БЕЛАРУСКІ КАНСПІРАТАР
      
 УСТУПНАЕ СЛОВА
БЯСПЕКА ЯК ПРАЦЭС – ДАВЕР І НАДЗЕЙНАСЦЬ
1.АБАРОНА НОСЬБІТАЎ ІНФАРМАЦЫІ І СРОДКАЎ КАМУНІКАЦЫЯЎ
2.ВЫКЛІКІ І СЛЕДСТВА
3.БЯСПЕКА ПАМЯШКАННЯ
4.АБМЕЖАВАННЕ ВОЛІ І ЗАТРЫМАННЕ
5.ПРАВАКАЦЫІ
 МАЛЫ КАНСПІРАТАР
Правакацыі

Што рабіць, калі падкідваюць грошы

«Праваахоўныя» органы часам выкарыстоўваюць правакацыі супраць актывістаў апазіцыйнага руху. Вядомыя выпадкі, калі падкінутыя ў кватэру, дачу, аўтамабіль альбо ў кішэні буйныя сумы грошай, фальшывыя грошы ці агнястрэльная, халодная зброя служылі падставай для прыцягнення асобы да крымінальнай адказнасці альбо цягнулі за сабой шантаж ды іншыя непрыемнасці. Натуральна, прадухіліць усе магчымыя правакацыі дастаткова цяжка, аднак веданне некаторых простых правілаў дазволіць пазбегнуць найбольш імаверных правакацыйных тэхнік, што звычайна выкарыстоўваюцца «праваахоўнікамі», зыходзячы са стандартных мадэляў.

Трэба разумець усю небяспеку падкінутых прадметаў – яна мае ня толькі патэнцыйнае юрыдычнае, але і простае псіхалагічнае значэнне. Гэткія правакацыі служаць некалькім мэтам:

– узбуджэнне супраць асобы крымінальнай справы з магчымым давядзеннем яе да судовага рашэння (пры гэтым першапачатковыя фальшывыя грошы могуць знікнуць са спісу абвінавачанняў у сілу іх відавочнай бязглуздасці);

– затрыманне асобы альбо ўзяцце яе пад варту з далейшым выбіваннем патрэбных сведчанняў і працяглай ізаляцыяй асобы;

– атрыманне фармальных падставаў для далейшых следчых дзеянняў, у ходзе якіх можна даведацца пра палітычную дзейнасць арганізацыі і разбурыць яе;

– шантаж і вербоўка асобы ў інфарматары альбо «сакрэтныя супрацоўнікі» (фармат «свабода ў абмен на інфармацыю» найбольш часта выкарыстоўваецца супраць актывістаў сярэдняга звяна).

Такім чынам, падкінутыя фальшывыя грошы. Гэтая методыка вельмі добра адпрацаваная «праваахоўнымі» органамі, паколькі часта выкарыстоўваецца ў барацьбе з эканамічнай злачыннасцю, хабарніцтвам і карупцыяй. Звычайна гэта робіцца са згоды вышэйшых «праваахоўнікаў». Можна сказаць, што ў пэўным сэнсе дадзеная методыка працуе выкшталцона – процістаяць ёй вельмі цяжка. Таму для абароны ад гэткіх дзеянняў патрэбныя два фактары: 1) дапамога пісьменнага адваката падчас затрымання і следства, 2) разумныя дзеянні падчас вобшуку альбо дагляду, у ходзе якіх «знойдзены» фальшывыя грошы.

Пры правядзенні вобшуку можна запярэчыць незаконным спробам падкінуць грошы, наркотыкі альбо зброю. У гэтым выпадку трэба кіравацца тымі правіламі, якія мы пералічвалі ў парадах адносна правядзення вобшуку: неабходная наяўнасць пастановы аб правядзенні вобшуку з санкцыяй пракурора; трэба патрабаваць запрашэння панятых (найлепей запрасіць і сваіх панятых – суседзяў); вобшук павінен праводзіцца ў прысутнасці ўладальніка памяшкання; колькасць панятых павінна адпавядаць колькасці пакояў, у якіх адбываецца вобшук; патрабаваць паслядоўнага правядзення вобшуку (пакой за пакоем); звяртаць увагу панятых на тое, што адбываецца, скіроўваць іх увагу на дзеянні кожнага з «праваахоўнікаў», але адначасова трэба самому сачыць за дзеяннямі панятых; патрабаваць складання пратаколу з занясеннем у яго прозвішчаў і пасадаў усіх прысутных (у выпадку калі нехта ад гэтага адмаўляецца, рабіць адзнаку пра прысутнасць падчас вобшуку неўстаноўленых пабочных асобаў); прасачыць, каб у пратаколе былі падрабязна апісаныя ўсе знойдзеныя і / альбо адабраныя прадметы і пазначаныя іх індывідуальныя прыкметы; у тэкст пратаколу трэба ўносіць усе заўвагі і пярэчанні супраць дзеянняў «праваахоўнікаў». Асобна адзначым, што пры адабранні грошай трэба пазначаць серыі і нумары купюраў і асобна адзначаць наяўнасць вадзяных знакаў (настойліва патрабуйце ад міліцыянтаў выканання гэтага парадку, але калі гэта не робіцца – варта запісаць гэта самому ў тэксце пратаколу). Калі вы ня ўпэўненыя, што гэта вашыя грошы, – ні ў якім разе не дакранайцеся да іх і адзначце ў пратаколе, што вы ня маеце да гэтых рэчаў дачынення.

Пісьменныя дзеянні падчас вобшуку памяшкання могуць прадухіліць падкідванне недазволеных прадметаў непасрэдна падчас вобшуку. На жаль, ніхто не застрахаваны ад падкідвання ў кватэру альбо ў офіс фальшывых грошай (таксама як наркотыкаў ці зброі) яшчэ задоўга да вобшуку. Нават пры добра наладжанай офіснай бяспецы, пільнай «дзвярной палітыцы» немагчыма прасачыць за кожным, хто ўваходзіць у памяшканне. Пры адсутнасці сталай начной варты ў памяшканне могуць падкінуць фальшывыя грошы нават і ўначы. Калі ж, нечакана для вас, «праваахоўнікі» знайшлі загадзя падкінутыя забароненыя рэчы, у першую чаргу трэба давесці сваю недатычнасць да іх: патрабаваць экспертызы на наяўнасць на рэчах вашых адбіткаў пальцаў (калі гэта запакаваныя грошы – адбіткаў пальцаў на ўпакоўцы), поту, а на вашых руках – слядоў забароненых рэчываў, збройнага масла альбо фарбы, мікрачасцінак пораху. У любым выпадку, тут шмат што залежыць ад пісьменнасці адваката.

Інакш выглядае сітуацыя, калі вам спрабуюць падкінуць фальшывыя грошы непасрэдна пры затрыманні. Напрыклад, пасля затрымання і дастаўкі ў пастарунак вас папрасілі выкласці на стол усё, што знаходзіцца ў кішэнях. Пры гэтым трэба ўважліва сачыць за тым, як даглядаюцца выкладзеныя вамі грошы – і рублі, і даляры. Вашы праціўнікі могуць паспрабаваць адцягнуць вашую ўвагу, каб незаўважна падкінуць вам фальшывую купюру. Калі вашыя грошы адбіраюць (пры затрыманні альбо дзеля экспертызы), то патрабуйце перапісу нумароў і серыяў адабраных купюраў. Таксама патрабуйце занясення ў пратакол адабрання словаў, што ўсе адабраныя купюры маюць вадзяныя знакі, у адваротным выпадку праз нейкі час вам могуць паказаць купюру, вырабленую на каляровым ксэраксе, пад нумарам адабранай у вас купюры. Такім чынам вас могуць абвінаваціць у вырабе і распаўсюджванні фальшывых грошай – для гэтага дастаткова адной вырабленай на ксэраксе купюры, а гэты крымінальны артыкул дастаткова цяжкі. Таму шмат што залежыць ад вашай уважлівасці і настойлівасці падчас адабрання грошай і складання пратаколу адабрання.

Часам практыкуецца і іншы варыянт. «Барацьбіты з злачыннасцю» упускаюць на падлогу (напрыклад, ля стала, дзе адбываецца дагляд) фальшывую купюру, звычайна гэта 100 даляраў. Натуральная чалавечая рэакцыя – падняць грошы, якія ўпалі, альбо міліцыянты могуць нават папрасіць вас падняць з падлогі гэтую купюру. У выніку пры наяўнасці на фальшывых грошах вашых адбіткаў пальцаў несправядлівае абвінавачанне вас у распаўсюджванні фальшывых грошай значна спрашчаецца. Часам гэткі фокус ажыццяўляецца каля абменнага пункту.

Таксама вам могуць падкінуць фальшывую купюру пры пераліку грошай, а пасля могуць папрасіць вас пералічыць іх самастойна (яшчэ да складання пратаколу!). Для таго, каб справакаваць вас на ўласнаручны пералік і, адпаведна, на дотык да фальшывай купюры, міліцыянты пасля пераліку могуць нават назваць большую (альбо меншую) суму грошай – на гэткія хітрыкі ня трэба паддавацца, трэба казаць, што гэты лік не адпавядае рэчаіснасці, і сказаць, каб міліцыянты самастойна нанова пералічылі грошы. Трэба разумець, што падчас гэтай працэдуры колькасць грошай ужо ня мае прынцыповага значэння: міліцыянты ня будуць скажаць яе пры пераліку проста так. Таму пры адабранні грошай парадак дзеянняў павінен быць такі:

  • вы ў прысутнасці панятых выкладаеце грошы на стол і ўважліва сочыце за імі;
  • на вашых вачах і на вачах панятых адабраныя ў вас грошы пералічваюцца;
  • калі сума не адпавядае рэчаіснасці, вы адзначаеце гэта ўголас і патрабуеце яе пераліку;
  • сума адабраных грошай заносіцца ў пратакол з апісаннем кожнай адабранай купюры з адзнакай нумару, серыі і наяўнасці вадзяных знакаў;
  • пасля гэтага вы чытаеце пратакол, маеце права ўносіць у яго заўвагі, у тым ліку пра колькасць і ўласцівасці адабраных купюраў;
  • падпісваеце пратакол.

Буйныя сумы нефальшывых грошай у якасці правакацыі выкарыстоўваюцца значна радзей (напрыклад, падкідваюць разам з наркотыкамі альбо пры правакаванні хабару). Гэта звязана з тым, што няма забароны грамадзяніну мець пры сабе вялікія грошы (гэта ня ёсць парушэннем заканадаўства – вы заўжды можаце адказаць, што пазычылі гэтыя грошы), а для саміх апэратыўнікаў атрыманне сапраўдных грошай для інсцэнавання звязанае з пэўнымі адміністрацыйнымі цяжкасцямі (рэчавыя доказы ў выглядзе вялікіх грошай занадта часта знікаюць з матэрыялаў справы). Таму асцерагацца трэба пераважна абвінавачання ў захоўванні фальшывых грошай.

Натуральна, трэба адмаўляцца ад датычнасці да тых грошай, якія вам не належаць. Ні ў якім разе ня трэба дакранацца да тых купюраў, якія вам не належаць, каб не пакінуць адбіткаў сваіх пальцаў на фальшывых купюрах. У выпадку калі вы сапраўды мелі пры сабе буйную суму грошай, і вас спрабуюць абвінаваціць у тым, што гэтыя грошы фальшывыя, – патрабуйце абавязковага складання пратаколу адабрання з абавязковым пазначэннем усіх нумароў купюр і адзнакай пра наяўнасць вадзяных знакаў.
 

Што рабіць, калі падкідваюць зброю альбо абвінавачваюць у яе нашэнні

Правакацыі з выкарыстаннем халоднай зброі ня ёсць распаўсюджанай з'явай, хоць часам гэткі метад і выкарыстоўваецца для застрашэння і наступнай вербоўкі апазіцыйных актывістаў (для міліцыянтаў гэта зручна, паколькі дастаць халодную зброю для іх вельмі проста). Таму трэба памятаць, што злачынствам з'яўляецца выраб і продаж халоднай зброі, а захоўванне і нашэнне халоднай, пнеўматычнай, газавай зброі злачынствам не з'яўляецца. Злачынствам ёсць таксама нашэнне альбо перавозка халоднай зброі асобай, якая на працягу году прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за гэткае дзеянне. Так што калі вам падкінулі халодную зброю – ня трэба пужацца: крымінальная адказнасць вам не пагражае. Асобная парада тым, хто носіць з сабой сцізорыкі: вы не абавязаныя адрозніваць якасці халоднай зброі – для гэтага патрэбныя спецыяльныя веды, якіх у шараговага чалавека няма (напрыклад, якасць сталі). Таму калі ў вас знайшлі нож альбо сцізорык і абвінавачваюць у тым, што гэта быццам бы «халодная зброя» – карысна мець пры сабе даведку, што гэта ня ёсць халоднай зброяй, а калі даведкі няма – упэўнена патрабаваць правядзення экспертызы прадмета. У любым выпадку, гэта толькі адміністрацыйнае правапарушэнне.

Усё, што мы сказалі пра халодную зброю, пашыраецца на зброю пнеўматычную, газавую і штурхальную (арбалеты).

Найбольш часта міліцыянты (асабліва на ніжэйшым узроўні) выкарыстоўваюць у мэтах правакацыі падкінутыя патроны. Справа ў тым, што падкінуць агнястрэльную зброю досыць цяжка – яе зварот кантралюецца ў органах міліцыі дастаткова строга, і яна звычайна мае нумар (паказальна, што Марынічу падкінулі пісталет рэдкай іншаземнай маркі, які выкарыстоўваецца спецслужбамі, і на якім вытраўлены кіслатой нумар). Патроны ж не падлягаюць гэткаму жосткаму кантролю.

Міліцыянты ўпадабалі наступную методыку: падчас вобшуку альбо дагляду на падлозе рассыпаюцца некалькі патронаў і чалавеку кажуць – «падбяры». Такім чынам на патронах аказваюцца адбіткі пальцаў – і гэтага ўжо дастаткова для ўзбуджэння крымінальнай справы. Таму, калі вам у кватэру, у офіс, у машыну падкінулі патроны (альбо нават адзін патрон), гранату (часцей за ўсё з гладкай паверхняй), галоўная парада – ні пры якіх абставінах не дакранайцеся да гэтых прадметаў, нават калі вас аб гэтым просяць міліцыянты. Абавязкова патрабуйце запрашэння панятых. Ужо ў прысутнасці панятых:

  • Патрабуйце зняцця адбіткаў пальцаў з знойдзеных прадметаў і занясення гэтага факту ў пратакол. Калі міліцыянты адмаўляюцца гэта зрабіць (спасылаючыся на адсутнасць спецыяліста), адзначайце гэтую адмову ў пратаколе.
  • Звярніце ўвагу панятых на тое, што ў вас на руках і на вопратцы няма слядоў збройнага масла. Патрабуйце зняцця мазкоў з далоняў і вопраткі на аналіз утрымання на іх мікрачасцінак металу альбо збройнага масла. Калі менты адмаўляюцца гэта зрабіць – патрабуйце занясення гэтай адмовы ў пратакол альбо рабіце запіс у пратакол самі.
  • Калі вам падкінулі агнястрэльную зброю (пісталет, рэвальвэр, ружжо) – патрабуйце зняцця адбіткаў пальцаў ня толькі з паверхні гэтых рэчаў і з курка, але і з унутранага боку (патроны ў абойме, абойма, спускавы мэханізм і іншыя часткі).
  • У выпадку, калі вам падкідваюць патроны, то падчас дагляду варта ўголас і з прыцягненнем увагі панятых запатрабаваць ня толькі зняцця адбіткаў пальцаў з патронаў, але і экспертызы пораху і прыкметаў вырабу патронаў (натуральна, гэта немагчыма зрабіць на месцы, аднак гэта можна занесці ў пратакол і тым самым выклікаць збянтэжанасць правакатараў).
  • Пры падкідванні агнястрэльнай зброі варта запісаць у пратакол нумар, калі ён ёсць на зброі.

Для мэтаў правакацыі, каб атрымаць вашыя адбіткі на зброі, вам могуць падкінуць нейкія часткі зброі (ствольную каробку, барабан, рамку). Уважліва сачыце за тым, што вам даюць у рукі міліцыянты падчас вобшуку альбо дагляду. Нават калі вам дэманструюць запакаваны ў поліэтыленавы пакуначак патрон, быццам бы знойдзены пры вас,– не дакранайцеся да яго.

Памятайце! Толькі вашыя адбіткі пальцаў з'яўляюцца для суду асноўным доказам вашай вінаватасці. Адзначым, што апошнім часам пашырылася практыка, калі ў адміністрацыйна затрыманых няўрадавых актывістаў (распаўсюднікаў друкаваных матэрыялаў, удзельнікаў масавых акцыяў) бяруць адбіткі пальцаў.

Мы не заахвочваем вас да нашэння зброі – звычайна гэта незаконна і неразумна. У экстраардынарным выпадку (напрыклад, на вас рыхтуецца замах), калі вам трэба мець пры сабе агняпальную (альбо газавую) зброю і няма дазволу на яе нашэнне – абавязкова трымайце пры сабе заяву ад вашага імя на адрас будзь-якога РУУС у той мясцовасці пра добраахвотную здачу зброі, пажадана з пазначанай сапраўднай датай. Тлумачыць паходжанне гэтай зброі неабавязкова (вы вызваляецеся ад адказнасці пры добраахвотнай здачы любой зброі), але можна спаслацца на тое, што вы гэтыя рэчы выпадкова знайшлі. Гэтая дробязь можа вельмі дапамагчы вам у выпадку затрымання.
 

Што рабіць, калі падкідваюць наркотыкі

Для некаторых «аператыўных» супрацоўнікаў і міліцыянтаў ніжэйшага і сярэдняга звяна падкінуць чалавеку ў кішэню наркотыкі альбо шпрыц з наркатычным рэчывам – любімы метад дзейнасці. Звычайна гэтая метода выкарыстоўваецца на нізавым узроўні «праваахоўнікаў» для барацьбы з наркаманіяй супрацьпраўнымі сродкамі. Такім чынам быццам бы ствараецца падстава для прыцягнення да крымінальнай адказнасці (напрыклад, за «гандаль наркотыкамі»), і для недасведчанага чалавека гэткая пагроза выглядае дастаткова верагоднай. Часцей за ўсё гэта ёсць псіхалагічны сродак для шантажу з наступным прыцягненнем да «супрацоўніцтва» (г.зн. да «стукацтва»). Для судовага разгляду гэткая правакацыя часцей за ўсё будзе выглядаць занадта нацягнутай – калі вы дзейнічаеце пісьменна і не нагаворыце супраць сябе лухты. У выпадку, калі наркатычныя рэчывы падкінутыя невінаватай асобе – «даказаць» віну амаль немагчыма, нават шляхам фальсіфікацыі доказаў. Так што збольшага пагрозы ўзбуджэння крымінальнай справы «за наркотыкі» найчасцей выкарыстоўваюцца толькі як падстава для затрымання чалавека з наступным шантажом пагрозай прыцягнення да крымінальнай адказнасці. Часам гэткая методыка выкарыстоўваецца супраць актывістаў моладзевых палітычных рухаў. Але вядомыя выпадкі, калі праз падкінутыя ў кішэню наркотыкі і грошы людзі праводзілі за кратамі гады.

Дапусцім, вы заўважылі, што вам у кішэню міліцыянты падкінулі пакуначак з невядомым рэчывам. Як трэба сябе весці ў гэткай сітуацыі? Калі гэта было зроблена яшчэ да вашай дастаўкі ў пастарунак, то можна паспрабаваць па дарозе да мянтоўкі пазбавіцца ад «падарунку». Вядомы выпадак, калі дзяўчына, якой у джынсы падклалі пакуначак з гераінам, пазногцямі прарвала дзірачку ў кішэні, прапхнула пакуначак у штаніну, і пры выхадзе з машыны пакуначак вываліўся. Міліцыянты тры гадзіны шукалі пры ёй падкінутыя наркотыкі, але нічога не знайшлі.

Але пазбавіцца ад падкінутага даволі цяжка. Таму калі вас даставілі ў пастарунак – не панікуйце і не абурайцеся. Галоўнае – ня трэба лезці ў кішэню і спрабаваць выкінуць пакуначак. Калі пакуначак ужо патрапіў вам у кішэню, і вы ўжо знаходзіцеся ў пастарунку – дайце вашым праціўнікам зрабіць сваю справу. Аднак калі яны затым зробяць спробу здзейсніць агляд вашай вопраткі альбо асабісты дагляд, ветліва, але цвёрда і настойліва запатрабуйце запрашэння панятых і выканання ўсяго парадку правядзення агляду. Таксама можна заявіць, што вы хочаце добраахвотна выдаць наяўныя наркатычныя рэчывы (натуральна, з тлумачэннем таго, якім чынам яны да вас патрапілі на самай справе) – у гэтым выпадку вы вызваляецеся ад крымінальнай адказнасці. Калі вас не папярэдзілі пра магчымасць добраахвотнай выдачы наркотыкаў – абавязкова адзначце пра гэта пры падпісанні пратаколу.

Калі вы ўжо заўважылі, што вам падкінулі пакуначак з невядомымі рэчывамі, то пры асабістым даглядзе ня лезьце самі ў кішэню. Няхай асабісты дагляд праводзяць міліцыянты, і няхай яны самі дастануць падкінутую рэч. Пры гэтым уважліва сачыце за рукамі міліцыянтаў і прыцягвайце да гэтага ўвагу панятых. Тое самае важна рабіць пры любым асабістым даглядзе, паколькі наркотыкі могуць падкінуць і непасрэдна падчас дагляду – міліцыянту дастаткова заціснуць пакуначак у далоні, калі ён будзе лезьці да вас у кішэню. Таму калі вы ўпэўненыя, што вам не паспелі падкінуць анічога – варта дастаць усе рэчы з кішэні самастойна. Апэратыўнікі любяць пры аглядзе сунуць у руку затрыманаму нейкі пакуначак з нявіннымі словамі «А гэта што такое?». Калі вы ўзялі пакуначак, каб лепей яго разглядзець, то адбіткі вашых пальцаў будуць абавязкова скарыстаныя супраць вас. Будзьце асцярожныя, калі падчас дагляду альбо вобшуку прысутнічаюць «праваахоўнікі» з іншых аддзяленняў, якія, здаецца, нічым не займаюцца, – менавіта яны часцяком і з'яўляюцца выканаўцамі правакацыі.

Ужо ў прысутнасці панятых патрабуйце, каб вам састрыглі пазногці, узялі мазок з далоняў і з рота (для наступнай экспертызы). Усё забранае ў вашай прысутнасці павінны апячатаць і адправіць на экспертызу. Памятайце, што праваахоўным органам будзе вельмі цяжка растлумачыць наяўнасць наркотыкаў у вашай кішэні без пацвярджэння наяўнасці мікрачасцінак наркотыку пад пазногцямі, на далонях і ў роце.

Калі вам падкінулі не пакуначак, а шпрыц з бурай ці празрыстай вадкасцю альбо незразумелую рэч, закручаную ў поліэтылен, таксама ні ў якім разе не дакранайцеся да гэтай рэчы рукамі.

Пры панятых настойліва кажыце, што ўсё гэта правакацыя, і патрабуйце зняцця адбіткаў пальцаў з шпрыца, пакуначка альбо скрутку. Звярніце ўвагу панятых на тое, што пальчатак у гэты момант на вашых руках няма і што вы ня маеце іх пры сабе. Заўважце і прадэманструйце адсутнасць слядоў ад уколаў на вашых руках. Патрабуйце аналізу вашай мачы на аміконавую кіслату*. Калі вам падкінулі шпрыц з бурай вадкасцю – абавязкова патрабуйце аналізу групы крыві ў вас і ў шпрыцы.

Здараецца, што на шыю вешаюць скрутак, з якога пазней пры панятых дастаюць гераін альбо іншы наркотык. Дзеянні тыя ж – не дакранайцеся да рэчы рукамі, патрабуйце пры панятых узяцця мазка вашага поту і поту на скрутку, зняцця адбіткаў пальцаў. Ізноў-такі, пры панятых адзначце, што ў вас на руках няма слядоў ад уколаў.

Патрабуйце, каб усе знойдзеныя прадметы былі змешчаныя ў поліэтыленавы пакунак.

Усе пазначаныя патрабаванні і заўвагі павінны заносіцца ў пратакол асабістага дагляду альбо дагляду рэчаў. Калі міліцыянты ня робяць гэтага, нягледзячы на вашыя патрабаванні, – адзначце гэта ў пратаколе ўласнаручна.

Гэткія дзеянні зробяць амаль немагчымым абвінавачанне вас у незаконных дзеяннях з наркатычнымі рэчывамі на ўзроўні, дастатковым для прыцягнення да крымінальнай адказнасці. Таксама і міліцыянты, пабачыўшы, што вы не разгубіліся, што вы дзейнічаеце настойліва і пісьменна, зразумеюць немагчымасць шантажавання вас пагрозай прыцягнення да крымінальнай адказнасці за гэткія дзеянні.

Ад небяспекі падкідвання наркотыкаў ніхто не застрахаваны. Унівэрсальных рэцэптаў процідзеяння тут няма, паколькі час ад падкідвання наркотыку да яго выкрыцця можа займаць ад сутак (пры падкідванні ў аўтамабіль) да хвілінаў (калі падкідваюць непасрэдна падчас дагляду). Стратэгія дзеянняў залежыць ад таго, на якой стадыі вы зразумелі, што сталі ахвярай правакацыі. Галоўнае – увага да таго, што адбываецца, і пільнасць да тых рэчаў, да якіх вы дакранаецеся.

 


Заўвага esper16.neocities.org:

*Аміконавая кіслата – невядомае рэчыва, упершыню вынайдзенае ў артыкуле “Расійскай газеты” ў 2001-м (на рускай мове):

www.rg.ru/Anons/arc_2001/0608/6.shtm

Уся гэтая глава “Канспіратара” відавочна зробленая з таго самага артыкулу (не наадварот, таму што “Канспіратар” з'явіўся ў 2005-м: ва “ўступным слове” працытаваная прамова Лукашенкі ад 19 красавіка 2005, а ў верасні таго ж года ў сеціве ўжо былі паведамленні аб выданні "Канспіратара").

Ёсць яшчэ некалькі варыянтаў гэтых жа парадаў (усе па-руску і, што цікава, з розным аўтарствам):

www.revkom.com/yurist/metody/16.htm
www.kommersant.ru/Doc-rss/490892
www.nvspb.ru/stories/koshelek_koshelek

Ва ўсіх ёсць “аміконавая кіслата”. Але апроч гэтых артыкулаў яна нідзе не сустракаецца.