БЕЛАРУСКІ КАНСПІРАТАР
      
 УСТУПНАЕ СЛОВА
БЯСПЕКА ЯК ПРАЦЭС – ДАВЕР І НАДЗЕЙНАСЦЬ
1.АБАРОНА НОСЬБІТАЎ ІНФАРМАЦЫІ І СРОДКАЎ КАМУНІКАЦЫЯЎ
2.ВЫКЛІКІ І СЛЕДСТВА
3.БЯСПЕКА ПАМЯШКАННЯ
4.АБМЕЖАВАННЕ ВОЛІ І ЗАТРЫМАННЕ
5.ПРАВАКАЦЫІ
 МАЛЫ КАНСПІРАТАР
Бяспека памяшкання

Як карыстацца памяшканнем

Дзейнасць арганізацыі вымагае наяўнасці сталага памяшкання – офісу, штаб-кватэры, сядзібы. Натуральна, калі арганізацыя з'яўляецца зарэгістраванай і легальна працуе па месцы знаходжання юрыдычнага адрасу – яе дзейнасць заўжды можа быць правераная разнастайнымі службамі кантролю – міліцыяй, падатковай інспекцыяй, пракуратурай, органамі юстыцыі. Аднак пераважная большасць беларускіх няўрадавых арганізацыяў месціцца нелегальна на падпольных кватэрах.

Зручным з'яўляецца варыянт, калі арганізацыя месціцца ў кватэры альбо доме, які належыць аднаму з актывістаў. У гэтым выпадку на гэтае памяшканне пашыраюцца ўсе правілы недатыкальнасці прыватных уладанняў. У гэтае памяшканне бяз згоды ўласніка можна ўвайсці толькі з пастановай следчага аб правядзенні вобшуку з санкцыяй пракурора. Рэальна такі дакумент амаль заўжды адсутнічае ў нязваных гасцей, таму іх можна не дапускаць на штаб-кватэру на законных падставах.

Часам дзейнасць арганізацыі вымагае зняцця спэцыяльнай кватэры альбо дому. У гэтым выпадку можна заключыць дагавор арэнды альбо дагавор бязвыплатнага карыстання памяшканнем, дагавор бязвыплатнага пражывання на адну з асобаў, што звязаныя з арганізацыяй. Гэта дазваляе легальна карыстацца дадзеным памяшканнем, аднак адначасова пазбаўляе магчымасці адмовіцца ад сваёй датычнасці да гэтага памяшкання. Таму калі вы здымаеце кватэру для захоўвання вялікай партыі падпольнай літаратуры альбо іншых небяспечных рэчаў, то дамаўляцца пра арэнду памяшкання лепей за ўсё нефармальна (гэта значыць без заключэння пісьмовага дагавору і без яго рэгістрацыі).

Важна, каб памяшканне было надзейна абароненае ад рабаўнікоў. У Беларусі напады зладзеяў на офісы нелегальных арганізацыяў з'яўляюцца вельмі пашыранай практыкай. Рабаўнікі ведаюць, што гаспадары гэтых кватэраў абмежаваныя ў магчымасці звяртацца па дапамогу ў міліцыю, і карыстаюцца гэтым. Да таго ж, па некаторых прыкметах, часам наводку рабаўнікам на гэтыя кватэры робяць самі «праваахоўнікі», дасягаючы гэткім чынам сваіх мэтаў (паралізаваць дзейнасць арганізацыі, атрымаць каштоўную інфармацыю, паставіць апаратуру для праслухоўвання). Таму трэба выкарыстоўваць наступныя сродкі бяспекі:

Надзейна абаронены ўваход: двайныя дзверы з добрымі замкамі, сістэма відэаназірання за ўваходам, дамафон.

Прадуманая дзвярная палітыка. Ня варта адчыняць дзверы, не даведаўшыся, хто за імі стаіць. Інструкцыя па працы на офісе павінна вызначаць, каго і якім чынам можна дапускаць у памяшканне. Калі ў офіс заўжды заходзяць незнаёмыя людзі – вы, безумоўна, рызыкуеце. Лепей за ўсё папярэдне дамаўляцца пра сустрэчы ды інфармаваць пра іх сяброў арганізацыі. Трэба выкарыстоўваць магчымасці дамафона.

  • – Калі кватэра месціцца на першым альбо другім паверсе – паставіць краты на вокнах.
  • – Пажадана, каб уначы на кватэры заставаўся вартаўнік альбо нехта з сяброў арганізацыі. Гэта прэвентыўны сродак абароны – ведаючы, што ў офісе заўжды нехта ёсць, зламыснікі адмовяцца ад таемнага пранікнення ў кватэру. Вартаўнік мусіць быць надзейным чалавекам і павінен ведаць, што рабіць у надзвычайных сітуацыях. Для яго варта распрацаваць службовую інструкцыю.
  • – Калі няма магчымасці пакідаць вартаўніка, можна прадумаць сістэму сігналізацыі. З натуральных прычынаў, карыстацца звычайнай сігналізацыяй міліцэйскага ўзору не выпадае. Аднак можна зрабіць сігналізацыю праз мабільны тэлефон. Ён падае SMS на вызначаны нумар, калі нехта ўваходзіць у кватэру.
  • – Мець дазволеныя законам сродкі самаабароны. Найлепшым з варыянтаў з'яўляецца электрашокер. Права абараняць сябе, сваю маёмасць, свае правы, маёмасць іншых грамадзянаў – натуральнае і гарантаванае Канстытуцыяй права.
  • – Мець добрыя, сяброўскія стасункі з суседзямі. Вашыя суседзі могуць паведаміць вам, што каля вашага офісу пачынаецца нейкая падазроная валтузня. Да вашых суседзяў могуць звярнуцца «праваахоўнікі», калі будуць збіраць інфармацыю пра вашую арганізацыю. Зрэшты, суседзі могуць у пэўным выпадку зрабіцца панятымі.

Добрым сродкам абароны ад непрыемнасцяў можа быць офісны мабільны тэлефон. У выпадку міліцэйскага нападу ён дазваляе ня толькі звязацца з айчыннымі і замежнымі журналістамі (эфэктным будзе прамы эфір на радыё), але і выклікаць кіраўніцтва арганізацыі, адвакатаў і праваабаронцаў. Вядома, можна скарыстацца і стацыянарным тэлефонам, але часта пры міліцэйскіх нападах стацыянарны тэлефон адключаюць. Падчас вобшуку следчы мае права забараніць прысутным пакідаць памяшканне і рабіць тэлефанаванні.

Таксама, калі дазваляюць магчымасці, варта рэгулярна правяраць памяшканне на наяўнасць «жучкоў» – прыладаў для праслухоўвання (гл. раздзел пра бяспеку камунікацыяў).

Калі ёсць магчымасць, варта мець на кватэры невялічкі тайнік, альбо дамоўленае месца захоўвання. Гэта не дапаможа пры вобшуку, аднак дазволіць хаваць рэчы ад непажаданых вачэй. Прынцып – лепей схаваць кепска, чым увогуле не хаваць.

У любым выпадку, наколькі надзейна ні была б у вас адладжаная сістэма офіснай бяспекі, ня варта захоўваць у офісе сур'ёзныя і сакрэтныя дакументы ў раздрукаваным альбо незашыфраваным выглядзе. Лепей хаваць паперы ў розных месцах у надзейных асобаў (але ня ў лідэраў і вядомых актывістаў супраціву). Дакументы, якія больш непатрэбныя, трэба неадкладна знішчаць. Не забывайцеся таксама знішчаць і чарнавікі дакументаў. Ня варта захоўваць у штаб-кватэры вялікія наклады друкаваных матэрыялаў.
 

Як аформіць аргтэхніку

На ўсю аргтэхніку, што знаходзіцца ў офісе арганізацыі (кампутары, капіявальныя прыстасаванні, сканэры і інш.), павінны быць складзеныя дагаворы бязвыплатнага карыстання альбо дагаворы захоўвання. Такім чынам пацвярджаецца легальнасць паходжання гэтай тэхнікі, выключаецца магчымасць абвінавачання вас у тым, што вы скралі гэтую аргтэхніку.

Дагавор заключаецца паміж супрацоўнікам арганізацыі альбо ўладаром памяшкання, дзе працуе арганізацыя, – з аднаго боку – і асобай, якая набыла гэтую тэхніку, – з другога боку. Гэты другі бок павінен быць грамадзянінам Беларусі, каб пазбегнуць абвінавачання ў парушэнні парадку выкарыстання замежнай бязвыплатнай дапамогі. Пажадана, каб гэтая другая асоба мела легальныя крыніцы існавання (паходжанне грошай, за якія была набытая аргтэхніка) і не была вельмі шчыльна звязаная са штодзённай дзейнасцю арганізацыі.

Дагаворы павінны быць заключаныя ў некалькіх асобніках:

  • – першы знаходзіцца дома ў асобы, што набывала тэхніку;
  • – другі і трэці знаходзяцца дома ў дваіх супрацоўнікаў арганізацыі;
  • – чацверты захоўваецца побач з тым прадметам, які перадаецца ў бязвыплатнае карыстанне.

У выпадку канфіскацыі альбо адабрання вашай аргтэхнікі гэтыя дакумэнты могуць дапамагчы вярнуць тэхніку альбо даказаць, што вы яе ня скралі. Пра паходжанне адабранай аргтэхнікі варта зрабіць заўвагу ў пратаколе вобшуку альбо адабрання.
 

Што рабіць, калі да вас хочуць зайсці міліцыянты?

Ніхто ня мае права без законнай падставы ўвайсці ў жыллё альбо ў іншае законнае ўладанне грамадзяніна супраць ягонай волі. Недатыкальнасць жылля і іншых законных уладанняў гарантуецца артыкулам 29 Канстытуцыі Беларусі. Пад іншымі законнымі ўладаннямі трэба разумець нежылыя памяшканні (лецішча, гараж, сарай) і месцы, дзе чалавек стала альбо часова знаходзіцца (нумар у гатэлі, купэ ў цягніку).

Такім чынам, прыйшлі, пазванілі альбо пагрукалі ў дзверы, – вы адчынілі. Пытаюцца: «Ці можна зайсці?» – «Заходзьце» («Так», «Калі ласка» і г. д.). Усё – вашая воля выяўленая недвухсэнсоўна – вы дазволілі. Пасля гэтага аспрэчыць «незаконнасць» іх дзеянняў ніколі не атрымаецца. Адсюль формула: дзверы адразу не адчыняць, госці спытаюць: «Ці можна зайсці?» – «Не». І на гэтым пажадана паставіць кропку. Калі пачнёце высвятляць: «А для чаго», «А навошта?» – забалбочуць і прарвуцца ў памяшканне. І не спасылайцеся пасля, што ўвайшлі супраць вашай волі – бо ж вы ня выказалі яе абсалютна вызначана: «Не, нельга», «Не дазваляю». Таму ня варта адчыняць дзверы міліцыянтам, калі вы ўсё роўна ня хочаце пускаць іх у памяшканне.

Што ж рабіць?

Не дазваляючы няпрошаным гасцям пераступіць ганак (а лепей – не адчыняючы дзвярэй), патрабаваць растлумачыць падставы – што ім ад вас трэба, і якія ў іх ёсць дакументы. Не адчыняць дзверы кватэры прадстаўнікам «праваахоўных» органаў, не пераканаўшыся, што тыя маюць на руках пастанову аб правядзенні вобшуку (дагляду, адабрання) у дадзеным памяшканні. Гэткая пастанова абавязкова павінна мець санкцыю пракурора – подпіс пракурора ў верхнім куце пастановы з круглай гербавай пячаткай пракуратуры. Усе іншыя падставы з'яўляюцца незаконнымі, і ім можна не падпарадкоўвацца. Таму ня варта весціся на словы-пасткі «Адкройце дзверы...

  • – ...гэта праверка пашпартнага рэжыму, шукаем нелегалаў»;
  • – ...гэта крымінальная міліцыя, у вас у пад'ездзе забілі чалавека, мы абшукваем усе кватэры ў пад'ездзе»;
  • – ...да вас забег рабаўнік»;
  • – ...для правядзення дагляду памяшкання»;
  • – ...вы тут не прапісаныя»;
  • – ...гэта КДБ!»;
  • – ...я ваш новы ўчастковы, хачу з вамі пазнаёміцца».

На самай справе, паводле заканадаўства, міліцыя мае права пранікаць у памяшканне і без санкцыі пракурора для прадухілення злачынства, якое ў гэтым памяшканні адбываецца. Паводле заканадаўства пра КДБ, кадэбэшнікі таксама маюць права пранікаць у памяшканне, нават з пашкоджаннем запорных прыстасаванняў, у адсутнасць гаспадара альбо бяз згоды гаспадара. Але гэтыя нормы не абавязваюць вас самім адчыняць дзверы. Практыка паказвае, што у 90 % выпадкаў міліцыянты ня будуць ламаць дзверы.

Калі вы здымаеце кватэру і ёсць відавочная небясьпека вобшуку, трэба абавязкова ўлічваць яшчэ і тую акалічнасць, што міліцыянты могуць выкарыстаць дапамогу гаспадара для пранікнення ў кватэру. Лепей за ўсё гэта загадзя абгаварыць з гаспадаром – вядома, ён можа спужацца вашых перасцярогаў, аднак у далейшым гэта можа вам дапамагчы. З іншага боку, закон прадугледжвае, што пры вобшуку павінен прысутнічаць гаспадар памяшкання, – вы можаце патрабаваць неадкладна выклікаць яго і тым самым можаце пацягнуць час.

Калі ёсць санкцыя пракурора на правядзенне вобшуку, а ў вас у кватэры знаходзяцца дакументы, якім ня варта патрапляць у спецслужбы, вы павінны знішчыць гэтыя дакументы перад уваходам міліцыянтаў. Практыка паказвае, што пры правядзенні вобшуку па палітычных матывах міліцыянты не чакаюць супраціву альбо непадпарадкавання – гэта значыць, што, пакуль яны прымуць рашэнне пра пранікненне ў памяшканне гвалтам, пакуль будуць раіцца з начальствам, пакуль будуць узламываць дзверы, вы можаце паспець знішчыць дакументы, а магчыма, і запрасіць праз тэлефон журналістаў. Увогуле, пакуль у Беларусі выпадкі гвалтоўнага пранікнення з выломваннем дзвярэй з'яўляюцца выключэннем. У выпадку нападу не выкідайце непажаданыя рэчы ці дакумэнты праз вокны, бо за імі, хутчэй за ўсё, сочаць.

Калі вы не дапускаеце міліцыянтаў у сваю штаб-кватэру, спасылайцеся на артыкул 29 Канстытуцыі Беларусі.
 

Што рабіць, калі ў вас адбываецца вобшук, дагляд альбо адабранне?

Пры правядзенні вобшуку трэба ўважліва азнаёміцца з тэкстам пастановы. Памятайце, што перад пачаткам працэдуры вобшуку ці адабрання ўсім удзельнікам следчага дзеяння павінны зачытаць іх правы. Адабранне адрозніваецца ад вобшуку тым, што міліцыянтам вядома, што яны шукаюць (адбіраюцца нейкія вызначаныя рэчы альбо дакументы).

Пры даглядзе трэба высветліць, з якой мэтай ажыццяўляецца дагляд, у межах якой крымінальнай справы, і чаго хочуць знайсці. Калі шукаюць чалавека – трэба забараніць, напрыклад, рыцца ў паперах альбо заглядаць у скрыні пісьмовага стала.

Калі вобшук пачаўся нечакана – можна паспрабаваць схаваць што-небудзь пры сабе. Асабісты дагляд пры вобшуку, а тым больш пры даглядзе памяшкання па палітычных справах робяць не заўжды, хоць інструкцыі раяць гэтым пачынаць і гэтым сканчаць дадзенае следчае дзеянне.

Пры вобшуку:

  1. Варта зрабіць для занясення ў пратакол заяву пра тое, што вы гатовыя добраахвотна выдаць тое, што разлічваюць знайсці.
  2. Калі гэтага ў вас няма – таксама трэба зрабіць адпаведную заяву для занясення ў пратакол.
  3. Калі ў вас гэтая рэч ёсць – трэба вырашыць, ці гатовыя вы аддаць запатрабаванае добраахвотна (усё роўна знойдуць, а вам ад гэтага толькі горш). Адзначым, што калі мянты хочуць вам падкінуць, напрыклад, наркотыкі альбо зброю – яны ніколі не папярэдзяць вас пра добраахвотную здачу, хоць гэткі радок і запісваецца ў выніковы пратакол.
  4. Заявіць і патрабаваць занясення ў пратакол патрабавання аб правядзенні вобшуку не адначасова ўва ўсіх пакоях кватэры, а паслядоўна, каб вы маглі рэальна прысутнічаць пры ўсіх дзеяннях. Калі ў кватэру ўварвалася дваццаць чалавек, ня варта чакаць, што гэткае хадайніцтва будзе задаволенае, аднак яго адлюстраванне ў пратаколе можа дапамагчы ў выпадку ілжывых абвінавачанняў. Прынамсі, трэба актыўна патрабаваць, каб панятыя знаходзіліся ў кожным з пакояў, дзе адбываецца вобшук (колькасць панятых павінна адпавядаць колькасці пакояў).
  5. Трэба пастаянна знаходзіцца ў тым памяшканні, дзе адбываецца вобшук, трэба пільна сачыць за тымі, хто праводзіць яго.
  6. Калі вы не знаёмыя з панятымі і не давяраеце ім (часта панятымі запрашаюцца запалоханыя студэнты, міліцыянты і падобныя асобы, якія часам нават дапамагаюць у здзяйсненні падлогу падчас следчых дзеянняў), трэба заявіць з занясеннем у пратакол хадайніцтва аб запрашэнні ў якасці панятых вашых суседзяў.
  7. Трэба патрабаваць занясення ў пратакол вобшуку індывідуальных прыкметаў (нумары, колер, ступень зносу, адмысловыя прыкметы) кожнай рэчы, што адбіраецца, каб іх пасля не маглі падмяніць. Таксама варта пазначаць прыкладную цану рэчаў.
  8. Трэба вельмі пільна прачытаць пратакол вобшуку, выкрасліць усе пустыя радкі (каб у выніку туды не былі ўпісаныя нейкія іншыя рэчы). Заносце ўсе свае заўвагі ў пратакол (а ня ў копію пратаколу, што застаецца ў вас!). Раім не адмаўляцца ад падпісання пратаколу, нават калі вы лічыце, што вобшук быў цалкам незаконным. Пратакол і без вашага подпісу ўсё роўна застаецца сапраўдным, а потым «праваахоўнікі» будуць лёгка ўносіць у яго праўкі. Лепей падпішыце кожную старонку пратаколу са сваімі заўвагамі.
  9. Атрымаць копію пратаколу вобшуку, а калі адбывалася адабранне – то і асобную копію пратаколу адабрання.
  10. Звярнуцца па дапамогу да знаёмага юрыста альбо ў праваабарончую арганізацыю.

Начныя вобшукі (у перыяд з 22-00 да 6-00) забароненыя.

Пры правядзенні вобшуку па палітычных справах трэба быць гатовым да таго, што знойдуць тое, чаго вы самі ня клалі: наркотыкі, зброю, грошы, фальшывыя грошы (могуць падкінуць загадзя альбо нават падчас вобшуку). Мэханізм рэагавання і прэвентыўнай абароны ад гэткіх правакацыяў і ілжывых абвінавачанняў з боку міліцыі адлюстраваны ў гэтым дапаможніку.

Таксама памятайце, што «праваахоўнікі» вельмі любяць паўторныя вобшукі – праз месяц альбо праз тыдзень зайсці туды, дзе яны ўжо правялі вобшук. Таксама выкарыстоўваецца «куставы» метад (адначасовыя вобшукі ў офісах партнэрскіх арганізацыяў альбо ў розных штаб-кватэрах адной арганізацыі) і «ланцуговы» метад (напады і вобшукі ў партнэрскіх офісах адзін за адным).

Паводле нашага заканадаўства, пракуратура можа санкцыянаваць вобшук у любым памяшканні (па справе аб крадзяжы лядоўні ў Рэчыцы фармальна можна правесці вобшук на прыватным лецішчы кіраўніка менскай палітычнай партыі). Таму найлепей заўжды быць гатовым да вобшуку (не трымаць непатрэбных папераў, не захоўваць каштоўную інфармацыю на паперы, карыстацца сродкамі шыфравання).

Калі да вас пачалі хадзіць міліцыянты без законных падставаў для вобшуку – гэткія візіты могуць быць карысным папераджальным сігналам: варта рыхтавацца да паўнавартаснага вобшуку.