БЕЛАРУСКІ КАНСПІРАТАР
      
 УСТУПНАЕ СЛОВА
БЯСПЕКА ЯК ПРАЦЭС – ДАВЕР І НАДЗЕЙНАСЦЬ
1.АБАРОНА НОСЬБІТАЎ ІНФАРМАЦЫІ І СРОДКАЎ КАМУНІКАЦЫЯЎ
2.ВЫКЛІКІ І СЛЕДСТВА
3.БЯСПЕКА ПАМЯШКАННЯ
4.АБМЕЖАВАННЕ ВОЛІ І ЗАТРЫМАННЕ
5.ПРАВАКАЦЫІ
 МАЛЫ КАНСПІРАТАР
Выклікі і следства

Афіцыйныя і неафіцыйныя выклікі

Адзіны афіцыйны спосаб выклікаць грамадзяніна кудысьці - гэта ўручыць чалавеку асабіста пад подпіс позву, у якой павінна быць пазначана, хто і ў якой якасці выклікаецца, да каго, у які час і па якім адрасе трэба з'явіцца, а таксама растлумачаныя наступствы няяўкі без паважных прычынаў. Выклік на допыт у якасці сведкі асобы, што не дасягнула 16 гадоў, праводзіцца праз яго бацькоў ці іншых законных прадстаўнікоў. Калі дадзеная асоба выклікаецца ў якасці абвінавачанага і падазронага, выклік праводзіцца ў агульным парадку. Позвай чалавека можна выклікаць у міліцыю, пракуратуру, суд, Камітэт дзяржаўнай бяспекі, падатковую інспекцыю і іншыя органы.

Але трэба памятаць, што позвы вельмі рэдка ўручаюцца сапраўды асабіста і пад подпіс. У тым выпадку, калі позву вам кінулі ў паштовую скрыню - яна цалкам верагодна можа знікнуць, і на гэта можна спасылацца, калі вы не гатовыя йсці па выкліку альбо проста ня хочаце йсці. Таксама і тую позву, якая была перададзеная праз сваякоў, можна праігнараваць, спаслаўшыся на тое, што сваяк «забыўся» перадаць вам гэтую важную паперу. Пры выкліках праз тэлефон відавочна адсутнічае ўпэўненасць, што з вамі размаўляе менавіта тая службовая асоба – а можа быць, гэта звычайныя тэлефонныя хуліганы? Такім зацягваннем справы можна выйграць час, каб падрыхтавацца да «сустрэчы», атрымаць кансультацыю праваабаронцаў, узгадніць свае сведчанні з таварышамі.

Зразумела, калі позва перададзеная праз адміністрацыю па месцы працы альбо вучобы, праігнараваць яе цяжэй, – вырашайце самі...

Як бы там ні было, наступствам няяўкі па позве можа быць толькі гэтак званы «прывод». «Прывод» азначае, што за вамі прыйдзе міліцыянт і адвядзе (адвязе) да службовай асобы, якой спатрэбілася з вамі паразмаўляць. Гэтага баяцца ня трэба – аніякіх негатыўных наступстваў «прывод» ня цягне. Выкладзенае справядліва нават для позваў у суд, акрамя тых выпадкаў, калі яны ўручаюцца асабіста пад подпіс – у апошнім выпадку суддзя можа расцаніць няяўку як праяву непавагі да суду (адказнасць – штраф альбо арышт на тэрмін да 15 ночаў).

Аднак выкладзенае не датычыцца падазронага і абвінавачанага па крымінальнай справе – ён адназначна абавязаны з'яўляцца па выкліках органу, што вядзе крымінальную справу, дзеля дачы сведчанняў (але пры гэтым мае права адмовіцца ад сведчанняў). У адваротным выпадку ў дачыненні да падазронага альбо абвінавачанага можа быць ужытая мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту, хатняга арышту, падпіскі пра нявыезд.

Усе выклікі на «размовы», зробленыя без уручэння позвы, можна ігнараваць як «неафіцыйныя». Таксама мэтазгодна паведамляць пра іх як мага шырэйшаму колу знаёмых ды журналістам.
 

Што рабіць, калі прыносяць позву дахаты?

  1. Не панікаваць – нічога страшнага не адбываецца.
  2. А хіба вы дома? Дзверы можа адчыніць ваш брат, сястра, іншы сваяк, і паабяцаць абавязкова перадаць позву адрасату. Таксама яны маюць права адмовіцца атрымліваць для вас позву і адмовіцца распісвацца за яе, спаслаўшыся на немагчымасць перадаць яе вам.
  3. Магчыма, варта ўзяць позву і распісацца ў атрыманні… чужым подпісам? Пасля можна адмаўляць, што вы сапраўды атрымалі гэтую позву.
  4. Зразумела, можна папросту ўзяць позву, распісацца, а ўжо потым вырашаць, ці трэба з'яўляцца па гэтым выкліку.
 

Што рабіць, калі прыйшла позва?

Трэба стварыць сабе запас часу.

  1. Вырашыць, ці можна праігнараваць гэтую позву.
  2. Патэлефанаваць службовай асобе, што вас выклікае, і дамовіцца на візіт у іншы дзень, спасылаючыся на любыя паважныя абставіны – ад'езд у іншы горад, напрыклад, альбо камандыроўку. Калі не атрымліваецца перанесці сустрэчу – трэба праз тэлефон высветліць усе абставіны справы, ваш статус.
  3. Паспрабаваць узяць пацверджанне хваробы.

Стварыўшы такім чынам запас часу, трэба неадкладна звязацца з таварышамі альбо выйсці на праваабарончыя арганізацыі – можа, хто чаго ведае, падскажа. Магчыма, да гэтага следчага ўжо выклікалі людзей з вашага кола – можна прыблізна вылічыць, з чым звязаная гэткая асаблівая ўвага да вашай персоны. У любым выпадку варта пракансультавацца ў знаёмага юрыста, адваката альбо ў праваабаронцаў. Натуральна, позва можа з'яўляцца сведчаннем таго, што міліцыя альбо спецслужбы вырашылі шчыльна заняцца вашай справай – таму, калі вы займаецеся нелегальнай дзейнасцю, вам трэба прыхаваць усе яе сляды (спісы сяброў арганізацыі, дакумэнты, планы) і на нейкі час прыпыніць гэткую дзейнасць. Такім чынам, атрыманне позвы можа быць карыснай перасцярогай.

Памятайце, у сувязі з атрыманай позвай у вас заўжды застаецца варыянт проста яе праігнараваць. За няяўку найвялікшым наступствам можа быць толькі «прывод» (калі вы не абвінавачаны ці падазроны).

Непаўналетняму трэба ісці на сустрэчу са следчым толькі з бацькамі. Калі вы сапраўды ня маеце магчымасці прыйсці на допыт з паважанай прычыны – абавязкова паведамце пра гэта таму, хто вас выклікаў.
 

Што рабіць, калі выклікаюць на «размову»?

У першую чаргу трэба высветліць, хто і ў якую ўстанову вас выклікае. На «размову» (не на допыт – на «размову»!) следчы выклікаць ня мае права (пракурор такое права мае). Такі выклік з боку следчага можна і трэба ігнараваць. Да пракурора ісці трэба, але нават калі вы да яго ня пойдзеце, вам анічога не пагражае, акрамя «прыводу». Але тое, што вы з'явіліся да пракурора, не абавязвае вас даваць тлумачэнні супраць сябе. Вы можаце з'явіцца па выкліку пракурора (альбо нават калі вас прывядуць да яго), але размаўляць з ім неабавязкова, вы заўжды можаце спаслацца на прэзумпцыю невінаватасці, адмовіцца адказваць на ягоныя пытанні і не даваць тлумачэнняў. Спасылка на прэзумпцыю невінаватасці выглядае наступным чынам: «У адпаведнасці з артыкулам 27 Канстытуцыі, я адмаўляюся адказваць на гэтае пытанне».

Больш за тое, удзельнік «размовы» – ня сведка, і таму ён не нясе адказнасці нават за дачу наўмысна ілжывых сведчанняў. Зразумела, у такім фармаце можна і бессаромна хлусіць, але лепей за ўсё – не казаць зусім анічога, папросту маўчаць, спаслаўшыся на прэзумпцыю невінаватасці.

Бывае, што падчас размовы чыноўнік (следчы, пракурор) вядзе запіс вашых словаў і пасля прапануе падпісаць сведчанні. Ад гэтага можна адмовіцца, паколькі працэдурна гэтае дзеянне не з'яўляецца допытам.

І таксама лепей за ўсё адмовіцца ад дачы г.зв. «пісьмовых тлумачэнняў» у міліцыі, у начальства на вытворчасці альбо па месцы вучобы. Гэтыя дакументы толькі дапамогуць пасля абвінаваціць вас. Любыя законныя следчыя дзеянні павінны афармляцца пратаколамі, і толькі ў іх трэба рабіць свае заўвагі альбо рабіць адзнаку на прыкладанне пісьмовых тлумачэнняў.

Выклік на «размову» з'яўляецца сігналам, што ў «праваахоўнікаў» паўстала цікавасць да вашай сціплай асобы. Варта вызваліць вашае жытло ад усіх забароненых, кампраматных рэчаў і ад нелегальнай літаратуры.

Пракуратура мае права выносіць афіцыйныя папярэджанні пра недапушчальнасць проціпраўных дзеянняў – гэтае паўнамоцтва часта выкарыстоўваецца ў дачыненні да палітычных актывістаў. Рэальна гэтае папярэджанне ня ёсць нейкай істотнай санкцыяй – гэта сапраўды папярэджанне, пра тое, што вам варта быць больш асцярожнымі ў вашай дзейнасці.

Таксама ў выпадку «размовы» трэба ўжо псіхалагічна падрыхтавацца да таго, што ў канцы «размовы» (таксама як і ў канцы допыту) вам можа быць прад'яўленае абвінавачанне, і вас могуць узяць пад варту. Абавязкова папярэдзьце таварышаў, куды вы ідзяце.
 

Што рабіць, калі выклікаюць праз тэлефон?

З выклікамі праз тэлефон можна паводзіць сябе як з звычайнымі тэлефоннымі хуліганамі – можна проста кінуць слухаўку і адключыць тэлефон, адмовіцца размаўляць з «тэлефонным хуліганам». Заўжды можна сказаць: «Канчай жартаваць, ніякая ты не пракуратура, я цябе пазнаў…»

Але пасля гэтага варта чакаць позвы альбо нават візіту міліцыянтаў. Таму на выклік праз тэлефон лепей за ўсё рэагаваць не візітам да следчага альбо пракурора, а прыхаваннем сваёй нелегальнай дзейнасці і падрыхтоўкай да больш шчыльных кантактаў з «праваахоўнымі» органамі.
 

Што рабіць, калі прапануюць супрацоўнічаць з КДБ?

  1. Ветліва, але цвёрда адмовіцца ад гэткай прапановы. Калі той, хто робіць гэткую прапанову, не называецца альбо называецца ня цалкам (часта яны кажуць толькі імя і імя па бацьку, бяз прозвішча і пасады) – трэба патрабаваць паказу пасведчання.
  2. Абавязкова агучыць гэты факт – кадэбэшнікі галоснасці ня любяць і нават баяцца яе. Калі вас «нефармальна» запрашаюць на сустрэчы з КДБ і просяць не казаць пра гэта нікому – трэба казаць, што вы ўжо распаўсюдзілі звесткі пра гэта ўсім знаёмым і нават паспелі патэлефанаваць журналістам (назавіце любыя некалькі незалежных альбо замежных выданняў, радыё «Маяк», «ВВС» альбо «Свабода»).
  3. Будзьце гатовыя, што вас паспрабуюць купіць (матэрыяльныя выгоды, прасоўванне па службе і нават… удалая кар'ера ў вашай арганізацыі). Не прымайце: адмыцца ж ад такога супрацоўніцтва немагчыма. Дарэчы, гэтыя «бонусы» – на 99.9 % хлусня.
  4. Калі на вас пачынаюць ціснуць (шантаж па месцы працы, вучобы, пагрозы сваякам) – трэба адказваць скліканнем адмысловай прэс-канфэрэнцыі з нагоды ціску з боку КДБ, а таксама падачай скаргаў у пракуратуру і той жа КДБ. Ціску па месцы працы альбо па месцы вучобы супраціўляцца псіхалагічна цяжка, але неабходна.
  5. Не падпісваць аніякіх папераў пра згоду на супрацоўніцтва альбо інфармаванне.
  6. Пасля гэтага варта падрыхтавацца да іншых захадаў з боку спэцслужбаў у адносінах да вашай асобы.
  7. Ні ў якім разе не спрабаваць самастойна выканаць ролю Штырліца, агента вашай арганізацыі ў шэрагах КДБ. Выкарыстанне гэткай тэхналогіі зліву несапраўднай інфармацыі ў спэцслужбы вельмі небяспечнае нават пры добрым узроўні падрыхтоўкі яе ўдзельнікаў.
 

Як сябе паводзіць падчас допыту?

Весці сябе з адчуваннем уласнай годнасці, быць ветлівым, але цвёрдым і абавязкова – нешматслоўным (а яшчэ лепей – маўклівым). Ня трэба сьпяшацца з адказамі.

Допыт – гэта следчае дзеянне, якое строга рэгламентаванае крымінальна-працэсуальным кодэксам. Як і кожнае іншае следчае дзеянне (вобшук, вочная стаўка і інш.), допыт можа мець месца толькі пасля ўзбуджэння крымінальнай справы. Няма крымінальнай справы – няма і допыту.

Таму на пачатку размовы з прадстаўніком праваахоўных органаў трэба ветліва пацікавіцца: а ў чым, уласна кажучы, справа; у якасці каго вы выкліканыя; ці ўзбуджаная крымінальная справа; як называецца гэтая «сустрэча» і тая «паперка», на якой ён пачынае нешта пісаць. Магчыма, ён дарма губляе час…

Перад пачаткам допыту той, хто вядзе допыт, абавязаны растлумачыць вам вашыя правы. Калі ён проста зачытаў правы альбо пералічыў іх – не саромцеся патрабаваць больш падрабязнага тлумачэння. Вы не юрыст, юрыдычных фармулёвак ня ведаеце, і простага пераліку вам недастаткова.

Адзначым, што допыту могуць быць падвергнутыя як сведкі, гэтак і сам абвінавачаны, падазроны, пацярпелы. Абвінавачаны і падазроны маюць права адмовіцца ад дачы сведчанняў. Пацярпелы і сведка гэткага права ня маюць. Аднак і пацярпелы, і сведка маюць права адмовіцца ад адказу на канкрэтнае пытанне (але не ад сведчанняў увогуле!), калі лічаць, што дача падобных сведчанняў можа быць скіраваная супраць іх асабіста, супраць чальцоў іх сям'і і блізкіх сваякоў (чальцы сям'і – усе сваякі, непрацаздольныя ўтрыманцы і іншыя асобы, якія пражываюць сумесна з удзельнікам крымінальнага працэсу і вядуць з ім супольную гаспадарку; блізкія сваякі – бацькі, дзеці, усынаўляльнікі і усынаўлёныя, родныя браты і сёстры, унукі).

Патрабуйце, каб вам распавялі пра сутнасць крымінальнай справы, па якой вы выкліканыя, каб ня толькі назвалі артыкул крымінальнага кодэксу, але і растлумачылі ў дэталях, што значаць усе гэтыя фармулёўкі. На пачатку допыту вам прапануюць распавесці ўсё вядомае па справе, што расследуецца, таму вы мусіце ведаць сутнасць справы. Па ходзе вашага расповеду і пасля яго следчы можа задаваць дадатковыя пытанні.

Навадныя пытанні забароненыя, і вы не абавязаныя на іх адказваць. Напрыклад, следчы не павінен адразу запытвацца: «Дзе вы пазнаёміліся з Лукашэвічам?» альбо «Калі вам Лукашэвіч перадаў брашуру "Асновы бяспекі жыццядзейнасці"?» – гэтым пытанням павінны папярэднічаць пытанні кшталту «Ці знаёмыя вы асабіста з Аляксеем Лукашэвічам?» і, адпаведна, «Ці бачылі вы брашуру "Асновы бяспекі жыццядзейнасці"?». Адзначым, што ў выпадку пытанняў пра знаёмства з нейкім Лукашэвічам альбо Рабіновічам вы можаце адзначыць, што не разумееце, пра якую менавіта асобу з гэтым прозвішчам вядзецца размова, альбо, ня выключана, ведаеце яго толькі візуальна. У гэтым выпадку следчы абавязаны паказаць вам для апазнання асобу (фатаздымак асобы), пра якую вядзецца размова, але не адну, а ў шэрагу іншых асобаў (фатаздымкаў іншых асобаў) – каб вы самі пазналі (альбо не пазналі) патрэбнага. Гэтая працэдура патрабуе запрашэння панятых і афармляецца асобным пратаколам.

Запісаны ў пратакол расповед і адказы на пытанні складаюць сведчанні асобы, якую дапытваюць.

Пасля свабоднага расповеду вы маеце права запісаць свае сведчанні ўласнаручна.

Перад заканчэннем допыту пратакол павінен быць прапанаваны вам для прачытання і падпісання. Пры гэтым вы маеце права ўносіць у яго любыя выпраўленні і ўдакладненні – таму ўважліва чытайце тэкст, можа, вы сказалі нешта лішняе. У любым выпадку пакуль вы не падпісалі пратакол, допыт ня скончаны. Таксама вы маеце права запісаць свае сведчанні ўласнаручна. Пры гэтым трэба рыхтавацца да таго, што следчы будзе імкнуцца ня даць вам пратаколу альбо даць яго толькі для падпісання – настойвайце на выкананні сваіх правоў, чытайце пратакол уважліва, выпраўляйце памылкі следчага і ўласныя недакладнасці. Пры гэтым вы можаце заўважыць, што нейкія вашыя словы шкодзяць вашым інтарэсам – не саромцеся іх выкрасліць, да падпісання пратаколу яны не з'яўляюцца вашымі сведчаннямі, скажыце следчаму: «Я гэтага не казаў» альбо «Вы мяне няправільна зразумелі». Натуральна, гэта будзе недаспадобы следчаму, але гэта – вашае права. Падпісвайце кожную старонку пратаколу асобна.

Часам следчыя запугваюць сведак (а па палітычных справах амаль усе абвінавачаныя спачатку выступаюць як сведкі) адказнасцю за адмову ад дачы сведчанняў (арт. 402 Крымінальнага кодэксу) альбо за наўмысна ілжывыя сведчанні (арт. 401 Крымінальнага кодэксу). Гэтых пагрозаў баяцца ня трэба. Па-першае, цяжка даказаць, што вы наўмысна хлусілі, а не памыляліся з прычыны кепскай памяці. Па-другое, адмова ад адказу на канкрэтнае пытанне ў сувязі з прэзумпцыяй невінаватасці не з'яўляецца адмовай ад дачы сведчанняў. І, нарэшце, трэба памятаць, што гэтыя артыкулы не прадугледжваюць пазбаўлення волі, і рэальна іх выкарыстанне не пашыранае. Сведка папярэджваецца пра інфармаванасць пра гэтыя артыкулы пісьмовай падпіскай – і гэта хутчэй прыклад дазволенага законам псіхалагічнага ціску. На ўсялякі выпадак: акрамя згаданых артыкулаў, у Крымінальным кодэксе ёсць яшчэ артыкул 394 «Прымус да дачы сведчанняў», а таксама артыкул 395 «Фальсіфікацыя доказаў».

Допыт ня можа працягвацца больш за 4 гадзіны запар. На працягу дня чалавека можна дапытваць чатыры гадзіны, пасля робіцца перапынак ня менш чым на адну гадзіну, пасля допыт можа працягвацца далей, але агульная яго працягласць ня можа быць болей за 8 гадзін.

Такім чынам, у допыт граюць удваёх:

Следчы - гэта, звычайна, дасведчаны і навучаны прафэсіянал, які ведае ня толькі правілы працы, але і валодае адмысловымі хітрыкамі (кшталту «Вы вырабілі на хатняй друкарцы 2500 антыдзяржаўных улётак...» – «Вы што, толькі 200, і тыя рабіў ня дома, а на працы...»).

Насупраць следчага – вы, звычайны чалавек, які патрапіў у непрыемнае і нязвыклае становішча, не валодае досведам паводзінаў падчас допытаў…

Следчы ведае сваю справу, таму дадзім парады Вам.

Не спрабуйце перайграць следчага. Вашая задача – не прайграць самому сабе і не нанесці шкодаў таварышам і калегам.

Вельмі важна захоўваць пачуццё ўласнай годнасці, не панікаваць, «прыгасіць» эмоцыі. Ня трэба займацца агітацыяй і выступаць, быццам вы на мітынгу.

Трэба памятаць, што ў вас на руках ёсць як мінімум пяць козыраў:

1. Упэўненасць у праваце ўласнай справы. Вы не вінаваты. Вы займаецеся дзейнасцю, карыснай для краіны і грамадзтва, для іншых людзей. Вам няма чаго саромецца і няма чаго баяцца. На самай справе вінаватыя тыя, хто з вашай дзейнасці хоча зрабіць злачынства…

2. Элемэнтарнае веданне сваіх правоў. Трэба памятаць, што нашае заканадаўства ня ўтрымлівае ясных нормаў па барацьбе з іншадумствам і апазіцыяй, а таму прынамсі на паперы грамадзянам гарантаваны пэўны аб'ём правоў і свабодаў. Гэта дазваляе нам ветліва настойваць на іх выкананні, дазваляе карыстацца імі (напрыклад, прэзумпцыяй невінаватасці). Гэта дысцыплінуе вашага суразмоўцу і вымушае яго пазбягаць «выпадковага» парушэння вашых правоў. І менавіта з гэтай прычыны трэба адмаўляцца ад прапановаў следчага перавесці гутарку ў нефармальнае рэчышча. Не саромцеся патрабаваць выканання сваіх правоў.

3. Здаровы сэнс. Заставайцеся самім сабой, не губляйце ўпэўненасці, будзьце спакойны, нешматслоўны, ветлівы і разважлівы. Не спяшайцеся з адказамі. Думайце над тым, што кажаце, старайцеся ня хлусіць, але ня бойцеся перапытваць і цягнуць час. Памятайце пра свае правы. Калі вы адчуваеце сябе зусім няёмка, паспрабуйце перанесці допыт, спашліцеся на кепскае самаадчуванне. Папрасіцеся ў прыбіральню.

4. Падрыхтуйцеся да несправядлівых і неправавых дзеянняў у адносінах да вас. Супрацоўнікі «праваахоўных» органаў, у прынцыпе, павінны выконваць нормы закону, але часам яны пра гэта забываюцца – няхай гэта ня будзе для вас нечаканасцю.

На лаянку, пагрозы не рэагуйце як на небяспеку – звычайна гэта проста стыль працы і тактычныя крокі. Пакуль што катаванні па палітычных матывах застаюцца ў нашых «праваахоўных» органаў выключэннем. Калі вам пагражаюць альбо хамяць, трэба:

а) адзначыць, што следчы парушае заканадаўства, і патрабаваць занесці гэта ў пратакол (альбо адзначыць, што занесяце гэта ў пратакол уласнаручна), калі следчы не супакоіцца – трэба адмовіцца адказваць на пытанні;

б) зрабіць адзнаку ў пратаколе;

в) пасля допыту падаць скаргу пракурору.

Пры спробах фізычнага ўздзеяння (гэта рэдка здараецца ў следчага, у КДБ альбо ў пракуратуры, а вось у міліцыянтаў з'ўляецца вельмі пашыранай практыкай) – трэба шумець, крычаць, інсцэнаваць сардэчны прыступ, патрабаваць пэўны від таблетак. Фізычнага супраціву аказваць ня варта. Адразу пасьля катаванняў трэба пісаць скаргу пракурору, найлепей з пазначэннем прозвічшаў злачынцаў.

5. Памятайце асноўны прынцып правасуддзя – прэзумпцыю невінаватасці. У вас ёсць права адмовіцца ад дачы сведчанняў супраць самога сябе, сваіх блізкіх, сваякоў і чальцоў сваёй сям'і (арт. 27 Канстытуцыі). Пры гэтым тлумачыць, чаму вы лічыце гэткія сведчанні скіраванымі супраць сябе, вы не абавязаныя. Лепей скарыстацца гэтым прынцыпам, чым хлусіць.

Трэба казаць як мага менш, лепей сказаць толькі частку праўды. Не кажыце таго, пра што вас не пытаюць. Адкрытыя і падрабязныя сведчанні па палітычных справах даюць следчым шмат інфармацыі, якая пасля выкарыстоўваецца ў іншых справах альбо ў апэратыўнай дзейнасці. Ня трэба спяшацца, ня трэба канфліктаваць з следчым без патрэбы.

Памятайце: следчы грае ролю, ён выкарыстоўвае разнастайныя псіхалагічныя прыёмы – яго гэтаму вучылі. Вы таксама можаце паспрабаваць сыграць ролю «прастака», «выпадковага дурня» альбо «зацятага барацьбіта» – але вас гэтаму не вучылі, і наўрад ці ў вас атрымаецца. Таму заставайцеся самі сабой і ня верце следчаму.

Асобнае пытанне – наколькі асвятляць у сведчаннях дзейнасць вашай арганізацыі. Тут трэба кіравацца прынцыпам давання інфармацыі па мінімуме. Калі арганізацыя зарэгістраваная («легальная»), вам трэба казаць толькі пра легальную частку дзейнасці, якая зафіксаваная ў паперах, даступных для вывучэння дзяржаўным чыноўнікам. Калі арганізацыя незарэгістраваная – лепей за ўсё ўвогуле не прызнаваць яе існавання.
 

Што рабіць, калі адбываецца вочная стаўка?

Вочная стаўка – фактычна адначасовы допыт двух чалавек. Звычайна адзін альбо абодва з іх ужо далі сведчанні. Магчыма, вас хочуць злавіць на супярэчнасцях альбо на хлусні – будзьце псіхалагічна гатовыя да гэтага. Лепей на вочную стаўку ісці з адвакатам.

На вочнай стаўцы можна:

а) пацвярджаць тое, што кажа ваш візаві, – калі гэта вам і іншым на карысць;

б) адмаўляцца, калі адчуваеце небяспеку, – ваш таварыш, магчыма, ужо «зламаны» альбо «раскалоўся»;

в) можна пацвердзіць свае ранейшыя сведчанні альбо «скарэктаваць» іх, калі вы адчуваеце, што гэта на вашую карысць. У апошнім выпадку ня трэба казаць: «Я тады хлусіў», – а трэба казаць: «Я тады недакладна сказаў», «Я тады забыўся», «Цяпер я прыгадаў...»

У любым выпадку, вочная стаўка – складаная псіхалагічная працэдура. Менавіта для таго, каб яна не ператваралася ў псіхалагічную драму, карысна, каб прысутнічаў адвакат і вяртаў яе ў прававое рэчышча.
 

Што рабіць, калі патрабуюць дагляду аўтамабіля?

Варыянты дзеянняў:

– Даць даглядзець аўтамабіль без аніякіх перашкодаў. Гэта самы кепскі варыянт: нават калі вы ўпэўненыя, што вам нічога не пагражае, міліцыянты могуць падкінуць у аўтамабіль наркотыкі альбо зброю. Таму лепей карыстацца іншым варыянтам.

– Патрабаваць складання пратаколу агляду з удзелам панятых. Вельмі часта людзі гэтага не патрабуюць, паколькі ня хочуць марнаваць час і ўпэўненыя ў сваёй невінаватасці, – гэта памылковая стратэгія. Крымінальны пераслед палітычнага зняволенага Міхаіла Марыніча распачаўся менавіта з дагляду аўтамабіля.

– Зачыніцца ў аўтамабілі і не падпарадкоўвацца. Гэта адкрытае непадпарадкаванне міліцыянтам, і яно караецца ў адміністрацыйным парадку. Таму гэткую тактыку трэба выкарыстоўваць толькі тады, калі ў гэтым ёсць відавочны сэнс – выйграць час для сыходу іншага чалавека, у якога знаходзяцца патрэбныя дакумэнты, альбо патэлефанаваць праз мабільны тэлефон і папярэдзіць калегаў пра напад. У любым выпадку гэта небяспечны сродак непадпарадкавання.

Таму найбольш мэтазгоднай стратэгіяй з'яўляецца наступная:

Кажыце: «Згодны на правядзенне дагляду. У мяне няма пярэчанняў, адразу ж адчыню аўтамабіль, як толькі вы распачняце афармленне пратаколу дагляду ўва ўстаноўленым парадку».

Калі будуць настойваць на правядзенні дагляду без пратаколу – трэба адзначаць незаконнасць іх дзеянняў. Калі і гэта не дапаможа, трэба запатрабаваць паказу службовых пасведчанняў, перапісаць з іх прозвішчы і пасады міліцыянтаў – для далейшага абскарджання. Калі і гэта не дапамагае – трэба адчыніць машыну, але потым абавязкова падаць скаргу на незаконныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, з пазначэннем дакладнага часу інцыдэнту, нумару машыны і прозвішчаў міліцыянтаў. Калі мы ня пішам скаргаў – яны, беспакараныя, становяцца нахабнымі. Фізічнага супраціву аказваць ня варта.

Важна таксама глядзець, хто патрабуе дагляду аўтамабіля. Гэта могуць быць даішнікі, міліцыянты, кадэбэшнікі, следчыя па нейкай крымінальнай справе, мытнікі падчас пераходу мяжы. Калі дагляду патрабуе нехта іншы – можна не падпарадкоўвацца.

Дагляд аўтамабіля пры перасячэнні мяжы – асобная справа. Ён можа дайсці нават да разбірання аўтамабіля на запчасткі. Таму яшчэ раз адзначым, што праз мяжу па магчымасці трэба йсці «чыстым» – ня мець пры сабе каштоўных дакументаў, важных носьбітаў інфармацыі альбо буйных сумаў грошай.

Часам міліцыянты робяць засады каля офісаў і патрабуюць дагляду аўтамабіля таго чалавека, які выйшаў з офісу. У гэтым выпадку таксама варта патрабаваць складання пратаколу дагляду аўтамабіля нават тады, калі ў ім няма нічога. Такім чынам вашыя калегі ў офісе могуць паспець знішчыць дакумэнты альбо адкарэктаваць сваю дзейнасць.
 

Правы і абавязкі падчас следства

Трэба адрозьніваць крымінальнае следства ад адміністрацыйнага пераследу. Дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў – адміністрацыйнае правапарушэнне, якое ня можа быць прычынай такіх следчых дзеянняў, як вобшук, допыт і інш.

Следчыя дзеянні могуць мець месца толькі ў выпадку ўжо ўзбуджанай крымінальнай справы. Аб'ём правоў і абавязкаў падчас следства залежыць ад таго, у якім статусе знаходзіцца асоба: яна можа быць пацярпелым, сведкам, падазроным альбо абвінавачаным.

Падазроным з'яўляецца асоба, якая была затрыманая па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства альбо ў адносінах да якой узбуджаная крымінальная справа, ужытыя меры стрымання (напрыклад, падпіска пра нявыезд) ці вынесеная пастанова аб прыцягненні да адказнасці ў якасці падазронага. Абвінавачаным з'яўляецца асоба, у дачыненні да якой вынесеная пастанова аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага.

Галоўнае права абвінавачанага і падазронага падчас следства – права на юрыдычную дапамогу для абароны. Згодна з артыкулам 62 Канстытуцыі, вы маеце права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, органах мясцовага самакіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, арганізацыях, грамадзкіх аб'яднаннях і ў стасунках са службовымі асобамі і грамадзянамі. Аднак парадак прадстаўніцтва падчас крымінальнага следства рэгулюецца крымінальна-працэсуальным кодэксам, які абмяжоўвае кола прадстаўнікоў: «прадстаўнікі – блізкія сваякі, чальцы сям'і пацярпелага, грамадзянскага істца, грамадзянскага адказчыка, законныя прадстаўнікі; адвакаты, прадстаўнікі прафсаюзных і іншых грамадзкіх аб'яднанняў, а таксама іншыя асобы, дапушчаныя да ўдзелу ў крымінальнай справе з дазволу органу, які вядзе крымінальны працэс». Законныя прадстаўнікі прызначаюцца непаўналетнім. Рэальна абвінавачаны альбо падазроны можа карыстацца юрыдычнай дапамогай і прадстаўніцтвам адваката альбо свайго блізкага сваяка. Памятайце, што заявіць свайго блізкага сваяка ў якасці абаронцы вы можаце толькі да таго, як вы вырашылі карыстацца дапамогай адваката. Гэта значыць, што хадайніцтва пра дапушчэнне ў працэс блізкага сваяка трэба заявіць да прызначэння адваката. Прызначэнне ў якасці абаронцы блізкага сваяка ў далейшым не перашкаджае прызначэнню аднаго альбо некалькіх адвакатаў.

На ўсе следчыя дзеянні трэба з'яўляцца са сваім адвакатам альбо прадстаўніком з ліку блізкіх сваякоў. Калі следчы альбо пракурор адмаўляецца дапусціць прадстаўніка да ўдзелу ў следчым дзеянні, трэба адмаўляцца ад будзь-якога супрацоўніцтва з спасылкай на парушэнне вашага канстытуцыйнага права (у тым ліку можна адмовіцца ад дачы паказанняў у якасці сведкі). Гэткія дзеянні трэба абскарджваць начальніку, пракурору, вышэйстаячаму пракурору альбо ў суд.

Асноўныя правы абвінавачанага і / альбо падазронага падчас следства:

  • Ня сведчыць супраць самога сябе, чальцоў сваёй сям'і і блізкіх сваякоў (гэта датычыцца ўсіх удзельнікаў працэсу, а падазроны і абвінавачаны могуць увогуле адмовіцца ад дачы сведчанняў), альбо даваць сведчанні і тлумачэнні.
  • Ведаць, у чым палягае сутнасць абвінавачання (падазрэння), і атрымаць копію пастановы аб узбуджэнні крымінальнай справы.
  • Ведаць аб'ём сваіх правоў, у тым ліку – атрымаць пісьмовую інфармацыю пра свае правы.
  • Паведаміць чальцам сям'і і блізкім сваякам пра месца свайго знаходжання (праз следчага).
  • Уласнаручна запісваць свае сведчанні ў пратаколах.
  • Заяўляць хадайніцтвы і адводы, прыводіць доказы.
  • Абскарджваць дзеянні службовай асобы, што вядзе крымінальны працэс, у тым ліку ў судовым парадку.
  • Карыстацца юрыдычнай дапамогай абаронцы (адваката, а ў выпадку непаўналетніх – законнага прадстаўніка), у тым ліку атрымаць першую бясплатную кансультацыю адваката да першага допыту.

Падпарадкоўвацца законным распараджэнням следчага альбо пракурора – ваш абавязак. Вось тут і патрэбная юрыдычная дапамога адваката альбо прадстаўніка – вызначыць, ці былі распараджэнні законнымі.

Заўважым, што вельмі часта следчыя прыцягваюць людзей спачатку ў якасці сведкаў, а пазней робяць іх абвінавачанымі. Таму сведку важна памятаць пра права ня сведчыць супраць сябе.

Сведка абавязаны з'яўляцца па выкліках органу, які вядзе крымінальны працэс, праўдзіва адказваць на пытанні следства, не выдаваць матэрыялаў следства (калі ён пра гэта быў папярэджаны следчым). Сведка мае права адмовіцца ад дачы сведчанняў супраць сябе, чальцоў сваёй сям'і і блізкіх сваякоў; запісваць свае сведчанні ўласнаручна; атрымліваць кампенсацыю выдаткаў, панесеных у выніку ўдзелу ў крымінальнай справе; заяўляць адвод перакладчыку; заяўляць хадайніцтвы і падаваць скаргі на дзеянні органу, які вядзе крымінальны працэс. Сведка ня можа быць прымусова падвергнуты экспертызе.
 

Як карыстацца правам на абарону?

Звярнуцца па парады і тлумачэнні да знаёмага юрыста, да адваката, у праваабарончую арганізацыю.

Імкнуцца не размаўляць са следчым і ня ўдзельнічаць у следчых дзеяннях без адваката альбо прадстаўніка.

Калі вам аб'яўлена аб прыцягненні ў якасці падазронага альбо вас затрымалі ці ўзялі пад варту – у першую чаргу (да першага допыту!) трэба патрабаваць адваката (няхай сабе і бясплатнага) для першай юрыдычнай кансультацыі. У гэты момант вы маеце права патрабаваць (і вам абавязаныя даць) пісьмовы пералік вашых правоў. Трэба ўважліва вывучыць гэтую паперу, і калі нешта незразумела – патрабуйце тлумачэнняў.

Патрабуйце занясення ў пратаколы кожнага з вашых пярэчанняў адносна незаконных, на ваш погляд, дзеянняў следчага. Нават калі вы ня ўпэўненыя, што дзеянні сьледчага незаконныя, – пярэчце! Перад падпісаннем пратаколаў пішыце ў іх свае заўвагі і заявы наконт правільнасці і паўнаты запісаў у пратаколе, наконт абставінаў, якія, на ваш погляд, павінны быць адлюстраваныя ў пратаколе.

Абскарджвайце пракурору і ў суд дзеянні і рашэнні органу, які вядзе крымінальны працэс.

У вас ёсць права мець аднаго альбо некалькіх адвакатаў (былі б грошы), карыстацца паслугамі бясплатнага адваката, аднак раім напачатку, не адмаўляючыся ад адваката, дамагчыся допуску ў працэс у якасці абаронцы блізкага сваяка.

Ад паслугаў адваката, калі вас не задавольвае якасць ягонай працы, можна адмовіцца, замяніць гэтага адваката на іншага.