёмасць прыблізна – ён жа ня ведае, колькі грошай будзе атрымана ад продажу кожнай з рэчаў. Таму судовы выканаўца звычайна апісвае болей рэчаў, чым неабходна. Астатнія застаюцца пад арыштам (іх нельга прадаваць ці знішчаць), але не пакідаюць пакою даўжніка, і імі можна карыстацца.

Падчас вопісу аштрафаваны мае права ўказаць рэчы, на якія трэба накласці арышт у першую чаргу. Выніковым дакументам вопісу з'яўляецца акт вопісу. Ён павінен рабіцца такім чынам, як гэта вызначана ў Інструкцыі аб выканаўчай вытворчасці, зацверджанай Мiнiстэрствам юстыцыi яшчэ ў 1985 г., i артыкулам 505 Грамадзянскага працэсуальнага кодэксу. Акт вопiсу складаецца судовым выканаўцам i падпiсваецца прысутнымi асобамi. Копія акту пакідаецца ўладальніку маёмасці.

Арыштаваная маёмасць прадаецца судовым выканаўцам праз аўкцыёны ці камісійныя крамы.

Выкананне пастановы суду аб адміністрацыйным арышце ажыццяўляецца неадкладна – калі суд не дае адтэрміноўкі з нейкіх паважных падставаў, правапарушальніка накіроўваюць адбываць адміністрацыйны арышт непасрэдна з пакою суду. Час адміністрацыйнага затрымання залічваецца ў тэрмін арышту. Тэрмін арышту вызначаецца ў межах 3-15 сутак, але калі чалавек мае некалькі пастановаў аб арышце – ён мусіць адбываць іх адзін за адным. Заробак па асноўным месцы працы падчас арышту не выплачваецца, а саміх арыштаваных могуць прыцягваць да грамадзка-карыснай працы.

Арыштаваныя адбываюць тэрмiн арышту ў спецыяльных прыёмнiках альбо, у некаторых выпадках, у iзалятарах часовага ўтрымання – у асобных камерах. З арыштаваных спаганяецца кошт пражывання i харчавання за час арышту. Пры паступленнi чалавека ў спецпрыёмнiк адбываецца рэгiстрацыя i запiс у адмысловым часопiсе, асабiсты i медыцынскi дагляд, адабранне грошай i рэчаў. Арыштаваных фатаграфуюць i бяруць у iх адбiткi пальцаў. На кожнага арыштаванага ў спецпрыёмнiку заводзiцца асабiстая справа. Адмiнiстрацыя абавязаная на працягу 24 гадзiн паведамiць родным арыштаванага пра ягонае месцазнаходжанне.

Арыштаваныя таксама маюць правы – таму варта патрабаваць азнаямлення з палажэннем аб спецыяльных прыёмнiках пры органах МУС (зацверджанае прыказам МУС 18&nbsolкастрычнiка 1999 г. ¹ 206), у якiм гэтыя правы замацаваныя. Арыштаваныя маюць права раз у тыдзень мыцца ў лазнi цi прымаць душ, карыстацца сродкамi iндывiдуальнае гiгiены, харчавацца тры разы ў дзень, мець iндывiдуальнае спальнае месца, карыстацца акулярамi, лекамi, тытунёвымi вырабамi, мець асадку i паперу, пiсаць скаргi начальнiку ўстановы, пракурору, чытаць газеты i часопiсы, кнiгi. Пералiчаныя рэчы i дадатковыя прадукты харчавання арыштаваныя маюць права атрымлiваць ад сваiх родных.

У адпаведнасцi з рэжымам, забаронена сумеснае ўтрыманне здаровых арыштаваных з тымi, у якiх выяўлены iнфекцыйныя захворваннi. Мужчыны i жанчыны ўтрымлiваюцца асобна.

На жаль, умовы ў беларускіх спецпрыёмніках не адпавядаюць ніякім нормам, яны нагадваюць катаванне і папросту зневажальныя для людзей. На жаль, міжнародным назіральнікам не дазваляюць наведваць гэтыя сумныя ўстановы. Душныя, цёмныя, маленькія камеры часта робяцца прычынай таго, што арыштаваныя адчуваюць сябе кепска. У такіх выпадках варта патрабаваць выкліку «хуткай дапамогі» – адміністрацыя спецпрыёмніку ня мае права адмовіць у гэтым. Таксама адмiнiстрацыя, у неабходных выпадках, павiнна даставiць хворага ў стацыянар, але пасля выздараўлення яго зноў могуць памясцiць у спецпрыёмнiк для адбыцця арышту.
 

Збіццё пры затрыманні альбо падчас следства

Праблема збіцця пры затрыманні альбо падчас следства сапраўды існуе. Гэты метад выкарыстоўваецца і ў якасці помсты з боку мянтоў, і як спосаб выбіць патрэбныя следчаму сведчанні. Часцей за ўсё збівае ня следчы, а мент.

Прэвентыўная парада: не давайце падставаў для катаванняў. Гэта значыць не аказвайце непатрэбнага супраціву міліцыі, не ўступайце ў славесную сварку, не рэагуйце на лаянку і правакацыі. Карысна заўжды даць зразумець следчаму, што ў вас кепскі стан здароўя. Пры першай жа пагрозе катаванняў трэба выказваць намер пісаць скаргу на неправамерныя дзеянні следчых органаў. Калі вас катуюць службоўцы, якія ня маюць дачынення да вядзення вашай справы (аператыўнікі, мянты, ахоўнікі следчага ізалятару), – паведамляйце пра гэта таму, хто вядзе вашую справу і адначасова пішыце скаргу ў пракуратуру і вышэйстаячай службовай асобе таго службоўцы, які ўжываў катаванні.

Калі вас збілі пры затрыманні ў міліцыі – патрабуйце, каб вас даставілі ў траўмапункт альбо выклікалі «хуткую дапамогу». Тут можна сімуляваць больш істотныя пашкоджанні, чым вам рэальна былі нанесеныя. Запомніце імя і прозвішча ўрача, што вам аказваў дапамогу, запомніце дыягназ і прасіце, каб вам выдалі пісьмовую даведку. Калі пасля катаванняў вас не даставілі ў шпіталь, а толькі выклікалі «хуткую» – паведаміце ўрачу, хто вас збіваў, і даведайцеся ў яго ўсе звесткі пра брыгаду і пра выклік, на які брыгада прыехала. Калі вас збілі міліцыянты, у вас ёсць два магчымыя шляхі дзеянняў: 1) калі ў вас ёсць падставы меркаваць, што вас у хуткім часе вызваляць, ня трэба даваць міліцыянтам зразумець, што вы маеце намер пісаць скаргу (у гэтым выпадку мянты заўжды па надуманых падставах затрымаюць вас да таго часу, як у вас знікнуць сляды збіцця); 2) калі ў вас няма шанцаў на хуткае вызваленне, паспрабуйце сабраць як мага болей доказаў катаванняў (звяртайце ўвагу панятых на факт збіцця, запісвайце гэта ва ўсіх пратаколах, якія вам даюць на подпіс, а таксама запісвайце туды просьбу аказаць вам медычную дапамогу і даць адваката, распавядзіце пра факт збіцця іншым затрыманым і сукамернікам). Пасля збіцця патрабуйце медычнай дапамогі (сімулюйце цялесныя пашкоджанні і прыступы) і ў прысутнасці ўрача адзначайце факт катаванняў ды патрабуйце медычнага агляду. Калі дапамога не была аказаная – звяртайце на гэта ўвагу ўсіх, з кім вы знаходзіцеся ў камеры. Пры спатканні з роднымі і абаронцамі прасіце дапамогі ў прадухіленні катаванняў (яны таксама могуць пісаць скаргі і заявы пра гэта). Абавязкова пішыце скаргу ў пракуратуру – дзеля гэтага вам трэба як мага больш дакладна запомніць усе абставіны катавання, у тым ліку званне і выгляд ката, абстаноўку кабінэту, выгляд і званні сведкаў збіцця.

Для тых, хто знаходзіцца пад вартай у следчым ізалятары, можна даць наступную параду – пры ўсіх магчымых выпадках рабіце медычны агляд. Дасведчаныя рэцыдывісты заўжды пры пераводзе з адной следчай установы ў іншую патрабуюць фіксацыі свайго стану здароўя ў медсанчастцы.

Увогуле можна вылучыць тры асноўныя сітуацыі, звязаныя са збіццём:

1. Бессістэмны кароткачасовы гвалт, матываваны страхам і нянавісцю (напрыклад, пасля масавай акцыі з сутыкненнямі міліцыянт, які моцна нацярпеўся страху, кідаецца на затрыманых у машыне ці пастарунку). Агрэсар слаба кантралюе сябе, ахвяру выбірае збольшага выпадкова, б'е як прыйдзецца і тым, што апынецца ў руцэ (але ў выпадку бамбізы-амапаўца менавіта гэта і з'яўляецца небяспечным). Утрымлівайце пасіўную абарону, ухіляйцеся, стаўце блокі – звычайна гэткі прыпадак мінае даволі хутка. Даваць здачы, калі вы знаходзіцеся ў пастарунку, бадай што ня варта – гэта можа прывесці да таго, што ўсе прысутныя патэнцыйныя агрэсары сканцэнтруюцца на вас, да таго ж магчымыя праўныя наступствы. Выняткам з гэтай парады ёсць сітуацыя, калі ўзнікае сур'ёзная пагроза жыццю ці здароўю: у нападніка ў руках востры прадмет, нападнік спрабуе стрэліць у вас з табельнай зброі, нападнік намагаецца ўдарыць у жывот цяжарную жанчыну (на жаль, найноўшая беларуская гісторыя ведае такія выпадкі). Псіхолагі раяць «пераключыць» агрэсара слоўным уздзеяннем, запытаўшыся ў яго гучна і з рэзкай інтанацыяй нейкую загадкавую рэч, напрыклад: «З аквалянгам плаваеш?» Гэта часта (але не заўсёды) спрацоўвае, пажадана, аднак, мець такія загатоўкі загадзя, каб на патрэбу «загаварыць» нападніка.

2. Бязмэтная, але асэнсаваная праява садызму, звязаная з псіхічнымі ці сэксуальнымі адхіленнямі агрэсара. У некаторых спецаддзелах службоўцаў адмыслова прывучаюць да жорсткасці, маніпулюючы іх псіхікай; нярэдка прышчэпліваецца ірацыянальная нянавісць да «апазіцыянераў», наладжваюцца адмысловыя відэапрагляды вучэбных фільмаў пра масавыя дэманстрацыі, вядзецца актыўная прамыўка мазгоў. Прыкладам гэткіх псіхапатычна жорсткіх, але прадуманых садысцкіх дзеянняў могуць быць паводзіны АМАПу пасля памятных падзеяў «Маршу Свабоды».

Напады ў такіх сітуацыях могуць быць доўгія і жорсткія (мэта – біць у болевыя кропкі), часта звязаныя з іншымі дзеяннямі, скіраванымі на прыніжэнне і маральнае катаванне чалавека. Злачынцы, аднак, звычайна кантралююць сябе і стараюцца не давесці справу да смяротнай небяспекі, хаця – насуперак распаўсюджанаму міту – мала хвалююцца пра сляды збіцця.

Няма сэнсу апэляваць да здаровага сэнсу ці спачування вылюдкаў, якія могуць разважліва катаваць безабаронных людзей, – ні аднаго, ні другога яны хутчэй за ўсё ня маюць. Вам варта быць маральна гатовымі да агрэсіі, якая можа прывесці да адчувальных пашкоджанняў. Калі вас б'юць, імкніцеся абараніць жыццёва важныя органы: лепш адбітыя ў кроў рукі, плечы й ногі, чым праломленая галава альбо адбітыя ныркі.

Нягледзячы на боль і стрэс, старайцеся ня страціць адчування рэчаіснасці і чалавечай годнасці. Майце на ўвазе: калі вы страціце кантроль над сабой, станеце прыніжацца, прасіць літасці, адмаўляцца ад сваіх перакананняў – вы надломіце сваю псіхіку, і гэта можа мець для вас нашмат горшыя наступствы, чым пераломы костак. Косткі дакладна зрастуцца, а псіхіка – не заўсёды. Такім чынам, у падобнай сітуацыі важней абараніцца ад прыніжэння, чым ад збіцця. Не суўдзельнічайце ў сваім уласным катаванні («стань, каб мне было зручней цябе біць»), не дазваляйце выкарыстоўваць сябе для катавання іншых (прыклад, узяты з жыцця: некалькі чалавек, скаваных кайданкамі, прымушаюць легчы на падлогу, ад іншых патрабуюць па іх прайсці), нават калі вам пагражаюць. Увогуле, салідарнасць у такіх сітуацыях – неацэнная вартасць: падтрымлівайце іншых размовамі, спачуваннем, – гэта надасць вам сілы.

Калі вы маеце захворванні альбо інваліднасць, якія ператвараюць збіццё ў смяротна небяспечную пагрозу, ясна папярэдзьце агрэсараў – яны не зацікаўленыя ў давядзенні вас да смерці. Калі адчуваеце сябе кепска – патрабуйце медычнай дапамогі, ня факт, што яна прыйдзе хутка, але шанец ёсць.

У камунікаваннях будзьце неагрэсіўныя, але ўпэўненыя ў сваёй слушнасці. Бессэнсоўна пераконваць катаў, што вы «прастой чэлавек, проста міма прахадзіл». Нават калі гэта будзе праўдай – вам ніхто не паверыць. Такім чынам вы праявіце страх і няўпэўненасць, а гэта выклікае дадатковае жаданне «папрэсаваць».

Не ўхіляйцеся ад размоваў, не маўчыце, калі пра вас гавораць лухту, якой прамываюць мазгі «ахоўнікаў парадку» дзяржпрапагандысты, – адказвайце, бараніце сваю годнасць. Спрачайцеся, гэта ў вашых інтарэсах! Любы нападнік хоча выглядаць разумнейшым за сваю ахвяру, таму з высокай верагоднасцю ўцягнецца ў спрэчку – і пры гэтым, хутчэй за ўсё, спыніць агрэсію (ён жа хоча паказаць інтэлект), калі вы, вядома, ня будзеце пасылаць яго «на тры літары». Не адказвайце на лаянку лаянкай: у адрозненне ад вашых праціўнікаў, вы – разумны чалавек. Уменне пераканаўча гаварыць і ўпэўнена паводзіць сябе ў складанай сітуацыі выклікае павагу, нават у непрыяцеля, таму гадуйце ў сябе адпаведныя здольнасці.

3. Катаванне для прымусу: напрыклад, спроба «прышыць» справу, прымусіўшы ахвяру падпісаць прызнанне, альбо «выбіванне» паказанняў на іншых. Гэта, бадай, найгоршы выпадак. У злачынцы ёсць мэта і шырокі арсенал сродкаў, якія могуць улучаць сістэматычнае збіццё, шантаж, катаванне голадам альбо бяссоннем і г.д. – можна было б напісаць цэлую кніжку, толькі апісваючы тыя метады, што выкарыстоўваюцца сучаснымі гестапаўцамі. У гэтай сітуацыі вельмі цяжка даваць парады, яшчэ й таму, што чалавек, які доўгі час церпіць здзекі і катаванне, перажывае пэўнае скрыўленне ў сваім светаадчуванні, губляючы розум і памяць. Ня шмат шанцаў на тое, што нашыя рэкамендацыі застануцца на паверхні свядомасці. Адзіная парада – папярэдзьце вашых катаў, што на судзе вы адмовіцеся ад усіх паказанняў, дадзеных падчас следства.

Тут шмат што залежыць ад вашых наступных дзеянняў пасьля катаванняў. Паведамляйце праз родных і адваката пра факт катаванняў (абавязкова – у пісьмовай форме, у выглядзе скаргаў!). Хутчэй за ўсё, вашае выратаванне будзе залежаць не ад вас – найлепшай вашай зброяй стануць вашыя сябры, родныя, аднадумцы, роля якіх – «рыць зямлю», каб выцягнуць вас на волю, актыўна інфармаваць СМІ аб вашых пакутах, дамагацца сустрэчаў, рабіць перадачы і г. д. Як паказвае беларуская практыка, чым болей увагі прыцягнута да зняволенага і чым актыўней дзейнічаюць ягоныя сябры, тым меншая імавернасць, што яго будуць катаваць, і тым большая імавернасць, што ён будзе вызвалены хутчэй, чым яго паспеюць зламаць.
 

Правілы бяспекі для ўдзельнікаў вулічных акцыяў

Удзельніку кожнай несанкцыянаванай уладамі акцыі (мітынгу, пікету, раздачы альбо раскідкі газетаў і ўлётак) трэба быць падрыхтаваным да затрымання i ведаць свае дзеяннi, калі гэта здарылася. Асабліва гэта датычыцца масавах мерапрыемстваў – мітынгаў, шэсцяў, пікетаў. Актывісты арганізацыі павінны мець інструкцыю, што трэба рабіць у выпадку затрымання.

На ўсе масавыя мерапрыемствы варта з'яўляцца цвярозымі, з пашпартам, бяз зброі і без сакрэтных дакументаў альбо кампраматных рэчаў.

Калі вас затрымліваюць падчас масавага «хапуна» – паспрабуйце даведацца максымум інфармацыі пра таго, хто вас затрымлівае. Калі вас завялі ў аўтобус разам з іншымі затрыманымі – даведайцеся, хто яны, і паведаміце сваё прозвішча (той, хто першы выйдзе на волю, паведаміць таварышам колькасць і прозвішчы затрыманых; таксама можна выклікаць іх у якасці сведкаў). Па дарозе ў пастарунак паспрабуйце, калі гэта магчыма, патэлефанаваць праз мабільны тэлефон і паведаміць таварышам, што вас затрымалі (трымаючы ў кішэні тэлефон, набярыце нумар і ўголас спытайце: «Я просты грамадзянін Сяргей Іваноў, за што вы мяне везяце ў Заводзкі РУУС?»). Калі тэлефон адбіраюць – абавязкова адключыце яго.

Калі вас гвалтам хапаюць у натоўпе людзі ў цывільным і без паказу службовага пасведчання – біце іх, вы маеце права аказаць супраціў. Можна крыкам прыцягнуць увагу мінакоў. Калі вас вядуць да легкавога аўтамабіля – паспрабуйце запомніць яго нумар, колер і марку.

Трэба памятаць, што большасць затрыманняў адбываецца не падчас самой акцыi, а па яе заканчэнні. За актыўнымi ўдзельнiкамi, якiх папярэдне адснялi на відэа, палююць людзi ў цывiльным. Падчас руху па вулiцы трэба старацца iсцi не па ходзе транспарту, каб пазбегнуць затрымання з машыны. Удзельнiкі акцыяў, якiя маюць пры сабе сцягi, павінны вырашыць пытанне, куды хутка схаваць сімволіку. Паводзiць сябе трэба спакойна i не правакаваць мiлiцыю да гвалтоўных дзеянняў супраць вас.

Своечасова і бяспечна сысцi з акцыi таксама вельмі важна. Перад тым як сысцi, паглядзiце ўважлiва вакол сябе. Калi заўважыце падазроных, адпаведнай знешнасцi людзей побач, пастарайцеся адарвацца ад iх. Сыход з акцыі ажыццяўляецца невялічкімі групамі па 2-4 чалавекі. Адышоўшы ад месца акцыі, можна аднамамэнтна, у загадзя абумоўленым месцы, разысціся ў розныя бакі. Калі вы паспяхова сышлі – абтэлефануйце сваіх: ці нікога не забралі? Магчыма, камусці патрэбная дапамога.

Пры затрыманнi найлепей увогуле нiчога не казаць пра свой удзел у акцыi. Вялiкую ўвагу трэба надаць напiсанню пратаколаў аб адміністрацыйным затрыманнi i адміністрацыйным правапарушэннi. Вас абавязкова павiнны з iмі азнаёмiць. У тлумачэннях да пратаколу трэба напiсаць сваю версiю падзеяў. Нiколi ня трэба нi ў чым прызнавацца: прызнавацца – гэта дрэнная звычка. Згодна з нормамi права, абавязак даказвання вiны ляжыць на органе, якi ажыццявiў затрыманне. Гэта азначае, што вы маеце права не даваць анiякiх тлумачэнняў увогуле цi казаць тое, што лiчыце неабходным. Даказваць павiнны яны, а ня вы. Таму ня трэба займацца самаабгаворамi.