БЕЛАРУСКІ КАНСПІРАТАР
      
 УСТУПНАЕ СЛОВА
БЯСПЕКА ЯК ПРАЦЭС – ДАВЕР І НАДЗЕЙНАСЦЬ
1.АБАРОНА НОСЬБІТАЎ ІНФАРМАЦЫІ І СРОДКАЎ КАМУНІКАЦЫЯЎ
2.ВЫКЛІКІ І СЛЕДСТВА
3.БЯСПЕКА ПАМЯШКАННЯ
4.АБМЕЖАВАННЕ ВОЛІ І ЗАТРЫМАННЕ
5.ПРАВАКАЦЫІ
 МАЛЫ КАНСПІРАТАР
Малы Канспіратар

Ад рэдакцыі

«Малы канспіратар» – зборнік артыкулаў, напісаны часова свабоднымі людзьмі. Калі прачытаеце першы раздзел, магчыма, вы ўжо ня будзеце мець патрэбы ва ўжыванні парадаў з двух наступных. Калі пазнаёміцеся з другім раздзелам – будзеце ведаць, на якой прававой падставе вам нельга прышыць тэрмін за чытанне трэцяга, а калі прачытаеце трэці – будзеце цвёрда ведаць, чаму найлепей маўчаць пра тое, што вы наогул бралі ў рукі гэтую кніжачку.
 

ЯК ПРАЦАВАЦЬ У ПАДПОЛЛІ

У Польшчы пачатак барацьбы з чырвонымі для адных быў у 1944 г., для другіх – у 1956-м, для трэціх – у 1976-м. Ёсць тыя, што за пачатак бяруць стварэнне «Салідарнасці», а для некаторых гэта пачалося пасля польска-ярузэльскай вайны. Дакладна вядома адно: дата 13 снежня 1981 г.* дазволіла кожнаму з нас усвядоміць сэнс падпольнай працы. Ня трэба было нікога запэўніваць пасля дэманстратыўных дзеянняў мужных людзей, якія дапамаглі пераадолець страх і паказалі, што падпольнае жыццё дае нам шанец развіцця да свабоды. Толькі ў падполлі мы былі ўпэўненыя, што грамадзкая арганізацыя, якую мы стварылі, ня будзе знішчаная з дня на дзень.

З чырвонымі нельга вызначыць межы кампрамісу, якія б задавальнялі абодва бакі. Чырвоны ведае толькі прынцып пальца і рукі: дасі яму палец – не паспееш азірнуцца, як ня стане рукі.

У аснове падпольнай барацьбы ляжыць факт, што нелегальнай з'яўляецца сама ўлада і яе дзеянні. Яна не прытрымліваецца ня толькі Хартыі правоў чалавека, якія яна ратыфікавала, і Канстытуцыі, якую зацвердзіла, але нават выканаўчых падзаконных актаў, абавязковых для яе паліцыі, такіх, як забарона выкарыстання дубінак у зачыненых памяшканнях.
 

Падполле

Усім вядомы «ідэал» канспірацыі: зачыніцца ў чатырох сценах і нічога не рабіць, каб нас не накрылі. Падпольная праца заключаецца ня ў тым, што ты сядзіш у склепе і пасылаеш сувязных на ўсе чатыры бакі свету. Канспіратар, якога шукае паліцыя, – гэта не «чалавек, за якім ходзяць», а той, пра якога КДБ ня ведае, дзе ён жыве і бывае. Па сутнасці, канспірацыя знаходзіцца на паверхні – але ня той, па якой ходзяць кадэбэшнікі.

Калі ўступаеш з кімсьці ў змову, гэта ня можа быць чалавек ніадкуль. Ён павінен мець пэўныя рэкамэндацыі. Блізкіх памочнікаў шукай сярод правераных і вядомых табе людзей. Толькі калі ўтворыш сетку асноўных кантактаў, і справа пачне круціцца, можаш даверыцца пасярэднікам. Калі адразу будзеш гуляць у вялікага канспіратара – узнікне небяспечнасьць таго, што вырасьце ланцуг пасярэднікаў. Яны будуць прыхільнікамі справы Радзімы, але нічога рабіць ня будуць. Дастаткова аднаго міфамана, рэкамэндаванага табе праз трэція рукі, каб стварыць структуру дзеля самой сябе і якую ты будзеш вымушаны дэмістыфікаваць на працягу месяцаў.

Нягледзячы на тое, што ў народзе жыве памяць Самасьеры,* мужных ня так шмат. Таму беражы бяспеку сваіх супрацоўнікаў і сваю асабістую бяспеку. Часта ў пачатку арганізацыйнай працы, імправізуючы, мы парушаем прыведзеныя тут правілы бяспекі. Рызыкуем больш з прычыны страху, што ў дзеяннях згубім хуткасць рэагавання, што запозна адкажам на тое, чаго чакае ад нас грамадзкасць.

Нас павінна радаваць кожная праява салідарнасці, мы павінны дзейнічаць так, каб маўклівая большасць атаесамляла сябе з намі, але ня трэба спадзявацца, што мы ўцягнем яе ў падпольную працу. Толькі ў патрыятычных кніжках увесь народ можа працаваць у падполлі.

Аднак засцерагайся амбітнасці – яна можа аддзяліць канспіратараў ад тых, для каго ты працуеш у падполлі. Не суцяшай сябе марнымі спадзяваннямі, не рабі кампліментаў грамадзкасці, ведай – на рызыку ідуць нямногія.

Памятай: мы ня можам сабе дазволіць падпольную сацыяльную дзяржаву, у якой сотня чалавек бегае вакол ста тысячаў патрыётаў, праўда, гарачых, але іх крэда – «Вы жывіце з годнасцю, а мы будзем жыць з камфортам».
 

Фірма

Падпольная грамадскасць можа ўзгоднена і эфектыўна дзейнічаць, калі знізу ператворыць індывідуальнае прадпрымальніцтва ў незалежныя самакіравальныя грамадзкія структуры-фірмы. Ваеннае падполле Арміі Краёвай, насуперак супрацьлегламу меркаванню, ня ўзнікла ў выглядзе піраміды нішаў з простай залежнасцю. Яно было сукупнасцю «фірм», паміж якімі былі распрацаваныя функцыянальныя сувязі. Гэта было месніцтва, а не лаяльнасць.

Дэвізам падполля павінна быць правіла: малая група – вялікі бізнэс. Чым больш аўтаномнае аб'яднанне, тым меней арганізацыйных праблемаў. Парадокс – у падполлі мы ажыццяўляем тыя прынцыпы рацыянальнай арганізацыі працы, якія камунякі імкнуліся вынішчыць. Структура фірмы павінна быць такой, каб максімальна зменшыць колькасць кантактаў. Таму спецыялізаваныя ячэйкі павінны перадаваць адзін аднаму гатовы тавар, які не патрабуе чарговых узгадненняў, выпраўленняў, дапаўненняў.

Калі фірму ліквідуюць, яна аўтаматычна стварае свае чарговыя агенцтвы (напрыклад, выдавецтва арганізуе бібліятэку, якая абслугоўвае сваіх супрацоўнікаў, таварыства навуковых курсаў стварае асабістую паліграфію і г.д.). Думка пра спецыялізацыю, накіраваная зверху згодна з рашэннем, прынятым цэнтрам, з'яўляецца праявай бальшавізму. Паколькі менавіта ты, а ня Ікс, знайшоў спецыяліста, які можа зрабіць схованкі вашым канспіратарам, – няма прычыны, праз якую ты б перадаў кантакт з ім у невядомы канал арганізацыі. Няма такой грамадскай справядлівасці, у імя якой паляпшэнне ўмоваў бяспекі працы ў падполлі не магло б пачацца менавіта з тваёй фірмы.

На пачатку дзейнасці якой-небудзь арганізацыйнай структуры яе цэнтр павінен скараціць да мінімуму новыя кантакты. КДБ у імкненні разбурыць фірму можа зрабіць гэта толькі двума спосабамі: знайсці каго-небудзь з цэнтру (калі гэты чалавек праходзіў па якой-небудзь справе ці яго вышуквала паліцыя) або заслаць у нашую сетку правакатара, які паступова будзе рабіць тут кар'еру. Выпадковыя, адзінкавыя правалы не павінны цягнуць за сабой ланцуг масавых правалаў. Менавіта таму наша канспірацыя з'яўляецца выпрабаваннем і з арганізацыйнага боку, паколькі мы як грамадзтва маем пэўную долю бальшавізацыі. Толькі хворая бальшавізмам арганізацыя ня можа працаваць без умяшальніцтва шэфа. Бальшавіцкі цэнтр стала пераходзіць на кіраванне, таму што прамежкавыя звенні ня могуць ці ня хочуць (а часцей – усё разам) прымаць рашэнні.
 

Тавар

Кожны з супрацоўнікаў фірмы мае дзве магчымасьці: пастаўляць ці хлам, ці гатовы прадукт. Каб эфектыўна працаваць у падполлі, мы павінны даводзіць да канца асобныя фрагменты канспіратыўнай працы і перадаваць яе адпаведным ячэйкам у патрэбным выглядзе. Гэты прынцып датычны сустрэч, інфармацыі, пошты. Калі мы прызначаем сустрэчу, то неабходна вызначыць час, месца, колькасць удзельнікаў, працягласць. Калі перадаем інфармацыю, трэба звесьці яе да пісьмовай формы, інакш ёсць небяспека дэзінфармацыі і плётак. Калі мы перадаем каму-небудзь пакет нелегальнай літаратуры, трэба ведаць дакладную колькасць гэтай перадаванай літаратуры. Тавар, які варочаецца паміж каапэрантамі ў форме кволенькіх груповак («мы толькі перадаем, у канспірацыі лепш меней ведаць»), у рэшце рэшт трапляе ў якую-небудзь «чорную дзірку», у якой ёсць уваход і ніхто ня ведае выхаду, – і тады большы шанец, што яго знойдзе паліцыя.

У падпольнай працы трэба эканоміць свой час і не ствараць залішніх інфармацыйных каналаў. Напрыклад, дамоўленасць пра сустрэчу з незнаёмым калегам з іншай структуры заўсёды павінна быць аднабаковай і не патрабаваць пацверджання. Зваротны сігнал перадаецца толькі тады, калі партнэру не падыходзіць час ці месца сустрэчы. Таварам з'яўляецца інфармацыя: «А чакае Б у чацьвер, запасная пятніца, у 17.10 з "Советской Белоруссией" у левай руцэ ля кіёску "Белсаюздрук" на плошчы Перамогі».
 

Грошы

Самаахвяраванне і праца на грамадзкіх пачатках – гэта жахі камунізму. Незацікаўленасць з'яўляецца найлепшай умовай найгоршай зацікаўленасці: схаваных, а ня яўных амбіцыяў, схаваных, а ня яўных кампенсацыяў закамплексаванасці, схаванага пагарджання да сістэматычнай працы. Хтосьці не прыйшоў своечасова, «бо і так ганяе з раніцы да ночы», не надрукаваў акуратна, «бо ён ня кадравая машыністка», не зрабіў справу, «бо колькі можна цягнуць на сабе, а жыць на штосьці трэба», – гэта канспіратыўны чыноўнік, які толькі замаруджвае падпольную працу. Хацеў бы штосьці зрабіць для Свабоднай Рэспублікі, але прагне незалежнасці, якая, паводле словаў Пілсудзкага, павінна каштаваць некалькі капеек і дзьве кроплі крыві.

Памятай: патрыятызм – заўсёды рызыка, якую ты ўзяў на сябе, але праца ёсць праца. За добра зробленую працу трэба добра плаціць. Камуністы знішчылі культуру працы шляхам недаплаты, прымушаючы працаваць напалову задарма. Нашыя незалежныя самакіраваныя фірмы ня могуць сабе гэтага дазволіць. Трэба цвёрда плаціць столькі, каб нашы кааперанты маглі нармальна жыць. Сарамлівыя адносіны да грошай («не дзеля грошай працуем у падполлі») з'яўляюцца лішняй прытворнай сарамлівасцю. Чырвоныя лічаць, што нам плаціць ЦРУ. А грамадзкасць і эміграцыя, якія ахвяруюць на барацьбу за незалежнасць, хочуць толькі аднаго – каб гэтыя грошы выкарыстоўваліся сумленна і па-гаспадарску. Каб дакладна палічыць грошы грамадзкасці, не патрабуецца квітанцыяў, чэкаў, подпісаў і пячатак. Дастаткова сістэмы «мець» і «павінен», а таксама добрасумленнасці.
 

Сустрэчы

Сустрэчы павінны праходзіць на нэўтральнай тэрыторыі, трэба пазбягаць падпольнай працы ў месцы пражывання. Навошта, каб усе ведалі, хто што робіць, нават тады, калі людзі выдатна ведаюць адзін аднаго і цалкам давяраюць. Гэта паводле старога правіла, што ніхто не паведаміць толькі пра тое, пра што ня ведае. Таму варта абмежаваць колькасць кантактаў і інфармацыі да патрэбаў падпольнай працы.

Калі ты ідзеш па вуліцы з А і сустрэнеш Б, ты не павінен з ім вітацца. Навошта А, з якім ты ідзеш, ведаць пра тваё знаёмства з Б? Убачыўшы кагосьці з падпольшчыкаў на вуліцы, падыходзь толькі тады, калі ён дасць табе які-небудзь знак. Бо ты ня можаш ведаць, ці мае ён «хвост». Людныя месцы, такія як прыпынкі транспарту, добра падыходзяць для кароткіх сустрэчаў, аднак толькі для візуальных. Калі ты пабачыш, што партнэр пабачыў цябе, зайдзі ў трамвай (і г. д.) – ён зойдзе за табой; або пакажы, што ты вырашыў ісці пешшу, – твой партнэр пойдзе за табой.

Усе важныя пытанні, якія патрабуюць спакойнага абмеркавання, якіх-небудзь запісаў, перадачы тавару, павінны вырашацца ў памяшканні. Падслухоўванне, якога ўсе баяцца, вядзецца толькі ў памяшканнях, што даўно знаходзяцца пад назіраннем. Там можна апераваць толькі інфармацыяй, запісанай на паперы, або з дапамогаю агульных словаў (напрыклад, вазьмі і аднясі яму гэта, скажы ёй, што ён там будзе і г.д.), якія дапаўняюцца запіскамі.

З досведу апошніх гадоў вынікае, што практычны вынік ад падслухоўвання вельмі малы. Тут хутчэй размова ідзе пра псіхалагічны ціск, чым пра магчымасць кантролю нашых намераў у аператыўным плане. Дастаткова, калі тыя, хто дамаўляецца пра сустрэчу, будзе мець папярэдне зарэгістраваны код. Напрыклад, «у кавярне» будзе абазначаць папярэдне выбраную кавярню, а дзень і час будуць наўмысна змененыя на пэўны час. Пры пэўнай колькасці падпольшчыкаў шанцы расшыфравання такога коду КДБ роўныя нулю.
 

Сувязныя

Сувязныя і кур'еры неабходныя кожнаму кіраўнічаму цэнтру. Яны выконваюць такія справы, як разнос пошты, перанос тавару. Сувязны праводзіць разведку, а пасля зацвярджэння шэфам прынцыпаў функцыянавання (канкрэтным вызначэннем задання: што, адкуль, куды) можа сам выконваць гэтую справу. На выпадак правалу, сувязныя павінны мець пры сабе мінімум рэчаў, якія могуць дэканспіраваць структуру, яны павінны ўмець ад іх лёгка пазбавіцца.

Наладжванне ў нашай сістэме сувязі з'яўляецца адным з найбольш эфектыўных спосабаў дэканспірацыі. Напрыклад, пускаецца плётка, што дзіцёнак Ігрэка, які хаваецца, захварэў на рак. Калі гэтая плётка будзе перададзена далей, без праверкі на першай ступені, яна можа стаць прычынай таго, што Ігрэк вышле наўпрост сувязнога, які пры вяртанні з інфармацыяй забудзе пра правілы бяспекі. Дастаткова не заўважыць хваста – і правал гатовы.

Сувязнымі неабходна карыстацца тады, калі без іх немагчыма абысціся, а не дзеля прынцыпу. Варта заўсёды памятаць, што ў палітычнай дзейнасці просты перанос ваенных схем і абязлічанне кантактаў непажаданыя для атмасферы, у якой ідзе падпольная праца. «Больш важная за справу – салідарнасць», – напісаў калісьці Куронь. Гэтай салідарнасці ня створыш рукамі адных сувязных.
 

Нататкі

Нельга мець дома ці насіць з сабою нармальны нататнік. Сцверджанні «Гэта старыя знаёмыя», «Гэта сяброўка па пясочніцы» для паліцэйскіх не з'яўляюцца аргументамі. Паліцыя ня ведае, хто для нас з'яўляецца проста знаёмым, а хто – кааперантам. Яны рупліва правяраюць людзей, адрасы ці тэлефоны, якія знаходзяцца ў нашым нататніку. Вынікі бываюць неверагоднымі. У сяброўкі з пясочніцы, якая, паводле нашай адзнакі, з'яўляецца баязліўкай, можа хавацца хтосьці, каго шукаюць, захоўвацца тавар ці штосьці падобнае. Магчымы і такі факт, што наш уласны адрас трапіў у рукі паліцыі толькі таму, што камусьці была лянота зашыфраваць асобаў, якія асацыююцца ў яго выключна з пясочніцай – «поўнасцю невінаватым», паводле ягонага разумення, паняццем.

Група падпольшчыкаў, хаця і ўключае шмат асобаў, пра дзейнасць якіх мы ня маем (і добра) ніякага паняцця, з'яўляецца ўсё ж такі адносна невялікай. Так было заўсёды, дастаткова пачытаць надпісы на магілах апошняй вайны – сем'і маглі з гонарам сказаць: «Гэта мы!». Таму адзін неабдуманы крок, след, адрас можа выклікаць чорны ланцуг правалаў. І таму неабходна шыфраванне самых неабходных нататак. Не хвалюйся пра тое, што «сам такі нататнік падазроны». Заўсёды можаш адказаць паліцэйскаму: «Я не жадаю, каб мае сябры перажывалі праз мяне такія самыя непрыемнасці, як я з вамі ў гэты момант». Вуліцы трэба запамінаць, натаваць толькі нумары дамоў. Нататкі лепш запісваць алоўкам і закончаныя справы выціраць гумкай. Закрэсліванне не знішчае старога запісу.

За выключэннем шыфраванага нататніка, які пэрыядычна трэба перапісваць, пазбаўляючыся непатрэбнай інфармацыі, усе нататкі неабходна весці спосабам мініятурызацыі, што дазваляе лёгка выкінуць іх ці з'есьці. Запісы на чым-небудзь выпадковым жорстка караюцца. Адзін дысыдэнт сямідзясятых гадоў запісаў штосьці на плотнай камп'ютэрнай паперы і ў момант правалу, калі б не неспадзяваны ўдар дручком па спіне, ніколі б гэтага не праглынуў.
 

Тэлефоны

Трэба абмежаваць да мінімуму тэлефонныя размовы, паколькі яны з'яўляюцца самым простым спосабам заўважыць нас. Званіць амаль заўсёды выключна з аўтаматаў ці з месца працы. Трэба адкінуць дзіцячы этыкет – не называцца, а адразу пытацца: «Ці ёсць Гена?». І размаўляць без загадкавых фразаў накшталт: «Ты паклаў ужо гэтыя селядцы?» – «Так, я ўжо паклаў іх у шафу»«Ты што?! Селядзец – у шафу?» – «Ннну... у маразільную шафу»... Праўда, бывае, што перапужаныя абывацелі пры інфармаванні адзін аднаго, напрыклад, пра ліпкія рукі якога-небудзь чыноўніка, кажуць: «Ведаеш, гэта не тэлефонная размова, гэта я табе распавяду пры сустрэчы». Гэта гарантуе нам інфармацыйны шум, які эфектна маскіруе падпольную дзейнасць. Аднак чорт ня спіць. У падполлі павінен дзейнічаць агульны жыццёвы прынцып – тэлефон служыць узаемаразуменню, а не балбатні.

Калі чуем у тэлефоне шчаўчкі і разумеем, што «размова кантралюецца», гэта не азначае, што мы ўжо дасягнулі ідэалу ўсеўладдзя паліцэйскай дзяржавы, апісанай Оруэлам у «1984 годзе». Гэта толькі пацвярджае, што камуністы па-ранейшаму імкнуцца да свайго ідэалу: кантраляваць усё, што магчыма, і за колькі магчыма.
 

Паштовая скрыня

Паштовая скрыня – гэта шлюз, які прыпыняе ланцуг у выпадку правалу. Гэта памяшканне, праз якое кантактуюць асобныя арганізацыйныя ячэйкі: служыць для закідвання матэрыялаў, перадачы інфармацыі і г.д. Паштовую скрыню нельга выкарыстоўваць зачаста ці зрэдку. Калі выкарыстоўваецца занадта часта, рух каля яе выклікае непатрэбную ўвагу суседзяў (у выпадку з кватэрай) або працаўнікоў (у выпадку з крамаю). Калі паштовая скрыня выкарыстоўваецца занадта рэдка, сувязь паміж людзьмі паслабляецца. Ніхто ня будзе сядзець двойчы ў тыдзень па некалькі гадзінаў, каб раз на месяц адчыніць камусьці дзверы. Утрыманне паштовай скрыні, якая мае добрую схованку або суседняе памяшканне, што служыць для захоўвання матэрыялаў, звязана з адносна невялікай рызыкай. Калі хтосьці, хто пагадзіўся функцыянаваць у якасьці кантактнай скрыні, выказвае шмат умоваў і перасцярогаў, найлепш адмовіцца ад яго дапамогі. Гэта патрабуе ад цябе менш намаганняў, чым сістэматычная тэрапія, якую праводзіць твой кааперант.

У летапіс польска-ярузэльскай вайны ўвойдзе канспіратар, які ўва ўтрыманую ім скрыню ўпусціў першага чалавека з таварам, і нікога больш. Хаця наступныя давалі сігнал пра свой прыход раней дамоўленым спосабам, ён толькі затрымліваў дыханне. Бо ня мог ён адчыніць дзверы, калі меў настолькі каштоўны тавар.
 

Кантора

Калі ты хочаш пазбегнуць доўгіх тэлефонных размоваў і сустрэчаў у горадзе, патрэбна адчыніць кантору, у якой ты будзеш прымаць сувязных і сталых супрацоўнікаў. Калі кіруеш працай 7-10 чалавек, без канторы заканспіруешся да смерці. Будзеш бегаць толькі дзеля таго, каб падтрымліваць канспіратыўныя кантакты, якія пры першай выпадковай аварыі выклікаюць перашкоды ў працы арганізацыі. Натуральна, кантору і паштовую скрыню, як месца сыходжання розных ніцяў, трэба ахоўваць.
 

Схованкі

Захоўвай правіла: схаванае найгоршым чынам усё ж такі лепей, чым навідавоку.

Візіты паліцыі, умоўна кажучы, бываюць трох відаў. Першы від – гэта прыход людзей, якія бегла аглядаюць кватэру. А раптам якая матрыца павелічыцеля ўманціравана ў друкаваную машынку або хтосьці выкінуў у сметніцу рамку для афсетнага друку?

Другі від візіту – гэта сістэматычны ператрус, які, хочаш ня хочаш, патрабуе прагляду ўсіх кніжак, скрыняў, папераў. Гэта нудная руплівая шматгадзінная праца.

Трэці від агляду – калі паліцыя мае ўпэўненасць, што ў памяшканні знаходзіцца склад ці друкарня, – тады ўжо пошукі да пераможнага канца. Тэарэтычна цудаў не бывае – што чалавек схаваў, тое чалавек знойдзе.

Практычна «візіты трэцяга віду» здараюцца выключна рэдка, другога – таксама рэдка, а 90 % правалаў пры ператрусах з'яўляюцца вынікам нядбайнасці ў падпольнай працы: усё ляжыць навідавоку. Часам дастаткова, што загляне да нас суседка, нават не абавязкова даносчыца, проста пляткарка. Замест таго каб верыць у «што-небудзь», падлічваем рызыку. У момант любога правалу ёсьць шанец штосьці ўратаваць. Важна, каб схованкі ці патаемныя ўваходы-выхады адпавядалі функцыі памяшкання. Той, хто сваю працу разглядае сур'ёзна, павінен мець дома схованку для дробязяў, куды за некалькі секундаў можна б было схаваць якую-небудзь невялікую рэч, і іншую схованку – на невялікую колькасць падпольнай літаратуры. Тут ёсць абавязковае правіла: не заканспіравацца насмерць. Адзін асобнік якой-небудзь кнігі ці часопісу не стварае ніякай пагрозы. Такую рызыку мы мусім дзяліць з мільёнамі салідарных грамадзян.
 

Падпольная літаратура

Падпольная літаратура – гэта мэта і сродак дзеяння. Яна з'яўляецца спосабам грамадзкай сувязі. Забяспечвае сувязь паміж падзеленымі канспірацыяй кааперантамі. Фірмачы могуць праз свой падпольны друк атаесамляць сябе з пэўным інтэлектуальным узроўнем асяродку і палітычным выбарам фірмы.

Падпольная літаратура з'яўляецца для пачаткоўцаў школай падпольнай працы. Страх і яго пераадоленне можна вымяраць стосамі схаванай і перанесенай падпольнай літаратуры. Сетка распаўсюджання літаратуры – напачатку галоўная крыніца інфармацыі, грошай, матэрыялаў.

Вытворчасць і распаўсюд падпольнай літаратуры ўводзіць нас у элемэнтарныя правілы падпольнай працы: ізаляванне розных функцыяў (напрыклад, паліграфіі – г.зв. тэхнікай друку), стварэнне скрыняў-шлюзаў (напрыклад, паміж рэдакцыяй і друкарняй), строга абавязковае аддзяленне опту ад розніцы (у распаўсюджванні і забяспечванні).

Варта звярнуць увагу на факт, што з часам нашы кааперанты выходзяць між сабою на прамыя сувязі без дазволу цэнтру. Напрыклад, цэнтр выключае з выкарыстання нейкую аптовую базу з прычыны пагрозы правалу, але старыя сувязі яе кіраўніка з кліентам, які не падазрае пра небяспеку, прыводзяць да таго, што першы трапляе ў кацёл з намерам выканаць джэнтэльмэнскае пагадненне: «пакінь мне 50 асобнікаў «Малога канспіратара», бо далёка ехаць да новай паштовай скрыні».
 

Паліцыя

Адносіны падпольшчыкаў з паліцыяй павінны мець значную дыстанцыю. Паліцыя не ўсемагутная і не ўсюдыісная, але таксама не з'яўляецца бандай дурняў з садысцкімі схільнасцямі. Гэта адзін з найстарэйшых у свеце інстытутаў, і яе досвед трэба ацаніць раней, чым аддаючы ёй рэмень і шнуркі як арыштант.

Паліцыя падобна да іншых установаў краіны, і тайныя агенты нярэдка «змываюцца» за некалькі хвілінаў да канца працы, аднак у паліцыі трапляюцца і людзі, што маюць прыроджаны інстынкт паляўнічага. У адным гарадку быў, напрыклад, паведамляльнік, які вырашыў выявіць дысыдэнтаў і прагульваўся па вуліцах падчас сканчэння ТВ-праграмаў. Тыя, у каго пасля сканчэння праграмы было запаленае святло, траплялі пад падазрэнне. Цяпер было дастаткова праслухаць пару размоваў, каб вызначыць крыніцу заразы.

На шчасце, паліцэйскія паводле прызвання сустракаюцца нячаста. Слава паліцыі заключаецца ў руціннасці і агромністым бюджэце. Нават калі 90 % магутнасці фабрыкі МУС вырабляе брак, нават калі на фальшывы выклік туды з'яўляюцца адначасова некалькі дзясяткаў калабарантаў – паліцыя застаецца больш дзейсным інстытутам камуністаў, чым партыя або армія.

Факт, што пасля выкрадання «Салідарнасцю» падстрэленага Яна Наражыяка паліцыя, ня маючы ніякага следу, пайшла па ніці тэлефонаў з нататніка, канфіскаванага падчас першай «справы Наражыяка» ў 1980 г., даказвае, што нічога ў яе дасье не губляецца нават праз некалькі гадоў. Таму ўвесь час трэба пралічваць рызыку: ня трэба падымаць гвалт пасля кожнага сігналу, які сведчыць пра небяспеку, але «апёк» павінен выклікаць хаця б каранцін. Тут трэба лічыцца з сур'ёзным запозненнем дзеянняў праціўніка. Паліцыя – не швайцарскі гадзіннічак, а савецкая бюракратычная машына.
 

Хвост

Сачэнне КДБ бывае розным. Часам мэтанакіраванае («клоп», прымацаваны да аўтамабіля, які дазваляе пільнаваць на адлегласці; стварэнне «пастоў» у прыватных кватэрах, якія служаць для падслухоўвання і назірання), у іншы раз нахабнае, надакучлівае. Яно заўсёды ставіць за мэту пазбавіць нас спакою падчас падпольнай працы. Дакладны хвост дазваляе напасці на сляды тваіх кантактаў. Нахабны – разлічаны на псіхалагічнае дзеянне – напужаць цябе.

Канспіратыўная група дапамагае і пазбаўляе адначасова. Палягчае цяжкасць сталай рызыкі, выпрацоўвае прывыканне, памякчае стрэсы, аднак таксама прытупляе пільнасць. Памылковая ўпэўненасць, што канспіратары больш высокага ўзроўню больш падвергнутыя небяспечнасці назірання, а табою, маленькім вінцікам, ніхто не цікавіцца. Калі памятаеш пра тое, што заўсёды ў цябе можа з'явіцца хвост, твае шанцы пазбегнуць сачэння павялічваюцца. Дакладны хвост – гэта цэлая брыгада з 10-12 чалавек, што перасоўваецца на трох-чатырох аўтамабілях. Калі ты едзеш аўтобусам ці ідзеш пешшу, ён страхуе цябе спераду і ззаду.

Калі ты заўважыў сачэнне, першы твой абавязак – пазбавіцца ад хваста, схавацца з вачэй. Найлепш – натуральным і спакойным чынам, каб паліцыя не зарыентавалася, што ты ведаеш пра сачэнне. Горш – выкарыстоўваць хітрасці, выходзячы праз прахадныя двары, дамы з мноствам выхадаў і складанай планіроўкі, змяняць напрамак руху.

Тваёй першай думкай павінна быць – я пагарэў (наколькі і як надоўга – гэтага ты яшчэ ня ведаеш), і гэта павінна скончыцца на мне. Я ня маю права навесці паліцыю яшчэ на каго-небудзь, не магу нічога выпраўляць пры спешцы.

Калі ты пакінуў аўтамабіль, не вяртайся да яго (у іх застанецца твой здымак, адзін на 10 мільёнаў здымкаў тваіх суграмадзянаў, але ня адрас).
 

Кацёл

Калі паліцыя нападзе на след канспіратыўнай кватэры, яна робіць у ёй кацёл (засаду), гэта значыць пачынае на працягу некалькіх дзён ці нават тыдня дзяжурыць у ёй у тры змены, хапаючы тых, хто ўваходзіць у гэтае памяшканне. Таму кожнае памяшканне павінна мець някідкую, але ўсё ж бачную сігналізацыю, што перасцерагала б пра «кацёл» (лепш за ўсё ўсталяваць сігналізацыю перад памяшканнем і непасрэдна перад уваходам). Працуючы ў падполлі, памятай, што адчынены дом адчынены і для паліцыі.
 

Правал

Трэба чакаць правалу, нават у самы нечаканы момант. Добра, калі са здзіўленнем, расчараваннем ці палёгкаю задаеш сабе пытанне Салжаніцына: «Гэта ўжо?». Трэба памятаць, што яно з'яўляецца толькі адным з доўгага, вельмі доўгага шэрагу.

Пры падключэнні кааперанта да працы трэба абмеркаваць з ім алібі на выпадак правалу. Падчас вочнай стаўкі з паліцыяй ідэалам становіцца маўчанне, але ня так ужо і блага – перш чым рашуча адмовіцца ад паказанняў – даць кароткае (хаця б непраўдападобнае) алібі, якое тлумачыць сітуацыю. Асабліва таму, што паліцыя наогул часта ня ведае, з кім мае справу, і ня варта ствараць вобраз прафесійнага канспіратара.

Пры арышце трэба памятаць, што чым болей хтосьці рашучы, тым карацейшым будзе для яго фізічнае і псіхічнае ўздзеянне КДБ. Чым хутчэй яны запэўняцца, што нічога ад нас не даб'юцца, тым хутчэй перастануць мучыць. Ведаючы вопыт мінулага, можна прывесці мноства прыкладаў людзей, якія рашуча адмаўляліся ад паказанняў і былі вызваленыя з-пад арышту РАНЕЙ за тых, якія іх «сыпалі». Пасля праходу праз браму следчага ізалятару неабходна на час забыць пра ўсё, што страціў і, магчыма, надоўга. Пачнецца другі этап барацьбы, які з'яўляецца найцяжэйшым выпрабаваннем нашай годнасці, веры ў чалавека і чалавечую салідарнасць.
 

Адсідка

Нават адзінокія, ізаляваныя, пакараныя карцэрам за кантакт з таварышамі, «рэсацыялізаваныя» службай турэмнай аховы, мы можам быць моцнымі ўспамінамі, верай у тых, хто нам паверыў, застаўся з намі і цяпер змагаецца за нашу свабоду. Праходзячы праз браму турмы, неабходна падумаць, што ўсё пачынаецца зноў, а ня тое, што прыйшоў канец.

Сядзець у турме трэба вучыцца. Ёсць людзі – выдатныя таварышы ў барацьбе, працы і забаве, але пакутлівыя ў якасці сукамернікаў. Закрыты свет камеры патрабуе паніжэння рэгістру, глушэння агрэсіі, не надзяляць увагі сваёй асаблівасці ці тэмпераменту. Патрабуе больш такту, ураўнаважанасці, кантролю эмоцыяў, што утрымліваецца ў любым кодэксе свабодных людзей. Трэба ўмець сядзець, каб не парушыць спакойнай атмасферы сукамернікаў. Трэба складаць сабе план на дзень, навязваць дысцыпліну заняткаў, падпарадкаваць сябе ўнутраным абмежаванням, каб знешнія абмежаванні (турэмныя правілы, ціск сумеснага жыцця з людзьмі, якім нельга верыць да канца, і г.д.) не зламілі нас. У лістах да родных нельга занадта раскрывацца, пісаць, пра што і пра каго хвалюемся, – іх чытае наш следчы, а ня толькі турэмная цэнзура.
 

Боль

Больш за ўсё людзі баяцца болю і адзіноты. І тое, і другое асацыюецца з найгоршым, з тым, што ліквідуе сувязь паміж людзьмі. Аднак фізічны боль можна ўявіць. Кожны з нас час ад часу яго адчувае: ламае руку, ідзе да стаматолага, кладзецца на аперацыю. Адзінае, што ты не павінен даваць згоды на гэты боль: гэта ня боль па асабістым выбары, чалавек проста прыміраецца са сваім лёсам.

Арышт, турма, катаванне, біццё – гэта боль і адзінота, на якія чалавек павінен рашыцца сам. Спачуванне зламаным і пакутнікам, спачуванне чалавечаму падзенню і слабасці ня можа быць дазволам, дадзеным звыш «у імя даравання, бо невядома, што кожны з нас раскажа, калі яму пачнуць вырываць пазногці». Аднак ніхто пазногцяў не вырываў, а адмовіўся ён ад сябе ў выніку адной размовы перад сталом КДБэшніка, «таму што мае жонку і дзяцей». Дык вось, наша салідарнасць – гэта салідарнасць адносна іншых людзей, якія таксама маюць жонак і дзяцей.
 

Культура

Барацьба з чырвонымі зводзіцца да сутыкнення ў сферы, якую шырока разумеем як культуру. Кінуты ў наш бок выклік гучыць так: хто хутчэй – мы ці апарат прымусу і гвалту – паддасца саветызацыі? Не ўспрымай прымітывізм і хамства як глупства. Не недаацэньвай праціўніка, памятай, што наш КДБ з'яўляецца малодшым братам усесаюзнага (расейскага) КДБ. Гэтая традыцыя ніколі не памірае зусім: сілаю і слабасцю чырвоных з'яўляецца іх бюракратычная руціна. Мы абавязаны іх перамагчы ў сферы культуры: хутчэй уводзіць інавацыі, вынаходзіць новыя патэнты падпольнай працы, прыводзіць да разгубленасці камуністаў праз стварэнне ім чарговых палёў барацьбы. Хтосьці, хто на пачатку польска-ярузэльскай вайны разаслаў ліст з вайсковым штампам, які заклікаў часова ўстрымацца ад рэпрэсіяў у адносінах да дзеячоў «Салідарнасці», перамог чырвоных інтэлектам. Савецкую машыну нярэдка закліноўвае ад адной пясчынкі.
 

Страх

Апошняя вайна паказала, што адна справа – насіць значку «Салідарнасць», але зусім іншае – падтрымаць яе справай. Калі хтосьці прапануе сваё памяшканне ў якасці паштовай скрыні і пры гэтым пытаецца: «Гэта надоўга?» – можаш быць упэўнены, што праз пару тыдняў ён пачне даваць расколіну і, пераконваючы ў «правале», распавядзе табе нейкую гісторыю пра падазроных тыпаў, што круцяцца вакол.

Страх амаль ніколі не праяўляецца ў форме заявы «Не хачу гэтага рабіць, таму што баюся». Чалавек, які баіцца працаваць у падполлі, наагул рацыяналізуе свой страх і рэагуе агрэсіяй на тых, хто паставіў яго перад неабходнасцю драматычнага выбару. Падпольшчыкі абвінавачваюцца ў «піянерскіх гульнях», у адсутнасці ці лішку ветлівасці, у тым, што ня маюць часу пагаварыць на трывіяльныя тэмы, або наадварот – абвінавачваюцца ў тым, што сядзяць і сядзяць, нібыта толькі і чакаюць КДБ…

Людзі з заечым сэрцам агульнымі фразамі кажуць пра неабходнасць захавання народнай эліты – і няцяжка здагадацца, што менавіта сябе лічаць гэтымі найлепшымі, без якіх Радзіма не абыйдзецца ў будучым, пра маральны супраціў, лепш за ўсё бачны для праціўніка, пра тое, што ўсялякая хітрасць ураўноўвае нас з хітрым праціўнікам... Пры гэтым трэба быць гатовым да таго, што гэтыя рацыяналізацыі асабістага страху нараджаюцца ў пакутах і авалодваюць намі паступова. Нейкі чалавек тыднямі сцвярджаў сабе, што збіраецца данесьці на суайчынніка, які займаўся прастытуцыяй, хоць насамрэч рыхтаваўся выдаць… Царква асуджае гвалт, і тыя, хто насамрэч працуюць у падполлі, таксама баяцца, але замест таго, каб апранаць на свой страх годныя маскі, спрабуюць перамагчы яго салідарнасцю і братэрствам. Людзі, якія абсалютна ня ведаюць страху, – самыя небяспечныя супрацоўнікі, але, на шчасьце, яны рэдкія.
 

Містыфікацыя

Па магчымасці спрабуй вызначыць сферу сваёй кампетэнцыі і тое, што канкрэтна ты выконваеш у яе рамках. Калі А, Б і В перад размовай ня вызначаць, хто што павінен рабіць і пад чыім кіраўніцтвам, то прынцып «найлепш меней ведаць» можа прывесці да таго, што несвядома прыкладзеш руку да ўзнікнення якой-небудзь містыфікацыі. Для кагосьці станеш кімсьці з «яго людзей», хтосьці павышэй будзе дабудоўваць твае замкі на пяску, магчыма таксама, што, ня кажучы да канца чаго-небудзь у імя канспірацыі, павялічыш колькасць інфармацыйных шумоў. Калі з'яўляешся пасярэднікам у якім-небудзь кантакце, які служыць бяспецы больш высокага арганізацыйнага звяна, імкніся канкрэтызаваць інфармацыю, якую перадаеш, з тым, каб не ўзнікала неабходнасць удакладняць яе праз кантакт зацікаўленых бакоў. Напрыклад, сігнал тыпу «КДБ усё ведае аб Іксе» можа толькі перашкодзіць працы Ікса.
 

Маніі

Дэманстратыўная сочка КДБ, а таксама страх перад усюдыіснай паліцыяй можа прывесці да навязлівай ідэі акружэння з усіх бакоў. Акрамя маніі пераследу, якая лёгка ўзнікае ва ўмовах палявання на людзей, варта абараняцца ад людзкой мудрасці, якая зводзіцца да сцвярджэння, што ўсё з'яўляецца правакацыяй: той, каго яшчэ не схапілі, толькі таму «ходзіць на свабодзе», бо ўладам гэта выгадна.

Адмаўляючы рэальнасць таго, што мы робім, мы самі сябе кастрыруем. Гэта прыём, да якога звяртаецца грамадзтва без усялякіх дзеянняў з боку паліцыі. Ацэнка рэчаіснасці ў катэгорыях вялікай змовы (імпэрыялістаў, Камінтэрну ці жыдамасонаў) ці вялікай правакацыі (маскалі, якія прагнуць, каб мы зарэзалі сябе ўласнымі рукамі, КДБ, які пусціў партыю ў лібералізацыю, каб яе скампраметаваць, ці войскі, якія... і г.д.) мае характар маніякальны.
 

Балбатлівасць

Старая прымаўка кажа: балбатун горшы за даносчыка. Бо балбатуна цяжэй выявіць, пляткар не бярэ на сябе ніякай адказнасці. Таму калі робіш заўвагі пра падпольную працу, пазбаў іх ад дэталяў, якія дэканспіруюць каго-небудзь, а тым болей не давай з разбегу якіх-небудзь прозвішчаў і адрасоў. А найперш – па-за колам найбліжэйшых супрацоўнікаў не вядзі так званых вольных размоваў. Іншая прымаўка часу апошняй вайны кажа: «Нават найлепшы канспіратар на нейкі час, як халадзільнік, павінен размарозіцца». Аднак істотна, каб пры размарожванні ён ведаў, на якой кухні гэта адбываецца, і ці прысутнічаюць пры гэтым свае. Тайна, якую найперш трэба захоўваць у падпольнай працы, гэта структура арганізацыі і ананімнасць падпольшчыкаў. Асобныя людзі, пайманыя з якім-небудзь таварам, пакуль самі не прагаварацца пра сваё становішча ў арганізацыі, маюць адносна высокія шанцы выйсці сухімі з вадыг.зн. з невялікім прысудам. І сваёй рашучасцю выратуюць дзясяткі таварышаў.
 

Свабода

У 1944 г. Палякі і іншыя народы Ўсходняй Эўропы былі пазбаўленыя правоў. Ступень бяспраўя ў розныя перыяды была розная, бо няма нічога больш эластычнага, чым «сацыялістычны правапарадак». 13 лютага 1981 г. з'яўляецца толькі асаблівым выпадкам гэтай агульнай праўды камунізму: бяспраўе было афіцыйна прызнанае ў якасці закону ваеннага становішча. Пры камунізме адно дакладна: межы нашай свабоды з пачатку і да канца залежаць ад ступені нашага супраціву. Гэта павінен памятаць кожны, хто стаў на шлях апазіцыйнай дзейнасці. Згодна з тлумачэннем марксістаў, свабода – гэта ўсвядомленая неабходнасць нашай няволі. Мы лічым, што свабоды маюць ня столькі, колькі даюць, а столькі, колькі мы самі яе возьмем. Калі не пачнём будаўніцтва свабоднага грамадзтва з асобы, якая вучыцца здабываць сабе свабоду, то пасля перамогі над камунякамі мы зноў вернемся на першыя старонкі гэтай кніжачкі. Таму змагаемся ня толькі за перамогу над камунай, але і з камунаю ў нас саміх.

Напачатку кожнаму цяжка працаваць у падполлі. Усе баяцца, калі ўпершыню бяруць пачак такіх кніжак, як гэтая, і павінны аднесці іх да незнаёмага чалавека, які напэўна баіцца ня менш за першага. Аднак калі абодва пераадолеюць страх, гэта будзе адпавядаць таму, быццам яны самі выламалі дзверы сваёй турмы, у якую іх замкнулі. Пасля выломваюць наступныя і наступныя. Усміхаюцца адзін аднаму. Таму што свабода ня тое, у што дастаткова верыць. Неабходна яе практыкаваць.

 

ГУЛЬНЯ Ў СЛЕДСТВА

Прапаную табе згуляць у следства. Зыходныя прынцыпы простыя: ты затрыманы (а пасля арыштаваны) у сувязі з сваёй дзейнасьцю ў падпольлі. Ты не адзін, разам з табой арыштавалі групу тваіх паплечнікаў. Юрыдычнае азначэнне ня важнае (пад следствам яно, як правіла, мае папярэдні характар).

Я – следчы, прызначаны маім начальнікам для допыту менавіта цябе. Следзтва з'яўляецца барацьбой за інфармацыю. Вядома, інфармацыю на тэму дзейнасці тваёй групы мы сабралі аператыўнымі метадамі (сачэнне, падслухоўванне, праз агентаў, якія дзейнічаюць у тваім асяродку); нягледзячы на вялікія тэхнічныя магчымасці, аператыўны матэрыял, аднак, як звычайна, ня поўны. Але што больш важна, яго нельга выкарыстоўваць як доказ у судовым паседжанні. Суд ня прыме ў якасьці доваду здымкі, якія зрабіў наш агент (стаіш каля дому з Іксом), стужкі з запісам падслуханай тэлефоннай размовы.

Для суду істотным доказам будзе выключна прызнанне аднаго з вас дваіх або паказанні трэціх асобаў, якія ведалі пра вашы ўзаемасувязі. Значыць, патрэбныя твае паказанні, фармальна і ў адпаведанасці з працэдурай, надрукаваныя на друкарскай машынцы, на бланку пэўнай формы, з тваім подпісам на кожнай старонцы. Яны патрэбныя ня толькі для таго, каб падрыхтаваць судовы працэс, у якім ты, Ікс і астатнія асобы будзеце асуджаныя і прыгавораныя. Ці дойдзе справа да суду, і каго ў ім у рэшце рэшт будуць судзіць, ад нас мала залежыць: такога кшталту рашэнне ў нашай сістэме палітычнае, а не паліцэйскае. Фармальна-прававая развязка тваёй справы ў вялікай ступені будзе залежаць ад непрадбачанай палітычнай каньюнктуры. Аднак твае паказанні патрэбныя нам ня толькі дзеля таго, каб цябе асудзіць. Нам таксама трэба павялічыць нашыя паліцэйскія картатэкі любой інфармацыяй аб людзях, якія займаюцца апазіцыйнай дзейнасцю.

Нам трэба таксама разбурыць сувязі з тваімі таварышамі.

Праграма-максімум – гэта палажэнне, калі ты выйдзеш адсюль у якасці нашага супрацоўніка (што насамрэч можам арганізаваць). Аднак будзе дастаткова, калі выйдзеш скампраметаваным чалавекам, што даў паказанні, якія абцяжарваюць тваіх сяброў. Дастаткова, калі выйдзеш зламаным чалавекам, з пачуццём жыццёвага краху і бессэнсоўнасці далейшага ўдзелу ў апазіцыйнай дзейнасці. Таму нам так патрэбны твае паказанні.

Да гэтага часу ты ўпарта маўчыш. Я буду старацца вымусіць цябе гаварыць. Я маю шмат часу, а час працуе на маю карысць. Адзінота, стрэс, абумоўлены знаходжаннем у турме, паступова здымаюць тваю несаступлівасць. Я маю вялікі службовы досвед: умею карыстацца ветлівасцю і крыкам. Ведаю, калі частаваць цыгарэтай, а калі ляпаць кулаком па стале. Твае псіхалагічныя рэакцыі па вяртанні з допытаў мне добра вядомыя. Мяне інфармуе твой сукамернік, які працуе на КДБ у якасці агента ў камеры. Натуральна, ты не настолькі неасцярожны, каб яму даверыцца, але ня здолееш прыкідвацца, што спіш, калі ты пакутуеш ад бяссонніцы, чытаць, калі цябе ахоплівае панічная гонка думак. У рэшце рэшт, усё ж такі шмат з ім гаворыш – значна больш, чым табе падаецца.

Саманадзейны ў нейкай каштоўнасці (цалкам мне чужой і вартай нагадвання толькі ў той ступені, у якой яна можа быць выкарыстаная ў якасці аргументу, які перапыняе тваё маўчанне), ты думаў, што ОРГАНАМ будзе цяжка весці следства па тваёй справе, якая для цябе была натуральным чынам чыстая. Твая ідэалогія і твая мараль – адпаведным чынам выкарыстаныя спецыялістам, якім я з'яўляюся, – у следчай сітуацыі могуць быць ужытыя для размякчэння цябе. Пакарыстаемся імі тады, калі станецца так, што ня будуць дзейнічаць твае прымітыўныя эгаістычныя інстынкты – страх перад турмой і жаданне хутчэй выйсці адсюль. Калі не пачнеш даваць паказанні, абараняючы сябе, – можа быць, захочаш абараняць іншых, абараняць справу, даказваць чысціню сваіх намераў і метадаў барацьбы. Любы метад добры. Размова ідзе пра тое, каб ты пачаў даваць паказанні.

А вось узоры, якім чынам я буду з табою размаўляць. Я буду карыстацца старымі, праверанымі прыёмамі. Нават дзіўна, што на 90 % яны эфектыўныя.

Адчуй сітуацыю. Не чытай у спешцы. Рабі паўзы пасля кожнага майго аргументу. Можаш карыстацца метадам псіхадрамы. Папрасі таварыша сыграць маю ролю. Друкаваныя словы няхай ператворацца ў голас следчага. Правер свае псіхалагічныя рэакцыі. Адкінь усялякае жаданне весьці палеміку, пераўпэўніваць мяне, тлумачыць мне. Заставайся маўклівы.

Пасля абдумай тыя выпадкі, у якіх ты зрэагаваў востра эмацыйна. Прадумай ці абмяркуй з сябрам прычыны, дзеля якіх нават у гэтых найцяжэйшых для цябе абставінах – варта было маўчаць. Магчыма, гэта табе калі-небудзь спатрэбіцца.

1. Калі ты не дасі паказанняў пра тое, што я ў цябе пытаю, – на жаль, мы будзем вымушаныя цябе затрымаць. Калі ты хочаш пайсці адсюль дадому – прашу даць простую інфармацыю: ад каго ты атрымаў гэтыя ўлёткі?

2. Твая справа нескладаная, і толькі з прычыны асабістай упартасці ты вінаваты, што пракурор вырашыў цябе затрымаць. Такіх простых спраў аб улётках у нас насамрэч мноства. Мы ж ня можам арыштоўваць усіх затрыманых з улёткай. Як органы пераследу, мы ведаем, што тыя, хто адразу нам скажа, адкуль, дзе, ад каго атрымалі ўлёткі, не настолькі задзейнічаныя ў распаўсюджванні ўлётак, каб варта было іх арыштоўваць. Нас цікавяць тыя, хто працуе оптам, а не ў раздроб. А аптавікі наогул адмаўляюцца ад паказанняў. Так, як і ты. Пасядзіш для пачатку тры месяцы – тады вырашыш даваць паказанні.

3. Ты атрымаў санкцыю пракурора, таму што не хацеў казаць. Я зачытваю табе паказанні Ікса. Ты яго выдатна ведаеш. І ты ведаеш, што яго ўдзел у вашай дзейнасці быў большым, чым твой. Ікс на дадзены момант на свабодзе.

4. Любы пракурор і любы суд расцэняць тваё маўчанне як абцяжваючыя абставіны. Гэтаму адпавядае параграф у кодэксе. Пра тое, што суд пры вызначэнні пакарання бярэ пад увагу паводзіны абвінавачанага пасля ўчынення злачынства, а значыць, шчырае прызнанне віны, раскрыццё органам абставінаў сваёй злачыннай дзейнасці і г.д. Гэта заўсёды можа быць падставай для спынення часовага арышту, закрыцця справы, а ў сітуацыі, калі дойдзе справа да суду, гэта з'яўляецца гарантыяй, што атрымаеш мінімальны тэрмін (напрыклад, з адтэрміноўкай выканання).

І для суду ня будзе ўсё роўна, ці пачаў ты даваць паказанні адразу альбо праз некалькі месяцаў з пачатку следства.

5. Маўчыш, герой. Жарэш народны хлеб, а цяпер маўчыш, як вораг. Мы тут размаўляем з табой таму, каб аддзяліць ад ворагаў тых, хто жадаў дабра для краіны, але быў выкарыстаны сапраўднымі ворагамі. А ты – вораг, і з такімі, як ты, мы разлічымся раз і назаўсёды. Выйдзеш такім як ёсць, абарванцам.

6. Спадарыня, вам 30 гадоў, у вас двое дзяцей. У нас шмат матэрыялаў, якія абцяжарваюць вашую віну. Можам вас або абвінаваціць у распаўсюджванні прафсаюзнай прэсы, альбо ва ўдзеле ў злачыннай арганізацыі, якая мела за мэту звяржэнне існага ладу. У другім выпадку вас будзе судзіць ваенна-палявы суд. Як мінімум, вам свеціць 5 гадоў. А вы ведаеце, што для жанчыны ў турме гэта значыць штосьці іншае. Калі вы выйдзеце, будзеце састарэлай жанчынай. І запытайце сваіх сукамерніц – тых, хто прыйшоў з турмаў, – колькі жанчын з пяцігадовымі прысудамі маюць да каго вярнуцца. Я, натуральна, маю на ўвазе мужа. Можа, гэта выстаўляе нас не ў найлепшым святле, але гэта жыццё. Так можна лягчэй заключыць простую дамову: вы нам распавядаеце ўсё пра свае сувязі ў рэгіёне, мы гэта пакідаем у сябе, а вам арганізуем справу аб распаўсюджванні ўлётак Свабоднага прафсаюзу. І тады вы маеце шанец выйсьці з залі суду – атрымаеце два гады з адтэрміноўкай выканання ці штосьці ў гэтым родзе.

7. Я цытаваў вам, спадар, фрагменты паказанняў іншых асобаў, арыштаваных па той самай справе. Вашыя калегі настолькі пачцівыя, што прызналіся ва ўсім, што ўчынілі. Можна з імі не пагаджацца, але нельга адмовіць у павазе. Вы ж звычайны баязлівец.

8. Пасля вочнай стаўкі з Іксом у вас, напэўна, не засталося сумневаў, што вашыя калегі даюць нам дастаткова шчырыя прызнанні. І не сумнявайцеся, што вы ўсе ў нас у поўным камплекце. Дасведчаныя рэцыдывісты правільна сцвярджаюць – вы атрымаеце магчымасць паразмаўляць з імі ў турме, – што ўсялякая справа, у якой ёсць суўдзельнікі, заўсёды наперад прайграная ў момант арышту. Групу заўсёды ўдаецца разгаварыць. Гэта, будзьце ўпэўненыя, апраўдваецца і ў справах аб шпіянажы, і ў афэрах гаспадарчых, і ў справах валютных. І да вашага ведама, у любой справе арыштаваныя, рана ці позна, пачынаюць гаварыць. Напрыклад, у вашай групе загаварылі ўсе. Толькі вы не рашаецеся, і гэта будзе вам дорага каштаваць. Бо, як бачыце, усе ў рэшце рэшт жадаюць уратаваць сваю шкуру. А абараняючы сваю шкуру, перакідваюць сваю адказнасць на сутаварышаў. І той, хто маўчыць, становіцца ўсё болей абцяжараным паказаннямі іншых, а калі нарэшце рашаецца гаварыць – ужо позна. Суд заўсёды верыць таму, хто першы даў паказанні. Таму вернемся да фрагменту паказанняў вашага калегі Ікса, які сцвярджае, што гэта вы даручылі яму арганізацыю паштовых скрыняў для кантактаў у Горадні, Берасці, а таксама арганізацыю канспіратыўных сходаў з удзелам духоўных асобаў...

9. Спадарыня напэўна ня любіць свайго дзіцёнка, бо аддае перавагу сядзець у турме замест таго, каб заняцца ім. А дзіцёнак плача цэлымі днямі і ходзіць па суседзях, бо баіцца заставацца адзін дома. Відаць, давядзецца пазбавіць вас бацькоўскіх правоў, бо па гэтым канале праходзілі матэрыялы, якія маюць значэнне для бяспекі краіны. Калі вы не жадаеце атрымаць справу аб шпіянажы – маеце толькі адзін спосаб гэтага пазбегнуць: указаць асобу, ад каго вы атрымалі гэтыя матэрыялы. Калі гэты чалавек дасць паказанні, што гэта былі нейкія газеткі, то на наступны дзень вы будзеце вольныя.

10. Давайце згуляем з адкрытымі картамі. Мы ведаем, што вы перадавалі пэўныя матэрыялы за мяжу. Мы ведаем пра гэты канал перакідкі. Са звестак контравыведкі мы таксама ведаем, што праз гэты канал праходзілі матэрыялы, якія маюць значэнне для бяспекі краіны. Калі вы не жадаеце, каб мы завялі справу аб шпіянажы – маеце толькі адзін спосаб гэтага пазбегнуць: назваць асобу, ад якой вы атрымалі матэрыялы. Калі гэты чалавек дасць паказанні, што гэта былі нейкія газеткі, то на наступны дзень вы будзеце вольныя.

11. Мы ведаем, што вы дзейнічалі з ідэйных і маральных меркаванняў. Людзі, што ўцягнулі вас у гэтую дзейнасць, пэўныя рэчы для вас перабольшылі, выкарысталі вашую даверлівасць, адсутнасць досведу і імкненне да нейкага аўтарытэту. Зрэшты, мы таксама згодныя, што ўлады ня мелі рацыю да лістапада – і ня толькі да лістапада. Толькі і ўсяго, што вы сталі іх зброяй і не ўяўляеце, што гэта за людзі, якія іх палітычныя мэты, якія іх сувязі і знаёмствы. Ці ведаеце вы, напрыклад, што такі паважаны вамі кіраўнік рэгіянальнай групы ў сталінскія часы быў перакананым атэістам, у часы Гамулкі – агентам Візэнталя, што той тып мае рахунак у заходніх банках, ездзіць на «мэрсэдэсе» і забяспечаны да канца жыцця. І нават той, здавалася б, сціплы Ікс – ваш непасрэдны начальнік, хіба ён калі-небудзь казаў вам тое, колькі даляраў і ад каго атрымаў цяпер, падчас ваеннага становішча, на гэтую вашу дзейнасць? Вам канкрэтныя доказы?

12. Спадарыня мае дзяцей? Я ўжо забыў. Не? Гэта добра, гэта вельмі добра, што менш людзей будзе пакутаваць! Аднак з другога боку, калі вас напаткае клімакс, тады для вас усё будзе страчана.

13. Вы разумееце, што матэрыялы, сабраныя следзтвам, дазваляюць абвінаваціць вас у шпіянажы і неадкладна перадаць справу ў ваенны суд? Вы ведаеце, што на прадпрыемствах Ікса ўвесь час выраблялася зброя? Вы ведаеце, што рабілася ў аддзеле П-8? Вы ня ведаеце? Затое мы ведаем, каму з П-8 перадавалі грошы. І пасылкі. Гэта называлася нібыта «дапамогай для рэпрэсаваных». Ды вы ня маеце ўяўлення пра пэўныя ўзаемасувязі. Гэта выбрыкі выведвальных службаў – і мы запэўніваем, што любая выведка заплаціць любыя грошы за такую нявінную інфармацыю, як прозвішчы і адрасы асобаў, звольненых за парушэнне працоўнай дысцыпліны з аддзелаў вытворчасці ўзбраенняў. Нават за п'янства. А тым болей за забастоўку. Бо для любой выведкі гэта патэнцыйныя агенты. І вы прымалі ўдзел у тым, што было звычайнай вербоўкай агентаў. Мы толькі ня ўпэўненыя – вы прыкідваліся дурнем ці былі настолькі наіўным, што вамі карысталіся як сродкам у звычайнай бруднай шпіёнскай працы? Хіба мы шмат ад вас патрабуем? Жадаем ведаць – але дакладна, з падрабязнасцямі, – хто акрамя вас на гэтым прадпрыемстве арганізаваў гэтую дапамогу для рэпрэсаваных. Бо калі гэта звычайная дапамога, то за гэта нікому нічога ня будзе, так што можаце маўчаць далей. І будзьце асцярожныя, пасля выхаду адсюль – што, зрэшты, адбудзецца няхутка – вас змогуць збіць на пераходзе ці знайсці ў сваёй кватэры з усімі прызнакамі самазабойства. Выведкі ўмеюць гэта інсцэнаваць.

14. Мы ведаем, што неаднаразова Ікс перадаваў вам пэўныя сумы грошай, з якіх вы павінны былі частку перадаць на стварэнне пунктаў афсэтнага друку, частку ж перадаць на дапамогу для сем'яў арыштаваных. Ікс шчыры ў размовах з намі і да дробязяў дакладны. Мы нават ведаем, у якой колькасці і дзе ён мяняў грошы. Ікс скардзіўся, што вы ніколі не давалі справаздачы за гэтыя грошы. Вы не жадаеце казаць, колькі і каму вы перадалі. З пункту гледжання прапаганды нам будзе прасцей паказаць вас у судзе як звычайнага падманшчыка ці махляра. Атрымаецца выдатненькая справа з прысваеннем круглай сумы састарэлым плэйбоем, які ў сваёй установе рабіў выгляд падпольнага дзеяча. А сведкі на тое, што вы спусцілі грошы, выдаткаваныя на друк, у начных бардэлях, у нас заўсёды пад рукой. Вы, відаць, ведаеце, што кожная другая прастытутка працуе на нас. Карацей кажучы, перад вамі выбар: даць патрэбныя паказанні і сесці на лаву падсудных у працэсе падпольнай «Салідарнасці» разам з людзьмі, якія маюць нейкую палітычныю вагу, ці… Ці праз сваю дуркаватую ўпартасць забяспечыць сабе маленькі, ціхі працэсік з гарадзкімі прастытуткамі з начных бардэляў у якасці сведкаў абвінавачання. Прапаную яшчэ раз гэта абдумаць.

15. Маўчаннем вы шкодзіце ня толькі сабе, але і ўсім астатнім. На папцы з улёткамі, якая была знойдзена падчас вобшуку ў вашай кватэры, запісаны тэлефон спадарыні Н. Мы яе затрымалі. Як вы ведаеце, яна асоба псіхічна няўстойлівая. Цяжка гэтаму здзіўляцца – дома пакінула малога дзіцёнка. Мы атрымалі ад яе паказанні, і да раніцы будзе вырашана, атрымае яна санкцыю на арышт або будзе выпушчаная пад залог. На жаль, яе тлумачэнні прымітыўныя і слізкія – пракурор будзе схільны прымяніць арышт, баючыся ашуканства. А вы яму дапамажыце прыняць рашэнне, калі не жадаеце адказваць на простыя пытанні – адкуль у вас яе тэлефон і што вас з ёю звязвала?

16. Як вы добра разумееце, мы арыштавалі вас, спадарыня, дзякуючы паказанням спадарыні Н. Вы ж ведаеце, што яна заўсёды была асобай псіхічна няўстойлівай. Пасля дачы шчырых, вычарпальных паказанняў нечакана зламалася і спрабавала скончыць жыццё самагубствам. Псіхіятр паставіў дыягназ – дэпрэсія, і цяпер яна знаходзіцца ў спецаддзяленні для падсудных. Вы ведаеце, спадарыня, там дастаткова цяжкія ўмовы, нават для здаровых людзей. Мы абое ведаем, што менавіта вы ўцягнулі сваю сяброўку ў антыдзяржаўную дзейнасць, і ў вашай арганізацыйнай структуры вы былі ў пэўным значэнні яе начальніцай. З усімі наступствамі, у прыватнасці маральнымі, якія з гэтага выцякаюць. Калі б мы мелі вашыя паказанні, ну проста паказанні, то ўдзел гэтай псіхічна хворай дзяўчыны зводзіўся б да некалькіх выездаў у суседнюю вобласць (па вашым загадзе) і да нерэгулярнай дапамогі пры транспартаванні літаратуры, дык насамрэч мы маглі б яе зараз выпусціць. Мы таксама не зацікаўленыя ў турэмных самазабойствах, а з гэтай дзяўчынай можа здарыцца рознае... Так што давайце дамовімся. Спыненне часовага арышту знаходзіцца ў вашых руках.

17. Спадар, вашая нявеста арыштавана па гэтай самай справе, спрабуе вас абараніць. Даўно дае паказанні. Мы вам зачытвалі ўрывак з яе тлумачэнняў. Бо як прывыклі дзейнічаць у гэтых сітуацыях жанчыны – перабольшвае свой удзел у справе, бярэ на сябе тое, што, вядома, было вашай дзейнасцю, атрымоўвае такім чынам вялікі тэрмін. Можа, у рэшце рэшт, вы паставіцеся да яе паказанняў крытычна, але самі бачыце, што яна ўсё блытае. Ня кожны такі псіхічна ўстойлівы, як вы. А з другога боку, скажу вам па-сяброўску, хаця, можа, і не павінен гэтага рабіць, назіранне з асабістай практыкі. Вы гуляеце ў карты? Ну так скажыце, каму лягчэй віставаць – таму, хто лепш гуляе, ці таму, хто гуляе горш? Калі б вы былі разумным гульцом, вы б вялі гэтую гульню. Так, каб я мусіў дапытваць вашу нявесту, падрыхтаваны ўжо вашымі паказаннямі, а не наадварот. Зрэшты, навошта я вам гэта тлумачу? Высакародных учынкаў вы ня робіце. Часта нават сутэнэры вырашаюць такога кшталту дылемы маральнага характару больш рыцарскім спосабам. Герой падполля, чорт вазьмі! Спакойна чакае, пакуль жанчына за яго атрымае прысуд.

18. Спадар ведае, што антыдзяржаўныя матэрыялы мы знайшлі ня ў вашай прыватнай кватэры (якой у вас няма), а ў кватэры вашых бацькоў. Вы ведаеце, дзе і на якой пасадзе працуе ваш бацька. Вы не жадаеце нам паведаміць, адкуль гэтыя матэрыялы там узяліся? Тым самым вы дазваляеце дапусціць, што яны ў аднолькавай ступені маглі належаць вашаму бацьку. І мы вырашылі гэта праверыць. Толькі пасля гэтай праверкі, вы ж у гэтым не сумняваецеся, ваш бацька стане апошнім чалавекам. Здаецца, яму засталося два гады да пенсіі, ці ня так?

19. Вы інтэлігентная маладая жанчына. Паспрачаемся, што вы маеце пэўную ідэалогію, нейкія погляды, нейкую праграму. Затое падчас следcтва вы паводзіце сябе, як поўная ідыётка. Штосьці ўзяла, штосьці прынесла, з кімсьці сустрэлася. Гэта вядома з паказанняў іншых. Аднак тыя, іншыя, пры дачы паказанняў неяк паказваюць сябе. Напрыклад, Ікс напісаў нам сваё поўнае палітычнае крэда. І ён на сваім працэсе выступіць як дзяяч. А вы на гэтым працэсе паўстанеце яго каханкай, якую ён выкарыстоўваў у якасці канспіратыўнай дзяўчынкі на пабягушках. Ня ведаю, ці падабаецца вам гэтая роля.

20. Вашы сябры з гэтага, як вы кажаце, «падполля» ўвесь час паводзілі сябе як дылетанты. Не трымаліся правілаў канспірацыі. Вы вінаватыя ў іх глупствах і неасцярожнасцях, бо вас так хутка арыштавалі. Мы ведаем, што вы значна лепшы – арганізацыйна і прафэсійна. Калі б гэтая група працавала згодна з вашымі прынцыпамі (пра што мы ведаем дзякуючы паказанням Ікса) – значна цяжэй было б вас выкрыць. Вы – прафесіянал высокага ўзроўню, і мы ўмеем цаніць прафесіянала. На жаль, вы звязаліся з бандай саплякоў. І вы бачыце – працэс вашай групы (як і іншыя працэсы) калісці стане матэрыялам для гісторыка. І будучы гісторык ацэніць вас або як арганізаванае, палітычна мудрае падполле, або як слабакоў. І ці захочаце вы рэканструяваць арганізацыйныя прынцыпы вашай сеткі распаўсюджвання падпольнай літаратуры?

21. Так што гэта вы будзеце тым другім эшалонам, які бутэлькамі з палівам будзе знішчаць войскі і міліцыю? Не абарочвайся. Мае калегі нічога ня робяць, толькі стаяць. Мы маем час. Ну, хто гэта табе даў?

22. У вас перад носам брашурка. Што гэта, на вашую думку? Хто гэта напісаў? З якой мэтай? Вы маўчыце? Вас вучылі маўчаць. Рознымі метадамі. Некалі існавала такая інструкцыя пра тое, як уставаць і сядаць, выпіскі з кодэксу з скажоным тлумачэннем законаў. «Грамадзянін і служба бяспекі». Вось гэты тэкст. Вы ведаеце, што гэта? Звычайная шпіёнская інструкцыя. Тэкст інструкцыі, якая павінна дапамагчы ў выпадку правалу. Вы ведаеце, на падставе чаго гэта было распрацавана? Вось фатакопія, якую наша контрразведка атрымала ў адным з цэнтраў амэрыканскае выведкі – Усходнееўрапейскім сектары. «Sensitivity Training as a Tool for Strengthening the Resistance to Brain-Washing». Калі вы ня ведаеце ангельскай, перакладаю: «Трэніроўка адчувальнасці ў якасці супрацьдзеяння прамыванню мазгоў». Паглядзіце і параўнайце. Усе 22 пункты адпавядаюць – ці ня праўда? Вы і далей будзеце маўчаць у адпаведнасці з гэтай шпіёнскай інструкцыяй?

Варшава, 1983 г.
 


Заўвагі esper16.neocities.org:

"Дата 13 снежня 1981 г.…" – у гэты дзень у Польшчы было ўведзенае ваеннае становішча ("stan wojenny"), якое доўжылася да 1983-га. Адсюль згаданы хітрык следчага "я згодны, што да лістападу ўлады ня мелі рацыю" (тады ў Польшчы быў эканамічны крызіс), адсюль жа згадка пра ваенна-палявы суд.

"У народзе жыве памяць Самасьеры" – Somosierra гэта паселішча ў Гішпаніі, ля якого ў 1808-м польскія ўланы здзейснілі подзвіг, прарваўшы абарону гішпанцаў. На горнай дарозе не было іншага шляху як скакаць проста на варожыя гарматы, шмат палякаў там загінула, але шлях для напалеонаўскага войска зрабіўся вольны. У вядомай польскай песні  "Czerwone Maki na Monte Cassino"  назва напісаная чамусьці праз "a": "Jak ci z Samosierry szaleńcy..."